***
4.04.2016. Голыя жанчыны як голая праўда...
***
4.04.2016. Вароны на дрэвах ладзяць гнёзды і крычаць, нібыта толькі гэтай вясной даведаліся, адкуль і куды ў дрэва галіны растуць.
***
4.04.2016. З кожным вясновым днём спадніцы на дзяўчатах карацеюць, як карацеюць ночы.
***
5.04.2016. Дзякуючы фотамайстру Васілю Кузьмічкіну і ягонай машыне, ездзіў у Валожын у краязнаўчы музей, дзе ўдзельнічаў у адкрыцці выставы «Балады беларускага шляху» (Балады Віктара Шніпа ў фотаздымках Міколы Лінніка). Мікола Міхайлавіч прадставіў сорак адзін здымак. Вялікі яму дзякуй за ўвагу да маіх твораў. Магчыма, некалі ўсё зробленае намі выдасца кнігай, а магчыма, і не. Пакуль што задума Міколы Міхайлавіча паспяхова ажыццяўляецца. Праўда, каб зрабіць фотаздымкі да ўсіх маіх балад, яму спатрэбіцца яшчэ не адзін год. Да пачатку імпрэзы было амаль паўгадзіны, і мне супрацоўнікі музея паказалі экспазіцыю. Яна не вельмі багатая, але ёсць што паглядзець. Большасць экспанатаў не выстаўленыя — няма грошай, каб усё аформіць, як патрэбна. На імпрэзу прыйшлі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, настаўнікі і вучні з СШ №1, якую ў свой час закончыў спадар Мікола. Для мяне было нечаканасцю, што дзеці па памяці чыталі мае балады. Найбольш выразна і без памылак была прачытаная «Балада Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча». Шкада, што ў мяне ўжо даўно няма кнігі «Проза і паэзія агню», у якой змешчаная большая частка твораў з цыкла «Балады беларускага шляху», а то б падарыў дзяўчыне, ды і астатнім чытальнікам я вельмі ўдзячны за дэкламаванне маіх твораў. На жаль, па Валожыне не знайшлося вольнага часу пагуляць, але ў самім краязнаўчым музеі быў той Валожын і Валожыншчына, пра якія раней я не ведаў, і мне гэтага хапіла для добрага настрою, з якім я вяртаўся ў Мінск. Вакол дарогі мільгалі родныя краявіды, дзе мне час ад часу бачыліся постаці маіх вядомых землякоў, якіх ужо даўно няма з намі, а зробленае імі жыве і будзе жыць.
***
6.04.2016. Перад нашай машынай на перакрыжаванні вуліц праляцеў жоўты матыль, нібыта толькі што выляцеў са святлафора, калі загарэлася зялёнае святло...
***
6.04.2016. Першая ў гэтым годзе навальніца абудзіла ў маёй памяці вельмі даўнюю размову з бацькам. Я тады верыў у казкі. На вуліцы была навальніца. Як толькі загрымела паблізу, бацька сказаў: «Гэта Бог бочкі з вадой па небе качае». — «Адзін?» — запытаўся я, і пачуў: «Не! Яму дапамагаюць нашы дзяды, якія цяпер на небе жывуць!» І сёння, чуючы гром, я думаў пра бацьку, які дапамагае Богу качаць бочкі з вадой.
***
7.04.2016. Кожны дзень а палове на сёмую раніцы з Міёнай гуляю на Мухлі каля азярыны. На ёй ужо некалькі дзён як няма лёду. Плаваюць чайкі і качкі. Сёння на беразе з’явіўся рыбак. Сядзіць лысы на зэдліку, курыць і вачэй не зводзіць з паплаўка. Хацеў падысці, каб пацікавіцца, ці клюе, але перадумаў: «У чалавека, відаць, якраз цяпер натхненне на вялікую рыбіну!»
***
7.04.2016. У камп’ютары знайшоў папку з відэазапісам размовы з бацькам. Запісана ў Пугачах у роднай хаце 24 ліпеня 2009 года.
Бацька распавядае: «...Рабі, Толя, чамаданы. Хлапцом прадавоў. Фанера там. Дошчак хватала. Было трыста чалавек заключонных. Нам трэба было дзяжурыць. Земснарады рабілі. Вада. Рыба была вялікая. Грузіны там былі. Адзін грузін, звалі яго Кацо, кажа мне: «Шніп (у арміі па фаміліі называлі), дапамажы рыбу чысціць». Налезла рыбы ў абручы. Іду на кухню, а мне там і кажуць, каб не лез я да грузінаў, бо мы самі цябе накормім...»
Пытанне: «У Пажарышчах куды пан Мароз дзеўся?»
Бацька: «У Вільні быў у аркестры».
Пытанне: «А пані з голаду памерла?»
Бацька: «Пані ў Радашкавічы забралі. Многа каго туды забралі. Юркоўскі такі быў. Забралі. Іх расстралялі. Хто з голаду памёр».
Пытанне: «Немцы расстралялі?»
Бацька: «Дзе там немцы! Нашы! У белых кажухох прыехалі і вечарам забралі».
Пытанне: «Гэта было ў 1939 годзе?»
Бацька: «Так! Ястрабкі мы іх называлі!»
Пытанне: «Граніца блізка была?»
Бацька: «Блізка. Там, за Дубровамі...»
Пытанне: «Раней тут Польшча была?»
Бацька: «Я быў у Польшчы».
Пытанне: «Па-польску гаварылі?»
Бацька: «Да касцёла трэба было ісці...»
Пытанне: «Тут гміны былі?»
Бацька: «Ракаўская гміна была. Солтыс быў. У яго было двое коней. А ён у Ракаў пяшком хадзіў».
Пытанне: «Кантрабандысты былі?»
Бацька: «Былі. У нас быў капітан. Харошы чалавек. Прыйшоў з Беластоку. У нас ашывоўся. Адзежа была чорная на ім. Харошая. У часох на сцяне ў нас схаваў равольвер. Пробаваў страляць. Харошы равольвер быў».
Бацька: «Быў час, калі нас палілі. Спалілі ўсю вёску. Была цэркаў. На гары там. Спалілі».
Пытанне: «Хто?»
Бацька: «Татары. У цэркаў загналі людзей і спалілі. Прадзед мой быў. Ён, малы, уцёк ад іх і ў Яніцкім лесе сядзеў і глядзеў, як яны над людзямі распраўляліся. Вёска была аж да Сасноўцаў. Могільнікі былі. Студню мы капалі Івану Фларыянавічу. Ён вучыцялем быў. Косці знайшлі...»
Бацька: «Была вучыцелька Гарбачоўская. Шустрая была баба. Дай, кажа, лапку. Дам. А яна па лапе як упяра лінейкай, аж халера бярэ. Яе потым у Вільню забралі. Яна была прыслана з Варшавы. Зачынская была. Гарбаценькая. Яны ўсе хацелі, каб мы ўсе па-польску гаварылі».
Пытанне: «Ці памятаеш Рагойшу? З Ракава. Вучыцялем быў?»
Бацька: «На адной назе круціўся».
Пытанне: «Як гэта?»
Бацька: «Не помню. Васілеўская была. Прысланая з Віцебска. Другой вучыцельніцы бацьку немцы павесілі, а матку застрэлілі. За сувязь з партызанамі. Я б многа расказаў, але многа пазабывоўся».
Пытаннне: «А дзе мой дзед служыў?»
Бацька: «Дзед у Варшаве служыў. Харунжы. А я ў войску быў старшым сяржантам. Забралі мяне ў Сталінград, а там трапіў у Омск. На Волгу».
Пытанне: «Помніш вайну?»
Бацька: «Помню. У нас нямецкія салдаты стаялі. Да нас прыходзілі салдаты нямецкія. Па-польску гаварылі. «Як вы папалі ў армію?» — пыталіся мы. А яны адказвалі: «Мы жылі на граніцы з Германіяй, і нас узялі ваяваць».
Пытанне: «Хто ў нас у паліцыі быў?»
Бацька: «Коля Міхалчышын. Насцін Валодзя. Рыдораў Віця. Колю . забілі ў Лялькаўшчыне. Нос, вушы паабразалі, язык вырвалі. Валодзя ўцёк. Не хочацца ўспамінаць...»
Бацька: «Быў Антон храмы. Прыдзе, усіх нас пастрыжэ. Добрыя людзі жылі ў Пугачах. Цяпер мала хто жывы застаўся...»
Бацька: «Я хадзіў да Мані, а яна выйшла замуж у Радашкавічы...»
Бацька: «Кальчэўскі быў. Любіў спяваць. Мы, бывае, косім, а ён спявае».
Бацька: «Бародзіча хацелі вучэцялем зрабіць, а ён не пайшоў. Граматны быў чалавек.»
Бацька: «Пад ложкам у нас была яма. Бульбу ссыпалі. Калі мы былі малыя, то неяк на ложку скакалі. Ложак зламаўся, і мы ў яму ўваліліся...»
Бацька: «У Баравікоўшчыне партызаны стаялі. Усяго там было. Як толькі ноч настане, ды ўжо і пачынаецца: «Бух! Бух! Бух!» Едуць. Хавайся хто можа...»
Бацька: «Прадалі карову. Купілі каня ў Маладэчыне...»
Бацька: «Я не хацеў ехаць у Лягезы ў сваты. У мяне тут дзевак хапала. Угаварылі. Цяпер вось маю цябе.»
Запіс размовы з бацькам — сорак хвілін. Слухаю, і слёз няма, каб плакаць...
***
7.04.2016. Прыснілася родная хата. У ёй жыве белы кот і ягоныя ўжо вялікія кацяняты. Я прыехаў з сям’ёй і прывёз ката. Думаў, што пачнецца каціная вайна, але белы кот, як гаспадар, налавіў птушак і пад ложак пасадзіў нашаму кату. Птушкі жывыя. Шэсць штук. Стаяць на тонкіх ножках і нікуды не ўцякаюць. Я ўзяў адну ў рукі. Птушка як цацка. На галаве валаскі белыя. Як дзьмухавец. Хацеў выпусціць птушку, але прачнуўся. Праз хвілін дзесяць зноў заснуў. Прыснілася гасцініца. Я з Людай прыйшоў начаваць. У пакоі два вялікія ложкі. Рассцеленыя. На адным нехта спіць. Мы леглі. Незнаёмец падаў голас, і я пазнаў Сашку Балотніка (суседа і аднакласніка). Слухаю яго і думаю: «Як ён можа тут быць, калі ён памёр даўно?» А Сашка кажа: «Я цяпер падарожнічаю па свеце. Вось толькі што быў у Берліне. Назбіраў там рознай драбязы. Магу падарыць!» — «Не! Не трэба! Мы самі ўсё купім!» — адказаў я і прачнуўся.