Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Анэта тужыць, — казала мама, гледзячы ў акно. — Зноў тужыць, бедная. Ды што ты хочаш? — пыталася яна ў кагосьці непрысутнага і тут жа адказвала яму: — Беднасць такая, поўная хата дзяцей. «Купілі, кажа, пуд жыта — хоць хлеба ад млосці з'ямо…» Малыя паплачуць з голаду, а дзеўкам жа сорамна плакаць. А ўжо самой — і не кажы. Сядзі, глядзі… Хоць ты і дзірку ў небе праглядзі — нічога добрага не ўбачыш.

Дзяцюк Гаўрыла, за вочы Тарапач, часта садзіўся на жарабца і пёр уздоўж вёскі ўгалоп, на ўсе бакі раскідаючы гразь. Ён то крычаў па-мацерынску, каб уцякалі з дарогі, то важна надзімаўся і маўчаў. Казак, улан, кавалерыя!.. Потым гэтая мара яго збылася, — нягледзячы, што ён і жмурыўся, што і калені разам, вечна порткі ў тых месцах прашморганы, — Тарапача ўзялі ў кавалерыю. Улан з белым аколышам, у доўгім шынялі і з шабляй, ён прыйшоў перад Калядамі «на урлёп», на пабыўку, і, пастукаўшы раненька ў шыбу з двара, па-свойму важна сказаў, на новы лад абкультураны дурань:

— Матко! Отвуж, курва твоя маць!..

Перад службай у войску, у нядзелю ці ў свята, ён часта быў п'яны. Прыставаў да людзей, каго не баяўся, чапляўся на агароджу з калючага дроту, здароўкаўся са слупамі: «Дай пяць! А, не хочаш? Я табе не раўня?..» І лупіў той слуп, «па мардах». З акрываўленымі рукамі, у парванай, залітай крывёю кашулі, так сабе, або з друкам якім, ці з адарванай штакецінай ён, дзіка лаючыся, кідаўся за намі, а мы, малыя гледачы, то весела, то спалохана разбягаліся, каб потым зноў наблізіцца да яго. Нарэшце, найбліжэй — калі ўжо ён асунецца недзе пад плотам і захрапе.

Такое было незвычайным, бо пілі тады значна менш, чым цяпер. Тарапач быў з патомна п'янай сям'і. Піў яго бацька, піла бабуля, бацькава маці. Сам ён, Гаўрыла, яшчэ пастушком, знайшоў раз, казалі, у бабінай пасцелі поўны паўбутэлек і, ад радасці, выліў яго ў міску, накрышыў туды зялёнай цыбулі ды, не спяшаючыся, бо адзін быў у хаце, высербаў лыжкай з хлебам. Гэта сёння можна пачуць пра кагосьці: «Яму паўлітра — за адну шчаку». Тады ж дзецюкі бралі бутэльку на чатырох-пяцёх, і ўсе былі вясёлыя. На вяселлі пілі малою рубцаватаю чарачкаю на доўгай ножцы, адзін за адным, па чарзе.

Раз толькі бачыў я тады, што чалавек можа выпіць цэлую шклянку гарэлкі. Гэта дзядзька Васіль, мужык цёткі Анэты. Але той быў наогул пацэтны. Сам ён — Васіль, а конік — Васілёк, таксама быстры, як і гаспадар. Дзядзька вясёлы, з дабрадушнай прымаўкай: «Каб цябе ў жыта галавою!» Пра беднасць іхнюю ён гаварыў: «Як ты, браце, ні круціся, а ўсё с… ззаду». І заядлы быў на работу. У хаце адны дзеўкі, сам толькі касец; уляжа — скосіць морг за дзень, а потым тры дні бегае, портак не падцягаючы. І тады, на вяселлі, ён захацеў паказацца. Выходзіла Прочымава Люба, дзядзька Васіль хварэў, але яго такі прывялі. І ён нібы загадаў, паказаўшы Цімоху пальцам на шклянку, якою пілі квас: «Мне — сюды!» І ўсе аж паўставалі, гледзячы, як ён выжлукціў тую гарэлку…

Пілі мала, а біліся часта.

І сёння горка, успомніўшы, як гэта дзядзька Цыбук, бацька Мані Вароны, біўся аднойчы са сваім братам за граніцу на агародзе. Як яны біліся, я не бачыў, — Манін тата толькі прабег каля мяне, моўчкі ўцякаючы па загуменнай дарозе. Ён трымаўся аберуч за твар, а праз пальцы лілася кроў — у гэтым быў мой дзіцячы жах, і гэта я ўспомніў праз многа гадоў, прачытаўшы ў кагосьці як быццам простыя словы:

Няма відовішча больш агіднага, чым тое, калі чалавек б'е чалавека.

Такія відовішчы ў Аўсяніках былі. Часта бывалі бойкі, можна сказаць, калектыўныя, на вуліцах, дзе танцавалі. Чаму б'юцца, за што — мы, малыя, не ведалі. Бойкі ўзнікалі зусім нечакана. Нехта некага ўдарыў, спачатку адзін аднаго, а тады ўжо ўсе хапаліся, хто за што — аддзіралі ад плота штакеціны, знаходзілі друкі, вымалі з-пад палы бязмен ці шворан — і пачыналася!.. З апошняй лаянкай, са страшэнным крыкам, з бабскім віскам і галашэннем, з крывёю на тварах, з глухімі ўдарамі па целе, з тупатам уцёкаў і пагоні. Каго паднімалі, каго адлівалі вадой, каго нават везлі ў Мілтачы да доктара, каб потым было як падавацца ў суд…

Раз на такую бойку нагадзіўся наш дзядзька Алесь. Ішоў ён, як і заўсёды, з загумення, цераз Анэцін двор, і ледзь яго не завірыла ў тую кудасу. Вывільнуўшы з крыкліва азвярэлага натоўпу, ён пастаяў са мной і мамай воддаль, каля нашых варотаў, а потым ужо, у хаце, сказаў:

— Цемната наша горкая!.. Хоць бы гэты Тарапач… Ты маладзец, Раман, што не ўлез. І ніколі не лезь. Што хацець?.. У акопы б другога або на «ўра», у штыкавую ці на кулямёт, — скора нацешыўся б! Уся храбрасць прайшла б…

Дзядзька Алесь тыя разы штосьці пачне, тады задумаецца, а потым — нібы пра іншае. Так і тады:

— На закаўказскім у нас у абозах вярблюды былі і буйвалы. Гарбачэ гэтыя цягавітыя, добра сігае, а трэба, то і падбяжыць. А буйвал — ат, на дзесяты дзень дзевятую вярсту. А ў малаканаў коні добрыя, фургоны добрыя, спраўнае ўсё. Расказваў мне адзін, як гэта туркі там армянаў рэзалі. Людзей. Сам я не бачыў, дарма не буду гаварыць. А ён кажа: усіх гамузам — што стары, што малы, і бабаў, і мужчын. «Брацец, кажа, краста на іх нет! Азіяты!..» А сам другі турак у плен пападзецца — лахудра лахудрай, аскеры гэтыя, сэплі папусціць — ужо ён тады чалавек…

Дзядзька Алесь памаўчаў.

— Ды што ты хочаш ад урага? — пачаў пасля. — Казакі нашыя… Кручкоў, Шмучкоў… Жулік, пустальга адна, лож! Ох, і звяры ж былі яны каторыя!.. Папрывыкалі, сволачы, людзей у гарадах нагайкамі хвастаць. Калі на дэманстрацыях. А то і шашкамі… На Букавіне раз было. Там жа таксама людзі свае, праваслаўныя. Зайшоў адзін у хату, а там нікога няма: пахаваліся людзі са страху. Печ на хлеб напалена, дзяжа сярод хаты стаіць. А на лаве сядзіць малое. Як на бяду. Казалі, дзевачка, яшчэ сядушка, да году. Дык той казак узяў ды на піку яе ды на жар, у печ…

— Госпадзі! — ахнула мама.

— І малады ж яшчэ, дурыла. Я сам яго потым бачыў, рабята паказвалі. Смяецца, скаціна жывотная, вочы заліўшы… А дружныя, адзін за аднаго, не зачапі…

Дзядзька яшчэ памаўчаў, а потым, як быццам зноў не пра тое:

— Першы раз мы на гэтае братанне ішлі і баяліся. Не верыцца! То рэзаліся колькі год, а то… Божа мой! — арцілерыя тая, і кулямёты, і конніца, і ўрукапашную… А тут… Ды што ты хочаш — усім за тры гады агоркла. Аўстрыяк — той далікатнейшы, ён не тое што немец. Гэты — таксама азіят, стаіць, як мур, а пойдзе — толькі дзяржыся! Цехніка! А аўстрыяк — не ваяка, ён і раней пачаў бы братацца. Ды ўжо ў свабоду і ў немца другое пайшло. Нашага Мікалашкі няма, іхні вусач сядзеў яшчэ, але і ў іх ужо не той нажым. І дзісціпліна не бярэ! Гэта ў нас у Курляндзіі было, цяпер яна Латва. Раўніна такая, луг. Але прадвесне, яшчэ не пусціла. У акопах сушэй. Памахалі мы белым, яны са свайго памахалі, і я тады: «Упярод, рабята, пайшлі!» І першы сам устаў над брустверам: што ўжо будзе, то будзе. Ідзем. Яны ідуць. І дзіка неяк, што без аружыя ўсе, што ціха так. Толькі боты па мёрзлай траве шалпацяць, лядок, дзе застаўся, хрупае. Ну, сышліся. Я і спачатку бачыў немца блізенька, але каторы забіты або ў пляну. А гэта… Чалавек — як чалавек. Адзёжа толькі не тая, форма. І не пагаворыш. Рукамі толькі разводзіць — ці то паказвае, што ў руках нічога няма, ці то другі і абдымацца палез бы, ужо як сваяк. «Камарад! Камарад!..» Дажа й «товарыш!». З намі паручык быў, Гаршэчнікаў, разумны парань, з вучыцялёў, дык той ужо за ўсіх: то ім гаворыць, па-іхняму, то нам. Закурваць пачалі. Яны ўсё бальшынство з люлькамі. Хто ў бесказырцы, хто ў касцы гэтай, з вастрыём. І пажылыя, як у нас, і маладзейшыя. Гавораць, смяюцца. Людзі — як людзі. Каб начальства не гнала — і ён не пайшоў бы. А то ж і абдурваюць нашага брата…

Ва ўсім перапляценні дзядзькавых расказаў пра вайну, дзе неаднойчы паўтаралася то храбрасць, гордасць за сваё, то чалавечы жах і праклёны на тых, праз каго дарма лілася кроў, — цар, царыца, Распуцін, буржуі, свае і нямецкія, — быў расказ і пра тое, як ім, нашым салдатам, з'явілася раз на небе Прасвятая Багародзіца. «Як сонца з-за хмары! І буквы вялікія: праваслаўныя пабядзяць!..» Нават і ў гэта верылася мне, усё з яго частых і доўгіх расказаў успрымалася па-дзіцячы, вобразна, як у казках. Тое, чаго я зусім не ведаў, хоць бы па «цацках» у кнігах, уяўлялася цяжэй, — скажам, тыя армяне, малакане і турэцкія аскеры, — а іншае ўсё адразу, само клалася на краявіды знаёмага наваколля. Не цяжка было, напрыклад, уявіць Багародзіцу, такую, як на нашай покуці, — як яна высветлілася з-за хмары; нават і хмары я выразна бачыў, як быццам усё яно было над нашай вёскай ці над пашай…

21
{"b":"598991","o":1}