Литмир - Электронная Библиотека

6 кастрычнiка

Пятнiца. Пiсаў вельмi мала. Горне на сон. Балiць сэрца. Клопат i думкi аб кватэры. Рэня i Iра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногi апухлi да кален. Сэрца! У турме ў мяне апухалi толькi ступенi. Прага мець цiхi свой кут i пасцель i вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькi праз два тыднi. Гэта значыцца, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелi i падушкi. Здань смерцi мучыць мяне. Так я доўга не пацягну. I кому повем печаль мою? Хоць бы адзiн хто блiзкi i разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.

11 кастрычнiка

Сёння многа i, здаецца, добра пiсаў. 7 кастрычнiка заходзiла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовiч з Вiльнi, жонка ксяндза37 Адама Станкевiча38. Яна прыехала ў Менск, каб дайсцi тут якое-небудзь рады: вiленск[i] бiскуп, пiлсудчык Ялжбыкоўскi садзiць усюды па Беларусi на парафii палякаў ксяндзоў, якiя i прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталiкi ёсць чыстыя палякi. Гэтая жанчына вельмi прыемная асоба, тыповая яшчэ нашанiўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлiгiйны, а палiтычна-нацыянальны характар i так падаць у адпаведныя рэспублiканскiя органы.

Прыехаў з Вiльнi мастак Сергiевiч39. Мiлы чалавек i з вялiкiм талентам. Заходзiць часта. Пражыўшы з маленства i дагэтуль на Заходняй Беларусi, ён у нас анiяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкi i парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.

22 лiстапада

Бадай што ўжо месяц, як у "кватэры", дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень - вокны глядзяць у чорны трохкутнiк з высозных муроў. Пiсаць няма як i жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла i добра. Там Рыжыкаву можна будзе круцiць патэфон i гуляць у "пульку". У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалi дзяржаве свае душы i таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакiдзiшча. I не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе iнтэлектуальныя асаблiвасцi чалавека робяць яго жыццё арганiзаваным. А ў нас азiятчына. Падхалiмства, хабарнiцтва, чыноўнiцтва, паклёпнiцтва - за апошнiя годы паднялося на вялiкую вышыню. Колькi нашай iнтэлiгенцыi без дай прычыны гнiе ў турмах i на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гiну i не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сiлы мае трацяцца i марнуюцца без карысцi. Доўгiя годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабiць тое, што мне трэба рабiць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбiральнi, краду дровы, дастаю з дошчак цвiкi, мыю сваю парваную i вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вiнавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ i тысячы чыноўнiкаў займаюць увесь горад - яны ўмеюць i любяць рваць адзiн аднаго i ўсiх за горла, а я гэтага не ўмею рабiць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькi праменьчык дзённага святла ў вакно i мучуся ў пограбе. Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?

КАМЕНТАР

Кожны сапраўдны пiсьменнiк марыць пра сваю Галоўную Кнiгу, у якой змог бы выказацца напоўнiцу. Кузьма Чорны знаходзiўся на падыходзе да гэтай кнiгi. Бо што такое для празаiка, тым больш эпiчнага таленту, 44 пражытых гады жыцця? Мiж тым менавiта ў гэтым узросце Леў Талстой завяршыў эпапею 'Вайна i мiр', а Джэймс Джойс апублiкаваў раман 'Улiс'. Рукапiсы апошнiх гадоў жыцця Чорнага выразна сведчаць, больш таго, крыкам крычаць пра тое, што празаiк стаяў на парозе самых вялiкiх сваiх мастацкiх i фiласофскiх адкрыццяў.

Вядома, Чорны застаўся б Чорным, класiкам нацыянальнай лiтаратуры i тады, калi б лiчыўся аўтарам толькi рамана 'Зямля' альбо 'Бацькаўшчына'. Тым не менш i ў яго ёсць мастацкiя творы, у якiх талент пiсьменнiка выявiўся асаблiва ўражлiва i глыбока, выявiўся ў сваёй 'рэальнай шматграннасцi i фiласофскiм адзiнстве', калi карыстацца ў дадзеным выпадку словамi самога Чорнага. З усяго невычэрпнага багацця чорнаўскай творчасцi мы паспрабавалi зрабiць пэўны адбор - гэта апавяданнi, аповесцi, раманы, дзённiк, асобныя артыкулы розных перыядаў, якiя i сёння гучаць надзвычай надзённа, а ў сукупнасцi ствараюць стэрэаскапiчны творчы партрэт выдатнага празаiка.

Аўтографы празаiка захоўваюцца ў сямейным архiве пiсьменнiка, а таксама ў Дзяржаўным архiве-музеi лiтаратуры i мастацтва (ДАМЛiМ, ф. 52. Страхавыя мiкрафiльмы. воп. 1, адз. зах. 1-76).

Асноўнай тэксталагiчнай крынiцай пры складаннi аднатомнiка паслужыў найбольш поўны i найбольш дакладна вывераны Збор твораў Кузьмы Чорнага ў 8-i тамах (1972-1975). Што да 'Дзённiка' празаiка, то ён публiкуецца па часопiсе 'Полымя' (1988, № 4), дзе ўпершыню прадстаўлены ў аўтэнтычным выглядзе.

Каментар да яго склалi М.Тычына i Я.Янушкевiч; да астатнiх раздзелаў М.Тычына.

У каментарнай частцы дзённiка выкарыстаны заўвагi i парады Янкi Брыля, Валянцiны Гапавай, Генадзя Кiсялёва, Арсена Лiса, Уладзiмiра Ляхоўскага, Рыгора Рэлеса, Анатоля Сабалеўскага, Фрыды Фiнкель.

РАМАНЫ

Пошукі будучыні

Друкуецца па аўтографе. На вокладцы — назва рамана i малюнак, якi належыць пяру К.Чорнага: два дрэвы на першым плане i трэцяе ўдалечынi. На першым лiсце рукапiсу намалявана высокае дрэва i будынак, у якiм можна ўгадаць гумно з шырокiмi варотамi, каля сцяны знаходзiцца фрагмент агароджы. На другiм лiсце слупком выпiсаны iмёны i прозвiшчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: «Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзiн вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцiнiца «Якорь». 2 лiпеня 1944 года Чорны запiсаў у сваiм «Дзённiку», што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапiсваў рукапiс рамана: «А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць «Пошукi будучынi», мне была пакута выпiсваць роўна загаловак i першы радок». Упершыню раман публiкаваўся ў часопiсе «Полымя», 1950, № 11–12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.

Млечны шлях

Друкуецца па аўтографе. Завершаны 12 студзеня 1944 года. Упершыню публiкаваўся ў Зборы твораў у 8­i тамах (1972–1975). У дадзеным выданнi ўзнаўляюцца купюры, зробленыя цэнзурай па кан’юнктурных прычынах (у 6­м томе Збору твораў яны пазначаны шматкроп’ем).

АПОВЕСЦI

Лявон Бушмар

Друкуецца па кнiзе «Лявон Бушмар» (Менск, БДВ, 1930). Упершыню апублiкавана ў часопiсе «Узвышша», 1929, №7—10. Завершаны ў сакавiку 1929 года. У тэксце аповесцi, апублiкаванай асобным выданнем, паметка ў канцы: «Слуцак».

 Неўзабаве пасля публiкацыi аповесцi з’явiўся артыкул крытыка Алеся Кучара «Пра адну  рэакцыйную аповесць» (Маладняк, 1931, №1), якi азначаў круты паварот афiцыйнай лiтаратурнай крытыкi ў адносiнах да творчай суполкi «Узвышша» наогул i творчасцi Кузьмы Чорнага ў прыватнасцi. А. Кучар прызнаў аповесць таленавiтай, але тым не менш «рэакцыйнай», бо празаiк слаба паказаў класавую барацьбу, а паводзiны герояў тлумачыў з пункту погляду буржуазнага сенсуалiзму. Лявон Бушмар, галоўны герой аповесцi, на думку крытыка, выклiкае спачуванне, а не асуджэнне, а аўтар шукае «матывы для апраўдання яго ўчынкаў». I нарэшце вырак, якi выносiць крытык­аглабельшчык i якi не падлягае апеляцыi: «Чорнаўскi «фiзiялагiчны жывiзм» не толькi нiчога агульнага не мае са змаганнем пралетарскай лiтаратуры за жывога, класавага чалавека, а наадварот, пралетарская лiтаратура павiнна ўзброiцца на змаганне супраць творчых асноў К. Чорнага». «Iдэалiстычна замкнуты псiхалагiзм i груба­матэрыялiстычны фiзiялагiзм» А. Кучар недвухсэнсоўна ацэньвае як «правую небяспеку ў нашай лiтаратуры, i на яе павiнен быць накiраваны самы моцны агонь нашага змагання».

148
{"b":"598982","o":1}