Хадзілі ў вёску Нарач, якая раней называлася Кабыльнік. Нас цікавілі Храмы. Царква была збудавана ў 1875 годзе. Мураўёўка. Усе абвесткі паруску. Замкнутая. Касцёл быў збудаваны ў 1901 годзе. Адчынены. Усе абвесткі пабеларуску. Каля касцёла пахаваны ксяндзы. Адзін у 1922 годзе. Пражыў 27 гадоў. Другі пахаваны ў 1942 ва ўзросце 42 гадоў. Відаць, быў расстраляны. На тэрыторыі пры Храме стаіць скульптура Яну Паўлу ІІ.
У цэнтры вёскі Нарач, дзе мог стаяць гіпсавы Ленін, сціплы помнік землякам, якія загінулі ў партызанах і на фронце. Надпісы пабеларуску...
Вяртаючыся з вёскі Нарач, дзівіліся яе велічыні. Асабліва ўразілі шыкоўныя лецішчы, якія абляпілі вёску...
Прыпыніліся каля верталётнай пляцоўкі. Можна палётаць над Нараччу. 10 хвілін каштуе 700 тысяч...
Пад вечар хадзіў з Людай да Нарачы. Ветрана. Хвалі, як на моры. На чорным небакраі човен пад белым ветразем, як прывід...
Вечар. У краме людна. Шмат моладзі. Усе купляюць гарэлку і піва. А мы сок і малако...
Нарач. Чацвёрты дзень...
7.08.2011. Люда купалася ў Нарачы, а я не палез у ваду, бо ўсё яшчэ баліць зуб. Тэмпература паветра была 24 градусы, а вады — 21. Пакуль чакаў Люду з вады, над Нараччу лётаў верталёт — відаць, нехта не пашкадаваў 700 тысяч...
У траіх каталіся на катамаране. Нядорага — за гадзіну 10 тысяч. Заплывалі далёка за буйкі, дзе глыбока і вялікія хвалі. Гледзячы толькі на ваду, я ўяўляў, што мы сярод бяскрайняга мора...
Часта сустракаюцца маладыя кітайцы. Сярод іх ёсць вельмі сімпатычныя кітаянкі...
Нарачанскія хлопцы прапанавалі купіць рыбу. Мы адмовіліся. Але калі б яны прапанавалі парыбачыць, то мы б з радасцю ў іх узялі вудачкі...
У газетным кіёску пацікавіліся, ці прадаюцца якія-небудзь беларускамоўныя літаратурныя выданні. Не прадаюцца...
Нарач. Пяты дзень...
8.08.2011. Прачнуўся ад шуму дажджу за акном. Адчыніў фортку — і ў пакой заляцеў матылёк...
Калі дождж прыціх, з Людай пайшлі да Нарачы. На пляжах пуста. На вадзе каля берага плавалі качкі, якіх нельга карміць...
Ідучы па пантоне, назіралі за рыбамі. Следам за намі на пантонны астравок прыйшлі хлопец з дзяўчынай. Ён яе абдымаў і называў «сонейкам», а дзяўчына ўсё пыталася: «Ці любіш мяне?..»
Пахадзілі па тэрыторыі санаторыя «Нарач». Паназіралі, як на лавачцы пад дрэвамі хлопчык пазіраваў мастачцы. І потым яшчэ ўбачылі лысага з вялікім жыватом мужчыну, які нёс згорнуты ў трубку гатовы партрэт сына і, гледзячы далёка перад сабой, задаволена ўсміхаўся, а хлопчык, як сабачка, плёўся следам...
Нарач. Шосты дзень...
9.08.2011. Выбраліся на экскурсію. Першы прыпынак быў на страусавай ферме. Праўда, там толькі два страусы, таму гэта ферма больш свінаферма, бо ў загонах дзясяткі свіней розных парод...
Праязджалі каля вёскі Агароднікі, дзе нарадзіўся Уладзімір Дубоўка. Экскурсаводка падрабязна пераказала ўсю біяграфію рэпрэсаванага паэта. Нават зачытала асобныя радкі з вершаў...
Вёска Лучаі, як маёнтак, упершыню ў летапісах упамінаецца ў 1542 годзе. На сённяшні дзень Лучаі — даволі немалая вёска. Касцёл Святога Тадэвуша, нібыта чакаў нас, быў адчынены і на ўвесь двор гучала арганная музыка. Мы думалі, што гэта іграе арган. Ды не! Магнітафонны запіс. Ксяндза Мікалая не было, і мы ўсе вольна адчувалі сябе ў Храме, які ў свой час быў распісаны мастаком Казімірам Анташэўскім. З касцёла выходзілі пад песню «Авэ Марыя»...
У Паставах наш аўтобус спыніўся на цэнтральнай плошчы, на якой у гарвыканкам «ідзе» гіпсавы Ленін. Царква зачынена. З яе на рыштаваннях мужчына са шланга змываў пабелку, і пырскі бруднай вады выляталі аж на вуліцу. І мы пайшлі ў касцёл Святога Антонія Падуанскага 1880—1887 гг. і беззаганнага зачацця Прасвятой Дзевы Марыі. На касцёле вісіць шыльда, якая паведамляе ўсім, што будынак ахоўваецца дзяржавай. Герб жа дзяржавы зацёрты да непазнавальнасці. У касцёле ўсё пабеларуску. Мы якраз прыехалі перад службай і, вяртаючыся ў аўтобус, бачылі, што ў касцёл ідзе шмат моладзі...
Напрыканцы вандроўкі, экскурсаводка расказвала пра Тызенгаўзаў. І было вельмі прыемна чуць апладысменты, калі яна скончыла свой расповед пра нашых слаўных землякоў і прачытала верш пра Беларусь Анатоля Грачанікава...
Нарач. Сёмы дзень...
10.08.2011. Захацеў купіць якую-небудзь газету. Падышоў да кіёска, а там стаіць маладая кіяскёрка, усміхаецца і корміць неўмаля...
З Людай пайшлі па беразе Нарачы ў бок Мядзеля. Прайшоўшы метраў пяцьдзясят, вярнуліся да дарогі — сцяжына, па якой мы хадзілі восем гадоў назад, зарасла трыснягом і кустамі...
...І ўсё ж праз кусты прабраліся да нарачанскага берага, на якім высяцца векавыя сосны...
У трыснягу знайшлі замаскіраваны вялікі човен. Магчыма, кантрабандысцкі. Паплаваць на ім не змаглі, бо човен быў прывязаны да ўбітага ў нарачанскае дно жалезнага кала...
Праз гадзіну па беразе Нарачы дайшлі да дарогі з аўтастанцыяй, адкуль можна паехаць у Мінск. А потым, згледзеўшы ўказальнік, з якога даведаліся, што праз 400 метраў знаходзіцца рыбны магазін, пайшлі па рыбу. На жаль, у рыбным магазіне нарачанскіх вугроў не было...
Які ўжо дзень у адпачынку, а я ўсё ніяк не магу расслабіцца — старасць і нямогласць бацькоў, як бомба, якая можа ў любы момант узарвацца, у маёй галаве і ў сэрцы...
Нарач. Восьмы дзень...
11.08.2011. Пахаладала. 15 градусаў. Змрочна. Але ўсё роўна адпачываючыя ходзяць каля Нарачы, як каля сваёй здзейсненай мары...
Сніўся памерлы аднакласнік Сашка Балотнік. Я хадзіў да яго дапамагчы ўключыць у хаце святло. Не дапамог...
Глядзелі дакументальны фільм пра Ота Юльевіча Шміта. З выгляду замухрышка, але добры авантурыст і шчасліўчык, які ўмеў забалабоніць усё і ўсіх, і ў тым ліку самога Сталіна. Калі «Чалюскінец» затануў і больш ста чалавек высадзіліся на льдзіну, Ота Юльевіч не даў нікому замерзнуць і так стараўся абагрэць усіх, што амаль усе жанчыны (іх было дзесяць) зацяжарылі. Не абмінуў Шміт і прыбіральшчыцу...
Упершыню за сем гадоў працы ў выдавецтве ўжо тыдзень адпачываю за межамі горада. А так звычайна даводзілася амаль кожны дзень забягаць на працу і вырашаць нейкія творчыя пытанні, якія б маглі вырашыцца і без мяне...
Люда з Максімам ходзяць у санаторый «Белая Русь» у басейн. Хваляцца, што там вельмі добра...
Нарач. Дзявяты дзень...
12.08.2011. Адпачынак на Нарачы адпачынкам, а дома ўсё роўна лепей пры любым надвор’і...
Сёння не выспаўся. Нічога страшнага. У нашым жыцці сон — не самае галоўнае...
Раніца. Цяплее. Ужо 17 градусаў. Сіноптыкі абяцаюць 20. Буду чакаць, бо ўчарашнія 15 мяне замардавалі...
Ужо 22 градусы, і мая душа пачынае вызваляцца са змроку ўчарашняга дня і холаду мінулай ночы...
Сяджу адзін у чужой кватэры на пятым паверсе, як у вежы рэстаўраванага на сучасны лад замка...
Навальніца. Жадання пабегаць босым пад дажджом ужо няма...
На Нарачы хвалі, як на беларускім моры...
З Людай прайшлі каля лецішчаў Лынькова, Куляшова і Танка. Углядаліся ў зарослыя двары, нібыта спадзяваліся ўбачыць старых гаспадароў...
Цямнее. Старыя і пажылыя вяртаюцца ад Нарачы па сваіх дамах, а моладзь, нягледзячы на дождж, ідзе да вады...
Нарач. Дзясяты дзень...
13.08.2011. Адпачываць можна і нікуды не выязджаючы з Нарачы, што многія і робяць, седзячы ў шашлычных. Мы ж прыехалі, каб спазнаваць мясціны, у якіх цяпер часова жывём. На жаль, цікавых экскурсій для адпачываючых прапаноўваецца малавата...
Па дарозе ў вёску Княгініна ад экскурсаводкі даведаўся, што раней наш курортны пасёлак называўся мястэчкам Купа. І гэтае мястэчка было не менш слаўнае, чым цяпер, маючы назву, курортны пасёлак Нарач...
Вёска Княгініна вядомая з XV стагоддзя. У ёй Троіцкая царква збудавана ў канцы XVII стагоддзя. Храм драўляны, невялікі, захаваліся вельмі старыя іконы. У царкве каля сценкі стаіць прыгожы крыж з пазнакай: «Жертва воина Константина Дубяго. 25 марта 1914 года». Каля Храма пахаваны а. Мітрафан (1864.V.25—1928.Х.1) і ягоная жонка Алена (1864.V.20—1949.ІХ.13), а таксама мітрафорны протаіерэй Мікалай Башко (1927.29.03—1996.28.02)...