На тых сумліцкіх сенажацях, што былі пры дарожным скрыжаванні, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагодніх дрэўцаў. Яны скошваліся з травою разам штогод і штогод зноў насяваліся і пасля зноў скошваліся. Без канца і меры іх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаванні дарог. Гэта быў волат на рост і таўшчыню. Сумлічане казалі, што на ўсю вялікую акругу тут не знойдзеш другога такога вялікага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнімалася над дарожным скрыжаваннем і відно было здалёку, дзе б хто ні ехаў. Кара яго пабілася на гузы, з якіх ад карэння да вяршаліны раслі парасткі, і так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва і было падобна на магутную скалу, але дзіва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькі насення. На сенажацях штогод густа вылазілі з зямлі скрозь маладыя дрэўцы і гінулі пад касою. На навакольным полі плугі выварочвалі іх сотнямі. На абочынах дарог іх тапталі пешаходы. Разам з травой іх усюды з’ядала жывёла. Іх ламалі дзеці дзеля забаўкі. А праз год іх зноў было густа, і зноў усё ішло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзілі з калясьмі, і куды не дабівалася жывёла, і дзе не хадзіла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калі завяршыліся і дайшлі да новых сваіх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасці і радасці тых людзей, пра якіх я тут расказваў, з Сумліч да шашы забрукавалі выезд і ў адным месцы клалі мост цераз лог, даволі-такі вялікі. Падымалі насыпам дарогу і зямлю на гэта бралі з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялікага дрэва. Там стварылася вялікая яма і два дугаватыя равы — як дзе капалі. З самай вясны тут стаяла вада, і ўвосень таксама. Берагі да вады былі крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бітае каменне, кучамі і рассыпанае, і ў гэтым месцы патомства вялікага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае і само ішло ўгару, а пад ім слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакі і глушыла суседа, які таксама выбіраўся голлем у разлегласць. Такім парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснікам. Зараснік аблямоўваў яму і спускаўся на самае дно яе і хаваў пад сабою два равы. Над гэтай непраходнай расліннасцю ўзнімалася колькі даволі ўжо высокіх таполяў, ужо сапраўдных вялікіх дрэў, а наводдалек, як асілак і аглядальнік на цэлую навакольнасць, узвышалася вялікае дрэва, усёй вышынёй зялёнае і ўпартае ў бесперапынным змаганні з навакольным светам за сваё патомства. Толькі адна-адзінюсенькая галіна на ім пад сярэдзіну яго вышыні, была сухая і вытыркала з густой зеляніны. Гэта было вельмі высока. Чалавек павінен быў крута закідаць галаву і трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галіну. На ёй нагледзелі сабе месца адпачываць удзень ад клапатлівай стомы палявыя каршачкі і заблудлыя здалёку птушкі. Гэты куток на скрыжаванні дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа на вялікіх дарогах і ад цяжкіх думак аб невядомасці канца дарогі. Больш як за дзесяць кіламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалі, ці скора ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вісеў над зямлёю, а вяршаліна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ужо ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьці глыбока і далёка.
Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлічыў, колькі ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзіў з сенажаці некалькі самых большых дрэўцаў бліжэй к вялікаму дрэву. Калі ён назаўтра паглядзеў на іх, убачыў, што нечыя ногі паспелі ўжо стаптаць іх. Ён зноў перасадзіў некалькі дрэўцаў, але ўжо ў іншае месца. Праз два дні ён выразна ўбачыў: і гэтыя былі стаптаны нечымі ботамі з шырокімі абцасамі. З таго часу ён наглядаў і бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалі, што дрэўцы тапталіся і ботамі, і лапцямі, і босымі нагамі, і жаночымі абцасікамі. Гэтыя таптуны хадзілі тут кожны дзень. Кудысьці яны ішлі ўсё гэтымі дарогамі. За працаю ў полі і на сенажаці Нявада пачаў кідаць вачыма на дарогі і глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы і шматлікі, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён ішоў і ў лапцях, і ў ботах. Адзін з торбай за плячыма, другі з чамаданчыкам у руках і ў капелюшы. Часамі таптун з’яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмі часта ён садзіўся ці лажыўся пад вялікім дрэвам на скрыжаванні і спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгі час перасаджваць дрэвы. Ён пакідаў у памяці на доўгі час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялі машыны і ішлі пад дрэва піць і закусваць, фурманшчыкі папасвалі сенам і аўсом тут коні. Можа і многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымі. Можа ўжо не сотні, а тысячы перавярнулася іх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасці і ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаванні спынілася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзіў галаву з кабіны і сачыў, як з самога грузавіка злезла зусім маладая дзяўчына. Яна скланілася яму, быццам дзякавала ці развітвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабіну і паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постаці, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькі машына знікла, яна вельмі шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася і беспарадна азірнулася. Позірк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялікім дрэве, яна як бы дзівілася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылі Няваду. Ён глядзеў на яе і думаў: няўжо яна, такая дасціпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзіў. Не больш як паўгадзіны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнітуры і густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць і моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады:
— Да бліжэйшай станцыі на чыгунцы? Як ісці? Далёка?
— Унь туды. На Цімкавічы… Не. Недалёка.
Яна падзякавала яму і яшчэ акінула вачыма скрыжаванне дарог. Густы зараснік над ямай і равамі ўзяў на сябе яе ўвагу. Яна падышла туды. Нявада з непакоем глядзеў, ці зараз стопча яна яго дрэўца. Яна не дайшла да яго, а адразу села на траву пад першым веццем. Яна сядзела на ўдзірванелым капцы, над якім і навокал якога дробна траслося на ветры таполевае лісце, абаперлася локцем на траву і адразу задрамала. «Ага, яна стамілася за вялікую дарогу», — думаў Нявада і пачаў шукаць вачыма свайго таго дрэўца. Яно не было блізка ад соннай дзяўчыны. Паўгадзіны таму яно было на сваім месцы і ў добрым сваім стане. Але ці гэта яму здалося, ці сапраўды? Унь ён бачыць яго, утаптанае ў зямлю. Яно ляжыць бокам і тырчыць угару адной галінкай. Незразумелая трывога разанула яго. Калі ж ён паспеў быць тут, той невядомы падарожны? Нявада падышоў да дрэўца. Яно ўсё было ўвагнана ў зямлю ботам з здаравенным абцасам. След ад абцаса быў глыбокі і шырокі. Незразумелая трывога павялічылася і ўжо межавалася са страхам перад тым невядомым. Калі ён паспеў прайсці тут і куды знікнуць?
Дзяўчына сапраўды-такі спала, прыпаўшы галавой на руку. І яго душа страсянулася. Як быццам ён сумысля шукаў болю на сваю рану, якую не мог да канца залячыць час. К таму ж — трывога і неспакой, што тут хадзіў нейкі невядомы. Ужо адразу яго ўяўленне і думкі нарысавалі карціну: такая яна маладая і нейкая адзінокая на гэтых вялікіх дарогах. Куды яна спяшае, да чаго так нястрымна імкнецца? І тут ужо адразу з гэтай карціны паўстала другая, як злая наканаванасць, як смутак яго душы. Ён жа не бачыў і не ведаў калісьці, як Волечка, так як цяпер гэтая невядомая, можа, так жа адна спяшалася дарогамі і ў стоме падала на прыдарожную траву. Волечка, не цяперашняя жанчына, а тая дзяўчынка паўставала перад ім. Яна, тая Волечка, жыла ў яго душы, як вечны застылы вобраз, ці то ў мінуўшчыне, ці то ў сучаснасці, ці то ў будучыні. «Што было, тое прайшло», — мог бы прыдумаць ён сабе ўцеху. Але ж не. Дзе ўжо там да Волечкі! Ужо не Волечка, а другая, вельмі цяпер на тую Волечку падобная, стаяла перад ім. Яна, як кропля вады на кроплю, удалася ў сваю маці і, як жывое ўвасабленне той Волечкі, была перад вачыма. Заўсёды ён думаў: гэтай не трэба будзе шукаць сабе шчасця для будучыні. Яна будзе жыць так, як будзе жыцца, а жыцца будзе добра. Ён гэта бачыў па сваёй Волечцы і па маленстве гэтай. І яго мучыла крыўда за Волечку, якая ўведала гора, а гэтая радзілася адразу на шчасце. «Тая варта большага замілавання, чым гэтая, што будзе думаць аб жыцці, як аб вясёлым свяце». З цяжарам на душы, з трывожным адчуваннем, што нешта жудаснае неўзабаве адбудзецца, ён аж прыгнуўся над увагнаным у зямлю дрэўцам, дзе вельмі выразна вызначаўся вельмі глыбокі след ад абцаса. Ён не мог больш быць у адзіноце і нарыхтаваўся ісці ў Сумлічы. Калі ён зрабіў першы крок, пачуў, што сонная дзяўчына глыбока кашлянула. Ён бачыў: яна прачнулася і прыўзнялася з локця. «Кашляе, захаладзілася на вільготнай зямлі, дзе ж, у нейкім клопаце, на дарозе, можа, за светам ад свайго месца». Ён быў схілен бачыць усюды самае горшае. «Мусіць у мяне выгляд дзіўны, што яна на мяне так глядзіць». У высокіх ботах, у выцертым плашчы і чорнай кепцы з гузікам наверсе, ён рашуча зрабіў колькі крокаў да дзяўчыны, быццам бы маючы да яе самую найпільнейшую справу. Пячаць асцярогі лягла на дзяўчынін твар. «Яна мусіць хацела адпачыць адна — і далей у сваю дарогу». Але было позна ўжо моўчкі прайсці паўз яе.