* * *
22.04.2012. У старога мазгі ператварыліся ў дзіцячую хвічку…
* * *
22.04.2012. У сне з памерлым Антонам Мікалаевічам (мой траюрадны брат) лічыў грошы. Налічылі 150 тысяч даляраў…
* * *
22.04.2012. Апошні снег, як белая атава...
На Кальварыйскіх могілках…
23.04.2012. Сонечна. У дванаццаць гадзін з Людай пайшлі на Кальварыйскія могілкі…
Могілкі прыбраны. Выразана шмат старых дрэў, і цяпер, дзе былі галінастыя кроны, агалілася неба, нібыта на Храме месцамі разабрана страха…
Абход пісьменніцкіх магіл заўсёды пачыналі з Алеся Асташонка. На гэты раз каля магілы Алеся Пісьмянкова здалёку ўбачылі Уладзіміра Ягоўдзіка і Анатоля Зэкава. Падышлі, і я, забыўшыся, запытаўся: «А Валодзя Марук прыйдзе?»
На ўваходзе на могілкі прадаюцца кветкі. Накуплялі букетаў пісьменнікам і назаўтра маме…
Каля магілы Янку Лучыне стаялі два мужыкі і спрачаліся, якой магла б быць Беларусь. Я паклаў на магілу кветкі і спакайнейшы мужчына сказаў: «Дзякую!»
Падышлі да магілы Вячаслава Адамчыка. Якраз былі Ніна Уладзіміраўна і Міраслаў. Пагаварыўшы, я іх і Люду сфатаграфаваў на памяць…
Пастаялі каля магілы Ніны Гілевіч. Дзве цукеркі, як два анёльскія пацалункі, былі пад крыжам…
Хутка будзе чатыры гады, як памёр Генадзь Кісялёў. Помнік чорны, а памяць светлая…
Алесь Траяноўскі на ўскрайку могілак. І хоць ў спадара Алеся не засталося нікога з родных, магіла ягоная дагледжаная…
У метрах дзесяці ад Кальварыйскіх могілак па вуліцы Берута пад ліпамі маленечкія магілкі, абкладзеныя камянямі і каляровымі пліткамі — тут закапаны сабакі і каты…
Хвілін пятнаццаць ішоў дождж. Цёплы і светлы…
Радаўніца ў Ракаве
24.04.2012. Дзякуючы сябрам Барысу і Людміле і іх машыне, я з Людай і Вовам наведалі маму…
Ракаўскія могілкі густа абстаўлены машынамі. Машыны, нібыта жалезныя чаўны вакол вострава нябыту…
Машыну пакінулі на ўзбочыне дарогі і пайшлі да мамы напрасткі па полі. Ідучы, узгадаў: «Жыццё пражыць — не поле перайсці…»
Маміну магілку Вова ўчора прыбраў, і нам сёння нічога не давялося рабіць. Запалілі свечку, Люда пачытала малітву, і мы памаліліся. І я пабачыў маму і слёзы на яе вачах. Не ўсе прыехалі…
Непадалёк ад могілак святая крыніца. Людзі бяруць ваду, як вечнасць…
Мама пахавана на ўзгорку. У метрах дваццаці ад мамы тыдзень назад быў выкапаны дол, але чалавека не змаглі там пахаваць, бо з зямлі прабілася крыніца…
Маміна магілка абгароджана так, каб потым можна было пахаваць каля мамы бацьку. Праўда, я намераў зямлі каля мамы яшчэ на чатыры магілы…
Адразу ж каля мамінай магілы кустоўе, у якім мы разгледзелі некалькі старых ўтравелых помнікаў. З аднаго даведаліся, што тут пахаваны людзі, якія памерлі сто гадоў назад. Значыць, і дзе пахавана мама, таксама месца не пустое, але забытае…
Ходзячы па кустоўі і расшукваючы старыя помнікі, Людміла знайшла гняздзечка з трыма блакітнымі яечкамі, як кропелькамі неба…
Развітаўшыся з мамай, вырашылі знайсці магілу літаратуразнаўцы Тамары Чабан. Магілу не знайшлі, але сярод кустоў, дзе заканчваюцца цяперашнія могілкі, знайшлі цагляную браму, праз якую сто гадоў назад людзі хадзілі на могілкі. Цяпер за брамай трава і кусты, і зрэдку ў траве бачны каменныя помнікі, як акамянелыя мачты караблёў, што плылі ў вечнасць…
Наведалі магілу мамінага брата Паўла. Ідучы да машыны, нечакана сустрэлі цётку Марыю з нявесткамі. Родныя душы…
На могілках усе і мёртвыя, і жывыя, як сваякі…
Пасля чатырох гадзін людзі пачалі раз’язджацца па дамах і над могілкамі, дзе былі пакінуты памерлым вялікодныя яйкі і цукеркі, закружыліся груганы. Закружыліся, як над полем бітвы…
У Смаргонь да чытачоў
26.04.2012. З Людмілай ездзілі ў Смаргонь, дзе ў музычнай школе цэнтральная раённая бібліятэка арганізавала сустрэчу чытачоў з намі…
Дзень для мяне пачаўся ў шэсць гадзін з дажджу і дарогі да бацькі. Ішоў па мокрым асфальце і ўвесь час баяўся наступіць на чарвякоў, якія павыпаўзалі з зямлі, нібыта цяпер чэрвень. Баяўся наступіць не таму, што гадка, а таму, што чарвякі жывыя…
У Смаргонь маршрутка ад’ехала ў 9 гадзін з «Каменнай горкі». Білеты па 30 тысяч. Пасажыраў назбіралася 10 чалавек…
Праязджаючы каля Ракава, узгадаў Радаўніцу, калі мы ездзілі да мамы. Усё навокал зелянее, а мама ўжо гэтаму не радуецца. Цяпер у яе свае радасці…
Указальнік на Яршэвічы. Узгадаліся вёска Крапіўнікі і цётка Манька, маміна старэйшая сястра, якая памерла 9 лістапада мінулага года, пражыўшы 93 гады. Калі маме сказалі пра тое, што яе сястра памерла, мама ўжо не заплакала, бо ёй самой заставалася пражыць крыху больш за тры месяцы…
Вёска Доры. Раней тут быў калгас, якім кіраваў Сямён Шарэцкі і які доўгі час хацеў наш «Бальшавік» далучыць да сваёй гаспадаркі. У маіх Пугачах амаль усе баяліся далучэння і самога Шарэцкага…
У Дорскай школе гадоў дзесяць таму я выступаў з Людмілай. Запрашалі яшчэ, але не атрымалася пад’ехаць…
На ўзлессях яшчэ сівая трава…
Некаторыя людзі ўжо садзяць бульбу. А ў нас дома ў Пугачах у гэтым годзе будзе расці трава…
За спінай у нас сядзела маладая пара. Хлопец усю дарогу весяліў дзяўчыну. Запомнілася з іх гамонкі: «У нас у Беларусі амаль усе дамы пафарбаваны ў зялёны і жоўты і зрэдку ў сіні колеры». І сапраўды…
Праязджаючы праз Крэва, бачылі буслоў і чырвонарудыя сцены замка…
У бібліятэцы нас чакалі. Сустрэлі, як сваіх даўніх сяброў…
На сустрэчу з намі ў музычную школу прыйшло каля ста чалавек. Вядучыя хораша вялі імпрэзу. Была музыка, было шмат пытанняў, а сваіх вершаў мы так і не пачыталі…
Едучы назад, каля Крэва ўбачыў азярыну. Захацеў даведацца назву ў жанчыны, якая села ў маршрутку ў Крэве і пачуў: «Ніяк не называецца! Проста Крэўскае возера!»
Зноў каля Ракава думаў пра маму і Пугачы без мамы…
Дзень закончыўся сонечна і дарогай да бацькі і дамоў…
Бачна з акна…
27.04.2012. У двары на дрэвах пачала распускацца лістота і дамы, што насупраць майго, хаваюцца ў зелені, нібыта зацягваюцца зялёнай павутой…
* * *
28.04.2012. На кватэру, якую здымаем для бацькі, прыходзіла гаспадыня. Да сустрэчы мы з бацькам, як маглі, падрыхтаваліся, і атрымалі ад гаспадыні тры яблыкі, як узнагароду…
* * *
29.04.2012. У сем гадзін раніцы, ідучы да бацькі на кватэру, убачыў каля прыёмнага пункта шклатары ў дзіцячым выгульным вазочку бамжа, які спаў. А палове дзявятай я вяртаўся ад бацькі. Бомж яшчэ спаў, як дзіця…
* * *
29.04.2012. Ноччу ў двары каля дома, дзе жыве бацька, зацвілі слівы і вішні. Адламаўшы белую ад квецені галінку, прынёс бацьку. Цяпер і ў бацькі ў кватэры вясна…
* * *
29.04.2012. Дзякуючы сябрам, былі за горадам, як у свеце, у якім заўсёды добра, бо там мы бываем рэдка…
* * *
29.04.2012. Сёння паўгода, як бацька жыве ў горадзе. І я за гэты час, ходзячы да бацькі на кватэру і назад, прайшоў амаль 1000 кіламетраў…
* * *
29.04.2012. Гарачыня пад 30. Хадзіў босы і не адчуваў зямлі пад нагамі…
* * *
30.04.2012. Прачнуўся сярод ночы і доўга не мог заснуць, думаючы пра родную пустую хату ў вёсцы, якая можа праз тыдні два зарасці травой і быльнягом…