Литмир - Электронная Библиотека

- Ды не, калі пешшу і наўпрост - хвілінаў трыццаць, на аўтобусе дзесяць, але яго ў гэты час не дачакаешся. Вось звалілася на тваю галаву, табе, мабыць, дадому трэба, жонка ўжо мо зачакалася?

- Малады я яшчэ для жонкі. Дзед мой быў перакананы, што кавалер задумвацца пра сям’ю мае права толькі пасля трыццаці пяці, а заводзіць жонку пасля сарака.

- Відаць, дзед твой быў дока па частцы дзяўчат! Бедная бабка!

- Не, з бабкай у іх усё было нармальна, яна была яго маладзей на дваццаць пяць гадоў, а вось да бабулі, - Вячаслаў злёгку свіснуў, - там, кажуць, шмат чаго было. Давай паказвай дарогу. А чаго гэта ты так кідка апранулася? - змяніў ён тэму.

- Ды вось хацела даказаць аднаму дзіваку сваю смеласць і нацыянальную заангажаванасць.

- І атрымалася?

- Ды ну яго, змагар прыезджы! Вось тут направа і прама праз пустку. Ты не збаішся туды пайсці?

- Ты ж не баішся?

- Дык гэта ж з табой, адна ні за што не паперлася б, нават па п’янцы.

- Я цябе якраз пра гэта самае «з табой» і пытаю: не боязна з незнаёмым мужыком ноччу па будаўнічых пустках швэндацца?

- Слухай, ну цябе! - дзяўчына спынілася і, як здалося Вячаславу, нібыта зморшчылася. - Пайду я лепш у метро ці вунь на прыпынку аўтобуса пачакаю. А я думаю, што гэта ты мне пра дзеда свайго заліваць стаў. Можа, ты маньяк?

- Не, і мяне, і род мой Гасподзь ад такой заганы збярог. Пажартаваў я, ну дык ідзем?

Стэфанія, міжволі імкнучыся быць бліжэй да маладога мужчыны, пакрочыла побач.

4

Хтосьці стукаў у вароты. Спачатку стук быў нягучны, нібыта даверлівы, можа, нават разлічаны на тое, што яго чакаюць у соннай хаце. Потым узмацніўся. І ўжо не адзін чалавек і не рукой злосна лупіў у счарнелыя дубовыя дошкі варотных палавін.

Першай слабы стук пачула Эва і, сцяўшыся пад коўдрай, прыслухалася, імкнучыся адагнаць ад сябе страх, што змусіў мацней забіцца сэрца. Чым маглі скончыцца для закінутага ў глушэчы хутара гэтыя чужыя гукі яна, як і ўсе навакольныя сяляне, ведала яшчэ з ранняга дзяцінства.

Казімір прачнуўся хутчэй ад спалоху жонкі, чым ад груку, і, мацюкаючыся, няспешна падышоў да стала, дастаў запалкі, падняў шкло і запаліў вялікі нямецкі ліхтар.

- Каго там яшчэ халера прынесла? - загаварыў ён нізкім, асіплым спрасоння голасам, - добра хоць дзяцей дома няма. Ты давай, тамака, Эўка, апранайся ды паглёньдзь, што там на стол можна пакласці. Калі ўжо ўсё гэта скончыцца? - Гаспадар, па-ранейшаму не спяшаючыся, нацягнуў штаны, боты, накінуў на плечы ватнюю безрукаўку. У цёмных сенцах, за вялікімі жорнамі, сунуў руку ў схованку, пераканаўся, што зброя і гранаты на месцы, і выйшаў на двор.

Прыхадні, мабыць, заўважыўшы ў акне святло ліхтара, сціхлі.

- Каму там не спіцца па начах?

- Добрым людзям, гаспадар! - адказалі яму па-польску.

- Добрыя, яны па начах у чужыя вароты не ломяцца, панове, - пераходзячы на польскую, запярэчыў Казімір, зазірнуў у прачыненыя дзверы. На парозе стаіўся з кулямётам яго нямы работнік. Гаспадар ледзь кіўнуў галавой уверх, маўляў, давай на гарышча, як было ў іх загадзя дамоўлена.

За варотамі стаялі трое, са зброяй. Аднаго з няпрошаных гасцей ён ведаў, звалі яго, здаецца, Янэкам. Быў ён сярэднім сынам мясцовага асадніка іхняй гміны пана Высчынскага, неблагога чалавека і моцнага гаспадара. Калі прыйшлі Саветы, дык яго яшчэ ў кастрычніку трыццаць дзявятага забралі ў баранавіцкую турму, там і знішчылі. Сям’ю неўзабаве загналі ў таварны вагон і вывезлі кудысьці ў Сібір. Янэка на той час дома не было, ён, казалі, вучыўся недзе ў Вільні, тым і ўратаваўся. Казімір і яшчэ трое сялян з суседніх хутароў падабралі на разрабаваным падворку амаль нежывую маці Высчынскага. Відаць, нехта з вызваліцеляў штурхнуў старую, тая стукнулася галавой аб кут, так з разбітай галавой і ляжала, можа, падумалі, што сканала. Але Бог не даў, уратавалі ўсім светам. Дзесьці праз паўгода аб’явіўся гэты самы Ян з нейкім сваяком і забраў бабку.

У Казіміра крыху адлягло ад сэрца: «Можа, усё і абыдзецца? Хоць па цяперашніх часах дабро ў чалавечай душы надоўга не затрымліваецца. На цябе, Гасподзь, спадзяёмся!»

- Ну заходзьце, калі ўжо завіталі, - прапускаючы ў двор прыхадняў, вымавіў гаспадар. Зачыніў вароты. - Тут пагутарым ці ў хату зойдзеце?

- У дом нам без патрэбы, жонку і дзяцей палохаць няма чаго. Цябе, хоць ты і схізматык, добра рэкамендуюць нашы людзі, - адказаў, відаць, старшы, чалавек сярэдняга ўзросту, зарослы сівой шчэццю, амаль увесь твар хаваў цень ад шырокага брыля канфедэраткі. - Адным словам, пан Казімір, буд­зе ў польскай Арміі Краёвай да цябе адно даручэнне. Можаш гэта лічыць просьбай. Можаш адмовіцца, але не можаш здрадзіць. Ты мяне разумеет?

- Не, пан афіцэр, пакуль не разумею. Што трэба зрабіць?

- Рабіць нічога не трэба, трэба не выдаць той таямніцы, якую табе давераць...

- А, ну так бы і казалі, я, праўда, не ведаю ніякай таямніцы, але калі пан скажа, то буду маўчаць. Мы тутака, - мужык павёў рукой, - усё адно больш маўчым, з канём шмат не пагаворыш.

- Час, гаспадар, цяжкі, Саветы асільваюць, шмат, вельмі шмат людзей загінула, - прастуджаным голасам казаў камандзір, - трэба ратаваць тых, хто застаўся, трэба сыходзіць на Захад. - Паляк замаўчаў, быццам нешта абдумваючы.

«Відаць, і насамрэч прыціснулі вас, - стараючыся не ўсміхнуцца, падумаў Казімір, - за польскім часам ды і пры немцах, калі вас тут ва ўсіх лясах і хутарах як прусакоў сядзела, стаў бы ты са мной так гаварыць адкрыта...»

- Мы вырашылі пакінуць у цябе адзін груз, каб ты яго схаваў і аддаў толькі нашаму чалавеку. Ты згодны?

- Калі тое, пан, нешта малое і не зброя, то чаму не схаваць.

- Гэта не зброя, гэта тры малыя жалезныя скрыні. Там не пянёнзы, не золата, там нашыя вайсковыя паперы. Мы іх адамкнём - і ты сам усё ўбачыш.

- Пан, мне чужога не трэба, мне хопіць і таго, што вы дасце за ахову папер. Нясіце свае скрыні сюды, да адрыны. Як пойдзеце, я іх надзейна схаваю. Я вось толькі аніяк не даўмеюся, за якія заслугі мне ад вас такі давер? Вунь вашых палякаў кругом колькі...

- У нашых будуць шукаць, пан Казімір, - адказаў за камандзіра, які адышоў да варот, Ян, - пра гэтыя паперы многія ведаюць. І сярод сваіх бываюць юды, нешта нам апошнім часам часта не шанцуе: куды ні сунем­ся, а нас там ужо чакаюць радзенцы. Вы за сябе не бойцеся, пра нашую справу ведаем толькі мы ўтрох.

- О, пан Янак, пан Янак! Усё вакол пылам пайшло, люд злым стаў, ні дабра, ні Бога не памятае. Горш звяроў сталі. Вайна стрэльбы дала, а сэрца ў чалавека забрала, а галоўнае, што там наперадзе будзе, нікому невядома. Ссунуўся ўвесь свет, усе бягуць адзін ад аднаго. Ну, а вы куды пабежыцё? За кардон? Дык у вашай Варшаве даўно ўсё тыя ж радзен­цы, і ў Чэхіі, і ў самой Нямеччыне скрозь Саветы. Бедныя вы людзі, ну бяжыце, хай ужо хоць Бог вам спрыяе. А за паперы не бярыце нічога такога да галавы, даглёнжу.

- Вельмі на вас спадзяемся. Гэта я прапанаваў пану харунжаму схаваць архіў у вас. Слова даў за вашу надзейнасць і галаву сваю. Другі раз Бог нас зводзіць...

Афіцэр прытрымаў палавіну варотаў, трэці акавец выслізнуў на вуліцу і хутка вярнуўся з цяжкай, мяркуючы па ўсім, скрыняй. Паставіў яе каля сцяны хлява, прынёс другую, крыху большую, і яшчэ адну.

- Вось, гаспадар, і ўвесь груз, як бачыш, месца шмат не зойме. Калі прыйдзем па яго, я не ведаю, але прыйдзем абавязкова. Вось ён, хутчэй за ўсё, і прыйдзе, - камандзір паказаў на Яна, - а як ён не зможа, то прыйдзе чалавек і скажа: «Прывітанне вам ад пана Яна з Гальшан, таго, што пакінуў у вас свайго каня» - яму і аддасі скрыні. Скрыні гэтыя добра зачыненыя і не баяцца вільгаці, ну ў вадзе іх, вядома, трымаць не трэба. Што вам яшчэ сказаць, нават і не ведаю. Вось, вазьміце грошы. Тут дастаткова, усё ў радзецкіх купюрах, ад граху далей. Для вашай навакольнай галечы грошай шмат, так што траціць іх варта з аглядкай, памалу і лепш не тут, а ў горадзе, каб не было прыкметна, ніхто не спытае, адкуль яны ў цябе, а галоўнае - суседзі зайздросціць не будуць. А яшчэ, каб ты не забыў пароль. - афіцэр махнуў рукой жаўнеру, што насіў скрыні. Той выйшаў з двара і вярнуўся з пародзістым жарабцом.

6
{"b":"592478","o":1}