Литмир - Электронная Библиотека

- Ты гэта да чаго хіліш, Кацярына? - перапыніў акторку, якая ўваходзіла ў ролю, гісторык. - Фактычна, Міндоўга каранавалі каралём...

- Каранавалі, ды не дакаранавалі. Карону ж запаветную на князеву бесталкоўку так і не ўсклалі, абраду сакральнага не правялі. Якая ж гэтая каранацыя?

- Вы толькі на яе паглядзіце: пры гэткай красе і такое веданне гісторыі! - з’едліва засмяяўся гісторык, - і даўно вы, шаноўная Кацярына Сігізмундаўна, тым пытаннем прасякнуліся?

- Угаманіся, усёведны! Не менш вашага штудзірую гэтую навуку. Балазе, у бацькі яшчэ дзедавы і прадзедавы кніжкі засталіся, бо, у адрозненне ад халопаў, у нас у сям’і не было прынята паліць печы кнігамі.

- Ну вось, а то я ўжо неяк засумавала, - займаючы свой гаспадарскі фатэль, ухвальна прамовіла паэтэса. Жанчына гадоў пяцідзесяці, стройная, апранутая з нядбайнай вытанчанасцю так, каб і джынсы, і свабодная тон­кая ваўняная блуза падкрэслівалі ўсе правільныя выгібы і выпукласці яе фігуры. - Адвечны спор варагуючых славян. Вяльможная Кацярына, на тое яна і Кацярына, зараз пачне пераконваць нас, што беларусы - больш палякі, чым беларусы, і я з ёй згодная. Алесь Паўлавіч з уласцівай навукоўцу аргументацыяй кінецца, як заўсёды, пярэчыць, настойваючы на ўнікальнасці і адметнасці беларускай народнасці. Шкада, сёння няма тут нашага нацыянальнага барда, які з дзіцячай наіўнасцю начытаўшыся Трашчанка, узбіўся на хісткія пазіцыі заходнерусізму і будзе стаяць на сваім з фанатычнай перакананасцю езуіта. Усё гэта так, так! Але іншы цяпер вецер дзьме. Мне здаецца, час спыняць гэтую балбатню і неяк вызначацца...

- У чым вызначацца, дарагая наша гаспадыня, і, галоўнае, каму вар­та вызначацца? - ляснуў далонямі доўгавалосы мастак, якога звалі для тутэйшых месцаў да прымітыву немудрагеліста - Іван Іванавіч Іваноў. Аднак пры ўяўнай прастаце прозвішча ды імя, Іван, сын Івана, быў таленавітым і вельмі вядомым і ў краіне, і далёка за яе межамі мастаком. Нейкім дзіўным чынам ён умудраўся ў сваіх карцінах сумясціць народны рэалізм з гіпербалай і непасціжнай абстракцыяй. - Вось я - беларускі нацыяналіст, і з гэтым я даўно вызначыўся. Ад таго я і пратэстую супраць бязмэтнага цягання па плошчах і вуліцах. Былі б гэта выбары ці нейкія іншыя прычыны, ні да чаго добрага гэтыя маршы не прывядуць, а чысціню нацыянальнай ідэі замуцяць.

- Ведаеце, мне вось цяпер у галаву абсалютна вар’яцкая думка прыйшла! - неяк разгублена сказала паэтэса. - Можа, гэтыя дзённыя шэсці і начныя маршы сапраўды маюць нейкі сакральны падтэкст?..

- Ого, дзяўчаты, вы мяне не перастаяце сёння здзіўляць! Гэта ж трэба, да якіх глыбінь дакапаліся? Ды кішка тонкая ў любога з іх стаць фюрэрам, ды і народ наш на немцаў не падобны, гэта я вам як гісторык заяўляю. Хоць без ідэі правадырства ні адзін лідэр сам рэалізавацца не можа.

Змоўклі. Адчувалася, што вобраз маршыруючых па начных вуліцах народных натоўпаў уразіў усіх.

- Вось ты, Алесь Паўлавіч, адкажы мне не як гісторык, а як адзін з родапачынальнікаў Беларускага Народнага Фронту: чаму інтэлігенцыя нашая свядомая неяк крывабока са стагоддзя ў стагоддзе стаіць на абочыне ўсіх тых бураў, што пралятаюць над нашым краем? - рашылася перапыніць зацягнутае маўчанне Кацярына Сігізмундаўна. - А калі ўліваецца, што называецца, у працэс, то ўсё неяк недарэчы. То Напалеона, то Аляксандра, то Вільгельма, то Сталіна, то Гітлера ў выратавальнікі ды ўваскрашальнікі Айчыны спяшаюцца запісаць - і ўсё міма касы. І дзіўная заўсёды выходзіць карціна: духоўныя правадыры бягуць слугаваць тыранам, а народ у партызаны. Чаму?

- Ведаеш, Каценька, неяк ужо вельмі ты пра ўсё абагулена судзіш. Агулам. Не ўсё так проста. Не ўсе і не заўсёды лідэры нашыя спяшаліся ў калабаранты. Не буду ў далёкія нетры ўдавацца, возьмем Другую сусветную...

- Давай лепш бяры наогул новы час, растлумач мне, неразумнай, што ў нас у дзевяноста першым здарылася? Даўно хачу пачуць тваё меркаванне, - перапыніла яго актрыса, дастаючы з пачкі доўгую тонкую цыгарэту. - Не супраць, калі я дыману?

- Зрабі ласку, - ажывіўся мастак, - хоць забароненым паветрам пады- хаю. Паганыя ўсё ж такі людзі, дактары, нават хай і сябры: «Нельга, нельга»!

- Дактароў, як і ксяндзоў, Ваня, трэба заўсёды слухаць, - зажмурыўшы- ся ад задавальнення, вымавіла Кацярына, выпускаючы шызаватыя воблачкі духмянага дыму. - Давай, Алесь, пра нашую першую і адзіную ў гісторыі незалежнасць патлумач, пра тую, якую мы з рук п’янага Ельцына ў Віскулях пакорліва прынялі.

- Якія ж усе акцёры язвы, і вы, матухна, не выключэнне. Дык вось, гісторыя нашай незалежнасці...

- Залежнасці, Алесь! Залежнасці. Мы заўсёды ад некага залежалі, ды і цяпер залежым. Добра, чорт цябе бяры! Не буду я тваю душу рамантыка раздзіраць, пішы сабе сваю казачную гісторыю, авось і яна калісьці спатрэбіцца. Скажы, а чаму ваш бэнээфаўскі лідэр збег з нашай незалежнай краіны і нейкую бязглуздзіцу нясе з еўрапейскіх кустоў? Пры ненавісным камуністычным рэжыме жыў, нават прафесарыў, а тут узяў і драпануў.

Гісторык набычыўся і глядзеў на тэатральную дзіву з відавочнай непрыязнасцю. Усе прыціхлі і, здавалася, падаліся наперад, каб не дай Бог не прапусціць ніводнага слова, ніводнай грымасы. Замес абяцаў быць крутым.

- А чаго ж ты, галубка, не спытала яго сама ў Вільні? Ты ж, калі мне памяць не здраджвае, была на яго лекцыі?

- Ты што гэта - крыўдзіцца на мяне ўздумаў?! Ну ты і дурань! Чаго мне блазна пытацца?! Ён жа збрэша і вокам не міргне. Мне праўда патрэбна, вось я цябе і катую. Ды не хочаш - не адказвай.

- Не, я адкажу, - ужо цяплей працягнуў гісторык. - Пасля таго, як ён не ўгаварыў Васіля Уладзіміравіча выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта і не саступіў гэтае права яму, нашыя шляхі з «лабастым» разышліся. Фронт наш, дарэчы, таксама, па сутнасці, Быкаў арганізаваў. Без яго ён запаршывеў і прыйшоў у той стан, у якім цяпер і знаходзіцца. А нясе Скразняк сваё, бо іншага гаварыць не можа.

- Бачыш, Алесь, - усміхнулася Кацярына Сігізмундаўна. - супакойся, не буду я цябе, родненькі, больш мучыць пытаннямі, хоць на душы ўсё ж неяк моташна. Бо шкада і тых, і тых. Дзе яны яе, гэтую ўладу, знойдуць, на плошчы ці на праспекце? Ды яе і ў кабінетах днём з агнём ні халеры не адшукаеш... Ты, Ядзька, - хітра зірнуўшы на гаспадыню, рэзка змяніла тэму сяброўка, - каго там за перагародкай хаваеш? Мне ўжо даўно накапалі, што ў цябе новы маладзец з’явіўся, а ну, кажы!

Усе з цікавасцю падаліся да паліцы.

- Ціха вы, калекцыю маю разаб’еце, - спрабавала іх супакоіць паэтэса.

На канапцы, згарнуўшыся абаранкам і па-дзіцячы паклаўшы пад галаву малітоўна прыціснутыя адна да адной далонькі, спала бялявая прыгажуня.

27

Засумавалы Вячаслаў заехаў ва ўпраўленне, далажыў, што прыбыў з камандзіроўкі і, калі заўтра адаспіцца, прыбудзе на службу. Пасядзеўшы ў нейкай прастрацыі ў кабіне свайго «японца», ён раптам зразумеў, што яму ехаць нікуды не хочацца; цяжка ўздыхнуўшы, накіраваўся ў кругласуткавы гастраном. Амаль у адзіноце паблукаў між стэлажоў, чагосьці неабавязковага накідаў у тачку і ўжо накіраваўся да соннай касіркі, як яго невясёлы настрой перапыніў званок мабільніка.

- Славік, а ты часам не ў горадзе? - спытала слухаўка голасам Ягора Кузьміча.

- У Мінску, тут, недалёка ад вас. Хлебам надзённым затаварваюся і збіраюся да сябе на выселкі ехаць. А што, будуць нейкія ўказанні?

- Ну, загады хай табе начальства выдае, а вось просьба ў старога маецца: ты і мне батончык свежанькі захапі ды кефірчыку пакецік, ну і завязі старому, калі не цяжка.

- Будзе выканана, - узрадаваўся лейтэнант, які яшчэ не звыкся да барацьбы з любоўнай хандрой. - Можа, чаго паістотней прыкупіць?

- Не, шмат не набірай, я, ты ж ведаеш, не вялікі ядок.

Хандру як рукой зняло. Вячаслаў ехаў па сонным пустым горадзе. Ён яго любіў вось такім: няспешным, у аціхлым асвятленні. Хоць у цэнтры, не зважаючы на позні час, таўклася моладзь.

Якое ж было яго здзіўленне, калі ён убачыў свайго настаўніка на лаўцы ля пад’езда. Адзінокая згорбленая постаць падалася яму неймаверна тужлівай. Стары, пазнаўшы яго машыну, устаў і замахаў рукамі. Вячаслаў пад’ехаў бліжэй і адчыніў пасажырскую дзверцу.

45
{"b":"592478","o":1}