Литмир - Электронная Библиотека

— Ой, крыжык Петруся знайшоўся, — раптам побач з лаўнікам прагучаў дзіцячы голас. Корчак апусціў галаву — каля яго стаяла невялічкае, гадоў пяці, дзяўчо. Яно глядзела на крыжык у руцэ незнаёмца і, радасна хлопаючы ў далоні, шчабятала:

— Вось Пятрусь абрадуецца, праўда, матулечка?

— Праўда, — ледзь стрымліваючы сябе, адказала маці. — Ідзі, доня, пагуляй на панадворку.

— Добра, матулечка, — дзяўчынка развярнулася і пабегла.

— Што ты хацеў яшчэ запытацца ў мяне, лаўнік? — Матруна здалася. Яна зразумела, што Корчак пра ўсё здагадаўся і ўвесь гэты допыт праводзіў толькі дзеля таго, каб пачуць прызнанне менавіта з яе вуснаў. Аднак і Корчак быў разгублены, не чакаў ён, што знойдзены ім крыжык належыць сыну карчмаркі.

— Я хацеў удакладніць, як ты магла вось гэтай сякерай сячы ў той вечар качак, калі яе забраў з сабой твой муж і знайшла ты яе, з тваіх слоў, толькі наступнай раніцай?

— Гэта я ўдарыла Антука дубцом па галаве, — голас жанчыны гучаў глуха. Яна ўжо скарылася лёсу і гатова была гаварыць праўду і, калі б яна прызналася ў забойстве крыху раней, то Самуіл паверыў бы ёй. Але ў яго руках быў нацельны крыжык сына Матруны, доказ, які патрабаваў тлумачэння і які сведчыў зусім пра іншае.

— Чаму ж у кулаку Антука аказаўся не твой крыжык, а крыжык твайго сына? Дарэчы, дзе ён цяпер?

— Пятрусь вельмі хворы. Антук пастаянна здзекаваўся з яго, няшчадна біў па галаве за любую правіну і мой няшчасны сыночак захварэў. Ён баіцца дарослых мужчын і хаваецца ад іх у запечку. Ён вельмі хворы.

«Вось яно што!» — Самуіл успомніў бліскучыя вочы і нечакана для сябе сказаў:

— І Антука ён забіў у надзеі, што знішчыць у сабе той страх, які парадзіў у ім яго ж бацька.

— Антук не бацька Петрусю, — не ўтрымалася, зусім па-жаночы ўсхліпнула Матруна і, абхапіўшы галаву рукамі, хістаючыся з боку ў бок, заплакала.

Праз нейкі час жанчына суцішылася, падняла свае чырвоныя вочы на лаўніка.

— Хочаш, я раскажу табе пра сваё праклятае жыццё? — Корчак паціснуў плячыма. А яна, бы ўгаворваючы яго, патлумачыла: — Ты даведаешся і пра Антука, і пра жабрака, і пра мяне.

— Што ж, час у мяне ёсць, — Самуіл адышоў у кут і ўладкаваўся на кінутай там бара­не. — Расказвай.

6

— Я і Антук Рубец родам з вёскі Заполле, што размяшчаецца мілях у дзесяці ад Берасця па шляху на Кобрын. Вёска наша невялікая, лясная, але зямля там добрая, тлустая, пладаві тая. Таму ўсе нашы вяскоўцы жывуць хаця і небагата, аднак голаду не ведаюць. Вось толькі Рубцы! Нешта не ладзілася ў іх гаспадарцы, за нейкія грахі караў іх Гасподзь: то конь у іх здохне, то цяля, то карова. Калі маланка куды ўдарыць, то гэта пабудова Рубцоў. Калі статак дзікоў вынішчыць нечыя пасевы, то, зразумела, іхняе. Не шанцавала ім, а калі памёр стары Таміла, то і наогул іх гаспадарка прыйшла ў заняпад.

У Тамілы Рубца было чацвёра дзяцей: два сыны, Восіп і Антук, і дзве дачкі. Усе дзеці прыгожыя, статныя і, як ні дзіўна, працавітыя. Таму і не заседзеліся яны доўга ў бацькавым гняздзе — дзяўчаты выпырхнулі з яго першымі, потым з мясцовай сіратой Ксеніяй пабраўся шлюбам Восіп, апошнім вырашыў ажаніцца Антук. І трэба ж было такому здарыцца што менавіта мяне ён выбраў сабе ў жонкі, і менавіта да майго бацькі прыслаў пятнаццаць гадоў таму сваіх сватоў. А я ўжо мела прапанову ад Юркі Забелы і бацькі нашы пра ўсё ўжо дамовіліся. Вось і прыйшлося мне перад сватамі Антука выставіць гарбуза, на які той пакрыўдзіўся і праз некалькі дзён знік з вёскі. Дзе ён бадзяўся, я не ведаю, аднак ужо зімой па вёсцы пайшлі пагалоскі, што ў нашых лясах з’явілася банда шышоў, якая рабуе купецкія абозы, а тых, хто аказвае супраціў, забівае.

Пагалоска прайшла і, бы дым, растварылася. Вясной пра бандытаў не чулі, пра іх нават забыліся, і тым жудасней была навіна, што абоз з нашай вёскі, які адпраўляўся на летні кірмаш у Кобрын, бандыты поўнасцю разрабавалі, а мужыкоў пазабівалі. І мой Юра прапаў з тым абозам, і Восіп Рубец пакінуў сваю Ксенію з грудным дзіцем. Вось так я стала ўдавой.

А ў канцы лета ў вёсцы з’явіўся Антук. З месяц ён пажыў у сваёй маці, а ў верасні зноў завітаў да майго бацькі прасіць маёй рукі. І бацька на гэты раз яму не адмовіў. Чаму? Я не ведаю, аднак, думаю, што так ён клапаціўся пра свайго ўнука, бо тое, што я цяжарная, ужо добра было прыкметна. Нават жалобу па мужу я не данасіла, як восенню мы пераехалі ў Берасце, — Матруна гаварыла паўшэптам, гледзячы некуды ў адну кропку на калодзе, быццам там яна бачыла трагічныя падзеі той недалёкай мінуўшчыны і цяпер толькі пераказвала іх. Часам яна так расцягвала словы, што Самуілу падавалася, быццам жанчына пачынае спяваць яму нейкую песню, сумную, поўную жалю і смутку, шкадавання аб сваім няшчасным жыцці і такім кароткім, амаль нязведанным каханні. І ў словах гэтай песні не чулася асуджэння Антука ці нейкай жалобы на бацьку. Яна лілася плаўна, павольна, і былі ў ёй сумная пяшчота да былой маладосці, ціхая пакорлівасць лёсу, шчырасць і незразумелы спакой. Напэўна, так робяць пакаянне перад святаром людзі, асуджаныя на смерць.

— Антук купіў гэту карчму, нешта перарабіў у ёй, нешта дабудаваў і пачалі мы жыць невялікай сям’ёй, спадзеючыся на ласку Бога і на сваю працавітасць. У лютым я нарадзіла Петруся, праз два гады — Просю, потым на белы свет з’явілася Дунятка. Здавалася, усё будзе добра. Але Антук хацеў сына, і тое, што я нараджала яму дачок, ён лічыў за абразу — быццам я адна была вінавата ў іх нараджэнні. А гады чатыры ці пяць таму ён з Заполля перавёз сюды ўдаву свайго брата, і павер мне, лаўнік, амаль перайшоў да яе жыць. Так працягвалася да таго часу, пакуль Ксенія не памерла.

— А ад чаго яна памерла?

— Ад чаго яна памерла ведае толькі Усявышні, — не адрываючы свайго позірку ад калоды, адказала карчмарка. — Не перабівай мяне, лаўнік. Магу збіцца. Я думала, што смерць Ксеніі памірыць нас, прымусіць Антука больш увагі звяртаць на сваіх дзецяй, але не — ён бы звар’яцеў. Бог пакінуў мяне і маю сям’ю, адвярнуўся ад нас, за нешта пакрыўдзіўся! — Матруна некалькі разоў усхліпнула, аднак не заплакала, стрымалася. Корчак ужо падумаў, што яна выгаварылася, але не, яна зноў загаварыла:

— А гэтым летам да мяне ў карчму завітаў жабрак. Худы, слабы, увесь скалечаны. Я падала яму ялмужыну, а ён не зыходзіць, нечага чакае. Я ўжо пачала злавацца, як ён папрасіў паказаць яму майго сына і, убачыўшы яго, асеў на зямлю і заплакаў. Вось тады я і здагадалася, што гэта мой першы муж Юрка Забела і, калі мы выплакаліся, я даведалася пра трагедыю, што напаткала абоз нашай вёскі і чаму бандыты без літасці тады перабілі людзей. Аказваецца, атаманам банды быў Антук. Юрка сам яго не бачыў, але чуў голас і, каб не засталося сведкаў, бандыты ўсіх пазабівалі — нават брата свайго не пашкадаваў, вырадак. Юрку ж пашчасціла, яго не дабілі і да ночы ён ачуняў, а потым прыбіўся да нейкага пустэльніка. Праз год вярнуўся ў Заполле, — жанчына хусткай выцерла вочы. — А мы маглі б жыць разам, быць шчаслівымі, расціць дзяцей!

— Антук засек Юрку, каб той яго не выдаў?

— Тым днём Юрка з’явіўся ў карчме і ўсё, што набалела на яго душы за гэтыя гады, выказаў Антуку. Антук выслухаў Юрку спакойна, прапанаваў дваццаць коп грошай. Юрка не адмовіўся, Антук сказаў, што за дзень збярэ грошы і перадасць іх яму на беразе рэчкі. Што было далей, ты ведаеш.

— Давай раскажу. Твой сын Пятрусь, як заўжды, сядзеў у запечку і чуў размову дарослых. Ён хаця і хворы, аднак скеміў навошта Антук назначыў Юрыю сустрэчу ля Мухаўца, навошта ўзяў з сабой сякеру. Адвячоркам ён непрыкметна пакінуў сваю хованку і, прыхапіўшы цяжкі дубец, накіраваўся следам за Антуком.

Ён бачыў, як Антук секануў Юрыя і, выбраўшы зручны момант, сам ударыў Антука па галаве. Аглушаны айчым абярнуўся, абхапіў Петруся за шыю і той з усяе сілы, памножанай на страх і нянавісць, адштурхнуў Антука ад сябе. Антук зваліўся ў ваду і патануў, пры гэтым ён сарваў з шыі хлопца нацельны крыжык. Пра што думаў тады Пятрусь, я не ведаю, аднак мне падаецца, што ён даўно паляваў на Антука і даўно хацеў яго забіць, як нейкую крыважэрную пачвару.

4
{"b":"597915","o":1}