Аблога зацягвалася. Перапоўненыя вадой равы і набрынялая вільгаццю зямля не давалі магчымасці ліцвінам і палякам падабрацца да сцен горада, падцягнуць штурмавыя вежы і лесвіцы. Мокрыя дубовыя бярвёны гародняў не загараліся ад распаленых ядраў і адно злосна шыпелі, што выклікала злосць у ліцвінскіх гарматнікаў і смех у маскавітаў.
У дадатак да ўсяго пачасціліся перабоі з прадуктамі харчавання. З жахам адзначаў для сябе ваявода ліцвінска-польскага войска Мікалай Радзівіл Руды, што яго воінства ўсё больш і больш апаноўвае нявер’е ў перамогу. Ён разумеў, што бяскорміца і непагадзь нішчаць салдацкую волю, што праз дзень-другі не ўтрымаеш сваіх вояў ні сілай, ні золатам, ні страхам пакарання. Думаў, што недалёка той час, калі яны, галодныя, пакінуць свае пазіцыі, зняславяць ліцвінскую зброю і яе старадаўнюю доблесць. «Пракляты дождж!» — гэтымі словамі ён пачынаў свой дзень, імі ж яго і заканчваў.
Асабліва абуралася нямецкая пяхота. Не вельмі хацеў Радзівіл наймаць гэтых ратнікаў на службу. Капрызныя і пыхлівыя, сквапныя да грошай яны прыўнеслі ў ліцвінскае войска бязладдзе. Здарылася так, што зараз у нямецкім лагеры пачалася крываўка. Каб спыніць распаўсюджванне гэтай хваробы, вечарам немцы вельмі моцна напіліся. Яны, нават не выставіўшы варты, заваліліся спаць. А ноччу ў іх лагеры пачалася незразумелая мітусня. Там чуліся чалавечыя перадсмяротныя стогны, разам з тым — жахлівае нейкае рыканне... Здавалася, у начной цемры на людзей абрынулася нейкая пачвара і пачала пазбаўляць іх жыццяў.
Адразу працверазеўшы, вартавыя з жахам узіраліся ў цемнату, прыслухоўваліся да жудасных гукаў, спадзяваліся, што гэта дождж і вецер шумяць у верхавінах далёкага лесу. Аднак дарэмнымі былі іх спадзяванні — сярод шатроў бязгучна насіўся цёмны цень конніка. Крыссе яго чорнага плашча, нібы вялікія крылы, драпежна матлялася ў паветры, ператвараючы вершніка ў пасланца іншага свету. Кроў замярзала ў жылах вартавых, пазбаўляла іх розуму, сціскала дых. І ўсё ж нехта з іх перамог страх, падняў трывогу, ударыў у трывожны звон, дзіка закрычаў. Наваколле адразу ж напоўнілася гукамі пераклічкі, ярчэй успыхнулі паходні, вогнішчы, зазвінела зброя.
А начны прывід знік гэтак жа бязгучна і хутка, як і з’явіўся.
Раніцай Стэфан Баторый выклікаў да сябе Мікалая Радзівіла Рудога.
— Што там здарылася ў нямецкім лагеры? — нават не прапанаваўшы, як звычайна, свайму ваяводу віна, запытаўся кароль.— Што за дурныя плёткі распаўсюджваюцца сярод нашых жаўнераў?
Радзівіл разгублена паціснуў плячыма і паспрабаваў апраўдацца:
— Учора вечарам нямецкія наёмнікі напіліся, а ноччу маскавіты зрабілі вылазку з крэпасці, заканапацілі некалькі нашых гармат, зарэзалі дзясяткі два немцаў — і ўвесь страх.
Толькі пасля гэтага кароль кіўнуў на крэсла ля невысокага століка:
— Сядай, пан Мікалай. Частуйся, — і, пачакаўшы, пакуль ваявода налье ў кубак віна, пацікавіўся: — А пра якога гэта Крывавага Фрыдрыха шэпчуцца салдаты?
Радзівіл зрабіў глыток моцнага венгерскага віна, задаволена прыжмурыў вочы, прамармытаў: «Добрае віно!» і адказаў:
— Чутка пра гэтага Фрыдрыха пайшла гуляць па нашай арміі яшчэ ад Друі, дзе невядомая банда напала ноччу на нашых разведчыкаў і ўсіх пагалоўна выразала.
— І колькі там загінула чалавек?
— Здаецца, чалавек дзесяць — пятнаццаць.
— І што, ніхто з іх не застаўся ў жывых? — Баторый падышоў да століка, узяў кубак з віном, зрабіў вялікі прагны глыток. — Ніхто не бачыў бандытаў?
— Ад першага нападу ў жывых заставаўся адзін чалавек, Якуб з Залесся, але ён, пэўна, памёр ужо, бо быў увесь пасечаны.
— А што, былі і яшчэ напады? — кароль спыніўся насупраць ваяводы і запытальна паглядзеў яму ў вочы. — Чаму ты маўчаў, князь?
— Пра што расказваць? — Радзівіл падняўся на ногі, аднак кубак з віном з рук не выпусціў. — Пра тое, што звычайныя рабаўнікі заб’юць з дзясятак нашых разявак, а тыя потым, каб апраўдацца, прыпісваюць гэта нейкаму прывіду, якога ўжо зрабілі сімвалам вайны? — Ваявода не адвёў позірку, некалькі імгненняў глядзеў у цёмныя, быццам вір, вочы свайго караля, шукаў там разумення і, не знайшоўшы яго, няўпэўнена дадаў: — Хаця, калі шчыра, ваша міласць, і я пачынаю верыць у гэтага міфічнага Фрыдрыха.
— Цікава!
— Калі здарыўся першы напад, я падумаў, што гэта п’яныя пасеклі адзін аднаго і прамаўчаў. Пасля другога — сам разбіраўся, быў на месцы трагедыі і бачыў дванаццаць абезгалоўленых трупаў, прычым большасць з іх былі рассечаны амаль напалову. Так рабаўнікі не сякуць. Так забівае толькі спрактыкаваны воін, а такі воін ніколі рабаваць не будзе. Трэці напад здарыўся ўжо тут, у першую ноч асады. І там: чатырнаццаць амаль распалавіненых ратнікаў. Але самае загадкавае тое, што на зямлі пасля нападу не бачна аніякіх слядоў бойкі: ні конскіх, ні чалавечых.
— Ты кажаш, што адзін чалавек усё ж выжыў. Што ён расказаў?
Радзівіл сумна ўсміхнуўся. Ён ведаў, што Стэфан Баторый вельмі любіў
слухаць самыя неверагодныя гісторыі, аднак у сваім расказе ваявода не бачыў нічога цікавага. У ім было шмат невядомага, незразумелага, страшнага, а такое палохае, выклікае пачуццё няўпэўненасці.
— Якуб з Залесся нічога не расказаў, бо быў мёртвы.
— Вось табе і на! — усміхнуўся кароль. — Нядаўна ты казаў, што ён застаўся жывы, а зараз, — што памёр!
— Прайшоў амаль месяц, як я бачыў бедалагу. У тое, што ён выжыў, я ніколі не паверу, бо рана ў яго была страшэнная — ад галавы да поясу і, калі б не кальчуга, то. — ваявода безнадзейна махнуў рукой.
— Ладна, — кароль падышоў да крэсла, крыху падумаў і сеў у яго. — Ты таксама сядай, пан Мікалай, — і калі Радзівіл уладкаваўся ў сваім крэсле, запытаўся: — Усё ж пра якога Фрыдрыха пляткараць салдаты?
— Быў такі крыжак, вялікі маршал ордэна Чорнага Крыжа Фрыдрых фон Валенрод.
— Ведаю, чуў. Рыцары гэтага ордэна насілі белыя плашчы з вышытым на іх чорным крыжам.
— Дык вось, гэты Фрыдрых 16 сакавіка 1410 года напаў на Ваўкавыск, падпаліў горад і пасек мноства людзей.
— Ну, здаралася такое і са мной. Ды і ў цябе, пан Мікалай, пэўна, таксама было падобнае?
— Справа ў тым, — Радзівіл ніяк не адрэгаваў на жарт свайго караля, — што крыжак напаў на горад і пасек людзей у вербную нядзелю. Але ж, і ты гэта ведаеш, што з даўніх часоў у хрысціян існуе звычай: у святочныя дні, звязаныя з Хрыстом і Багародзіцай, ваенныя дзеянні не распачынаць, і парушэнне гэтага звычаю лічыцца святатацтвам і патрабуе суровага пакарання.
— Усё гэта так. Толькі з тых часоў прайшло паўтара стагоддзя і пра таго Валенрода ўжо даўно забыліся нават яго праўнукі.
— Праўнукі, можа, і забыліся, а люд паспаліты памятае і кажа, што ў сечы на палях Грунвальда на Фрыдрыха фон Валенрода ваўкавысцы палявалі асобна. Яны не проста забілі яго, а загналі ў возера Любень, дзе ён і патануў разам з канём. Вось з тых часоў і мітусіцца яго непрыкаяная душа паміж гэтым светам і царствам мёртвых, ніяк не можа знайсці прытулку і супакаення. І там, дзе з’яўляецца коннік у чорным плашчы і на чорным кані — чакай вайны ці страшэннага мору.
— У Валенрода быў белы плашч.
— За сто пяцьдзясят гадоў ён стаў чорным ад людской крыві.
— І хто зможа яго спыніць? Што кажуць людзі?
Радзівіл няўпэўнена паціснуў плячыма і чамусьці паўшэптам прамовіў:
— Людзі кажуць, што забіць яго можа толькі такі ж нябожчык, як і ён сам.
Кароль спалохана перажагнуўся.
— Ты што, ваявода? Што ты кажаш? Дзе яго ўзяць, жывога нябожчыка? — Баторый зноў перажагнаўся і прашаптаў кароценькую малітву. — Ды і хопіць, пан Мікалай, пра нябожчыкаў, давай лепш пасмакуем вось гэтага венгерскага віна. Хаця, — Баторый хітра прыжмурыўся, — ты ж ваявода і разбярыся сам і з Валенродам, і з жывымі нябожчыкамі, і з плёткамі, што непакояць душы нашых жаўнераў.
3
Якуб з Залесся нечакана з’явіўся ў лагеры ліцвінаў у канцы жніўня. Яго шчаку перасякаў глыбокі рубец, які прыкметна адцягваў управа рот, ад чаго твар ратніка здаваўся грозным і нават злосным. Аднак не выраз на яго твары палохаў сустрэчных і знаёмых, іх палохалі яго вочы: пустыя і ў той жа час бяздонныя, быццам глядзіш не ў вочы, а ў глыбокую студню, прыглядаешся і бачыш там нечае, толькі не сваё, адлюстраванне. Раней гаваркі і вясёлы, знаўца мноства песень, зараз ён больш маўчаў, а калі і гаварыў, то адным-двума сказамі. На прапанову ротмістра казацкай харугвы Барыса Жабы выбраць з яго табунка самага гарачага жарабца адказаў, што такі жарабец яму без патрэбы і паказаў, што здзівіла ўсіх, на яшчэ не старую, але ціхую і рахманую кабылу па мянушцы Пышка. Толькі сваю янычарку ён бярог, быццам блізкага чалавека і, нібы з чалавекам, шэптам размаўляў з ёй аб нечым патаемным.