— Усё гавораць, гавораць, а мы сабе думаем: «Пісаць усё роўна трэба».
I пра пальцы сказаў. А яна ўсміхнулася, можа, i ўдзячна.
Зноў вось — i пры новым, выратавальным рэдактаРМ—чытаю добры, няспешна грунтоўны нарыс са звычным подпісам у канцы i ўспамінаю тое перабіранне пальцамі, беленькімі на чорным рукаве, тую цёплую ўсмешку на развітанне.
* * *
Рускае «чрево» з нашым «чэравам» — не зусім тое самае. Там i абаяльнасць царкоўнаславянскай узвышанасці, a ў нашым чуецца i грубая прыземленасць: «Во чэрава наеў!» Зусім не аднолькава гэта: «Во чреве матери» i «ў матчыным чэраве». Больш падыходзіць «лона», хоць у тлумачальным слоўніку i стаіць глыбакадумнае «Уст.»...
* * *
«Люблю наш край» i «Эх ты, Нёман-рака», якія спяваліся i на загорскай вуліцы вечарамі, прынятыя як божы дар, безымянна. Цяпер мне дадалася яшчэ «Магутны Божа», i вось — Мікола Равенскі, адкрыццё.
* * *
Спавяданне сціпласці — не ад немачы, а мудра, з высока жыватворчай радасцю. Бачачы вялікіх, адчуваючы ix прысутнасць i ўсведамляючы сваё месца ва ўсеагульным творчым жыцці.
* * *
У пошце «Нашай нівы» за 1909 год ёсць i пацешныя псеўданімы вясковых ці местачковых энтузіястаў: Пятрок Праўдурэж, Праснак, Праўдаказец, Стэфан Брахалка, Кракра, Тарас Бульба, Таракан...
Чытаючы капыльскія допісы Цішкі Гартнага, успаміналіся яго пазнейшыя высокія пасады i завышанае, як расказваюць сучаснікі, меркаванне пра свой сціплы талент паэта i празаіка, а таксама i «панская», пакапыльску сказаўшы, начная доўга-белая кашуля ў літаратурным музеі...
З адпаведнымі кадрамі для найвышэйшых дзяржаўных пасадаў слаба было ў нас i тады, калі стваралася незалежная Беларусь.
* * *
У канцы семдзесят дзевятага, у Браціславе, мяне пазнаёмілі з тамашнім карэспандэнтам, здаецца, «Комсомольской правды», сказаўшы, што гэта з паходжання беларус. Даволі пажылы таварыш ветліва сказаў, у нейкай меры па-зямляцку, што ён яшчэ ў школе зачытваўся «Палескімі рабінзонамі» i іншымі маімі творамі... Прыйшлося з усмешкай падзякаваць.
У дзевяноста пятым годзе, на адкрыцці помніка Алесю Адамовічу ў ягонай Глушы, выступаў я, адкрываючы ўрачыстасць, тады маскоўскі крытык Валянцін Аскоцкі i, ад родных, Міхась Тычына. А ўвечары наша слаўнае тэлебачанне, з падачы некага боўдзілы-рэпарцёра, перадало, што выступалі там Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін i... Янка Маўр...
Гэта мне днямі зноў прыгадалася ў сувязі з каралішчавіцкім летам пяцідзесятага. Ці прэзідыум Саюза пісьменнікаў, ці толькі сам Броўка назначыў двух паэтаў у дапамогу Канстанцыі Буйла пры складанні кнігі яе вершаў «Світанне». Гэтай прыемнай, вясёлай i таварыскай масквічцы было тады пяцьдзесят сем гадоў. Аднак яе значна маладзейшы муж прыслаў на імя Броўкі «исполненный несдерживаемой ревности» ліст, які Пётр Усцінавіч зачытаў на паседжанні праўлення, калі Канстанцыя Антонаўна, закончыўшы работу над рукапісам, была ўжо ў Маскве. A ліст той Броўка атрымаў раней, калі яна гасціла яшчэ ў Доме творчасці, дзе — дакладна помніцца з таго раўнівага пісьма — «вокруг нее увиваются молодчики типа Янки Мавра»...
Паважаны Іван Міхайлавіч (шэсцьдзесят восьмы ад роду) сядзеў у першым радзе, рукі склаўшы на жываце, то назад, то наперад круцячы вялікімі пальцам!. Счакаўшы, калі аціхне рогат, ён сказаў, як часта бывала, па-руску: «Благодарю за доверие!», ад чаго смех паўтарыўся.
Так яго, хоць аднойчы, зблыталі, трэба думаць, са мною, бо з Янкаў на той час у Каралішчавічах быў адзін я. I дыстанцыю, вядома ж, захоўваў надежна.
* * *
Над «Нашай нівай» (той самы дзевяцьсот дзевяты) падумваецца i пра Янку Журбу, якога знайшлі на Чашніччыне ці ў саміх Чашніках, пасля чаго старэнькі, нярослы паэт, ужо сляпы, з'явіўся ў Мінску. Хадзіў ён з павадыром, ад адзіноты сваёй часта заходзіў у Саюз пісьменнікаў Пры мне аднойчы спытаўся ў прыёмнай у ветлівай сакратаркі, ці ёсць куды-небудзь запрашальныя білеты, а яна адказала, што толькі на выстаўку маладых мастакоў. «Дайце, калі ласка, я хоць i не бачу, але папрысутнічаю». Па нестарой тады бяздумнасці гэта здалося мне нават пацешным, як i тое, што ён казаў пра N.: «Гэта не чысты паэт, ён піша яшчэ i прозу». Пацешным... Замест таго каб лепш наблізіцца, паслухаць таго, хто пачынаў у «Нашай ніве» i многа чаго ведаў, а яно пайшло з ім у нябыт. Як i з Купаліхай, i з Сушынскім, старэнькую ўдаву якога яшчэ ўсё можна ўбачыць на мерапрыемствах у Купалавым музеі.
* * *
Сустракаеш думку, падобную да тое, што i цябе раней наведала, нядаўна i даўней, якую ты i запісаў. Прыемна i разам з тым боязна, ці не палічыць хто цябе потым плагіятарам, сустрэўшы тую думку ў кагосьці іншага, запісаную так даўно, ажно ў шаснаццатым стагоддзі.
Вось у Паскаля цяпер пра тое, што мы жывём мінулым i будучым, найменш дбаючы пра наша сёння. Прыемна, аднак, што i табе прыходзяць думкі, якія прыходзілі вялікім, i так ужо даўно, хоць i не даўней за тых, што жылі ды думалі ў глыбейшых па даўнасці эрах.
* * *
«Не вялікай трэба асветы, каб мець здаровую думку».
«Nie wielkiego potrzeba mieć wykształcenia, by mieć zdrową myśl».
Я — з польскай, Жаленьскі-Бой з лацінскай, а тады Сенека сам:
«Paucis opus est litterys ad bonam mentem».
I на сотнях іншых моў змест аднолькава мудры.
* * *
«Багатай скрыні пані». Тут i пасажны куфар, i скрыня наогул, скажам, ужо не з уборамі, а з мукой, калі ўжо нявеста добра ўгаспадынілася.
Дазволіўшы сабе гэта, можа, i як наватвор, успомніў тое, што ўчора бачыў, гартаючы куплены днямі фальклорны том «Гульні, забавы, ігрышчы».
Ходзіць пятух па вуліцы.
Скукарэчыўся.
— Ці ты ножку зламіў,
ці скалечыўся?
* * *
Добры вечар, добры вечар!
Добры вечар, талака!
Да ўхараводзьжтка
Ты нас гэценькі вечар.
У трэцім радку падкрэсленае слова свавольнаёмкае, хоць i цяжка яго за першым разам вымалаць языком, затое ж у чацвёртым радку «гэценькі» — цуд пяшчотнасці. Жаночай.
А вось i вясёлае, таксама ў жанчын:
Гаварылі, сват багаты,
А яны пяшком прыйшлі,
Маладога ў мяшку няслі,
А свата — у карзіне,
Каб не з'елі свінні.
Або i такое, у дзіцячым свавольстве гульні:
Мужык — Вожык,
Украў ножык,
Купіў мыла,
Памый рыла.
Так яно — адхіліўшыся ад Паскаля, які ў сваёй каталіцкай набожнасці бачыцца i нуднаватым.
* * *
Прачнуўся ў тры, паныў у цемры i ўспомніў, што можна пачытаць у «Полымі» Жука. I прачытаў яго «Сны пра маму». Свежы боль. I думаецца, якая ўсё гэта лухта, марнота з супермоднымі акрэсленнямі жанраў плыняў, выбрыкаў, чым займаюцца некаторыя з маладых, ад бездапаможнасці ў пошуках нахапаўшыся «вучоных» тэрмінаў. Жыццё i душа! Гэта i відаць у Алеся.
Такое ўспомнілася з «Атлантаў i карыятыдаў», дзе i Шамякін, у раздзелах пра смерць маці, узышоў быў на сапраўднае.