Сёння з крутой, арлінай вяршыні крэпасці Кёнігсштайн глядзеў на ўтульныя, чырванадахія вёсачкі ў зеляніне садоў, на палявую i лясную красу далін i ўзгоркаў над велічнай, гістарычнай ды песеннай Эльбай.
I зноў уявілася, што i адгэтуль, з чароўнай Саксонскай Швейцарыі, людзі хадзілі далека, «за свет вочы», паліць старых i дзяцей у якім-небудзь большым ці меншым Асвенціме, большай ці меншай Хатыні, у нашым наднёманскім Новым Сяле...
* * *
Чаму праз майго сына, ставячы яго ў розныя сітуацыі былой i будучай вайны, мне прасцей разумець увесь жах бесчалавечнасці?
Таму, што ён найбліжэйшы да майго «я», мы з ім амаль адно, я больш за ўсё на свеце даражу яго прыходам у жыццё, прыходам у якасці майго наступніка, майго паўтарэння ў лепшай — я так хачу,— у чысцейшай, дасканалейшай сутнасці.
Думаў так, прачытаўшы ў газеце пісьмо паляка, былога вязня фашыецкага канцлагера для дзяцей, адрасаванае былому каменданту таго лагера, мірнаму бюргеру ў адным з зацішных гарадкоў ФРГ.
Уявіліся камендантава аўчарка i мой хлапчук — перад жахам апошніх пакут, зусім адзін, зусім безабаронны...
I потым яшчэ думалася, калі ўявіў, як ён дзесьці ляжыць на траве, пакупаўшыся, абсыхаючы на сонейку,— задумаўся, глядзіць на свет сваімі чыстымі вачыма...
Ён — як усе дзеці ўсяго свету. Усе яны — як ён. Але ж ён для мяне — амаль я сам, мае паўтарэнне ў вышэйшай форме, i таму ён найбліжэйшы мне, i боль усіх дзяцей мне лягчэй зразумець праз боль ягоны, праз боль, што не можа быць не маім.
* * *
Ранняя раніца.
Выйшаў з пакоя загараднага матэля пад яснае, ужо сонечнае неба, пад песню жаваранка i падумаў:
Добра было i добра заўсёды таму, хто i гэтую песню, i гэты рамонак — усё можа падпарадкаваць свайму аднаму, значнаму i трываламу назаўсёды.
* * *
Чарнявая немачка, гід у палацы Сан-Сусі. Яе прастадушна прыязнае, хоць i службовае «лібэ гэстэ» (мілыя госці), што паўтаралася ў кожнай новай зале музея. А потым — «зрыў у асабістае», які, калі ён нават i паўтараецца ў яе з кожнай новай групай наведнікаў, гучыць прыемна, хораша.
Паказваючы ўзоры старога фарфору, яна прызналася нам, трупе савецкіх турыстаў,— зноў жа з прыгожай, натуральнай шчырасцю хоць i адукаванага, але i простага чалавека,— што вось гэты, у гэтай іменна шафе фарфор падабаецца ёй асабліва, больш за ўсе іншыя. З той прычыны, што i яна, як ён, паходзіць з Гарца...
Усе мы, ці амаль усе, міжвольна цёпла ўсміхнуліся.
Лірыка, аказваецца, патрэбная ў кожнай справе.
* * *
Спякотны поўдзень у дарозе Будзішын — Дрэздэн.
З акна імклівай машыны гляджу на ўрадлівае лета.
Добрае жыта — густая, гарачая каша калосся, якую так i хочацца зачэрпаць зверху лыжкай i пахукаць, пастудзіць.
У зялёнай сцяне пшаніцы каля шашы сям-там палаюць агеньчыкі макаў.
Для саміх сябе яны — не пустазелле. I для мяне... ды што там я — i для паэзіі, так неабходнай у жыцці, таксама.
Успомнілася «Жыта» Шышкіна i жыта аднаго з нашых маэстра. Са страху ці з выгады ён «уторгся» ў прыроду, паправіў яе — жыта намалявана чысценькае, колас у колас, як пад лінеечку, а васількі — пустазелле — старанна высаджаны на ўзмежак.
«Ca страху?.. З выгады?..»
Гэта было, дарэчы, даўно, у той час, калі аднаго з нашых паэтаў... дакаралі на сходах i ў друку за верш, дзе ён пра васількі сказаў ажно такую крамолу, што выпалаць ix з поля ён гатоў, а з сэрца, бачыце, не можа...
* * *
У адной з музейных залаў Вартбурга, перад уваходам у тую келлю, дзе Лютэр перакладаў Біблію, у адзін час з нашым Скарынаю сцвярджаючы права на роднае слова, прыемна было чуць ад фрау-гіда, што тут быў калісьці Пётр Першы, а потым Талстой, малады яшчэ, але ўжо слаўны аўтар трылогіі i ваенных апавяданняў. Ды ён, як сведчыць запіс каменданта гэтага замка, больш за ўсё несалідна катаўся на восліках...
Спускаючыся зверху ўніз на машыне, у засені магутных дрэў мы абагналі цэлую чародку гэтых пацешных, несмяротных верхавікоў.
I вослікі тупалі вельмі важна, i малеча сядзела на ix з вялікім гонарам.
Ах, несалідны Леў Мікалаевіч!
* * *
Айзенах. Спёка на плошчы.
Мімаходзь, праз адчыненыя бакавыя дзверы, заглянуў у пусты халадочак сабора i небывала ўсвядоміў, як многа яшчэ на свеце людзей, якім гэта трэба.
Дома мы часта забываемся, што свет працягвае жыць па-свойму, а мы павінны ўмець i ўвесь час вучыцца культурна сцвярджаць, абгрунтоўваць сваё.
Вяршыня нямецкай сентыментальнасці.
Голенькі, сыценькі, прыгожанькі Ісусік Хрыстосік i такі ж самы Іванька Хрысціцельчык — на траўцы, у сонейку — даюць адзін аднаму буську...
Бачыў гэта, здаецца, у Гоце, яшчэ ў адным замку, яшчэ ў адной галерэі.
* * *
Адны ўцякаюць ад свайго, па-спажывецкаму прысмоктваюцца да чужога, лепшага, гатовага — абы лягчэй, смачней пажыць. A іншыя лічаць, што трэба вучыцца, як гэта лепшае наладжваць дома. Цар Пётр Вялікі, граф Леў Талстой, мужык Міхайла Ламаносаў. Пра ix тут згадваць даводзіцца часта.
* * *
Зноў i зноў прыходзіць думка:
А як жа, як, як у такой цудоўнай прыродзе, у такой зайздроснай культуры можна было дайсці да Асвенцімаў?..
* * *
Усплыў на памяць расказ ленінградкі, перакладчыцы, што ехала ў адным купэ са мной у Брэст, насустрач гэдээраўскай дэлегацыі.
На Піскароўскіх могілках маладыя немцы-турысты ўбачылі старую жанчыну ў чорным, якая моўчкі, сурова глядзела на ix, стоячы каля магілы.
Калі ім сказалі, што гэта маці цэлай сям'і, пахаванай тут у блакаду, адзін з нямецкіх юнакоў не вытрымаў позірку старое — упаў на калені, пачаў са слязьмі цалаваць яе рукі i ногі, просячы прабачэння за тое, у чым яны, дзеці апошняй вайны, не вінаваты...
Што сказала ім тая жанчына — не ведаю.
* * *
Веймар. Зноў галерэя.
Гляджу на иартрэты ўладароў ды магнатаў i думаю:
Ад чаго яны так сыта, весела ўсміхаюцца? Ад працы, ад нядолі нашых продкаў?
Нашых — у разуменні класавым, міжнародным, якое тут, не дома, прыходзіць неяк свяжэй i глыбей.
* * *
Абедаючы ў экзатычным сутарэнні гасцініцы «Пад сланом», я парушыў рэжым, дазволіў сабе кухаль піва. Больш з-за сімпатыі да таго глінянага, бела-блакітнага, узорыстага кухля. Але не піва, відаць, i не стома, сабраная за некалькі дзён нервовага недасыпання, вінаваты ў тым, што ў доме Шылера я... ледзь-ледзь не заплакаў.
Аконная ніша ў тоўстай сцяне ідзе ад падаконня да падлогі. Сонца, якое ўжо добра схіліла з паўдня, лілося ў гэтае акно, на падаконніку палалі барвовыя кветкі.
I мне раптам падумалася, што вельмі добра было б падсунуць у гэтай нішы столік да падаконніка i працаваць, калі яшчэ трохі адсунецца сонца.
Такое простае, а для мяне — даўно такое прагнае жаданне.
I вось іменна тады, калі яно, пачуццё гэтае, прыйшло, нас, толькі траіх у гэтым пакоі, на гэтым паверсе, дагнаў бесклапотны, бязгрэшны шолам. Знізу па сходах — з тупатам, гоманам, смехам — падняліся i запоўнілі пакоі, наш i суседні, піянеры. Нямецкія, у сінім, i польскія, з бела-чырвонымі гальштукамі. Румяныя, загарэлыя хлопчыкі i дзяўчаткі.