Литмир - Электронная Библиотека

Хварэем…

12.05.2011. Мы працягваем хварэць. Людміла ў бальніцы, я дома. Да абеду драмаў і слухаў Данчыка і Мулявіна. Пасля песень захацелася напісаць, што­-небудзь для Люды. Атрымалася сумнае:

Нібы ў ямах з халоднай вадой,

Мы жывём тут сягоння з табой.

І глядзім мы праз вокны адны,

Нібы з ям, што не знаюць вясны.

А на вуліцах зелень, краса,

Сонца, як залатая сляза

Продкаў нашых, якія глядзяць

І не могуць нічога сказаць,

І нічым не сагрэць нас з табой

У жыцці, нібы ў яме з вадой,

Таму нам застаецца маліцца,

Каб не даў Бог нікому ўваліцца

Ні ў калюгу, ні ў яму з бядой…

Мужчына і жанчына

20.05.2011. На лавачку каля нашага пад’езда з гадзіну назад прысеў высокі сівы, лысаваты мужчына гадоў за шэсцьдзясят, які ўсё яшчэ не стаміўся ад жыцця. Па букеце было бачна, што чалавек тут прысеў не проста час збавіць, а ён канкрэтна некага чакае. Раптам мужчына ўстаў, бо ў двары пачуўся грукат абцасаў, якія, відаць, яму добра знаёмыя. І вось да нашага пад’езда падышла дзябёлая чарнявая жанчына гадоў сарака пяці. Мужчына шчыра і радасна, жанчына радасна і крыху стрымана ўсміхнуліся адно аднаму. Мужчына падарыў кветкі, і, пацалаваўшыся, жанчына сказала: «Сяргей Іванавіч, гэта так нечакана для мяне! Дзякую!» Пасля пацалунка мужчына яшчэ больш заўсміхаўся, а жанчына, каб не заўважыў госць, два разы рукой выцерла вусны. І незнаёмыя пайшлі ў наш пад’езд…

У кожнага сваё…

26.05.2011. Сёння бачыў шчаслівага чалавека. Гэта быў мужчына гадоў трыццаці пяці, які адыходзіў ад абменніка валюты з памятай купюрай у 20 даляраў. Выгляд у чалавека быў, нібыта ён толькі што атрымаў пропуск у рай…

Са школы вярнуўся…

26.05.2011. Са школы вярнуўся сын адзінаццацікласнік і, сказаўшы: «Усё! Здаў усе падручнікі!», зняў з плячэй пусты ранец. І ў мяне праз душу праляцеў апошні самалёцік, зроблены з паперы, вырванай са школьнага сшытка…

Кроў з пальца

28.05.2011. Апошні раз аналіз крыві з пальца здаваў у 1991 годзе. Тады ў Саюза пісьменнікаў яшчэ была свая паліклініка. Кроў з пальца бралі на трэцім паверсе ў Доме літаратара, дзе было ў канцы калідора некалькі медкабінетаў. Не памятаю, ці то я добра прыхварэў у той год, ці па іншай прычыне, але мне трэба было абавязкова здаць аналіз крыві. Паехаў пад канвоем Людмілы, бо яна ведала, што адзін не даеду і ўцяку дамоў. Боязь здаваць кроў з пальца ў мяне была са школы. І вось прыехалі мы з Людмілай да Дома літаратара. Яна засталася на вуліцы чакаць мяне, а я пайшоў. І чым бліжэй падыходзіў да медкабінетаў, тым мне рабілася страшней, і было такое адчуванне, што вось­вось у мяне спыніцца сэрца. Толькі падумаў уцякаць, як з кабінета выйшла дакторка і паклікала мяне да сябе. Я ёй расказаў, што баюся здаваць кроў з пальца і мне пры гэтым робіцца дрэнна. Дакторка пасмяялася і пачала расказваць, што кроў з пальца здаваць небалюча. Яна гаворыць, а ў мяне ад жаху дух займае. Скончылася тым, што адна дакторка мне расказвала анекдоты, а другая брала кроў. Праз паўгадзіны ў кабінет зазірнула Людміла, бо ёй на вуліцы надакучыла чакаць мяне. І калі яна зайшла, то ўбачыла мяне ляжачым на кушэтцы з нашатыром пад носам…

Да гісторыі маёй Валожыншчыны

29.05.2011. У фрэндстужцы «gorliwy_litwin» вычытаў: «Воложинский район 18—20 мая посетили потомки семьи Каганович, представительница которой Ида Розенталь, урожденная Каганович, считается изобретательницей современного бюстгалтера (1928). Она выехала в США с родителями в 1904 г. в возрасте 18 лет из Ракова. Другая ветвь семьи, жившей в Ракове и Воложине, выехала в Палестину в 1924 г.».

Мама і тата…

30.05.2011. З васьмі месяцаў да сямі гадоў з паловай я жыў не ў Пугачах у сваіх бацькоў, а гадаваўся ў вёсцы Лягезы ў бабулі Ганны, дзе цётку Алю называў мамай, а дзядзьку Ваню татам. Сваіх жа бацькоў я не ведаў і не бачыў да школы і, калі мяне забралі ў Пугачы, я доўга не разумеў, што адбылося са мной і чаму я павінен жыць у новым месцы. І мне сёння часцей сняцца Лягезы, чым Пугачы. І хоць мінула больш сарака гадоў, як мяне бацькі забралі з Лягез, па сённяшні дзень ува мне жыве светлая дзіцячая любоў да цёткі Алі і дзядзькі Вані, якія для мяне былі ў мае першыя сем год жыцця сапраўднымі мамай і татам…

Не трэба нам бераг турэцкі…

31.05.2011. Яму ўжо за шэсцьдзясят, а ён, як хлапчук, гойсае па Беларусі, ствараючы сцэнарыі свят і праводзячы іх. Мы даўно бачыліся. І я крыху здзівіўся, калі ён, пасля хвілін дзесяці размовы па справе, сказаў: «А ты, маладзец, не загунурыўся!» — «А чаго мне гунурыцца!» — засмяяўся я, і мы пачалі расказваць пра сваіх дзяцей. І ён пахваліўся: «Дачка мая тры гады назад выйшла за турка. Нядаўна ездзіў да яе ў Стамбул. Парадаваўся ўнуку. Белабрысы, з блакітнымі вачыма. Славянін». А ў маёй душы следам за словам «славянін» прагучала «янычар»…

ЧЭРВЕНЬ

Суботні ранак…

4.06.2011. У цяньку на лавачцы каля суседняга пад’езда сядзіць стары і няспешна курыць. Каля яго ног трэцца чорны кот і стаіць палатняная торба з адкаркаванай пляшкай «чарніла». Час ад часу стары дастае пляшку і, зрабіўшы з яе глыток, ставіць назад у торбу. Мінула паўгадзіны, гадзіна, а стары ўсё шыкуе, а я назіраю. Але, адвярнуўшыся на пару хвілін ад акна, я не заўважыў, як п’яны стары зваліўся пад лаўку, а пустая пляшка адкацілася ад яго на некалькі метраў, спудзіўшы чорнага ката…

У Храме…

5.06.2011. З Людмілай быў у царкве. Паспавядаліся, прычасціліся. Напрыканцы службы перад намі ў некалькіх кроках сталі дзве дзяўчыны гадоў пад дваццаць. Адна была з непакрытай галавой і ўвесь час хіхікала, і каментавала сяброўцы ўсё, што адбывалася навокал. Другая хоць і ў хустцы, але і яна паводзіла сябе, нібыта ў чарзе за півам. Мне хацелася падысці да дзяўчат і выгнаць з Храма, але…

Уладзімір Конан

6.06.2011. Памёр Уладзімір Конан. Цудоўны беларускі філосаф і светлы чалавек. Ён некалькі разоў быў у нас дома, калі Людміла ў «ЛіМе» вяла рубрыку «За гарбатай у Шніпоў». У нашым сшытку «Альбом сустрэч» застаўся запіс спадара Уладзіміра: «Ваш, дарагая спадарыня Людміла, літаратурны салон — першы ў наш драматычны час і другі пасля салона Янкі Купалы і цёткі Уладкі. Калі б, не дай бог, наша Беларусь зноў стала Забраным Краем, то і тады яна адродзіцца ад Вашых сяброў і Вашай сям’і. 24.01.1997 г.». Дзякуем Вам, спадар Уладзімір, за тое, што мы былі ў Вашым жыцці…

Мікола Казлоў

9.06.2011. На 67­м годзе жыцця памёр мастак Мікола Казлоў. У свой час ён шмат гадоў працаваў у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У нас дома ў цудоўным афармленні спадара Міколы ёсць двухтомнік выбранай паэзіі Рыгора Барадуліна, вершы Максіма Танка, зборнікі «Дзень паэзіі» і шмат кніжак для дзяцей. У афармленні Міколы Казлова і ягонай жонкі Наталлі Суставай у 2008 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшла кніжка казак маёй Людмілы «Карона на дне віра». На самым канцы красавіка ў галерэі сучаснага мастацтва была адкрыта выстава твораў Міколы Казлова «Тонда» (круг), якая стала для ўсіх, хто быў на ёй, своеасаблівым развітаннем мастака з сябрамі і з гэтым светам…

46
{"b":"597931","o":1}