— А-а, — працягнула з расчараваннем дзяўчына.
— То калі вам на Менск, дык чаго ж вы паглядаеце на шашу, — абазваўся Нявада. — Вам трэба пільнаваць машыну на гэтай вось дарозе. На Капыль, на Кучанку, на Перавоз, на Пырашава… Хоць, праўда, вы можаце на Слуцк, калі па шашы, а там на Менскі тракт…
— Ведаю, — сказаў зноў злы і надзьмуты хлопец. Здавалася, ён ненавідзіць гэтых людзей, што выпаралі яго з рова. Дзяўчына заўважыла ў ім гэтую рысу і адразу адышла ўбок. Нявада адчуў тут сябе лішнім. Тым часам з захаду на ўсход ішлі дзве машыны. Адна па шашы, другая па дарозе на Менск. Дзяўчына заварушылася, выбегла на шашу і падняла руку ўгару. Хлопец жа, здавалася, і не заўважаў, што якраз яго ідзе машына.
— Унь жа машына ў ваш бок! — не вытрымаў Нявада.
Хлопец паволі рушыў на сваю дарогу, яшчэ больш злы і нахмураны. Было падобна, што гэта ён збіраецца змясіць кулакамі і нагамі Няваду. Хлопец нехаця падняў руку, але невысока і на самы кароткі момант. Тым часам дзве машыны, не зважаючы ні на што, прайшлі далей, кожная ў сваю дарогу, і неўзабаве скрыліся з вачэй. Задаволены хлопец урачыста зірнуў на Няваду: «Ну што, стары дурань, трэшся тут, лезеш не ў сваё. Я сам ведаю, што мне рабіць». Вядома, Няваду сапраўды варта было б ісці ў свае Сумлічы. Што яму тут з гэтымі людзьмі? Але незразумелы смутак прыгнятаў яго душу. «Як гэты хлопец мог так незаўважна стаптаць дрэўца, і чаго ён хаваўся ў рове, і чаму ашуквае людзей, што яму трэба на Менск, калі ён нават як належыць не спрабаваў спыніць машыну? А відно, што ён здалёк, што ён у вялікай дарозе. Можа і дзяўчына гэтая хлусіць пра сябе і свайго бацьку. Можа ўвесь свет такі дзікі, што чалавеку не можна гаварыць праўду і баяцца другога чалавека. І можа ўжо скора пачнецца тая зноў навала? Можа ўжо зноў тут блізка ходзіць той вялікі злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства?!» Душачыся нейкім страшным пачуццём, Нявада не зводзіў вачэй з хлопца, і той раптам уздрыгануўся:
— Чаго ты так разглядаеш мяне? Я табе падазроны які ці што? Я цябе не баюся!
— А хіба я хачу, каб ты мяне баяўся? Каб ты, сынку, ведаў, што мяне за душу трымае…
— Ведаю! У цябе ўкралі маленства твае дачкі. А ў мяне ўкралі самога мяне. Так што ідзі сабе ў свой бок, а я ў свой.
Нявада пачырванеў і адвярнуўся. У наступны момант ён угнуў плечы і выйшаў на брукаваную дарогу з гэтага месца да Сумліч. Ідучы ён гаварыў нешта сам з сабою. Праз чвэртку кіламетра ён азірнуўся і ўбачыў таго хлопца: гнучыся паўз жыта, ён ішоў у глыб поля, дзе сінявілася далёкая істужка лесу. Што ж да дзяўчыны, то Нявада бачыў, як яна запыніла на дарозе машыну і паехала ў сваю дарогу. Але ён не бачыў, як машына праз паўкіламетра стала і шафёр падлез пад яе і, лежачы на спіне, заваждаўся з рамонтам. Ужо і дзень схіліўся к вечару, а машына не была гатова. Нарэшце шафёр сказаў, што далей язды не будзе і трэба чакаць выпадку, каб узяцца ў каго на буксір. Дзяўчына паціснула плячыма ад прыкрасці і шпарка пайшла назад на скрыжаванне. Яна ўсё ўглядалася ў дарогу: іншае рады ёй не было, як спадзявацца на шчасце з новай машынай. Змяркалася, а яна, можа, і не адважылася б напроці ночы ісці адна да станцыі. Яна села пад вялікім дрэвам, прытулілася да яго і не зводзіла вачэй з дарогі. Два разы яна выбягала на дарогу і паднімала руку ўгару, але машыны прайшлі, і яна зноў апынулася на ранейшым месцы пад дрэвам. Бадай што ўжо зусім змеркла. Дзяўчына пачала беспарадна кідаць вачыма на дарогі і навокал сябе. У далечыні льга было заўважыць цёмныя абрысы мястэчка Сумлічы. Дзяўчына ўжо была памкнулася ісці туды, як раптам, непадалёку ад сябе, у гушчырні таполевых зараснікаў над ровам, выразна заўважыла чалавечую постаць. Нехта сядзеў і, як бы паўзучы, знік у кустах. Ёй здалося, што яна нават пачула трэск сухога ламачча. Ветру ўжо не было і ўсталёўвалася цішыня. Дзяўчына ўздрыганулася і рашуча пайшла на сумліцкую дарогу. Адразу яна азірнулася і ўбачыла, што ён стаіць пад кустамі.
— Хто там? — крыкнула дзяўчына, апанаваная страхам. Ён так шпарка сеў, што ёй здалося, быццам гэта ён упаў. Душа яе заныла ад жаху. Яна дала шпаркую хаду ў сумліцкую дарогу, але ў гэты момант на шашы выплылі з-за далечыні фары, і машына шпарка пайшла сюды. Дзяўчына выбегла на шашу, каб падняць рукі. Ужо тут машына прыцішыла хаду і ўз’ехала на Менскі кірунак. Дзяўчына апусціла рукі. На завароце машыны святло з фар асвяціла зараснік над ровам, і дзяўчына зноў убачыла і пазнала яго. Гэта быў той самы хлопец, якога ўдзень Нявада выпараў з рова. Цяпер ён кідаў вачыма то на дзяўчыну, то ўслед машыне. Дзяўчына гэта выразна заўважыла і, не азіраючыся больш, а толькі прыслухоўваючыся, як мага шпарчэй пайшла на Сумлічы. Ён жа пільна сачыў за ёю, аж пакуль яе льга было заўважыць у вячорнай цемені. Ён доўга прыглядаўся і прыслухоўваўся. Нідзе нікога і нічога не заўважалася. Стаяла цішыня. Ён пачаў асцярожна станавіцца на ногі. Бадай што бегам ён даскочыў да вялікага дрэва і як бы ўліп у яго. Зноў пільныя абгледзіны ўсяго навокал і прыслухоўванне. Пасля ён узвёў вочы ў неба. У вышыні мільгацелі дзе-нідзе зоры. Зноў як бы ўзнімаўся вецер і халадала. Яшчэ раз прыслухаўшыся, ён раптам перахрысціўся па-каталіцку. Губы яго пачалі шаптаць: «Божа, няхай жа хутчэй прыйдзе да мяне мая тая будучыня, і няхай яна будзе такая, як думаю я. Каб хутчэй скончылася бадзянне маё і каб хутчэй на гэтай зямлі настаў канец таму, што на ёй цяпер ёсць. Няхай хутчэй прыйдзе час, і каб я адразу знайшоў сваю будучыню». Пасля гэтай складнай малітвы, якая, відаць, гаварылася не ўпершыню, ён зноў прыглядаўся і прыслухоўваўся. Пасля сціснуўся ў жмут і сеў пад кустамі драмаць. Паціскаючыся з холаду, ён прахапіўся, калі ўжо свяціла сонца. Яно яшчэ невысока стаяла над непаспелым жытам, і ён устрывожана пабраўся з-пад дрэваў у кусты над ровам.
Тым часам яго ўвагу ўзяла на сябе грузавая машына, што імчалася па шашы з захаду на ўсход. Многа людзей сядзела ў ёй, найбольш жанчыны і дзеці, і сярод іх здалёк відна была сівая барада старога чалавека. На самым скрыжаванні машына крута спынілася, і шафёр, узбуджаны і ўстрывожаны, выскачыў з кабіны. Жанчына ў машыне моцна заплакала: «Не трэба спыняцца, хутчэй далей, далей ехаць». Другая каля яе залямантавала: «А Божачка мой, а хлопчык жа мой маленькі, а нават і костачак тваіх я не пазбірала…»
Усё гэта было вельмі падазрона і нязвыкла. На твары маладога чалавека напісалася надзея і радасць чакання. Ён не вытрымаў і выйшаў на шашу. Шафёр адразу падскочыў да яго:
— Тут машына з дзецьмі не праязджала? Вы тут даўно?
— Я тут нядаўна, але машына праехала.
— Даўно?
— Кажу, што нядаўна. А што вы так устрывожыліся?
— Ён нічога не ведае, шчаслівы! — залямантавала ўсё тая ж жанчына.
— Няшчасце! Бяда! Вялікае гора! Пагібель! Час той страшны настаў! Немец напаў! Б’е з неба і з зямлі, паліць, губіць… А хлопчык мой маленькі!..
Яна закрыла твар рукамі і зарыдала дзікім лямантам.
— Дык адкуль вы едзеце? — з раптоўным вясёлым натхненнем сказаў малады чалавек да шафёра.
— З Берасця. Ледзьве вырваліся. А машына з дзецьмі даўно?
— Нядаўна! — хлусіў малады чалавек і з радасцю ўбачыў, што шафёр ускочыў у сваю кабіну. Машына рванулася ў далейшую дарогу на ўсход, а ён, лёгкай хадой, з пячаццю шчасця на твары, угнуўся ў зямлю над стаптаным маладым дрэўцам, выцягнуў дрэўца і выграб на тым месцы з зямлі звязак нейкіх паперак. Дзве паперкі выцягнуў са звязку, а рэшту зноў загроб і пасадзіў наверх абы-як тое самае абязвечанае дрэўца. Дзве паперкі выпрастаў у пальцах, дастаў з кішэні восем цвічкоў з вялікімі плешкамі, прыбіў дзве паперкі да дрэва, наабапал ствала, шпарка дайшоў да жыта, паляжаў у ім, бачыў адтуль і чуў, як па шашы яшчэ праімчаліся з захаду на ўсход машыны з людзьмі, і пайшоў полем да лесу. Там ён доўга шукаў падкрыўчыстай асіны і пад ею выграб з зямлі новы звязак паперак, адну прыбіў да дрэва, а астатнія вынес на дарогу і там раскідаў. А сам зайшоў на той бок лесу, сеў у гушчырні на пень і нешта думаў. Можа ён так сядзеў вельмі доўга, ён не заўважаў. Душа яго поўнілася шчасцем. Ён адчуваў сябе так, як выкінуты хваляй з мора на бераг. «Цяпер чакаць толькі далейшай радасці». Каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты, заўважыў бы, як свяціліся яго вочкі і пячаць усмешкі час ад часу перасмыквала яго твар. Здавалася, ён зараз увойдзе ў нейкі незвычайны рух, і гэта будзе выяўленне яго душэўнага захаплення. Губы яго пачалі нешта шаптаць. Можна было б злавіць словы: «Дзякуй табе, Божа». Калі ўспомніць тую яго малітву пад дрэвам, то льга было б падумаць, што Бог пачуў яго і ўжо да яго прыйшла тая яго будучыня, аб якой ён так прасіў Бога. Або як бы ён адчуў блізасць шчаслівай будучыні, як толькі пачуў на дарозе дзікі лямант жанчыны аб сваім хлопчыку. Ён пакрысе аднак жа адумаўся, стаў пахмурны і задумёны і скрыўся ў лясной гушчырні.