Литмир - Электронная Библиотека

Яна падышла да акна і стала глядзець у яго. Відно было поле, вялікі абшар з рэдкімі дрэвамі і на даляглядзе сінія істужкі лясоў. Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі і непадалёку відно ў лагчыне мястэчка. Гертруда яшчэ не асвойталася тут. Яна не ведала ні назваў, ні імёнаў, не трымала ў памяці яшчэ аніводнага твару сярод тутэйшых людзей. Часамі смутак сціскаў ёй грудзі. Як вялікага свята, яна заўсёды чакала тых дзён, калі прыязджаў сюды Густаў, яе сын і ваенны начальнік тутэйшай акругі. Ён заязджаў сюды даволі часта. Ён ведаў трывогі і сум свае маці, ён быў ёй добрым і ласкавым сынам. Гэта быў дзейны чалавек і практычны работнік. У яго акрузе былі чатыры канцэнтрацыйныя лагеры, і ён сам займаўся імі. Дзеля іх ён нават зрабіў змены ў агульным для лагера рэжыме. Туды, пад Вялікае скрыжаванне, былі напады на гарнізоны і транспарты, тут жа было чамусьці спакойна, і вышэйшае начальства лічыла гэта заслугай Густава Шрэдэра. І ён, ніколі нічым не выхваляючыся, чакаў таго часу, калі стане на паўкрока бліжэй да свайго фюрэра. Ён да таго любіў дакладнасць і завяршэнне ўсялякай справы, што два разы сам прыязджаў у лагер на «Перабродскай Злыбядзе» і на свае вочы бачыў, як на зямлі ляжаць людзі каля агароджы і навокал бочкі на колах. Што ж да яго маці, то яна нават і ўяўлення не мела, што гэта такое канцэнтрацыйны лагер. Яна толькі ведала тую праўдзівую сапраўднасць, што там многа людзей, якія робяць усялякую работу, калі іх на гэта выганяць…

Перабродскі канцэнтрацыйны лагер меў такі выгляд. Гэта было месца поблізу тарфянога балота з куп’ём і наводдалек ад невялікага лесу. А з двух бакоў было поле. Вялікая прастора была абгароджана калючым дротам, навокал гэтай агароджы стаялі вартавыя салдаты. У адным месцы, ад поля, праз якое тут жа праходзіла дарога, на метраў дваццаць агароджы не было, і гэта было штосьці накшталт уезду і ўваходу ў лагер. Тут не было аніякага будынка, і толькі на полі за агароджай стаяў барак з дошак, дзе жылі салдаты і адкуль проста з парога ішла пратаптаная сцежка ў дробнае мястэчка, схаванае тут жа ў лагчыне. У сярэдзіне агароджы трава была вытаптана, а больш як на палавіне плошчы засыпана пяском невядома дзеля чаго. Гэта было распараджэнне самога начальніка акругі Густава Шрэдэра маладзейшага. Некалькі тыдняў забраныя ў лагер людзі насілі на сабе ў торбах, хустках і ў дапасаванай да гэтага сваёй адзежы пясок з поля і засыпалі траву быццам бы для гігіенічнасці. Людзей тут было то менш, то больш. Быў момант, калі тут было забраных пад дзесяць тысяч. Іх усё адпраўлялі кудысьці на работу. Цяпер тут было людзей пад дзве тысячы. У агароджы, насупраць уезду ў лагер, стаяла пустая бочка на колах. Раз на дзень забраныя па чарзе прывозілі сюды ў бочцы ваду з рачулкі і ставілі бочку на гэтае месца. Хто першы дабіваўся, каб хапіць сабе ў бляшанку з-пад кансерваў вады, той мог лічыць сябе шчаслівым. Месца навакол бочкі было, вядома, самым зручным, каб дастаць вады. Таму, хто ўжо раз заняў сабе тут месца, той і не сыходзіў з яго тыднямі, каб захаваць яго за сабою. Тут так было густа людзей, што ляжаць не было месца. Тут людзі толькі сядзелі. Тут былі толькі здаровыя, што мелі сілу, каб заўладаць тут месцам. Хворыя ляжалі на пяску глыбей у разлегласць, хворыя на крываўку асобна, бліжэй да агароджы. Аслабелыя, але не хворыя — на траве. Ночы цяпер стаялі зорныя і прыхаладалыя, і да самай раніцы чуліся тут: моцны шэпт, кашаль, стагнанне, божканне, моцная малітва таго, хто ўжо не верыў у Бога, і моцная знявага Бога з вуснаў таго, хто датуль шчыра верыў у яго. Раніцаю сонца высушвала слабую восенную расу, і над хворымі яшчэ пачыналі раіцца мухі. Чуўся крык і каманда. Прыносілі тую вечную ва ўсіх турмах, катаргах і арыштных месцах страву, што пры ўсіх уладах і рэжымах завецца «баланда», незалежна ад таго, ці там на вядро вады прыходзіцца бурак ці бульбіна. Усе прывыклі ўжо, што той, каго забіралі адсюль на работу, больш сюды не варочаўся. А ці на благое гэта, ці на добрае, кожнаму нельга было нават і падумаць, а ні то што каб ведаць. Спачатку выгараджаная лагерная плошча была меншая, пасля яе пашырылі, і ад старое агароджы асталося некалькі слупоў без дроту. Прыткнуўшыся галавою да аднаго з гэтых слупоў, тут ужо трэці тыдзень ляжала Лукашэвічава Ліза, у сукенцы, якая была раней светлая, а цяпер стала чорная ад зямлі. Асеннія мухі раіліся над ёю, калі прыпякала сонца, а яна ўсё ляжала і ляжала бадай што ў бяздум’і. Бяздум’е было яе ратункам, і ішло яно ад вялікай слабасці яе цела, боль і ныццё ў якім сталі ўжо яе звычайнасцю. Калі прыносілі баланду і ўсе кідаліся да яе з бляшанкамі ад кансерваў, яна нават не паднімала галавы і не бачыла таго страшнага малюнка, калі чалавек, загнаны ў няволю, у загарадзь і ў натоўп сабе падобных няшчасных, ад якіх адабрана права, самае першапачатковае, патрэбнае нават і некаторым жывёлінам — дзеля сваіх прыродных патрэб пабыць часам у адзіноце, — яна не наглядала, як чалавек тут ператвараўся ў жывёліну, а натоўп у чараду. Каля вядра з баландой людзі збівалі адзін аднаго з ног, ратуючыся ад галоднай смерці і хваробы. Тыя ж, што былі цвярдзейшыя воляй, угаворвалі гэтых і словам і крыкам наладзіць сталасць. І пры баландзе і пры бочцы з вадой заўсёды стаяў шум сотняў галасоў. Спакайнейшыя і вытрыманейшыя аставаліся дзе-небудзь убаку, але затое мала калі і баланду і ваду бралі ў рот. Сярод іх нараджаліся думкі і планы аб уцёках, аб змаганні з нямецкай салдатнёй, аб арганізацыі ўсіх дзеля паўстання і масавым уцёку. Да гэтых належала адна высокая жанчына, да жудасці хударлявая з постаці і з твару. Яна была не маладая і не тое каб старая. Так ёй магло быць год мала-менш як пяцьдзесят. Рысы твару строгія і, можа, нават халодныя. Позірк спакойны, мала рухавы, ён як бы быў выяўленнем чалавечай упэўненасці, што нічога новага на гэтым старым свеце не ўбачыш. Спачатку і яна кідалася ў натоўп па баланду і ваду, але пасля ўбачыла, што лепш быць галодным, чым з памятымі касцьмі. Тады яна пачала ўгаворваць многіх устанавіць чаргу на баланду і ваду. Пачынанне яе перадалося да іншых, і, калі чарга пачала ўстанаўляцца, яна раптам адчула сябе так, што як бы ўжо зачапілася за нейкую справу ці мэту, і гэта вывела яе душу з стану бязвер’я і безнадзейнасці і дало ёй сілы лягчэй цярпець сваё існаванне.

Так прыйшоў момант, калі яна аднойчы, седзячы ў адзіноце на стаптанай траве і выбіраючы адтуль нейкія, вядомыя ёй травіны, якія яна ела, загаласіла: «А добры мой, а лепшы за ўсіх мой, а чаму ж ты па мяне не прыходзіш? Хіба ж ты забыўся, як ты нудзеў па мне дваццаць год і як дзеці не ведалі, які ты, а я зямлю арала і азіралася, а можа ты як-небудзь бачыш мяне? А ці памятаеш ты, як Тамашка наш упаў быў з дрэва і гаварыць не мог…» З таго часу яна пачала галасіць кожны дзень, перабіраючы ў сваім галошанні ўсё сваё жыццё ад дзён свае маладосці, ад той вайны з немцамі да гэтай, і такім парадкам праз яе галошанне ўсе дазналіся, як яна жыла і што было ў яе душы. Што гэта было за жыццё! Выкіданне з хаты, марнаванне маладосці, смутак у сталасці, вечнае выгнанне ў жыцці на родным месцы. Гэта была жонка Сымона Ракуцькі. Вельмі можа быць, што яе галошанне павяло многіх на расказ аб самім сабе. Адкуль толькі тут не было людзей! Але ў гэтыя дні для Лізы не існавала асоб і твараў: усіх і ўсё яна з свайго належанага пры слупе месца бачыла, як праз туман. Блізкія галасы і далёкія гукі да яе даходзілі аднолькава, як праз сцяну з адзежы і ваты. Бяздум’е ратавала яе ад смутку. Але, нарэшце, прыйшоў смутак, з’явіўся ўладны і бязлітасны, як і заўсёды ў чалавека, ён быў страшнейшы і цяжэйшы за боль цела, парванага жалезам. Пачаўся ён ад рання яснага дня. Можа яна пачала перасільваць хваробу, бо магла падняць галаву, калі ў загарадзі пачуўся злітны ў адзін гул гоман. Гэта чалавек пад тысячу людзей выстройваліся перад выхадам з загарадзі. Іх забіралі на тую невядомую работу. Калі гэты вялікі натоўп рушыў з месца і пачаў скрывацца ў полі, нават праз яго маўчанне чуўся жах няволі. У гэты момант да Лізы падышла Ракуцькава жонка.

39
{"b":"598982","o":1}