Литмир - Электронная Библиотека

Пазней, праз чвэрць ХХ стагоддзя, Алесь Адамовіч вырашыў сабраць свае даўнія і новыя літаратурныя артыкулы ў зборнік «Літаратура, мы і час» (1979) і схамянуўся, бо рука пацягнулася, каб нешта выправіць, палепшыць. Міжволі ўспомніў свой артыкул «Новыя рысы “параўнальнай крытыкі”», у якім дакараў іншых крытыкаў за тое, што запознена перачытвалі свае даўнія і грозныя «опусы», двацацігадовай ці саракагадовай даўнасці, дзе гаварылася пра літаратурныя пагрэшнасці тагачаснымі ахвотнікамі павучаць нашых класікаў Коласа, Чорнага, Гарэцкага, моцна рызыкуючы, яны, спахапіўшыся, павыразалі свае рэцэнзіі і артыкулы са старых падшывак «ЛіМа», «Полымя рэвалюцыі»...

Алесь Адамовіч вырашыў пакінуць усё такім, як было напісана ў свой час, а час гэты — другая палова 50-х і 70-х гг., які, як сведчыць практыка, не мінуў бясследна і застаўся ў гісторыі: «Супярэчлівы ён быў: часта новае віно налівалі ў старыя мяхі. Але гэта таксама былі адзнакі часу, і не будзем іх сціраць». І далей старазапаветнае: «Судзі, але і самога судзіць будуць». І сучаснае: «Час, ён над усімі суддзя. Вышэйшы... Для многіх крытыкаў было сапраўды адкрыццём, што калі ты пішаш пра другіх, тым самым ты і аб сабе пішаш. І нішто не прападае бясследна ў гісторыі — ні добрае, ні дрэннае. У гісторыі крытыкі таксама».

У навукова-тэарэтычным артыкуле «Стыль і творчы напрамак» («ЛіМ», 1955, 21 мая) А. Адамовіч звяртае ўвагу тагачасных празаікаў на недастатковую запатрабаванасць такіх літаратурных паняццяў, як «стыль», «майстэрства», «тэмбр»: «Не стае многім філасофска-эстэтычнага пранікнення ў з’явы літаратуры, абагульнення, сінтэзу. Характарыстыка стылю мастака слова звычайна зводзіцца да канстатацыі і пераліку асобных мастацкіх сродкаў і прыёмаў... Гаварыць аб майстэрстве і не гаварыць аб стылі — на першы погляд гэта здаецца нават немагчымым. Быццам майстэрства не заўсёды індывідуальнае, своеасаблівае. А між тым, працы, дзе гаворыцца аб майстэрстве без усялякай спробы раскрыць яго непаўторнасць, своеасаблівасць, сустракаюцца ў нас нярэдка».

На матэрыяле творчасці класікаў беларускай прозы Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага аўтар артыкула выразна дэманструе неабходнасць вывучэння менавіта іх стылю — і гэта не толькі асобная праблема нацыянальнага літаратуразнаўства, але і задача агульнага павышэння прафесійнага ўзроўню літаратуразнаўчага аналізу. За ўзор А. Адамовіч бярэ лекцыі па рускай літаратуры М. Горкага, у якіх «кожная літаратурная з’ява стаіць у сістэме іншых гісторыка-літаратурных фактаў, як звяно ў ланцугу, і характарыстыка, ацэнка кожнай з гэтых з’яў вынікае з самога месца яе ў адзінай гісторыка-літаратурнай сістэме». У выніку М. Горкі «выдатна выявіў непаўторнасць мастацкай індывідуальнасці, мастацкага мыслення кожнага значнага пісьменніка, творчасць іх атрымала сваю філасофска-эстэтычную характарыстыку і ацэнку».

У артыкуле «Вывучаць літаратурную спадчыну», прысвечаным выхаду ў свет Збору твораў К. Чорнага ў 6 тамах («ЛіМ», 1955, 15 кастрычніка), А. Адамовіч адзначае галоўнае дасягненне гэтай літаратурнай падзеі: «Упершыню, па сутнасці, наш чытач можа атрымаць уяўленне аб багатай і шматжанравай спадчыне выдатнага беларускага празаіка... Адна страсная думка аб чалавеку працы, рукамі якога створана ўсё самае каштоўнае на зямлі, праходзіць праз усе гэтыя творы. Творчасць К. Чорнага гуманістычная ў поўным сэнсе гэтага слова. Яна прасякнута любоўю да чалавека, увагай да яго духоўнага свету. Праз усё жыццё пісьменнік пранёс душэўную цеплыню, якую абуджалі ў ім людзі. Самі творы сведчаць аб выключнай «памяці сэрца» гэтага пісьменніка».

У артыкуле справядліва тлумачыцца, што наўрад ці многае можна зразумець у творчасці Кузьмы Чорнага 20-х гадоў, калі прывязваць яго імя да імён некалькіх удзельнікаў «Узвышша», забываючы пра трагічны лёс многіх удзельнікаў гэтага аб’яднання, пра што і сам А. Адамовіч не ўсё ведаў у 50-я гады. Прынамсі, гэта адчуваецца пазней у манаграфіі «Шлях да майстэрства. Станаўленне мастацкага стылю К. Чорнага» (1958), і ў больш позняй навуковай працы «Маштабнасць прозы. Урокі творчасці К. Чорнага» (1972). Вось яго словы самаапраўдання і ўдакладнення зменаў: «Дык які ён, К. Чорны 20-х гадоў, калі глядзець на яго з вышыні 50-гадовага вопыту беларускай савецкай прозы? Трохі багацейшы, чым нам здавалася. Настолькі багацейшы, што 30—40-я гады нават не ўвабралі ўсяго таго бурнага патоку, імя якому — Кузьма Чорны 20-х гадоў, і паток гэты падземнай ракой прама выйшаў у 60-я гады, вельмі ўзняўшы ўзровень сучаснай маладой прозы». Менавіта ў кнізе «Маштабнасць прозы» А. Адамовіч, вяртаючыся да ранейшых артыкулаў і дысертацыйных раздзелаў, шмат у чым па-новаму пераглядае змест рамана Кузьмы Чорнага «Сястра», які пасля публікацыі 1927 г. не друкаваўся ажно да Збору твораў празаіка ў 8 тамах (1972—1975).

Жыццё само па сабе звяртае ўвагу цікаўнага чалавека на нечаканую знаходку, тым больш, калі размова закранае таленавітага шукальніка новых адкрыццяў. А. Адамовіч лічыў, што «жыццё можа падарыць пісьменніку сапраўды яркую і значную знаходку толькі ў тым выпадку, калі ён сам ідзе насустрач фактам, калі ён падыходзіць да жыцця з вялікай думкай». Каб заўважыць жыццёвы факт і ўбачыць у ім вялікія эстэтычныя магчымасці і для таго, каб перадаць на пісьме гэта сваё першае непасрэднае і шчырае ўражанне, патрэбна не толькі ўчэпістая да падрабязнасцей памяць, але і пэўная светапоглядная сталасць, якая прыходзіць з узростам і вопытам.

Спрыяльная грамадская атмасфера, якая склалася ў сярэдзіне 50—60-х гадоў у краіне, у значнай ступені паскарала гэтыя працэсы творчага ўзмужнення, на­давала творчаму пошуку крылы, і пакаленне Адамовіча ахвотна і паспяхова выкарыстоўвала гэтую акалічнасць. Сам час, калі павялічыўся попыт на жыццёвую праўду, уздымаў тагачасных паэтаў і празаікаў на вышыню, з якой добра бачылася мастацкая значнасць пройдзенага жыццёвага шляху, адбываўся стыхійны адбор галоўнага і другараднага і адначасова свядомае творчае асэнсаванне мінулага. «Пісьменніку, — рабіў вывад Адамовіч, — мала звычайнай памяці назіральніка, яму патрэбна яшчэ і вялікая «памяць сэрца», а яе не бывае ў таго, хто толькі «вывучае жыццё», але не жыве адным жыццём з народам».

Час «адлігі» ў краіне адпавядаў маладосці «шасцідзясятнікаў», сярод якіх вылучаліся Максім Танк, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Іван Шамякін. Алесь Адамовіч у параўнанні з імі наогул выглядаў маладым, яму ў тыя гады было нават не трыццаць. Ён любіў падарожнічаць: разам з паэтам і перакладчыкам

Н. Кіслікам прайшоў па Волзе «ад вытокаў і да вусця», па шляхах свайго папярэдніка М. Горкага. Летам 1956-га, у 1959 і 1960 гг. удзельнічаў у паездках «вакол Еўропы» і «па Дунаі» — першых пасля «культу асобы» калектыўных вандроўках беларускіх пісьменнікаў за мяжу, пра што шмат згадак у іх успамінах. Так выявіла сябе агульная для таго перыяду тэндэнцыя да «адкрыцця рэчаіснасці» ва ўсёй яе жыццёвай шматстайнасці, да пашырэння інфармацыйнага поля, а ў самога Адамовіча яшчэ і імкненне максімальна выкарыстаць час, адпушчаны лёсам для таго, каб «даследаваць і выпрабаваць мудрасцю ўсё, што робіцца пад небам» (Адамовіч любіў Кнігу Эклезіяста, з якой узятыя гэтыя словы). Яго жыццё, па сутнасці, прайшло ў бясконцых паездках, падарожжах, экскурсіях па прасторах былога Савецкага Саюза, а пазней і па ўсіх кантынентах.

У 1958 г. з друку выйшла першая кніга А. Адамовіча, літаратуразнаўчае даследаванне «Шлях да майстэрства», у аснову якога легла вывучэнне працэсу станаўлення мастацкага стылю Кузьмы Чорнага. У 1959 г. пабачыў свет зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Культура творчасці». У 1961 г. была надрукавана навуковая манаграфія «Беларускі раман», на аснове якой аўтар праз год абараніў доктарскую дысертацыю (абарона адбывалася ў Кіеве, у Інстытуце літаратуры імя Т. Р. Шаўчэнкі АН УССР, — у Мінску «ўплывовыя» літаратары «гразіліся» не дапусціць абароны. Так пачалося «выцясненне» А. Адамовіча за межы Беларусі). Гэтыя кнігі мелі шмат зычлівых водгукаў у друку і занялі сваё месца ў гісторыі змагання беларускіх літаратуразнаўцаў з вульгарна-сацыялагічнымі стэрэатыпамі і дагматычным мысленнем (навуковая манаграфія «Становление жанра: Белорусский роман» была перакладзена на рускую мову і надрукавана ў Маскве ў 1964 г.).

4
{"b":"597926","o":1}