***
11.04.2016. З 17 сакавіка па 10 красавіка жыхары Валожынскага раёна з дапамогай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбіралі птушку раёна. Сярод асноўных прэтэндэнтаў былі: глушэц, малы арлец, чорны бусел, пугач і звычайны зімародак. Большасць галасоў набраў звычайны зімародак. Я галасаваў за пугача. Я ж з вёскі Пугачы!
«Полымя» і «Партызан»
11.04.2016. Упершыню рэдакцыю часопіса «Полымя» я наведаў, калі мне было дваццаць гадоў. Аддзелам паэзіі загадваў Анатоль Вялюгін. Ён быў вельмі патрабавальным. І я недзе паўтара года хадзіў да яго, пакуль не давёў да ладу першую невялічкую падборку. Аднак, набыўшы «Полымя» № 5 за 1982 год, я не пазнаў свой верш пра партызана. Анатоль Сцяпанавіч зрабіў з яго «паравозік» да астатніх твораў — даў яму назву «Партызан» і надаў вершу баладнае гучанне. У творы з’явіліся радкі: «Яму зламалі рукі, ногі. На целе ран не палічыць. Шалеюць каты ад знямогі, а ён — маўчыць». Пасля публікацыі мінула гадоў дзесяць. І неяк у сяброўскім застоллі Анатоль Сыс звярнуўся да мяне: «Віцька, адгадай загадку! Без рук, без ног, а стаіць. Ні за што не адгадаеш!» Не паспеў я і падумаць, што б гэта было, як Анатоль, задаволена смеючыся, сказаў: «Гэта твой партызан! Ты пра яго ў «Полымі» надрукаваў!»
«Полымя» і каханне
11.04.2016. Напачатку васьмідзясятых гадоў я напісаў амаль пяцьдзясят вершаў пра каханне. Напісаць напісаў, а дзе такую вялікую падборку надрукаваць цалкам? Мікола Мятліцкі параіў гэтыя творы пачытаць Веры Палтаран і, калі яны ёй спадабаюцца, то яна закіне за мяне слова перад галоўным рэдактарам «Полымя» Кастусём Кірэенкам. Вера Сямёнаўна не паленавалася і паслухала ўсе мае вершы пра каханне. Яны ёй спадабаліся, і я праз некалькі дзён ужо ў кабінеце Кастуся Ціханавіча чытаў свае творы. Праз паўгадзіны пачуў: «Малайчына! Пакідай! Усё надрукуем!» Аднак праз паўгода ў «Полымі» з маёй падборкі было надрукавана ўсяго толькі некалькі вершаў пра каханне ў агульнай падборцы паэтаў-пачаткоўцаў. І наогул тады часопіс вельмі рэдка друкаваў моладзь.
***
11.04.2016. Перабіраў у камп’ютары старыя файлы. Сярод усяго знайшоў пра Леаніда Галубовіча. Было напісана і надрукавана ў «ЛіМе» да ягонага юбілею. Якога? Здаецца, да 60-годдзя.
«Снежань 1981 года. Дом творчасці “Каралішчавічы”. За вокнамі цёмна, марозна, завейна. У светлай ад паэзіі зале гучыць: «Шукаю чытача, // Хаўрусніка душы, // Які б з майго пляча // Цяжар пералажыў // І на сваё плячо... // Лягчэй дайшлі б да мэты. // Так мала чытачоў, // І тыя ўсе — паэты. // І ўсё ж жыве, аднак, // Надзея, і здаецца, // На слова хоць адна // Душа ды адзавецца...» — гэта Леанід Галубовіч чытае свае вершы. І яго слухаем мы, маладыя, Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Уладзімір Арлоў, Васіль Сахарчук, Анатоль Шушко, Сяргей Вераціла, Алесь Наварыч, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ягоўдзік, Людміла Паўлікава, Ала Канапелька, Алесь Жыгуноў, Уладзімір Саламаха, Мікола Мятліцкі, Вадзім Спрынчан... У Лёні ад хвалявання дрыжаць рукі, і здаецца, што ён не трымае аркушы з вершамі, а сам трымаецца за іх. І мы чуем: «Хмурая восень злізала пагоркі... // Познія яблыкі ў садзе пагорклі... // Ціха ў душы, нібы ў доме начлежным. // Толькі душа мая мне не належыць. // Хмураму небу. Рыжаму долу. // Голаму саду. Мірнаму дому. // Сумнай жанчыне ў роднай Айчыне... // Дзе прыналежна — там і спачыне». Перапыніўшыся на нейкую хвілінку і, выцершы даланёй пот з ілба, Леанід Галубовіч чытае далей: «Прычакаўшы глыбокага снегу, // Аб’язджаюць каня мужыкі: // Маладому, шалёнаму бегу // Дзве аглоблі сцінаюць бакі. // Ні на міг не правісне ляйчына. // Не папусціць свабоды рука, // І — тады, дзе глыбее лагчына, // Да апошняга правіць рыўка. // Вось ён — потны, загнаны, знямоглы — // Ад тугі і адчаю захроп. // Заўтра стане пакорна ў аглоблі // І без пугі не пойдзе ў галоп». Дачытаўшы нізку вершаў, Лёня глядзіць на нас, сваіх слухачоў, так, нібыта ён пастаўлены да сценкі, і яго зараз мы павінныя расстраляць. «Усё? Калі ўсё, то сядай», — кажа кіраўнік семінара паэзіі Рыгор Барадулін. Лёня, уздыхнуўшы з палёгкай, сядае, нібыта пачуў, што загад «расстраляць!» заменены на пажыццёвую высылку ў краіну Паэзія, з якой яшчэ ніхто жывым не вярнуўся дамоў. Праз хвіліну пачынаецца абмеркаванне вершаў. Усе хваляць Г алубовіча, і ўсім хочацца даведацца, адкуль ён такі ўзяўся. І Лёня расказвае, што ён нарадзіўся ў вёсцы Вароніна Клецкага раёна. Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы і Слуцкага ПТВ працаваў электрыкам на прадпрыемствах Жабінкі, Слуцка і Клецка, а цяпер — у родным калгасе. Пісаць пачынаў на рускай мове і свае першыя творы паслаў у «Сельскую газету», з якой атрымаў ліст ад Яўгеніі Янішчыц, якая параіла маладому паэту пісаць на роднай мове. І Лёня пачаў пісаць па-беларуску. Падводзячы вынікі абмеркавання паэзіі Г алубовіча, Рыгор Барадулін сказаў, што ён асабіста чакае рукапіс кніжкі паэта, каб яе без чаргі выдаць у «Мастацкай літаратуры» ў калектыўным зборніку ў наступным годзе. Пасля гэтых Барадулінскіх слоў усе астатнія дні і ночы семінара маладых літаратараў у Каралішчавічах усе толькі і гаварылі пра вершы Леаніда Г алубовіча. Развітваючыся з Каралішчавічамі, мы, семінарысты, абмяняліся адрасамі, каб перапісвацца. Абмяняўся і я з Галубовічам. Першы ліст ад Лёні прыйшоў 22 снежня 1981 года. Ён пісаў: «Сябра мой, Віцюня — прывітанне! Здаецца, яшчэ колькі дзён таму назад мы маглі пра многае гаварыць, аб многім спрачацца... А сёння ўсё гэта — памяць. Я як нанова нарадзіўся. Такі быў дзіўны, цікавы народ! Не падумай толькі, што пішу табе па неабходнасці ўведаць наконт выдавецтва калектыўнага зборніка, хоць і гэта прычына для нашай размовы немалаважная. У мяне з сённяшняга дня пачаліся вясковыя працоўныя будні. А душа яшчэ там — у Каралішчавічах! Усё ніяк не хапае смеласці схіліцца над белым аркушам паперы. Не магу пісаць нешта горш таго, што адзначана Рыгорам Іванавічам як станоўчае. (...) Як ты там жывеш? Чым? Пішы, я буду шчыра рад тваім лістам. А цяпер пра справы выдавецкія. Ці быў ты ў Рыгора Іванавіча? Аб чым гаварылі і аб чым дамовіліся? Пішы праўду, я не пакрыўдую. Гэта намнога лепш, чым ліць ялей на неразумную галаву. Віншую цябе з Новым Годам! Жыві, працуй, пацей, заставайся чалавекам! Твой сябра, Лёня. в. Вароніна». Потым неўзабаве, 26 снежня, прыйшоў другі ліст: «Віця, прывітанне! Сягоння атрымаў твой ліст, — дзякуй. Дзякуй за ўсё тое, што ты зрабіў і, магчыма, яшчэ зробіш для мяне. Спадзяюся, што і я не застануся тваім «вечным крэдыторам»; жыццё, дай-та бог, выдасца ў нас доўгім, і мы яшчэ не раз сустрэнемся на гладкіх і коўзкіх сваіх дарогах. Я пастараюся стаць сапраўдным сябрам. Што з майго ты аднёс у «Знамёнку»? Крыху раней Валодзя Някляеў адабраў каля чатырох (4) маіх вершаў для «Радуги» ці асобнай падборкі, але добра, што ты аддаў яшчэ чатыры; з цягам часу, можа, што-небудзь і адбяруць для друку. Але гэта ўсё так... Сённяшні мой боль аб сваім рукапісе. Як ты пішаш, крыху адышоўшы ад семінара, прыйшло нейкае паразуменне, вострае адчуванне адказнасці за друкаванае слова. Сёння ж атрымаў чарговы нумар «ЛіМа». Даведаўся, што Рыгор Іванавіч «прападаў» у Літве на вечарах паэзіі з А. Балтакісам. Прыедзе — часу ў абрэз, калі яму будзе разбірацца з маім рукапісам? І ўсё-ткі я яму веру, і дай-та яму бог... Віця, ты з ім лічы што на «ты», дапамажы, калі штонебудзь спатрэбіцца пры рабоце над маім рукапісам. Я табе давяраю ва ўсім. І пішы, пішы, калі што трэба ад мяне. Дарэчы, ці чытаў ты лімаўскія згадкі Толі Сідарэвіча пра наш семінар у Каралішчавічах. Нас з табой у першай жа «абойме» амаль разам расстралялі. Аднак жыць пасля гэтага можна. Ці не так? Праўда, мне не спадабалася, што нас за «бездыпломнасць» папракаюць.
Дык калі мы ўжо за тымі дыпломамі пойдзем, га? Ты не дастаў фотаздымкаў? Калі ёсць, то вышлі, калі ласка. Я працую цяпер вельмі цяжка. Калі што «выдатнае» будзе — падзялюся. Пішы аб усім, што лічыш неабходным ведаць. Віншую з Новым Годам! Жадаю ўсяго самага-самага добрага! Са шчырасцю і павагай, Лёня. в. Вароніна». Наступны ліст быў 13 студзеня 1982 года. Галубовіч пісаў: «Добры дзень, сябра мой Віктар! Прабач, — так ужо выйшла, што даўно не пісаў. Жыву я па-ранейшаму, тымі ж сумненнямі, тымі ж надзеямі... Як — ты? Што новага? Акром шостага нумара «Маладосці», дзе яшчэ змагу пачытаць тваё шніпаўскае? Сам жа я — у няведанні: калі, хто і дзе мяне надрукуе. Цяжкавата наконт гэтага жыць у правінцыі, але я прывык і, мне здаецца, лепш і не трэба. Ты часцей бываеш у рэдакцыях — будзь сябрам — прапытвай час ад часу і пра маё. Буду ўдзячны і абавязаны. Можа, бачыў Рыгора Іванавіча? Што там новага? Ці не дастаў часам фотаздымкаў «каралішчавіцкіх»? Яшчэ раз прабач, што я задаю табе столькі пытанняў. Мне ўсё гэта вельмі цікава, а я, сказаць папраўдзе, зноў прыхварэў... Не жыццё — а мучэнне. Аднак над чымсьці думаю, тое-сёе пішу. Але асаблівых удач не маю, і сам сабою незадаволены. Ды і работы цяпер на вытворчасці шмат. Сёння шчадрэц. Заўтра Стары Новы год. У вёсцы, зразумела, — свята. І ўсё ж — сумнавата. Надвор’е, праўда, спрыяльнае стаіць, і на душы святлей, чым у дні завірух. Атрымаў лісты ад Алеся Жыгунова і Васі Сахарчука. Цікавыя хлопцы! Праўда, асаблівых навін і яны не пішуць. Усе жаляцца, што не пішацца пакуль яшчэ. Нічога, выбаліць — напішацца; «не трэба гнаць шпарчэй замыленага каня, чым ён бяжыць сам». Вось, здаецца, і ўсё. Пішы, над чым працуеш, што новага напісаў? Убачыш Колю Мятліцкага — шчырае яму і яго сямейству прывітанне. Крыху пазней напішу падрабязней. Новых табе надзей і здзяйсненняў. Твой Лёня. Р8. Віця, добра што не паспеў адаслаць табе пісьмо. Прабач дзівака! Заўтра ж, з раніцы, адашлю Рыгору Іванавічу фотаздымкі (хоць і благія) і аўтабіяграфію. Не верылася мне, што ён усё-ткі адобрыць мой рукапіс. Вялікі дзякуй табе, дружа. Заўтра буду ў горадзе Клецку і пастараюся дазваніцца да Барадуліна. І табе не пішацца... Ёш тваю галёш! Калі ж нам ужо пісацца будзе?! Працаваць і — годзе! Яшчэ раз дзякую за ліст і за турботы. Пішы. Твой вечны сябра, Лёня. в. Вароніна». І такіх жывых і светлых лістоў у мяне ад маладога Леаніда Галубовіча больш за паўсотні. Я іх з любоўю захоўваю і часам, калі захочацца пабыць у нашай маладосці, перачытваю. І вельмі шкадую, што Лёня даўно не піша вершаў. Усе ягоныя зацемкі і «легалізацыі» — цудоўныя і непаўторныя, але, але. Хаця кожны з нас сам вырашаў і вырашае: што пісаць ці не пісаць зусім, дзе і што друкаваць ці зусім не друкавацца. Леанід Галубовіч даўно зрабіў свой выбар. І сёння ён паважаны і знаны пісьменнік, слова якога цэніцца і не губляецца на прасторах беларускай літаратуры, дзе ўжо свой рэй вядуць новыя маладыя творцы, якім, віншуючы Леаніда Галубовіча з юбілеем, кажу з намёкам: «І мы былі нядаўна маладымі...»