Литмир - Электронная Библиотека

Калі пра безліч, дык вось i прыклад: з адной Белай Царквы, з аднаго «куста раёнаў» — 17 643. А на Валодзю нашым i не пачалося, i не закончылася...

Канец майго сумнага дня прайшоў у беспаспяховых намаганнях дастаць на заўтра білет на самалёт або цягнік; пад вечар прыйшлося-такі звярнуцца ў Саюз пісьменнікаў.

A ўранні трэба было пазнаёміцца з тым Палацам культуры, дзе раней рыхтаваліся трупы для Быкаўні.

...Мой Кіеў.

Першае ўражанне — у тым усё, не раз успомненым дваццаць другім — доўгі мост на шырокім Дняпры, які мы пераязджаем, высокі бераг, густая зеляніна дрэў, золата купалоў з іскрыстымі крыжамі. Праз шэсцьдзесят сем гадоў бачу, як ён асцярожна сунецца па тым мосце, наш бруднаватабелы таварны вагон... I я ўдзячны таму, хто тады разбудзіў мяне зарана, каб я панёс на ўсё жыццё ўспамін пра першае бачанне такой красы. А разбудзіў хутчэй за ўсё бацька. Маці пашкадавала б у сваёй больш практычнай любасці да найменшага, а бацька не мог не паказаць таго, чым сам неаднойчы любаваўся з правадніцкага акна. Так мне хочацца думаць. Бо так зрабіў бы i я, дый рабіў падобнае з дзецьмі, а цяпер з унукамі.

Пасля, у глухой заходніцкай вёсцы, Кіеў быў для мяне на каляровай паштоўцы, забытай некім у адной з нашых адэскіх кніжак. На ёй былі i Дняпро, i зеляніна на кручы, i залатыя купалы. На для кагосьці звычайнай, паднішчанай паштоўцы, з якое дзіцячае сэрца так многа бачыла. Гэта — пакуль навучыўся чытаць. Бо тады ён, мой Кіеў, пачаў адкрывацца ў кнігах, скажам — у Гогаля, з апісання Падола ў «Віі», а далей i ў многіх іншых.

Першы ў жыцці, дзіцячы прыезд у Кіеў адбыўся ў раннюю рань канца мая. Другою майскай ранню, i таксама з поўдня, летась я набліжаўся да любага горада па Дняпры. Пад салаўіны бой на абодвух церпка-зялёных, крыху прымглёных берагах, абапал шырокай, спакойнай вады. Пад гутарку з другім старым дзіваком, якому таксама не спіцца,— з кітайскім паэтам, перакладчыкам Кабзара. Таварыш i ў нас, у Мінску, бываў. У гутарцы на сыраватачысценькай, яшчэ пустой палубе, пад песні салаўёў, мы ўспомнілі, між іншым, i пра яшчэ аднаго салаўя — несмяротную дацкую казку з прастадушна чароўным пачаткам, які мы на мове Талстога, якога таксама згадвалі, працытавалі, дапамагаючы адзін аднаму, амаль з дзіцячай прыемнасцю: «Ты, верно, знаешь, что в Китае все жители китайцы и сам император китаец». Без лішніх ды гучных слоў адчуваліся намі i мудрасць, i краса чалавечых, братніх адносін, да якіх яшчэ так далека...

A ў душы ў кожнага з нас было, вядома, i штосьці толькі сваё. Што ў яго — я магу вельмі прыблізна меркаваць. A ў мяне быў глыбінна прыглушаны боль, прадчуванне ўжо недалёкай сустрэчы з братняй трагедыяй...

Побач са словам Быкаўня, з якім я нядаўна зблізіўся, стаялі яшчэ тры словы: Жовтневий палац культуры. За першым бачылася невымерная магіла, за другімі — патайное месца забойстваў...

Палац гэты я ўбачыў спачатку толькі збоку, праездам. Першы раз едучы ўранні з гасцініцы ў пракуратуру, папрасіў таксіста паказаць мне яго, паехаць тою дарогай. I неўзабаве здзівіўся, што гэты будынак з выгляду я ведаю, што ён — цераз вуліцу ад высотнай гасцініцы на гары, дзе я некалькі разоў спыняўся. I ў падарожжы з найбліжэйшымі, вяртаючыся з чароўнага Закарпацця, i ў камандзіроўцы, калі мы прыехалі ў Кіеў удвух з маладым, ці не найбольш сімпатычным мне нашым пісьменнікам, а тут i з даўнімі сябрамі сустрэліся, i новых набылі...

А наведаць Палац культуры ў маі мне не ўдалося, не хапіла часу.

Цяпер, уладжаны якраз у той, даўно знаёмай гасцініцы, я з найранейшага ранку быў гатовы да сустрэчы з палацам, перад вайной — галоўным падзямеллем братняй Украіны. Гатовы i толькі стрымліваўся, каб не прыйсці зарана, калі там яшчэ не будзе яго цяперашніх гаспадароў. А ледзь прычакаўшы пачатку рабочага дня — пайшоў.

У даведніку «Кшв» пра «Жовтневий палац культури» напісана, што ў дваццатых — трыццатых гадах XX стагоддзя ў ім «розмищувалися різні державни установи». I як даніна сучаснасці (год выдання даведніка — 1981) адзначана, што двойчы там выступаў Леанід Ільіч Брэжнеў, уручаючы гораду i рэспубліцы ўзнагароды.

У іншай украінскай кнізе я прачытаў, што гэты колішні «Институт благородных девиц», збудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, пераабсталяваны быў пад сядзібу Народнага камісарыята ўнутраных спраў УССР пасля таго, як у чэрвені 1934-га ў Кіеў з Харкава перанеслі сталіцу рэспублікі. У гэтым гмаху размясціліся i работнікі наркамата, i тыя, з кім яны «працавалі». У турме гэтай было ціха, як у магіле. Наглядчыкі хадзілі перад камерамі ў валёнках па дыванах, вязняў на допыты выклікалі шэптам.

Падобнае, пра цішыню, чытаў я летась i яшчэ ў адной кнізе, рускай, у дачыненні да самых першых насельнікаў палаца «благородных девиц», якія тут «ходили бесшумно, как того требовал устав заведения».

Трэба думаць, што гэтай даўняй традыцыі прытрымліваліся i «тройкі» з усім дапаможным персаналам інстытута ўсясільных катаў, i гукі расстрэлаў не парушалі рабочай цішыні паверхаў — схаваныя глыбока, за тоўстымі сценамі.

Дзень абяцаў стаць зноў спякотным, але раніца была яшчэ толькі прыемна светлая, молада свежая пасля начной астыласці. Лістота дрэў i травы на адкосе ад вуліцы гусцела сакавітасцю. Урачыста яснелі кветкі. Чысценька ўсюды, злёгку росна. Перачырыкваліся вераб'і. Стары дворнік на ўзбочнай ад вуліцы алеі ішоў сабе па нядаўна палітым асфальце. Мы павіталіся, пастаялі, ён паказаў мне, дзе, за вуглом, цэнтральны ўваход.

Даўні, класічны колер сцен — светла-жоўты. Белыя калоны, белая аблямоўка акон i дзвярэй. Тры паверхі i цокаль, пад якім падзямелле, куды мне трэба заглянуць.

Пажылы вахцёр, калі я пачаў гаварыць яму, што мне трэба, сказаў, што ён тут працуе даўно, але нічога такога не ведае. Аднак начальніку свайму, па маёй просьбе, пазваніў. Неўзабаве да нас спусціўся малады ветлы мужчына і, выслухаўшы мяне, павёў у падзямелле.

Бясконцы лабірынт. Былыя камеры. I сцішна, як пад пірамідай. Хоць я пад пірамідамі i не бываў — проста такое адчуванне чагосьці аграмаднага, цяжэннага над табою... Як быццам усе тыя асобатроечныя фараоны яшчэ ўсё сядзяць наверсе, яшчэ ўсё «судзяць», ціснуць зверху ўсім сваім злавесным цяжарам... Там, дзе былі камеры, карцэры, бойні,— цяпер то нейкія майстэрні, дзе відаць адзін-два чалавекі, а то ўсё дзверы, дзверы, ці так зачыненыя, ці пад навясным замком. Дзе ж тут стралялі? Ад куль на паверхах, з дыванамі i валенкам!, не чуваць было наганных туканняў?.. Ветлы таварыш не ведае. Ідзём, ідзём... I вось ужо выхад — на задні двор.

Тут мой прыязны чычэронэ ўбачыў каля грузавіка старога без шапкі, з мноствам ордэнска-медальных планак, павітаўся з ім i папрасіў падысці.

Пазнаёміў нас. Чалавеку гэтаму, як аказалася, ужо за восемдзесят, сёе-тое ведае i раскажа.

I расказаў, што прыблізна, па чутках, а што i дакладней, вядомае яму. Вазьму з дакладнага.

У вайну гмах быў разбураны бомбамі. Аднаўляць яго сабраліся толькі ў пачатку пяцідзесятых гадоў. Прыбіраючы, вымятаючы ацалелае падзямелле, вёдрамі выносілі кулі. Была тут у той час i механізацыя, транспарцёр для падачы трупаў на грузавікі. Начамі...

Так я выйшаў адтуль — з тою транспартнай стужкай, на якой мне бачыўся i Валодзя, з тымі кулям!, відаць, у большасці расплясканымі аб бетон, кожная з якіх 9 грамаў, стандартных, як i 100 грамаў, агульнанародных, i адна з ix— ягоная, наша.

ПРАЦЯГ

Калі мы развітваліся са следчым, ён нараіў мне пра муштук напісаць у пракуратуру рэспублікі. Даў адрас i прозвішча.

«На гэтым будзе i ўсё»,— падумалася, запісаўшы.

З пракуратуры той мне адказалі тыдні праз два, а паехаць па «вещдок» я сабраўся ажно праз тры месяцы.

...У чорным канверце ад фотапаперы ў тумбе майго пісьмовага стала вось ужо хутка чвэртку стагоддзя ляжыць страшны здымак. Канверт гэты не адзін, у іншых таксама здымкі, у розны час атрыманыя ад сяброў-фатографаў. Але ж як толькі я, для чаго-небудзь перабіраючы фота, выпадкова ды памылкова загляну i ў той канверт — заўсёды міжволі ахну!.. Там — наш, мой Miшa на белым, пад белым, пакуль прывязуць труну...

11
{"b":"598996","o":1}