Литмир - Электронная Библиотека

Дзеці і кніжкі

21.03.2012. Раённы цэнтр. У кнігарню, куды мяне запрасілі выступіць, прывялі дзяцей з дзіцячага садка. Пакуль я расказваў казкі, дзеці панабіралі кніжак і, калі я закончыў выступаць, малыя пабеглі на вуліцу, а следам за імі кінуліся прадаўцы, каб забраць неаплочаныя кніжкі. Хвілін пятнаццаць каля магазіна стаяў дзіцячы крык і плач…

* * *

21.03.2012. Спрабую ўспомніць нумар тэлефона, па якім тэлефанаваў бацькам у вёску. Не ўспамінаецца. Замест лічбаў у памяці бачу маму з бацькам…

* * *

22.03.2012.

Нашая мама была залатая…

Мама пра гэта не знала й не знае…

Бог ёй пра гэта ніколі не скажа,

І ці пачуе ўжо мама нас наша

Там у раі, дзе усе, як святыя,

І дзе ўсе мамы душой залатыя…

Нашая мама была залатая!

Мама і сёння нас дома чакае…

* * *

23.03.2012. Сонечна. З­за дома даносяцца крыкі падобныя на крыкі варон. Заходжу за дом і бачу дзяцей з дзіцячага садка…

Сорак дзён

24.03.2012. Заўтра будзе сорак дзён па маме. А сёння ў Ракаве ў царкве збіраліся сваякі на памінальную службу. Мы з Людай і Максімам у Ракаў заехалі дзякуючы нашым сябрам Іне і Алегу, які завёз нас на машыне. Выехалі а палове восьмай. У Мінску было два градусы цяпла, а ў Ракаве два градусы марозу. За намі ў Ракаў плыло сонца, як маміна душа…

У Ракаве каля царквы сустрэлі майго брата Вову. Ён прыехаў раней на гадзіну на аўтбусе Мінск  —  Пугачы, на якім ездзіў у вёску да мамы, пакуль яна там жыла…

Забраўшы з дому цётку Марыю і заехаўшыся да майго стрыечнага брата Ігара, паехалі ў царкву, дзе нас ужо чакала сястра Валя з мужам і дзецьмі.

Служба адбывалася ў царкоўным прытворы. Падлога ў ім драўляная і пафарбаваная ў руды колер, як у нас дома пафарбаваная мамай…

З прытвора ў царкву час ад часу хадзілі жанчыны, якія прыслужваюць у царкве. Дзверы рыпелі, як у нас дома з сенцаў у кухню і з кухні ў сенцы, калі мама рыхтавала для сям’і ежу…

У прытворы печка цёплая, як у нас дома, калі яе распальвала мама…

Служба ішла чатыры гадзіны. Думаў, што да канца не дастаю і не дастаяў бы, калі б не мама…

На могілках каля мамы ўжо новыя перасяленцы. І ўсе маладзейшыя за яе…

На вярбе каля мамінай магілы зажаўцелі коцікі, як залатыя кропелькі мамінай душы…

На магіле зямля адтала і, патрэскаўшыся, крыху асела, нібыта не вытрымала колькасці вянкоў і кветак…

Цётка Марыя з нявесткамі паспявалі маме святыя песні. Мама іх пачула…

Я зазірнуў у гушчыню вянкоў, нібыта захацеў пераканацца, што гэта не сон, а ява, і на крыжы прачытаў: «Шніп Ніна Міхайлаўна. 19.04.1930—15.02.2012».

У мамы пры жыцці было кароткае прозвішча і кароткае імя, і сама мама была невысокага росту, і гэта была мая МАМА…

За памінальным сталом успаміналі маму, і мама слухала нас…

Вярталіся дамоў ад мамы, і сонца, як маміна душа, было над Ракавам…

Сашка Буры

25.03.2012. Ад стрыечнай сястры Ані з Крапіўнікаў даведаўся, што перад мінулым Новым годам павесіўся мой сябра дзяцінства Сашка Буры. Напачатку, недзе праз тыдзень пасля пахавання цёткі Манькі, ён спаліў сваю хату. Потым Сашка перабраўся на нейкі час у Пугачы да Амельяніхі, а вярнуўшыся ў Крапіўнікі, жыў у чужой пакінутай хаце. Быў на саракавінах па цётцы Маньцы. Аня тады добра яго пакарміла і надавала паесці з сабой. Калі яда скончылася, Сашка ўключыў па ўсёй хаце святло, каб людзі, якія яшчэ засталіся жыць у Крапіўніках, заўважылі, што ён павесіўся…

* * *

25.03.2012. Паведамляю бацьку: «У Крапіўніках Сашка Буры павесіўся!» І чую: «Ну й дурны!!!»

* * *

25.03.2012. З хворай мамай было цяжка, а без мамы яшчэ цяжэй…

Сонечны ранак…

26.03.2012. Сёння мой першы дзень народзінаў без мамы, але мама павіншавала мяне, падарыўшы мне сонечны ранак…

Экспромт ад Барадуліна

26.03.2012. Пераглядаў старыя паштоўкі. Сярод іх знайшоў ад Рыгора Барадуліна:

Калі б, калі б, калі б

Такія ўсе былі,

Як годны Віктар Шніп,

Сьвятлела б на зямлі!

дзядзька Рыгор

Р. S.

Хай доўжыцца вярста

Ад сарака да ста!

26.03.2000

* * *

26.03.2012. Каля сцяжыны, па якой хаджу да бацькі на кватэру, сёння расцвіў дзьмухавец. Дзьмухавец, як прывітанне ад мамы. І я сарваў кветку, і прынёс дамоў…

Валодзя Ціханчык

27.03.2012. Валодзю Ціханчыка я ведаў мала. Ён быў старэйшы за мяне на восем гадоў. Апошні час жыў адзін у вёсцы Татарскія, што ў трох кіламетрах ад маіх Пугачоў. Усё жыццё працаваў трактарыстам і, калі хто прасіў, мог за пляшку, вяртаючыся дахаты, скінуць мяшок мукі ці зерня. Мінулай восенню Валодзя пайшоў на пенсію і тады ж згарэў у роднай хаце. Родных у Валодзі нікога не было, і яго хаваў сельсавет…

* * *

29.03.2012. Гляджу праз аконнае шкло і праз маму на вуліцу, дзе вясновы дождж ідзе…

* * *

29.03.2012. Учора выступаў на літаратурна­мастацкай вечарыне ў бібліятэцы, якая знаходзіцца зусім блізка ад дома, дзе жыву. Прэзентавалі карціну Алеся Квяткоўскага «Кош», якую ён намаляваў паводле майго верша. Людзей было нямнога, чалавек трыццаць. З іх два — не старыя мужчыны, а ўсе астатнія — пенсіянеркі. Нязвыкла было выступаць перад такой аўдыторыяй, але ўсё прайшло нармальна. Я чытаў вершы, Алесь расказваў пра свой «Кош», а Вікторыя Ільінская спявала песні на мае і Людмілы Рублеўскай вершы. Ідучы на вечарыну, думаў, што праз гадзіну вярнуся дамоў, а затрымаўся на тры з паловай…

* * *

30.03.2012. «Ёсціка бабы горш, чым вошы, бо прыстаюць да таго, хто мае грошы!» — заявіў бацька, успамінаючы памерлага Пецю Мацюшыкава, у якога было золата…

* * *

31.03.2012. Я прывык, што да мяне людзі звяртаюцца, як да дзядзькі, як да бацькі, як да дзеда. Сёння жанчына, старэйшая за мяне на гадоў дзесяць, падышла і сказала: «Хлопчык, дай закурыць!..»

КРАСАВІК

* * *

1.04.2012. Над невялікім штучным азярцом, якое завецца Мухляй і зусім блізка ад нашага дома, лётаюць чайкі. Праходзячы побач азярца, думаю пра мора і маму, якая пражыла амаль 82 гады і ніколі не была на моры. А каля нашай Мухлі я вадзіў маму за руку…

«Блакітны сьвін» і госці…

1.04.2012. Учора быў на ўручэнні «Блакітнага сьвіна», якое праходзіла ў невялічкім кафэ «Квін» на вуліцы Мяснікова. Урачыстасць пачалася а палове другой і ўжо ў дзве гадзіны Людміла Рублеўская ўручыла Наталцы Кучмель, Юліі Новік, Юрасю Нератку і Георгію Барташу належныя ім узнагароды. І толькі было расстаўлена па століках разлітае з дзвюх пляшак шампанскае і разнесены чатыры талеркі з бутэрбродамі, як у кафэ зайшоў высокі здаравенны мужчына ў форме рабочага, але ў даволі чыстай, і сеў на ўваходзе за столік. Афіцыянтка тут жа паднесла яму меню. Мужчына выбраў піва. Седзячы за столікам, незнаёмы выглядаў, як самы галоўны сярод нас, і хутка, праслухаўшы вершы Наталкі Кучмель, сказаў па­беларуску: «Канчайце гаварыць на трасянцы!» Пару чалавек з нашых нешта жартоўнае адказалі незнаёмаму, і ён пачаў далей павучаць нас, як трэба чытаць вершы. Юліі Новік мужчына прапаноўваў залезці на крэсла і адтуль выступаць. Мы зноў пасмяяліся і перасталі звяртаць увагу на нашага «настаўніка». Хутка да мужчыны прыйшоў другі мужчына гэтак жа апрануты, і яны пачалі шаптацца. Афіцыянтка прынесла меню. Другі мужчына палістаў яго і, дапіўшы піва свайго сябра, выйшаў. Першы мужчына яшчэ паслухаўшы, што мы гаворым і некалькі раз сфатаграфаваўшы нас на мабільнік, не разлічыўшыся, пакінуў кафэ. Следам за незнаёмым выбегла афіцыянтка і прымусіла яго разлічыцца. Незнаёмец думаў, што тут «всё включено» і яму ні за што плаціць не трэба. Праз хвілін дзесяць першы мужчына зноў зайшоў да нас і, падышоўшы да барменнай стойкі, пачаў прасіць афіцыянтку, каб яна з ім выйшла пагаварыць. Напарнік афіцыянткі не пусціў дзяўчыну, сказаўшы, што ёй няма часу размаўляць. Яшчэ крыху нешта пабубнеўшы, незнаёмец пакінуў кафэ. На маё пытанне, што гэта былі за нечаканыя госці, Юрась Нераток сказаў: «Хахлы са Львова!»

72
{"b":"597931","o":1}