Да прыкладу, у Артэку я пазнаёмiўся яшчэ з петразаводскiм Ванем, чарнавокiм велiказубым хлопцам. Ён i падараваў мне паштоўку з архiтэктурным краявiдам Кiжоў. На паштоўцы пад сiнюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзiнага цвiка. Белазубы Ваня расказваў, што ў VIII стагоддзi расейскiя майстры маглi будаваць з адной толькi сякераю. Хто яго ведае, можа, яно i так. Паспрабуй, зацягнi на Поўнач тыя цвiкi. А так, з адной сякераю на плячы, расейскiм каланiстам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакi ад Масквы. Сякера вельмi зручная рэч у справе мiрнага далучэння чужых земляў да iмперыi. Асаблiва да Расейскай, асаблiва ў VIII стагоддзi, калi ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба нiякiх цвiкоў, каб распiнаць i будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны – кладзi галаву на калодку. Хру-у-упсь!
Вось з такiм – касцяным i адначасна плюгкiм гукам вылецелi два верхнiя пярэднiя зубы ў петразаводскага Ванi, калi ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравiта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калiдора на гаўбец. Ваневы далонi прызямлiлiся, прыпадлозiлiся каля самай прыступкi, i каб яе не было цi каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спынiўся б на бяспечнай адлегласцi, а два пярлiнна-блiскучыя разцы не вывернулiся б з верхняе дзясны i не выплюнулiся б на слiзкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукiшках па-над чырвоным пляўком. Ну i я разам з Вiцем з Вiцебска не туляўся б побач i не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне… А цi не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой пiянер страцiў пярэднiя верхнiя разцы? Цi вышлюць толькi мяне, цi разам з Вiцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучалiся розныя неразумныя развагi… Каб вылецелi не пярэднiя, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галiне, i гэтак у таямнiцы схаваць вынiкi бойкi. Толькi iнцыдэнт i бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Ванi зусiм блiзенька, каб ён не змог размахнуцца i ўдарыць. Памiж нашымi насамi засталося сантыметры са тры, не болей. І я цiхенька штурхануў яго ў грудзi. Ён, вядома, чакаў штуршка цi ўдару, але i думаць не думаў пра Вiцю, якi ў яго ззаду прысеў i скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Вiцеву спiну вельмi па-цыркавому i нават паспеў перакруцiцца, каб упасцi спружынiста на рукi. А тут, лiха на яе, – прыступка.
Толькi буду шчыры: калi б петразаводскi Ваня ўпаў больш удала i не згубiў зубы, я б даў яму па твары нагою. Быў у мяне такi баявы намер, пакуль не пачулася ломкае хру-у-упсь i Ванева галава неяк страшна i рэзка тарганулася, нiбыта хлопца кальнула токам. Намер дабiць ворага знiк. А ворагам Ваня стаў неспадзявана i для самога сябе, ён прагаварыўся, ён зусiм не намерваўся нiкога крыўдзiць, сказаўшы ўголас тое, што думалася. З кожным можа такое здарыцца, але далёка не кожнаму за неабачлiвасць выбiваюць пярэднiя разцы. І вядома ж, пасля бойкi я пашкадаваў Ваню, але далёка не на ўсе сто працэнтаў, бо так цi iнакш, але ён павiнен быў прыняць пакаранне за абразу, кiнутую ў мой бок.
Я стаяў на калiдоры разам з Вiцем i спакойненька гаварыў, як цяпер памятаю, пра кедравыя шышкi. Мы дамаўлялiся пайсцi пашукаць iх у артэкаўскiм парку. Звычайная размова. Адна асаблiвасць яе была ў тым, што я гаварыў па-беларуску. А петразаводскi Ваня, стоячы поплеч, цiха ўсклiкнуў: «Какое мерзкое наречье!» Пачуўшы голас сэрца, якi вылецеў з савецкага пiянера, я падышоў да яго, каб удакладнiць несвоечасовыя думкi наконт маёй роднай беларускай мовы. Ваня ж замест прабачэння прачытаў зусiм кароткi, але вельмi змястоўны курс лекцый пра злiццё нацый i моў. Мяне, дарэчы, заўсёды здзiўляла наiўнасць савецкiх чалавечкаў, яны ж сапраўды верылi i вераць у тое, што ўсе нацыi сальюцца ў савецкую нацыю i на зямлi запануе бела-жоўта-чорны iнтэрнацыянальнамоўны чалавек. Ванеў iмперскi шавiнiзм я падбадзёрваў бясконцым паўтарэннем слова «гавары». І Ваня дагаварыўся. Вось так мы пакаралi петразаводскага хлопца, пакаранне атрымалася крыху больш жорсткае, чым меркавалася, але я i цяпер нiколi не дарую чалавеку, якi абразiць маю нацыю. Гэта зусiм не азначае, што я адразу пачну выбiваць яму пярэднiя зубы, але надыдзе момант, i я… Хай сабе i буду пакараны, як тады ў Артэку: мне i Вiцю з Вiцебска забаранiлi ў той вечар iсцi на танцы. І мы стаялi на гаўбцы i глядзелi, як пад намi на ярка асветленай пляцоўцы бяззубы Ваня вытанцоўвае «летку-еньку». Я не зайздросцiў яму.
Не зайздросцiў я i астраханскаму Ваню, якi выхваляўся, што ў iзалятары вельмi смачна i добра кармiлi, ледзь не ў сто разоў лепей, чымся ў агульнай сталоўцы. А ў iзалятары вялiкагаловага, падобнага да павука Ваню пратрымалi амаль палову змены. Крышку менш за месяц, бо калi ён развiтаўся з родным волжскiм горадам, там усё было цiп-топ – спакойна i цiхмяна, але пакуль даехаў да Артэка, у Астраханi знайшлiся дурнi, што захварэлi на халеру, пэўна ж, рукi не мылi. Чутка пра халеру абляцела СССР, не абмiнуўшы i паўвыспу Крым. І ўсiх астраханцаў упяклi ў iзалятар i трымалi за кратамi, пакуль газеты не адсвяткавалi перамогу савецкiх лекараў над стыхiяй iнфекцыi. Ваня прыйшоў у мой атрад у вельмi адметны дзень – 1 верасня. У першы дзень восенi лагернiкаў, як i ўсiх хатнiх дзяцей, чакала яе вялiкасць школа, халера ясная.
Пасля снядання нас пашнуравалi на святочную лiнейку. Начальнiк Горнага лагера, мардаты, як мiнiстр авiяцыi гiтлераўскай Германii, i такi ж высокi, як той самы Герынг, доўга-доўга i нудна-нудна гаварыў пра глыбокi сэнс ленiнскай думкi – вучыцца, вучыцца i вучыцца. За начальнiкам слова бралi i доўга не аддавалi розныя падначаленыя, розныя наглядчыкi, выхавальнiкi ды важатыя. Сонца добра-такi пякло, але нас яно не ўзяло, а вось астраханскага Ваню ўдарыла, захiрэў ён у iзалятары, цi ад прыроды слабы быў, хто там ведае. Адно дакладна: Ваня страцiў прытомнасць; тоненькiя павучыныя ножкi склалiся напалам, а шырокi твар упаў на бетонную плiту, скура на твары луснула ды разлезлася. На белым пляцы распаўзлася крывава-зыркая плямiна. Што казаць?! Свята ведаў атрымалася запамiнальнае. Ваню занеслi ў медыцынскi iзалятар. А нас, гарналагернiкаў, пашнураваных у даўжэзную, як бразiльская анаконда, калону, павялi ў школу.
Нiколi ў жыццi я не любiў школу, але, дзiва, артэкаўская навучальная ўстанова мне спадабалася. Вучыцца ў ёй трэба было тры днi на тыдзень ды толькi чатыры ўрокi на дзень. Нiякiх хатнiх заданняў не задавалася. Усе сшыткi з падручнiкамi ляжалi ў стале, i нiхто iх не краў. Вучыўся я ў 7 «М», якi наш класны кiраўнiк, культурыстычны маладзён, ахрысцiў «моймы». На першым жа ўроку давялося запатрабаваць падручнiкi на беларускай мове. Культурыст на першым жа перапынку завёў мяне на склад i выдаў пачак новенькiх, нiбыта толькi надрукаваных, падручнiкаў. Я ў Мiнску такiх i не бачыў, бо вучыўся ж у расейскай мiкрараённай школе. «Твае?» – спытаў атлетычна складзены класны. «Не… яны малдаўскiя. Тут во прачытайце: Кi-шы-нёў!» «Чакай…» Настаўнiк знiк за стэлажамi, а праз хвiлiну ў мяне на руках быў пачак беларускiх падручнiкаў, таксама блiскучых i нiкiм не чытаных.
Але гэтае дзiва яшчэ i не дзiва. Больш за ўсё мяне радавалi настаўнiкi, я ж нiколi не думаў, што настаўнiк можа растлумачыць тэму, што ён так раскажа i перакажа, ажно не трэба ў падручнiку корпацца. У сваёй мiнскай школцы, седзячы за партаю i слухаючы педагога, я разумеў толькi меншую палову тэмы. А большую i асноўную вычытваў у падручнiку. І таму быў цалкам упэўнены: нiводзiн настаўнiк не ведае лепш за падручнiк. А вось артэкаўскiя ведалi i лепей i болей i маглi ўсё гэта вельмi хутка перадаць вучням, якiя прыходзiлi на заняткi. А прыходзiлi не ўсе. Пакуль калона пiянераў пакрывала адлегласць ад Горнага лагера да школы, што прыблiзна складала кiламетры два, даволi значная частка лагернiкаў сыходзiла ў партызаны i ў басмачы. У асноўным у прыдарожныя хмызы шасталi каўказцы з азiятамi. Амангельды не схадзiў у школу нi разу, ён нават выкiнуў абавязковую для ўсiх картку з адзнакамi. Што яму тая картка, ён займаўся нарыхтоўкаю кедравых арэхаў, налушчыў кiлаграмаў дзесяць, пакуль астатнiя сядзелi на занятках. У маёй жа картачцы стаялi адны танканогiя чацвёрачкi. Гэта чамусьцi расхвалявала дырэктара маёй роднай мiнскай школы 9. «Няўжо, Адам, ты не мог пастарацца i атрымаць хоць бы адну выдатную адзнаку?» Я прамаўчаў. Не гаварыць жа, якiя выдатныя настаўнiкi ў Артэку i якiя цельпукi ў нас. Дырэктар не зразумеў бы. А можа, i зразумеў бы, бо сышоў жа ён з школы, уцёк на партыйную працу. І слушна зрабiў. У кожнага школьнага дырэктара павiнна быць душа кар’ерыста.