Могілкі каля дарогі. На помніках з партрэтаў глядзяць людзі, якія ўжо ведаюць дакладна ці ёсць Бог…
Паэтка сядзіць у аўтобусе каля вакна і ўсміхаецца, нібыта за выступленне ў Вязынцы яе пахваліў Янка Купала…
Тэлевізійныя антэныталеркі, як велізарныя апенькі, красуюцца на дамах…
Каля дарогі мужчына, падобны на празаіка Андрэя Федарэнку, памахаў нам, паэтам, услед…
У Маладзечне ёсць свой лядовы палац. Побач на другім баку вуліцы будуецца касцёл…
У Яхімоўшчыне з’явілася адчуванне, што недзе ў кустах схаваўся Янка Купала і дзівіцца праз бінокль з прыезджых паэтаў…
Абедалі ў Маладзечне ў рэстаранеклубе «Еўропа». Я сядзеў за столікам разам з Міхасём Башлаковым, Міколам Шабовічам і Уладзімірам Мазго. Настрой быў вясёлы, і мы, пазнаёміўшыся з дзяўчатаміафіцыянткамі, вырашылі напісаць ім у «Кнігу скаргаў» падзяку за добрае абслугоўванне. Падзяку напісаў Шабовіч, распісаўся. Распісаўся і я з Башлаковым. Да нашых подпісаў далучыўся Дзмітрый Пятровіч. А Мазго катэгарычна адмовіўся падпісацца…
Дворык Маладзечанскай музычнай вучэльні сабраў шмат народу. Над сцэнай вісеў плакат «І бачыць Бог, ёсць музыка над намі…». І Бог, спадзяюся, не толькі ўсё бачыў, але і чуў, бо было што паслухаць…
У бібліятэцы імя Максіма Багдановіча пасля адкрыцця выставы, прысвечанай Янку Купалу і Якубу Коласу, прайшла прэзентацыя кніг, што выйшлі да юбілею нашых класікаў. Міхась Казлоўскі прадставіў кнігу Рыгора Семашкевіча «Янка Купала і беларускае адраджэнне». Гаварыў натхнёна і па справе…
За цэлы дзень нашы паэтычныя шляхі не перасякліся са шляхамі песеннымі…
* * *
10.06.2012. Вечарам бацька сустрэў мяне словамі: «Ты не крыўдуй, што я цябе, бывае, называю Славікам! Я ведаю, што ты Віця, але, гледзячы на цябе, успамінаю свайго малодшага брата, які быў такі ж добры, як і ты…»
* * *
13.06.2012. Сёння майму земляку мастаку Алесю Квяткоўскаму 60 гадоў. З гэтай нагоды я падарыў яму верш:
У майстэрні Алеся Квяткоўскага
Кожны дзень — сатварэнне сусвету,
Кожны дзень — пераход наш праз Лету,
Быццам бы ў Кастуся Каліноўскага
У скляпенні, дзе спела паўстанне —
Наша кволачырвонае ранне,
Ад якога з крывёю дарога
Да Айчыны, да волі, да Бога,
Без якіх не было б у Квяткоўскага
Ні Скарыны і ні Каліноўскага,
Ні Сабакі і ні Граждана,
А была бы чужына адна.
Але што тут казаць, што было б,
Сонца наша камусьці, як клоп,
А для нас наша сонца — святло,
Што да кожнага ў сэрца зайшло,
Бы ў майстэрню Алеся Квяткоўскага,
Бы ў скляпеннежытло Каліноўскага,
Каб мы помнілі хто мы такія,
Беларусы, не дзеці Батыя,
І тут наша зямля, тут Еўропа,
І з майстэрні, нібыта з акопа,
Ты выходзіш і ў Заўтра глядзіш,
І нясеш свой мальберт, нібы крыж…
* * *
14.06.2012. Еду ў аўтобусе. Побач два хлопцы, відаць, учарашнія школьнікі абмяркоўваюць здачу тэсціравання па рускай мове. Адзін пытаецца ў другога: «А як правільна пісаць «мальберт» ці “мольберт”?» І чую адказ: «Калі «маляваць», то «мальберт», а калі «моль душыць», то “мольберт”»…
* * *
14.06.2012. Учора ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё выставы «Няхай світае свету!», прысвечанай 40годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура». На жаль, зза дажджу шмат хто не прыйшоў, а так было чалавек пяцьдзясят. Прыкра, што амаль ніхто не прыйшоў з тых, каму былі развезены запрашальнікі, густоўна зробленыя супрацоўнікамі музея. Праўда, некаторым не спадабалася, што на запрашальніку радкі Рыгора Барадуліна з верша «Кнігары»: «Усе мы жыхары Краіны прагнай ведаў. Святло ў душы, гары — Няхай світае свету!» А некаторыя, не атрымаўшы запрашэння на выставу, пакрыўдзіліся і сёння ўжо крытыкавалі нашы новыя выданні…
* * *
14.06.2012. Дорачы свае «Выбраныя творы», Анатоль Вярцінскі тут жа выправіў у кнізе дзве памылкі. На старонцы 48 у радках: «Колькі святла навокал! А мама туды пайшла, Дзе ні рам, ні вокан, дзе ні школы, ні святла» заместа слова «школы», трэба «шкла». А ў паэме «Даруйце!» заместа «Даруйце, мая мама!» трэба «Даруй, мая мама!»…
* * *
16.06.2012. Некаторыя асуджаюць незнаёмых і малазнаёмых людзей за іх непрыстойныя паводзіны ў складаных жыццёвых сітуацыях, а потым праз нейкі час гэтыя ж «суддзі» самі гэтак жа паводзяць сябе ў падобных складаных сітуацыях, як і тыя, каго яны асуджалі…
З жыцця Змітро Віталіна
17.06.2012. Не магу ўстрымацца, каб з кнігі Уладзіміра Лякіна «Тры жыцці Змітро Віталіна» не працытаваць радкі пра жыццё ў 1930 годзе: «Кагосьці ў ЦК ЛКСМБ, а можа быць, і вышэй, асвяціла ідэя стварыць у калгасах адмысловыя камсамольскамоладзевыя брыгады па адкорме свіней, ад якіх, вядома ж, чакалі выдатных вынікаў. Як водзіцца, прынялі адмысловую пастанову і далі распараджэнне «Чырвоназменке» правесці адпаведную агітацыйную працу. Апрануць заклікі і лозунгі ў вершаваную форму даручылі Віталіну. Але замест таго, каб добрасумленна збудаваць чарговую стандартную рыфмаваную «агітку», малады паэт вырашыў, як уяўляецца, злёгку пажартаваць. Апублікаваныя 14 кастрычніка, аб’ёмам амаль на старонку «Вершы пра свіней» пачыналіся неардынарна:
Мы голасна песні і вершы пяём
Пра сонца, пра зоры, машыны,
Але вось чаму паза нашым акном
Стаяць неапетыя свінні?
Былі там яшчэ «свінарнікпалац», «свінаматкаўдарніца» і іншыя пасажы, відавочна, недарэчныя на старонках органа ЦК ЛКСМБ. Застаецца загадкай, як гэты верш наогул быў надрукаваны. «Аргвысновы», зразумела, былі зроблены, і на працягу доўгіх месяцаў вершаў Змітро Віталіна камсамольская газета не друкавала».
* * *
18.06.2012. Зранку да мяне на працу прыехала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Вярбу, якой 14 студзеня было 70 гадоў. На шчасце, я з Гертрудай Пятроўна знаёмы, таму гаварыць было лёгка. Праўда, я назваў яе не Гертрудай Пятроўнай, а чамусьці Маркаўнай. Магчыма, таму што з ёй пазнаёміўся яшчэ ў 1980 годзе ў рэдакцыі часопіса «Беларусь», дзе яна працавала ў аддзеле літаратуры, куды я прынёс вершы, і з памяці выветрылася дакладнае імя па бацьку. Вера Вярба запомнілася ў элегантным капелюшы, з такімі ж элегантнымі сумачкай і парасонам. Яна выглядала так, як я ўяўляў і павінна была выглядаць паэтка. Словам, нагаварыў пра Веру Вярбу кучу харошых слоў. Магчыма, яна і пачуе іх, калі глядзіць наша тэлебачанне…