Литмир - Электронная Библиотека

Па дарозе на Браслаў — куток свянцянскай Літвы, З кабіны грузавіка, праз нізкія вербы, відаць прымятае дажджамi жыта, бярозавыя, неакораныя жэрдачкі агароджы, жураўлі без вёдзер, мнагавата абдрыпаных хат. А то — ліпы, белыя вокны, за хатамі будынкі ў шнур, з шырознымі, ледзь не да самай зямлі, стрэхамі. Назвы населеных пунктаў: Калянкішкі, Гадуцішкі, Каляндрышкі, а паміж імі раптам — прастадушна нашы, беларускія Пузыры.

У кузаве ў нас чарапіца. Дзве пярэднія машыны, з такім жа грузам, адарваліся далёка наперад. Негаваркі, дабрадушны шафёр даволі часта спыняўся, каб падняць на дарозе згубленую тымі чарапічыну. Цярпліва і спакойна. Гаспадар!..

Браслаў, калі пад'язджаеш з захаду, адкрываецца вельмі маляўніча. Над возерам сосны, дахі, замкавая тара, каля яе касцёл, царква. Гарадок чысты, з прахалоднай, утульнай гасцініцай, з аброслай плюшчам i мальвамі чайной, з трыма азёрамі, якія ўсе відаць навокал гарадка з высокай замкавай гары.

Над замчышчам, над касцёлам i царквой узвышаецца помнік «добраму доктару». Пры панах гэты доктар, ужо тым часам амаль легендарны, бясплатна, як кажуць, лячыў беднату, пабудаваў за свой кошт бальніцу, а мог таксама, лайдак, даць дзядзьку некалькі злотых, каб з'ехаць верхам на ім з гары... Помнік пастаўлены па яго запавету, з громаадводам, з горбай жалеза пад зямлёй, якое, калі ўдарыць гром, толькі «ляскоча над горадам...»

У рэдакцыі хлопцы далі пачытаць «Гісторыю Браслаўскага павета», аўтар якое i выдавец, польскі настаўнік, энтузіяст-краязнаўца, засакрэціўся ініцыяламі О. Н. Кніга даволі тоўстая, a фактаў яркіх ня шмат. Усё прыблізна такое: У Biдзах калісьці паны бралі з яўрэяў, апроч іншага падатку, яшчэ і па два кілаграмы перцу i «вельмі пацяшаліся з гэтага тавару і яго пастаўшчыкоў». У тых жа Відзах гасцяваў калісьці, у свайго дзядзькі, Адам Міцкевіч, студэнт. Мясцовыя «маскалі», барадатыя стараверы, што аж сюды паўцякалі ад царска-царкоўнага прыгнёту, у 1863 годзе вельмі старанна дапамагалі цару распраўляцца з паўстанцамі... А вось яшчэ адна даволі пацешная дробязь. У браслаўскага калгасніка Сцяпана Рыжага, які — пра што я перад гэтым прачытаў у paйгазеце — атрымаў днямі званне «лепшага пастуха» раёна, калісьці, ажно ў шаснаццатым стагоддзі, быў продак — браслаўскі войт Грэгар Рыжы...

На лузе над возерам садзіцца паштовы самалёт. Увечары стукае недзе маторка. Потым — ноч. Месячная дарожка, на якую так добра глядзець з гары, пад ціхую гутарку з добрымі хлопцамі.

І нечым не нашым, а старасвецкім, цвілым патыхае ад слоў, што адзін мясцовы дзеяч, калі ў лазні не хапіла дроў, загадаў спусціць на вуліцы дзве ліпы... У тую кнігу яго — да войта Рыжага, калі той настаўнік-аўтар узяў бы!..

На выпускных экзаменах у вясковай дзесяцігодцы.

Дзяўчынка слаўна адказвае пра сусветнае значэнне Горкага, пра вобраз Пячорына, пра «Падарожжа» Радзішчава... Стомлены, хвараблівы выгляд, у цяжкіх ботах, цяжка ўздыхае, прыглушвае кашаль. Вялікія цёмныя вочы. Прыгожая. І ўсё збіваецца з рускай на родную мову: «імкненне», «творчасць», «далонь»...

Дзе ты была у вайну, толькі чатыры маі таму назад,— у беднай, цудам не спаленай хаце ці ў партызанскай зямлянцы?..

Няхай жа ўсё будзе добра!.. Пасля ўсяго, што было.

Хлопец. Бывалыя салдацкія чаравікі, старанна наваксаваныя, лінялая гімнасцёрка i нехлямяжы, больш на куртку падобны, пінжак. Усё, здаецца, бацькава ці старэйшага брата. Хвалюецца, крэсліць наском чаравіка па падлозе.

— Адказвайце, можа, на другое пытанне,— хоча паспагадаць настаўніца.

— Не, чаму ж, я буду адказваць так, як пытанні стаяць у білеце.

Хлопец дужы, палёгкі не хоча.

Уяўляю, як ён раненька ўстаў, чысціў чаравікі, не снедаў ад хвалявання...

Дваццаць ix, юнакоў i дзяўчат, з беларускім вясковым акцэнтам гавораць пра вяршыні рускай літаратуры. Моладзь — вельмі падобная да сваіх бацькоў i матак, але ж — з пячаццю культуры, духа на тварах.

Чым яны былi б, каб не прыйшоў сюды Верасень?..

Вясёлы лётчык, які выдатна папрацаваў для нашай перамогі над фашызмам, расказваў, па-хлапечы радасна смеючыся, як ён вяртаўся сюды, у роднае данское сяло, на трафейным «опелі»:

— Узяў, зараза, ды заглух. За тры кіламетры ад бацькавай мазанкі! Дзед Афоня мяне дацягнуў на быках. Часта цяпер хто скажа: а гэта ж тады было, у той год, як дзед Афоня Міколу прывёз. Гісторыя!..

Пасля вайны камандаваў палком. Уранні, перад вучэбнымі палётамі, сам вылятаў раней — «нюхаць паветра», і не мог устрымацца, каб не праляцець над роднай Пятроўкай, не памахаць крылом.

А маці, сгарэнькая бабка Нюся, абы заўважыла, што самалёт крылом махае:

— Цэ мій падлюка!..

Не для экзотыкі запісваю, а ловячы здаровае адчуванне сувязі з родным, з мудрай народнасцю.

Старэнькай маці, калгасніцы, адняло мову. Прыляцеў самалётам вучоны сын, два дні сядзеў над ёю, i толькі на трэці яна апрытомнела. I першае, што сказала — спыталася:

— А ці абедаў жа, сынок?..

Колькі яму — пажылому мужчыне, былому ваяку — каштавала, каб не заплакаць!..

Ідуць салдаты, і дзіўна, прыемна падумаць, што кожны з ix быў малы, што кожны з ix абцалаваны мамай.

У яўрэйскай сям'і, дзе я затрымаўся ў Маскве, старэнькая маці інжынера паказвае мне пусты «дзяржаўны» канверт ад міністэрскага пісьма i з гордасцю, нібы за першую сынаву «пяцёрку», кажа:

— Вось якіх пакетаў прысылаюць майму Мішу!..

А Мішу — пяцьдзесят другі.

Студэнтачка расказвае:

— Мы з мамай часта хадзілі ў грыбы. А першы год, як толькі я паехала вучыцца, яна адна выходзіла на нашу сцежку: «Можа, убачу...»

У глухой вёсачцы на беларускім Палессі спыніліся каўпакоўцы. Адзін з ix зайшоў у крайнюю хату i папрасіў бабулю памыць яму запасную пару бялізны.

А потым раптам — трывога. Пайшлі — як прыйшлі.

На трэці дзень адзін з атрадаў, што адпачываў у лесе пасля бою, затрымаў старую. З клуначкам бывалай бялізны, i памытай, i пакачанай, i палапленай рукою маці. Два дні шукала яна ў бліжэйшым i далёкім лесе, пад музыку далёкіх i блізкіх выбухаў, таго «прыгожага ды вясёлага, што камандуе цэлым атрадам, а называецца — дай, божа, памяць,— здаецца, Платон...»

I вось знайшла, аддала i пайшла дахаты. З адным толькі пачуццём, з адной радасцю: «Няхай здаровенькі носіць!..»

Слаўны хлопец, добры паэт, адзін з маіх украінскіх сяброў, ён мне расказваў пра гэта ў часіну харошай сустрэчы.

Мноства астрыжаных галоў, дапытлівых вачэй... Фабзайцы.

Жанчына, з выгляду падобная на старую настаўніцу, гаворыць з трыбуны:

— Мая дзяўчынка закрыла сваімі грудзьмі амбразуру варожага дота...

Колькі яна непакоілася калісьці пра здароўе тых кволых дзіцячых грудзей!..

А цяпер вось гаворыць спакойна:

— Яна зрабіла так, як зрабіў бы кожны савецкі чалавек... Вучыцеся, дзеці, будзьце сапраўднымі патрыётамі...

Пасля выступлення жанчына надзела паліто. ветліва развіталася з арганізатарамі сустрэчы i пайшла. Каб зноў дзесьці думаць пра сваю дзяўчынку, якая...

«Вось ён — сапраўдны гераізм!» — падумаў я.

Потым, за нейкі год ці трохі больш, яшчэ і яшчэ раз убачыў яе на трыбуне, пачуў яе ціхія, роўныя словы і... стала балюча...

Захацелася падысці да яе i, каб не чулі, сказаць:

— Хадзем дахаты, матуля! Не трэба. Мы самі раскажам пра гэта...

Старая ішла па абочыне. Сцежкай пад вербамі. Радая, што халадок.

Мы стаялі на паваротцы з гасцінца ў вёску, каля саўгасных майстэрняў. Ужо напіліся вады, пагаварылі ca знаёмым, i можна было ехаць. Ды я заўважыў старую, пазнаў.

Я добра ведаю яе. Добра ведаў i сына, што не вярнуўся з вайны. Можа, і цяпер яна якраз ідзе з мястэчка, атрымаўшы чарговую долю пенсіі за яго? Рублі, якія кожны месяц, год за годам, напамінаюць ёй, што сынок быў адзін... Дачок было тры. Адна памерла таксама ў вайну. Уцякала ад паліцаяў, што рабілі аблаву на моладзь — вывозіць яе ў Нямеччыну. Паўцякалі амаль усе, але цётчына Маня прастудзілася недзе ў раўку, восень была, а яны павыляталі толькі ў сукенках,— пагарэла потым дзён некалькі і памерла. Другая дачка... Пра гэта гаварыла нядаўна ўся ваколіца. Страшна падумаць — дзявочая шыя i... брытва... Сама сабе. I невядома, чаго... Муж старое памёр так даўно, што боль адбалеў i забыўся. Прытупіўся ўжо боль і па Мані, нават — па сыне. Сілы таксама стала менш. А тут — такое ў хату!..

3
{"b":"598989","o":1}