Литмир - Электронная Библиотека

Алесь Адамовіч асобна вылучыў гісторыі ленінградскай блакады, пачутыя з вуснаў Галіны Максімаўны Гарэцкай:

«Жанчына-маці, каб уратаваць астатніх дзяцей ад блізкай смерці, не заяўляе да канца месяца пра памерлае дзіцятка (хлебныя карткі!), хавае замерзлы трупік у шафу».

«Пункт прыёму дзяцей-сірот, якіх збіралі ў жудасна ціхіх дамах «побытавыя атрады»: прынеслі хлопчыка, санітарка, добрая душа, цалуе галоднае заплаканае дзіця. Аглянулася: усе дзеці выстраіліся ў радочак, каб і іх пацалавала...»

У кнізе «Я з вогненнай вёскі..» у цэнтры ўвагі — лёс вёскі, у «Блакаднай кнізе» — гэта ўжо лёс горада ў тую ж татальную вайну. Дакументальная «Бла­кадная кніга» была не толькі працягам кнігі «Я з вогненнай вёскі...», але і выяўленнем узбагачэння жанру «магнітафоннай літаратуры». Трагічны лёс беларускай вёскі ў гады вайны, як у люстэрку, адбіваўся ў такім жа трагічным лёсе вялікага горада Ленінграда, асуджанага на галоднае выміранне. Ствараўся, па сутнасці, незнаёмы літаратуры жанр, які А. Адамовіч называў кнігай-араторыяй, сімфоніяй, хорам (як у антычных трагедыях). «У новага жанру, — пісаў ён, — тая перавага, што яму дадзена здабываць глыбінныя пласты, залежы псіхалогіі, праўды народнага жыцця адкрытым спосабам. Само жыццё сучаснае, якое геалагічна зрушылася, выбухнула небывалымі катаклізмамі, калі верхнія пласты сарваныя і агаліліся нетры, падрыхтавала і нарадзіла гэты спосаб, гэты жанр літаратуры». У «Блакаднай кнізе» шмат спроб звычайных людзей спасцігнуць з дапамогай інтэлекту сэнс падзей вайны, адносіцца да ўласнага існавання разумна, востра крытычна ацэньваючы сябе і іншых, разважаючы над тым, што было, што ёсць і што можа быць.

Чым больш А. Адамовіч і Д. Гранін слухалі гараджан, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш адкрывалася адна з галоўных апораў таго самага «духу леніградцаў». У «Блакаднай кнізе» апублікаваны зімні дзённічак маленькай Тані Савічавай: «Бабушка умерла 25 янв...», «Дядя Алёша 10 мая...», «Мама 13 мая в 7.30 утра...», «Умерли все. Осталась одна Таня». У другой частцы кнігі асаблівае месца займалі «падзённікі» блакадніка Г. Князева і дзённік падлетка Юры Рабінкіна. Адкуль браліся сілы, адкуль узнікала стойкасць, дзе знаходзілі месца вытокі душэўнай моцы? «Перад намі, — пісалі А. Адамовіч і Д. Гранін, — сталі адкрывацца не менш пакутлівыя праблемы і маральнага парадку. Іншыя меркі ўзнікалі для паняцця дабраты, подзвігу, жорсткасці, любові. Найвялікшаму выпрабаванню падвяргаліся адносіны мужа і жонкі, маці і дзяцей, блізкіх, родных, саслужыўцаў. У апавяданнях людзей паўставалі тыя складаныя маральныя задачы, якія даводзілася вырашаць кожнаму чалавеку. Мы ўбачылі незвычайныя прыклады моцы духу, прыклады высакародства, хараства, выканання абавязку, але і — нечуваных пакутаў, мучэнняў, пазбаўленняў, смерцяў... Не заўсёды было ясна — ці прыйшоў час для гэтых апавяданняў такой жорсткай бязлітаснасці? А з другога боку — ці не сышло, ці не запушчаны час і магчымасць расказаць пра гэта так, як гэта было ў жыцці і наяве, так, як гэта помняць толькі самі ленінградцы?..»

У апавяданнях, ва ўспамінах блакаднікаў, якія А. Адамовіч і Д. Гранін запісвалі і пераносілі ў будучую кнігу, захоўвалася шмат дакладных фактаў, становішчаў, дэталяў. У іх нагадвала пра сябе штодзённае жыццё: памяць (асабліва жаночая — удакладняюць аўтары кнігі) учэпіста фіксіравала неверагодную рэальнасць тых дзён і начэй «блакады». Вывучэнне А. Адамовічам і Д. Граніным калектыўнай памяці, запіс «вусных гісторый» адкрываюць шлях для літаратуры, якая намагаецца ўвабраць у сябе ўсё багацце народнага вопыту, набытага на працягу самай страшнай вайны за ўсю гісторыю, спрабуе вобразна асэнсаваць тое, што адбывалася. Так ствараўся новы, невядомы раней жанр літаратуры — мастацкі дакумент, кніга-араторыя, сімфонія, хор (гэтыя і іншыя падобныя па сэнсу назвы жанру згадваліся крытыкай).

У перавыданні «Блакаднай кнігі» А. Адамовіча і Д. Граніна, упершыню апублікаванай у Беларусі на рускай мове выдавецтвам «Мастацкая літаратура» (2015), у прадмове Наталлі Адамовіч прыводзяцца радкі з запісной кніжкі А. Адамовіча ад 12.2.1975 г., калі была завершана праца над кнігай «Я з вогненнай вёскі...» і ўзніклі «нябачныя, але моцныя токі — ад Хатыняў да блакадных ленінградскіх трагедый — і што токі гэтыя, імпульсы, якраз і накіроўвалі думкі і намеры аднаго з аўтараў кнігі пра Хатыні — накіроўвалі на Ленінград».

У гады «перабудовы» і «галоснасці» А. Адамовіч прыкметна актывізаваў сваю грамадскую дзейнасць, у яго мастацкай творчасці павялічылася доля публіцыстычнасці. У пісьме чытача, змешчаным у якасці эпіграфа да артыкула «Час жывы» (у рускім варыянце «Время живое») і апублікаваным у кнізе літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі А. Адамовіча «Выбери жизнь» (1986), прагучала пытанне: «Пасля таго, што напісалі, ці думаеце Вы (або не?), куды ісці далей?»

На першае пытанне: «Тое лепшае, што зроблена савецкай «ваеннай» літаратурай, не толькі наш час, але і будучыня наўрад ці паставіць пад сумненне. Наша вайна, Вялікая Айчынная, была справядлівейшым у гісторыі актам народнай праўды, гуманістычнай неабходнасці, патрыятычным і інтэрнацыянальным доўгам перад усім чалавецтвам, — гэта з выключнай паўнатой і сілай і выявіла савецкая літаратура».

На другое пытанне чытача «куды ісці далей?» А. Адамовіч адказаў так: «Ужо не трэба быць «чулым да свайго часу», каб усведамляць: рабіць трэба нешта большае, чым рабілася, прадпрымалася людзьмі, таму што пагроза ўсім і ўсяму ўсё згушчаецца. І ад літаратуры, і ад сябе ў літаратуры патрабаваць і можна, і варта большага, чым раней, учора».

У артыкуле «Час жывы» А. Адамовіч паспрабаваў глянуць на наш час вачыма жыхароў... чацвёртага тысячагоддзя: «І яны, зазірнуўшы ў старыя, нашага часу, кнігі, здзівяцца: чаму так невыразна пісалі пра галоўнае, пра космас, а другараднае (вайну) адлюстроўвалі ў сапраўдных і нават вялікіх творах? Можа, і не зразумеюць, што праблемы вайны і міру на зыходзе другога тысячагоддзя — гэта і было галоўнае, самае галоўнае. Каб гэта зразумець, ім давядзецца паднатужыцца і адчуць, якая пагроза, рэальная, фізічная пагроза іх будучаму суіснаванню, абазначылася якраз у 70—80-я гады, у канцы другога тысячагоддзя. (У 90-я гады і далей зазіраць, гадаючы, што і як будзе, больш складана, чым за тысячу гадоў наперад, і таму не будзем.)». А. Адамовіч, у адрозненні ад нас, «звычайных», «сучасных» жыхароў канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, ахвотна зазіраў у далёкую будучыню, якую адчуюць і ацэняць нашы нашчадкі. «А чаму б і не, — з адамовічаўскай усмешкай міжволі ўспрымаем і мы: — у запасе ў чалавецтва, як сцвярджаюць вучоныя, 800 мільёнаў гадоў жыцця, наш біялагічны патэнцыял!»

Менавіта адгэтуль, ад дадзенага нашым пакаленням часу, узнікаюць сучасныя навукова-даследчыя і літаратурна-гуманітарныя клопаты і пытанні. А. Адамовіч уздымае перад вучонымі і пісьменнікамі праблему: «Ці здольная літаратура неяк дзейнасна ўплываць (станоўча, вядома) на крытычны стан свету... Калі гэта так, — а хочацца верыць, што гэта менавіта так, — тады як трэба пісаць, каб наша супрацьдзеянне спаўзанню міру да вайны было максімальна эфектыўным? І як мы не павінны пісаць — гэта таксама немалаважная праблема. На гэта вельмі своечасова ў тэлефільме «Формула гуманізму» завастрыў увагу Васіль Быкаў. Калі пісаць не тое і не так, як патрабуе час наш, які ўсё менш пакідае людзям права на памылкі, на эгаізм, на трусасць, карыслівасць, калі ілгаць у галоўным (а што сёння больш галоўнае за праблемы вайны, міру?), тады не выключана, што мы і наша літаратура будзем не каменем пад спаўзаннем кола, а хутчэй тым алеем, які дурнаватая булгакаўская Анечка разліла пад ногі Берліёзу... Адным словам, зазірнуць бы нам у заўтрашні дзень нашай «ваеннай» (а дакладней, «антываеннай») літаратуры».

Алесь Адамовіч якраз і зазірае ў гэты заўтрашні дзень «антываеннай» літаратуры. Напрыклад, ён заўважае выхад кнігі ў Лондане «Трэцяя сусветная вайна. Гісторыя будучыні» (1978). У аўтарскім спісе — генералы, маршалы, віцэ-адміралы. Сюжэт — сцэнарый «абмежаванай» атамнай вайны. Першы ўдар па Бірмінгему прыпісваецца праціўніку. Ён, вядома, атрымлівае адпаведны ўдар. Дзве падлодкі — амерыканская і англійская — нясуць у сабе міжкантынентальныя балістычныя ракеты стратэгічнага прызначэння, кожная выпускае па дзве ракеты, нацэленыя... на горад Мінск (!). Эфект быў катастрафічным... Вынікі каласальныя... Алесь Адамовіч хутка рэагуе на гэтую вестку, якая, тым не менш, распаўсюдзілася па свеце: «З якім ледзь прыхаваным задавальненнем гэтыя атамныя ідыёты, якія вырашылі паказытаць сабе і іншым нервы, але і супакоіць запалоханых іх бяздумнымі планамі суайчыннікаў, жывапісуючы пачатак усеагульнага ракетна-ядзернага пабоішча, планетарнага самазабойства!»

10
{"b":"597926","o":1}