7. Весткі з вёскі і ў вёску
«Братка Віця! Я прыехала «дадому» (дзе мой цяпер дом?), і мяне спаткалі гэтак, што я вось ужо колькі дзён жыву тут, а не магу спакойна ўспомніць гэтага спаткання. Слёзы радасці і замілавання ў мяне на вачах, калі думаю пра гэта. Вельмі Якуб пра мяне клапоціцца. З Маняю дык мы, вядома, сёстры, жанчыны, мы як адна душа. Яны нічога не даюць мне рабіць, кажуць, каб я адпачыла і папраўлялася. А я і так добра сябе пачуваю, вельмі добра. Здароўе маё гэта раней было дрэнна, а цяпер, за апошні час, на паправу пайшло. Так што дарэмна яны мне забараняюць рабіць. Ты ім напішы, каб яны не рабілі гэтага, я магу і хачу рабіць разам з імі ўсялякую цяжкую работу. Ды я і не хачу, могучы сама рабіць, глядзець, як нехта робіць, а самой быць за паню нейкую. А паняю я ніколі не была і не хачу быць. Калі я ішла за Марынковіча замуж, дык ён тады зарабляў на месяц васемнаццаць рублёў. Значыцца, я не ішла за яго панаваць. А цяпер, калі ён зрабіўся панам, дык я ж не жыву з ім. Яшчэ раз прашу цябе, Віця, апішы ім усё гэтак, як табе будзе здавацца найлепш, каб іх не пакрыўдзіць, каб яны нічога лішняга не думалі ў гэтай справе, каб я разам з імі ўсё рабіла па гаспадарцы. Бо ўсё гэта тут, у маёй гэтай справе, вельмі проста і звычайна. Я гэта ведаю, ведай гэта ты, і няхай яны ведаюць. Я зусім здаровая. Маргарыта».
* * *
«Братка Віця! Маргарыта прыехала да нас, і вельмі дрэнна ў яе з здароўем. І горш за ўсё, што яна не шануе яго, не хоча паправіцца як мае быць і бярэцца за работу. І ніяк не можна яе адгаварыць ад гэтага. Яна кажа, што зусім здаровая і што не можа сядзець без работы. Праўда, гэтак выразна не гаворыць, каб мы не пакрыўдзіліся, але з яе гаворкі гэта відаць. Усюды яна ідзе разам з Маняю, усё робіць. Нават стараецца сама ўзяць самую цяжэйшую работу. Мяне часам аж злосць бярэ, бачачы ўсё гэта. Ніколі я, кажа яна, не была хвораю. Так, кажа, трохі недамагала, але тое прайшло, хоць ёй і цяжка, але яна не падае нават выгляду. А я ведаю, бачу, што не можа яна рабіць і дарэшты сапсуе сваё здароўе. (Выкажу табе маю думку - мусіць, ужо ёй і няма чаго псаваць, мусіць, ужо зусім здароўя ў яе няма.) Дык ты, братка, напішы ёй, каб яна хоць час нейкі нічога не рабіла, каб слухала нас і паверыла, што мы будзем вельмі рады, калі яна кіне ўсялякую работу. А то ўчора заўважыў я, як яна ўся збялела ад слабасці і прытулілася галавою да сцяны ў гумне (нешта там корпалася, сама пайшла). Але заўважыла мяне і, каб схаваць усё гэта, пачала варушыцца каля работы і неўзабаве пайшла ў хату. Я толькі паглядзеў ёй услед. Я ведаю, што ёй цяжка: яна думае, што будзе на нашым карку, але чаму яна і пра другое не падумае! Яна ж нас усіх павыгадоўвала, была для нас не толькі за сястру старэйшую, але і за матку. Уся ж тады работа на яе плячах ляжала і ўвесь клопат на яе галаве. І што б там ні было, я не магу дазволіць ёй рабіць цяжка. Пра гэта ты і напішы ёй, прашу цябе.
У самога мяне ўсё ідзе някепска. Добра, што тады ты быў памог мне, як я да цябе прыязджаў. У нас цяпер самы рэзрух. Ворагі сталі прыяцелямі, а прыяцелі сталі ворагамі. У якой хаце раней была калатня, дык цяпер стала ціха, а ў якой было ціха, дык пачалі калаціцца. З нашай камуны дзве хаты адкінуліся - спалохаліся, але новыя хочуць. Прыехаў бы ты, паглядзеў, што робіцца. Папраўдзе, вазьмі ды прыедзь. І з Маргарытай пагаворыш, можа лепш угаворыш яе. Так жа з ёю справу цягнуць няможна, мы ўсе павінны пра яе падбаць. Не толькі ж лячыцца, але і паберагчыся трэба. Яна гэта сама ведае лепш за нас. Каму гэта ведаць, як не ёй. Але што ты ёй зробіш! Яна гордая, ды яшчэ і любіць нас усіх. Успамінае ўсё, як мы гадаваліся. Сапраўды, якое гора яе спасцігла! Але вельмі дрэнна, што яна тоіць яго ў сабе і нават з Маняю скрытная бывае. Вітае цябе Маня. Яшчэ адно. Чыталі мы газету (не зусім свежую, газеты сюды да нас даходзяць позна), дык там пра цябе чыталі, што ты нібыта там нейкі сход хацеў раскідаць і шкодную рэзалюцыю прапанаваў. Тут усе ўжо ўзялі ў шух вельмі. Я то не веру, што гэта было так, як надрукавана, але, прызнацца, адразу як прачытаў, дык жахнуўся. А хто цябе тут не любіў, дык пачалі языкамі малоць - от, кажа, табе і прававерны камуніст вельмі. Нешта недзе не ўнаравіў, дык і скідаюць ужо. Мне здаецца, што ўсё гэта нейкае непаразуменне. Пісані і пра гэта колькі слоў. Якуб».
* * *
«Браце Якуб! Пішу адразу пра справу. Што на мяне пусцілі паклёп - дык гэта ўсё рука Марынковіча. Сёння мяне «чысцілі», там гэты газетны паклёп быў самым галоўным абвінавальнікам. Паклёп з мяне знялі, і пра гэта будзе ў той жа самай газеце. Усе гэтыя матэрыялы - і мае, і Марынковічавы, пойдуць у камісію па чыстцы партыі. Марынковіч цяпер устрывожыўся. Як Маргарыта? Я пісаў ёй тады, пасля твайго ліста, што няхай адпачне гэты час, а да канца лета я збяру грошай, і тады яна паедзе куды падлячыцца. Ніхто мне з вас на гэта нічога не адказаў. Чакаю. Віця».
* * *
«Браце Віця! Не адказвалі мы табе доўга таму, каб не трывожыць цябе. Але цяпер пішу - Маргарыта зусім хворая. Зусім ляжала ў пасцелі і толькі гэтыя два дні патроху ўстае. Я прывозіў доктара, і ён сказаў, што нервы яе не ў парадку. Ёй трэба лячыцца, так што ты добра прыдумаў сабраць ёй трохі грошай. І я памагу, колькі будзе ў мяне, вельмі дрэнна з ёю, баязно, каб зноў не пагоршала. Якуб».
8. З стэнаграмы следчага допыту
...Зноў была ў мяне з ім сутычка.
Ён зусім іначай гаворыць са мною. Пра новага чалавека цяпер гаварыў не ён, а я. Трэба ад Марынковіча збавіцца, сказаў я яму, каб ён не шкодзіў фармаванню новага чалавека. Ён пачырванеў, вочы яго наліліся крывёю, але ён тут жа асеў. Яго аглушыла пастанова камісіі па чыстцы апарату і перадача ўсёй гэтай справы як матэрыялу ў партыйную камісію. Ён злуе, вар'юецца, але стараецца стрымлівацца. Штосьці хацеў са мною гаварыць, але я пайшоў. Я прачытаў яму на адыходзе Якубаў апошні ліст - губы яго сціснуліся, і ён з нянавісцю глянуў на мяне... Цяпер ён адзяецца прасцей, скінуў гальштук і вельмі ветлівы з усімі на працы. З кожным загаворвае. Але цяжка з ім гаварыць - усё выходзіць няшчыра, холадна, штучна. Нейк так выходзіць, што ўсякі або згаджаецца з ім, або маўчыць.
Як мяне ператрэсла ўся гэтая справа!
9. Тэлеграма
Віктару Лукашэвічу Прыязджай Маргарыта пры смерці Якуб
10. Ад аўтара
На гэтым канчаюцца пісаныя матэрыялы, што да справы Віктара Лукашэвіча, і пачынаецца не пісаны яшчэ раман.
1929
Макаркавых Волька
Кааператар Сафрон Дзядзюля вельмі заўзята расказваў, што прыцемкам, спускаючыся з высокага сельсавецкага ганка, ён убачыў такі малюнак: нейкая незнаёмая жанчына шпарка выйшла з-за дубовага паркана, які абгароджваў царкву і могільнік навакол яе, і ўпэўнена пайшла да таго месца, дзе калісьці была брама. Не знайшоўшы іншага спосабу ўвайсці ў могільнік, жанчына пералезла цераз жэрдкі, якія на месцы брамы былі наглуха папрыбіваны канцамі да слупоў. Паркан быў высокі, і Сафрон Дзядзюля не мог бачыць, што жанчына рабіла на могільніку. Ён толькі заўважыў, што яна адразу накіравалася кудысьці за царкву, дзе чатыры вязы густа ўсцілалі зямлю жоўтым лісцем. Ужо зусім было цёмна, калі жанчына выйшла з могільніка. Стоячы за рогам паркана, Дзядзюля бачыў, як яна некалькі разоў азірнулася на царкву і цяпер ужо зусім паволі пайшла ў вуліцу. Неўзабаве жанчына зайшла, мусіць, у адну з канцавых хат, бо раптам яе нідзе не відаць стала.
Постаць і хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалі Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Успаміны гэтыя былі прыкрыя. Але з-пад гэтай прыкрасці даволі ўпарта высоўвала галаву ганарыстае задаваленне.
Гэта было таму назад год дзесяць. Сафрон Дзядзюля сватаўся да Макаркавых Волькі. Вольцы тады было яшчэ не больш васемнаццаці год, і гэта была самая лепшая танцорка і заўзятая весялуха на ўсю вёску. Сям'я Макаркавых была бежанская. Яшчэ ў імперыялістычную вайну тут з'явіўся высокі чалавек з жонкай і малою дачкою. Прыехаў ён на сытым маладым кані. Сафрон Дзядзюля быў тады яшчэ падростак і разам з іншымі, такімі як ён, падшывальцамі, цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Бачачы на возе толькі адну бабу з малой дзяўчынкай, Сафрон так асмялеў каля чужога каня, што надумаўся навырываць з яго хваста валасні сабе на вуду. Конь хоць быў у аглоблях, але ўхітрыўся так зачапіць нагой Сафрона, што той адразу адцураўся валасні. Дзяўчынка на возе зарагатала. Сафрон адбегся, хапіў сукаваты пошвырак і смальнуў каню ў бок.