Литмир - Электронная Библиотека

Ішоў у той дзень веснавы вецер, і голыя дрэвы на скверчыку гойдаліся і стукаліся голлем. Маргарыта бачыла праз акно іх пні ля самай зямлі. Пасля падышла яна пад люстэрка на сцяне: «Якая ж я стала худая і страшная».

Знайшла яна мяне тады была ў той самы дзень, калі ў суд хадзіла, не ведала адразу гэтай маёй новай кватэры. Ясныя былі тады ў яе думкі, усё расказвала мне, як прыехала, дзе і як спынілася, як з каша ў гандляркі абаранкі купляла, як нейкую труну везлі папярок вуліцы. Пра ўсю гэтую драбязу старалася гаварыць, абы не маўчаць, бо маўчанка была б вельмі цяжкаю. А нам хоць і было пра што пагаварыць (не бачыліся ж мы чуць не год, ад таго, калі ён яе завёз і пакінуў там), але ў тую хвіліну не гаварылася. Я цяпер як бачу, як чую той дзень, калі яна прыехала, як і дзе паварочвалася. І яе перад люстэркам, і сквер увечары, і вецер у голых дрэвах, і вясну... А з якім замілаваннем глядзеў я тады з канца калідора ў судзе на яе постаць, калі яна гаварыла з ім! Як ён злаваў, у яго зелянелі вочы і трэсліся сківіцы! Не, яна не спавядалася перад ім. Не спавядалася! Маладзец, Маргарыта!

- Я не прыехала перад табою спавядацца!

А як жа ён скрыгітаў зубамі і ледзьве стрымліваў сябе, сам пераняўшы яе слова:

- І я перад табою спавядацца не буду, як я жыву і як я хачу жыць. Усё, што было ў нас, гэта былі нашы памылкі... Чаго ты прыехала?

- Я прыехала ў суд.

- Можна было ўсё зрабіць завочна. Не канешне нам без патрэбы мучыць адно аднаго.

- А з патрэбаю тваёю дык можна і памучыць?

- Я не слухаю тваіх пустых слоў... Я табе пісаў тады, што буду без усялякіх судоў выплачваць тое, што з мяне належыць. І ты не можаш скардзіцца, што я сваіх абавязкаў не выконваю.

- А ты ведаеш свае абавязкі?

- Ведаю... Чаго ты хочаш дайсці гэтым судом? Я і без судоў ведаю закон.

- Але ці закон цябе ведае?

- Дык што ж, па-твойму, я непакараны злачынец?!

- Гэта ты добра сказаў, непакараны злачынец!

- Дык не табе ж судзіць і караць мяне! Годзе! Нічога ты гэтым судом не дойдзеш! Усё ў нас скончана, раз і назаўсёды! Калі ты па добрасці не можаш!..

- Не крычы, не хваліся, што крычаць умееш.

- Дык буду маўчаць.

Ён адышоўся ад акна і закурыў. Дастаў з кішэні маленькі, на ланцужку, гадзіннік. І зноў падышоў:

- Спыні гэтую справу і едзь адгэтуль.

- Не, я запішуся на біржу працы.

- Ты хочаш тут заставацца?

- Хачу.

Яна памаўчала. І зноў старалася не заікацца ад сваёй трывогі:

- Застануся тут... Табе не хочацца гэтага?

- Як хочаш. Мы чужыя людзі.

- Чужыя?! А чатыры гады мы не былі чужыя? Пэўна ж, што я цяпер табе чужая стала, на чорта я табе цяпер, хворая. Пану трэба не гэтакая жонка.

- Які гэта пан?

- Табе цяпер не гэтакая, як я, трэба, вядома.

- Я яшчэ раз кажу табе, прашу цябе - годзе нам адно аднаго мучыць. Я гэтак знерваваўся і стрывожыўся за ўвесь гэты цяжкі і паскудны час.

- Нічога, паедзеш на курорт, палечышся.

- Не ўсміхайся гэтак, ты мяне ўпікаеш яшчэ і курортам?!

- Ага, ты ўжо голас збавіў. Сцішэў? Жыві сабе, едзь сабе, упоперак дарогі я табе не стану. Гавары сабе пра свайго новага чалавека, гавары, трубі ўсюды, дзе толькі льга... Новы чалавек павінен, кажаш, быць прыгожым і вольным? А я адабрала ў цябе волю? От прыйшла да цябе, стала ўпоперак дарогі, завязала табе свет, і хоць страціла сама здароўе, жывучы з табою, але ўсё для таго, каб ты не быў ні вольным, ні прыгожым?

- К чорту гэты твой смех.

- На злосць гэта я табе ўсё зрабіла! На злосць! Каб звязаць цябе, каб адабраць ад цябе волю, каб ты быў не новым чалавекам, а старым!.. Старым!.. Нягодным!.. Брыдкім!.. А ты ўсё не паддаешся і застаешся добрым!.. Прыгожым!.. Разумным!.. Патрэбным на свеце!.. А гэта я гэтакая нягодная, гэтакае злачынства з табою зрабіла!.. Гэта я!.. Гэта я адна вінавата!.. Гэта я!..

- Не плач і не крычы, не ззывай людзей!

Заклапочаны твар глянуў з прычыненых дзвярэй у пусты калідор. Голас у чалавека быў нецярплівы:

- Справа Маргарыты і Аляксандра Марынковічаў. Хто да гэтай справы, заходзьце!

- Я спыняю справу, - сказала Маргарыта судоваму чалавеку.

- Зайдзіце заявіць пра гэта ў суд.

А які ліст паказала мне і пакінула на памяць перад ад'ездам! Які дакуменцік! «Паважаная Маргарыта! Ты разумная жанчына і сама павінна ведаць, што нам жыць разам больш немагчыма. Жыві там і не прыязджай. Я табе буду належачую па закону долю высылаць на хлопчыка. Ведай, што мы адно аднаго толькі звязваем. У нашу хвалюючуюся эпоху, калі мы няўхільна змагаемся за новага чалавека, мы павінны ўжо і цяпер даваць расткі гэтага новага, ідучага ў жыццё чалавека. А ён павінен быць вольным, прыгожым, не звязаным нічым, у яго павінна быць мінімум няволі і максімум волі. Мы, змагаючыяся і будуючыя, а таксама маючыя перспектыву на светлае заўтра, цяпер павінны адкінуць ад сябе старыя мяшчанскія традыцыі... Жыві там і не прыязджай, належачае па закону я табе буду беспракаслоўна высылаць. Марынковіч».

«Новы чалавек» яму спакою не дае! Якая гадзіна!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Старыя мае запіскі трывожаць мяне. Якуб цяпер вялікім вырас... Не, не мог бы цяпер дакончыць ліста Марынковічу. І не варт ён таго. Ды і нашто я пісаў яму? Як гэта мне магло ў галаву ўзбрысці гэта? Не да яго ж апеляваць з гэтаю справаю.

А які прававерны грамадзянін і партыец! Надпіс яго на картачцы сваёй Маргарыце, даўней, калі яшчэ яна дзяўчынаю была: «Тов. Маргарите от близкого, может быть, товарища. Общественность и общественная работа должны жить в вас. Маринкович». Тады ён яшчэ не быў «балгарынам». Не было яшчэ загаду пра беларусізацыю.

Не давай ты яму загаду (ці дырэктывы), і думка яго будзе драмаць спакойна і весела. Ніколі ён не выкажа ніводнай думкі свае: і няма яе ў яго, і баіцца - «а можа начальства зусім не гэтак скажа. Пачакаю лепш, што яно скажа, а тады ўжо і я». І колькі яшчэ ён задушыць жывых слоў і думак рэвалюцыйнай творчасці толькі таму, што выказаны яны не начальствам!..

Як гэта Маргарыта сышлася была з ім...

4. Весткі ад Якуба

«Братка Віця! Але ж даўно я цябе не бачыў. Чаму ты гэтак мала пішаш, забыўся пра нас, ці што? Мы табе рэдка калі пішам - дык нам жа вельмі часу ніколі няма. Цяпер толькі адсеяліся. Ну і нагальнасць была! Добра, што дажджы ідуць, годзіць на поле. Каб ты ведаў, які ліст учора прыйшоў ад Маргарыты. Ты б за галаву хапіўся б, каб ведаў. Ты, мусіць, нічога пра гэта не ведаеш, бо няўжо б ты маўчаў нам пра гэта гэтулькі часу. Але чаму яна сама дагэтуль - хоць бы слова. Гэта ж цэлы год ужо зараз. Яна піша, што бачылася з табою, бо прыязджала ў твой горад у суд, браць разлуку. Ты ведаеш, як усё гэта было для нас - як абухом па галаве ўсім. Я то яшчэ нічога, а Маня і цяпер да спакою прыйсці не можа. Яна ж Мані пісала (толькі сёння Маня мне расказала), што зусім страціла здароўе, жывучы з ім. І цяпер усё адразу ён узяў ды вырашыў па-свойму - узяў дый кінуў, няхай як сабе хоча, хоць зойдзецца дзе. Яна і сама піша гэта самае, але гэтак, што трэба найбольш здагадвацца - як бы не смее яна гаварыць нам усяго выразна. Толькі нарэшце вырвалася ў яе слова: «Што ж, я калі пайшла замуж, дык закон гэтакі, што трачу я права на тую гаспадарку, адкуль пайшла. Дык я і не паеду да вас. Работы я нідзе не знайшла, і цяжка мне яе знайсці, дык няхай сабе будзе, як будзе». От што і як яна піша. Яна, відаць, ужо і законамі націкавілася, мусіць, прыйшлося ёй добра цяпер! Каб яна яшчэ адна, а то з дзіцем, дык яшчэ горш. Я сёння ёй напісаў проста - закон, гавару, адно, а жыць на свеце жывым і родным людзям часамі можа быць і другое. Не чалавек ідзе да закону, а закон да чалавека. І калі дзе які закон не прыйшоўся да чалавека або чалавек падышоў наперад, а закон астаўся, дык закон падагнаць трэба. Мы, гавару, родныя, і не канешне на законы прыглядацца. Бо ты як была дома, а мы былі малыя, дык была ты для нас як родная маці. Няўжо ж мы павінны забыцца на гэта. Няўжо ж мы пойдзем у суд, каб нас чужыя людзі мірылі і дзялілі? Прыязджай, напісаў ёй, мы цябе спаткаем з радасцю, і ўсё будзе добра. Можа і добра, што развязалася з гэтакім. Маня таксама і ад сябе прыпісала, каб прыяжджала і нічога лішне не думала. Але Маня сваім жаночым сэрцам угадала яшчэ адно. І мусіць, гэта праўда. Яна мне гэта сказала: таму Маргарыта не хоча да нас ехаць, што рабіць цяпер не можа, здароўе страціўшы. А ў нас жа гаспадарка. І не хоча яна быць «дармаедам» на чужым карку. Маня як толькі сказала мне гэта, дык адразу і заплакала. Тут ужо ніяк не напішаш пра гэта Маргарыце, каб лішнім і грубым словам яе не скрыўдзіць як часамі, каб, яшчэ больш неасцярожна і не ў пору сказаўшы, не паддаць ёй яшчэ больш пакуты. Трэба толькі падумаць, што яна цяпер думае і як жыве. Адно каб яна прыехала, а калі не - дык я сам паеду і забяру яе. Ты, братка Віця, напішы ёй, няхай нічога гэтакага не думае і адразу прыязджае. Будзе яна тут спакайнейшаю і можа паправіцца трохі. А то, мусіць жа, дапякло ёй усё гэтае, калі аж пра законы, небарака, пачала пісаць... Сам я, мусіць, да цябе неўзабаве прыеду. Не надоўга. Тут у нас адна справа заварваецца, і мне давядзецца ехаць. Я ўвесь клопат узяў на сваю галаву, бо, сказаць праўду, каб не я, дык, бадай-што, нічога і не было б. Гэта мы складаем камуну - сем хат згаварыліся. Дык цяпер трохі мне клопату будзе. Я табе напішу гэтымі днямі, калі прыеду. А ты ж хаця пішы. І яшчэ раз просім мы цябе з Маняю - напішы ты Маргарыце - няхай нічога не думае і не псуе дарэшты свайго здароўя. Няхай прыязджае. Вітай яе ад нас і бывай здаровенек. Якуб».

130
{"b":"598982","o":1}