— Хто тут? — ледзьве магла яна адцягнуць голас. І ніякага адказу ёй не было. Гэтае маўчанне было тым страшнейшае, што ў вышыні бесперапынна рваўся гул самалета. Яна пачала спрабаваць падняцца і ўбачыла, як постаць мужчыны ўстала поблізу яе і, хістаючыся ў бакі, знікла пры шашы ў полі. Больш ужо не чутно было мужчынскага стогну. Настала ноч, з цішынёй і зорамі. Дзяўчына ўстала і пайшла абочынай дарогі ў той бок, у які стаяла тварам. Ледзьве трымаючыся на нагах, яна дайшла да скрыжавання дарог і села пад вялікім дрэвам. Росная трава была пад ёю. Рух па шашы і на іншых дарогах павялічваўся. Машыны раз-поразу праходзілі скрыжаваннем паўз вялікае дрэва. Часам некаторыя спыняліся на хвіліны, шафёр выходзіў з кабіны, штосьці папраўляў і зноў гнаў машыну. Спакою тут не было. Раптам зноў гул нямецкіх самалётаў і страляніна зверху. Вогненныя істужкі падалі з неба. Яна пайшла назад на шашу і села на яе абочыне. Зноў усё стала ціха, і зноў пайшлі машыны дарогаю. Але яны ішлі з патушанымі фарамі, і ніхто не бачыў, што вельмі доўга перад кожнай машынай дзяўчына паднімала руку. Абяссіленая, яна адышлася ў бок ад шашы і села на мокрую траву ў жудаснай дрымоце. Чэрвеньская ноч была кароткая. Неўзабаве пачало світаць. Цяпер яе могуць убачыць. Яна зноў выйшла на шашу паднімаць рукі. Толькі цяпер яна ўбачыла, што рабілася на шашы і каля яе. Машыны і людзі, жанчыны і дзеці, маладыя і старыя, параненыя і здаровыя. Ішлі і ехалі і ўсе глядзелі ўгару. На самым скрыжаванні спынілася машына. З яе выйшаў Сымон Ракуцька.
— Дык бывайце здаровы і дзякуй, што падвезлі, — сказаў ён да шафёра.
— А дакументы вашы прыйдзецца паглядзець, — сказаў лейтэнант з перавязанай рукой, які сядзеў поплеч шафёра. Ракуцька паказаў дакумент.
— Дык вы дадому? — сказаў лейтэнант, разглядаючы дакумент.
— Дадому.
— А што вы там рабілі, адкуль едзеце?
— Адкуль я еду — я там радзіўся і вырас. Я там завёў сям’ю. У мяне там радзіліся дзеці. У рэвалюцыю я там паставіў сабе новую хату. Калі скончылася там права рэвалюцыі і зноў нахлынула туды панства, мяне выгналі з хаты, хату прысвоілі сабе, і я падумаў: што ж чакае маіх дзяцей у будучыні? Я перабраўся на гэты бок граніцы і завёў сабе тут такую дамоўку, што толькі бедаваў, што дзеці мае не бачаць яе. Цяпер зноў там стала права рэвалюцыі. Я забраў назад сваю хату і зацверджваў гэта дакументамі, а дачка мая пазаўчора выехала адтуль сюды. Меўся і я сёння выехаць. А тым часам учора нямецкі пярун спаліў маю хату. Цяпер я да сябе ў дамоўку, дачка Лізавета ўжо там. Каб як Бог даў мне дабрацца. Далёка, туды немец не павінен дакаціцца. Там і жонка, і сын Тамаш…
Лейтэнант ледзь даслухаў і сказаў шафёру ехаць.
— Таварыш дарагі, — сказаў яшчэ Ракуцька, — яшчэ дзякую вам і за шклянку гарэлкі, калі я ў страшэнным утрапенні сядзеў на дарозе. Спішыце з майго дакумента сабе мой адрас. Калі што якое — да мяне, як к сабе дадому.
Машына неўзабаве пайшла шашою на ўсход. Ракуцька ж звярнуў з скрыжавання на грунтавы шлях і падаўся ў роўную, але шпаркую хаду. Лізавета з шашы бачыла яго прысутуленую постаць, але яна так мала з ім разам яшчэ жыла, што не здагадалася адразу, што гэта ён там пайшоў у гэты ранні час і на гэтай далёкай і незнаёмай дарозе. Сумуючы і ў непакоі аб яго лёсе, яна наважыла, як бы там ні сталася, спыніць машыну. Яна стаяла на шашы, падняўшы руку, і чакала. Раптам гул і жалезны скогат. І жах агарнуў яе. На апусцелай і прыціхлай шашы, проста на яе, ішлі чатыры нямецкія танкеткі. Яна не заўважыла дзе, але выразна бачыла перад сабой чорную свастыку. З шашы яна спаўзла высокім адкосам і прыпала да яго ўсім целам. Яна чула, як танкеткі прайшлі над ёю і пасля ўсё сціхла. Калі яна глянула на шашу, убачыла, што ўжо не было таго страшнага награмаджэння знявечаных людзей і машын. Усё адразу расплылося, раструшчылася і ўвагналася ў зямлю скогатным ходам танкетак. Боль яе сэрца і смутак душы перавысіў вялікую слабасць яе цела. Агорнутая бядою і горам, яна пакінула гэтае сумнае месца. Ісці ёй было цяжка. Яна хісталася ў бакі, і так постаць яе злілася з прасторам поля і дарогі. Пачало ўзыходзіць сонца. Успамінаючы пасля гэтыя часы, яна казала, што ў моманты адыходу ад страшнага месца на шашы яна больш за ўсё мучылася думкамі пра бацьку. Цяпер яна была ўпэўнена, што гэта яго прысутуленая постаць прагойдалася па грунтовай шырокай дарозе, скрыжованай з шашою. Гэтая сям’я сабралася зноў і пажыла разам каля паўтара год, і Лізавета ведала з бацькавых расказаў, як ён мучыўся тут адзін па іх усіх і асабліва па Тамашу. З гэтага і Тамаш цяпер здаваўся ёй больш родным, а бацька здольным на пакуту за яе, Тамаша і маці. Яна скіравалася на тую ж дарогу і ішла ўсё, ішла, пытаючыся ў падарожных людзей, але без надзеі дагнаць бацьку. І гэта больш за ўсё мучыла яе. Сіл у яе ледзьве хапіла, каб не зваліцца з ног да захаду сонца. Захад сонца гэтага дня ўжо не быў падобен да ўчарашняга. Хоць яна ўжо і была даволі далёка ад шашы, аднак жа бачыла, як толькі пачало цямнець і сцямнела, што на шашы, і, мусіць, на ўсю ноч, пачалося пекла. З неба ліўся агонь істужкамі з вузламі. Зямля ўзнімалася ўгару, і неба спускалася нізка. Тонка свістала і гулка выла і суха грымела і ўздрыгвала на ўвесь свет. Людзі дабягалі сюды з шашы і яшчэ аднекуль з поля, з цемені ночы, стагналі, гаварылі, пагражалі і ішлі. Уздоўж шашы ішоў бой. А яна ўсё не спыняла сваю хаду. Нервовае ўзбуджанне гнала ранейшую слабасць. На ўсходзе запалавела неба, а грымучае пекла не мела ўнімку. Калі паднялося сонца, вялікая цішыня запанавала на зямлі. І гэта падбадзёрыла дзяўчыну. Яна скранулася з месца і рушыла зноў у дарогу. Яна ўбачыла ў траве мёртвага чырвонаармейца. У старане чуўся гул танкаў. Уночы чырвонаармейская часць боем ссадзіла немцаў з шашы, і яны цяпер ірваліся стараной. Не спаткаўшыся з імі, дзяўчына ішла далей паўз дарогу, увесь час трымаючыся кустоў, жыта і дрэваў. Сонца пякло моцна, і ў траве блішчэла раса. І яна неўзабаве выйшла з той зоны, у якой уночы адбыўся бой. Немцы вялікім кругам абыходзілі гэтае месца. На поўдзень ад скрыжавання, за жытнім прасторам, быў рэдкі хваёвы лес, невысокі і без падлеска. Паўз гэты лес, палявою дарогаю, і браліся цяпер на ўсход немцы. Спачатку там прайшлі танкі, пасля пайшлі грузавыя машыны з салдатамі, а пасля — дарога то пусцела, то пройдуць грузавікі, то легкавая машына, то зноў грузавікі, то зноў пуста рабілася. Пад каржакаватаю хваінай, непадалёку ад дарогі, увесь у сухім моху і хвойных голках, ляжаў той самы малады чалавек. Выгляд яго быў страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Ці то ён бягой ратаваўся з зоны бою, ці, можа, якая іншая з ім здарылася прыгода, але ён цяпер ляскаў зубамі, і вочы яго бегалі ад дрэва да дрэва. А можа ён яшчэ не адышоў ад таго, што Нявада даў па ім гнутым жалезам. Тым часам падышла легкавая машына і спынілася. З яе выйшлі два нямецкія салдаты і афіцэр з біноклем і картай. Салдаты стаялі, як на варце, а афіцэр глядзеў у поле праз бінокль. Малады чалавек узвалокся на ногі і пайшоў проста на афіцэра. Салдат наставіў на яго аўтамат. Ён падняў рукі ўгару і па-нямецку прывітаў афіцэра і яшчэ дадаў нейкае слова, ад якога афіцэр пільна на яго паглядзеў. Яны пачалі гаварыць нямецкай мовай.
— Ці няма тут бальшавіцкіх салдат? — запытаў афіцэр.
— Няма. А ці даўно заняты немцамі Баранавічы? І ці ўстанаўляецца ўжо ў занятых немцамі месцах цывільная нямецкая ўлада?
— Устанаўляецца.
— Ці пастаўлены ўжо высокія начальнікі акругаў, абласцей. І, можа, сярод іх або сярод іх памочнікаў ці вялікіх службоўцаў чуцён дзе граф Паліводскі?
Афіцэр падазрона і з непаразуменнем паглядзеў на абшарпанага маладога чалавека, і той зноў сказаў нейкае тое слова. Афіцэр паціснуў плячыма і сеў у машыну.
Малады чалавек папрасіў есці. Афіцэр кінуў у перацёрты на пыл дарожны пясок пачак галетаў, і машына зрушыла з месца. Малады абшарпанец падняў галеты і, жуючы іх, падаўся глыбей у гэты непрытульны лес без ценю і травы і лёг на хвойныя голкі, апанаваны прыступам слабасці. Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын, то разрывы авіябомб у розных месцах, то людзі ішлі, і так, і натоўпамі з дзецьмі, і чырвонаармейцы ішлі на ўсход, тулячыся дзе якое ўкрыццё было — лесам ці полем. За тыя дні немцы далёка ўвайшлі на ўсход ад дарожнага скрыжавання. Таксама і на поўдзень ад усходу. У Сумлічах гаварылі, што немцы ўжо мінулі Бабруйск. Сумлічы асталіся цэлыя. Пажар ад авіябомбы ў той першы страшны дзень сумлічане патушылі. Агонь з’еў усяго паўвуліцы. Першыя нямецкія калоны ў мястэчка нават не заходзілі: Сумлічы ад шашы былі ўбаку. Артылерыйская кананада і авіяцыйныя налёты аддаляліся, і, дзень за днём, настала часіна, калі ў вулічных закутках было чутно, як дзе-небудзь, дзе на сонцы спёка і бляск, загудзе муха. І птушыны шчэбет чуцён усюды. Ужо многа станавілася цішыні, і чалавечая душа магла ўтапіць у ёй сваё ўтрапенне.