Литмир - Электронная Библиотека

- Гэта не я, гэта ён Фюрэр! - паказаў на партрэт. - Далей раю не блытаць. Давай, хто там наступны?

Дзмітрый збянтэжаным выходзіў з кабінета.

- Нічога, Дзмітрый Іванавіч, - каля самых дзвярэй ухвальна паляпаў яго па плячы чалавек у шэрым гарнітуры, якога Дзмітрый нават не заўважыў, уваходзячы ў пакой, - некантраляваны выкід эмоцый толькі пацвярджае вашу шчырасць у вернасці Рэйху. Давайце мы з вамі трошкі пагаворым. Я капітан вермахта Маркус. Хадзем да мяне ў кабінет.

Кабінет быў невялікі, але ўтульны для казённых памяшканняў.

- Сядайце, Дзмітрый, можаце курыць, я за адно з вамі падыхаю такім жаданым і ўжо амаль забытым водарам.

- Дзякуй, спадар капітан, я наогул ніколі не курыў, - адказаў Стальмах. Тысячы думак скакалі ў яго галаве вар’яцкі танец невядомасці. Хто гэты капітан? Якая ў яго да мяне размова? Можа, нешта не так з праверкай? Але тады б Аук не пераводзіў бы на мяне сваю хвалу. Спакойна, Дзіма, сядай, не псіхуй і слухай пытанні, уважліва слухай, і не толькі вушамі, усёй сваёй скурай слухай...

- Спадзяюся, ад кавы нованабыты Нямеччынай чыноўнік не адмовіцца? Тым больш, што я яе гатаваў сам і літаральна хвілін дваццаць назад. Зараз мы разагрэем гэты цудоўны дар далёкай Бразіліі. - Пад прыгожым срэбным кававарнікам сіняватым агнём замігцела спіртоўка. - А вы, Дзмітрый, ведаеце, дзе знаходзіцца Бразілія?

- У Паўднёвай Амерыцы, спадар капітан!

- Досыць вам салдафоннічаць, вы такі ж, як і я, афіцэр. Вось бачыце, артылерыст, а геаграфію ведаеце. У нас многія пяхотныя афіцэры не ведалі нават, дзе знаходзіцца Польшча, пакуль туды не прыйшлі. А вы інтэлектуал, і стыль у вас нядрэнны, я вось усе вашыя ўлёткі і нататкі для беларускіх газет сабраў, - кіўнуў ён рукой на тэчку, якая ляжала на стале. - Напэўна, вершамі забаўляліся ў інстытуце, угадаў?

- Ды якія там вершы...

- Не скажыце, вершы, як казаў вялікі Гётэ, яны нібы горная плынь, і ўтрымаць іх у сабе немагчыма. Я вось, уявіце, да гэтага часу грашу. Думаю, у нас будзе час, мы і вершы пачытаем, і яшчэ што-небудзь цікавае. Як вы думаеце, хто я і навошта вас паклікаў? - рэзка змяніў тэму капітан.

- Вы, вы, - ускокваючы з крэсла, завыкаў Дзмітрый, - вы капітан Вермахта...

- Правільна, толькі не зусім звычайны капітан, я тут прадстаўляю ваенную выведку «Абвер». Чулі пра такую?

- Так!..

- Дзмітрый, сядайце і давайце гаварыць без усяго гэтага...- раздражнёна сказаў афіцэр, вымаляваўшы рукамі ў паветры нейкую загадкавую фігуру. - І так. дзе і ад каго вы чулі пра Абвер?

- У лагеры «Стары ксёндз», у Польшчы, месяцаў восем таму. Хлопцы паміж сабой гаварылі пра тое, што павінны хутка прыехаць вярбоўшчыкі з вашай арганізацыі. Адзін з іх, мой цёзка Дзмітрый Раманюк, нібыта на­ват у вашай школе вучыўся, але правініўся, і яго назад за калючку кіну... прабачце, адправілі.

- Пахвальна, што вы шчыры, і радуе, што наіўны. У нас, курсант Стальмах, з разведшколы людзі сыходзяць ці ў тыл да Саветаў, ці прама на Месяц. Могуць, праўда, са спецзаданием у канцлагер патрапіць, для ўнутранай распрацоўкі, - манатонна, як пра нешта спрадвечна пэўнае апавядаў капітан, варагуючы са сваім кававарнікам, - а вось і нашая кава гатова. Трымайце кубак, цукар кладзіце самі. Ну як напой?

- Ведаеце, я ж з усходніх раёнаў, з-пад Віцебска, - збянтэжана пры- маючы маленькі кубачак з танюсенькай, як шкарлупіна яйка, парцаляны, шчыра прызнаўся Зміцер. - Я асабліва ў такіх напоях не разбіраюся. Калі шчыра, я наогул каву першы раз у жыцці п’ю. Гарбату там, узвары, кісялі, какаву - усё гэта піў, а сапраўдную каву не даводзілася. Дзякуй.

- Тады пачынаем з вас, і, ведаеце, давайце не будзем цягнуць, як у вас кажуць, ката за хвост. Мы прапануем вам супрацоўніцтва і заступніцтва. Не спяшайцеся пярэчыць, - бачачы, як напружыўся суразмоўца, папераджальна махнуў рукой капітан. - Мы не проста да вас прыглядаліся і ацэньвалі, вас нам рэкамендавалі вельмі годныя і паважаныя вамі людзі. Хочаце, я іх назаву?..

3

«Дзяржслужачы любога дастатку (ад драбнюткага клерка да самай вярхушкі краіны), які хоць бы раз у квартал не ездзіў у метро ці на іншым грамадскім транспарце, небяспечны для грамадства і павінен быць неадкладна скасаваны з карпарацыі, якая служыць народу». Гэтае, пакуль невядомае шырокай публіцы, правіла, што распаўсюджваецца і на багацеяў свету, было выведзена Вячаславам Стахавічам Скаргам, з нядаўняга часу «новаспечаным» оперупаўнаважаным аднаго з аддзелаў упраўлення дзяржбяспекі сталічнай вобласці. І вось, кіруючыся сваім лозунгам, Скарга, пры наяўнасці ўласнага аўтатранспарту, ездзіў на службу і са службы выключна ў сталічным метро, як і ўсе нармальныя грамадзяне небагатай рэспублікі.

Метрапалітэн, як і належыць падзямеллю, заўсёды жыў і жыве сваім мітуслівым жыццём. Масква ў трыццатыя гады, выкапаўшы ўслед за Захадам для сваіх грамадзянаў норы перамяшчэння, пачала распаўсюджваць гэтую моду на сталіцы саюзных рэспублік і рэдкія гарады-мільённікі. Не прамінула гэтая аблуда і Мінска. Сталічны метрапалітэн дастаўся суверэннай Беларусі, як і іншыя цуды імперскай велічы, ад савецкай і ўшчэнт сацыялістычнай БССР.

Горад з метро - гэта ўжо сапраўдны горад, не роўня абласным правінцыям і паселішчам гігантаў хіміі ці металургіі. Метро, нават на постсавецкай убогасці, і да сёння лічыцца не толькі сродкам перамяшчэння, але і сімвалам статуснасці, што дазваляе жыхарам песціць у сабе асаблівы местачковы гонар. Чалавека краіны Саветаў заўсёды прымушалі чым-небудзь ганарыцца: то, скажам, палётам сабачкі ў космас, то рэкорднымі надоямі малака, то такім выкананнем дзённага плана, што твая паўсядзённая норма пачынала здавацца нізам працоўнага імпэту, то перамогай спартсмена, які даўно ўжо не жыве не толькі ў тваім горадзе, але і на тваёй Радзіме рэдка бывае. Калі ж на дадзены момант ганарыцца не было чым, прадпісвалася ганарыцца і хваліць навакольную прыгажосць. Калі хто з прыезджых заводзіў дурную песню пра нашыя нікуды не вартыя тавары, пра каўбаску з паніжаным утрыманнем мяска ці яшчэ пра што падобнае, яму адразу ж пачыналі распавядаць пра мясцовыя лясы, азёры і мястэчкі, разваліны замкаў. Не ганарыцца сваім мы не можам. Таму без падобнага гонару - што ж мы за народ такі? І вось ад агульнасавецкага гонару мы неўзабаве перайшлі да гонару ўсебеларускага. Ганарыўся сваім горадам, яго метро і малады чэкіст.

Вячаслаў рэдка ездзіў на службу ў абавязковым касцюме з гальштукам, у гэтую казённую браню ён апранаўся ўжо ў кабінеце, а так - красоўкі, джынсы, някідкая куртка, модная сёння сумка а-ля планшэт і вязаная шапка складалі яго дарожны гардэроб. Старэйшыя таварышы па аддзеле паджартоўвалі з дзівацтваў маладога лейтэнанта і адразу ж узнагародзілі яго мянушкай «канспіратар». І мянушка Скаргу падабалася.

Уражанні ад пачутага і падгледжанага ў падземцы і тралейбусе, а ездзіць яму даводзілася аж у Малінаўку, Вячаслаў амаль кожны вечар аналізаваў і запісваў у дзённік. «Дзённік для чэкіста - апошняя справа, - не пераставаў паўтараць адзін з іх выкладчыкаў, - асабістыя перажыванні і думкі, давераныя паперы ў юнацтве, могуць нашкодзіць спакойнай і сытай сталасці і тым больш старасці. Так што спецыялізуйцеся на чытанні чужых прызнанняў і ніколі не пішыце сваіх». Вячаслаў прыняў гэтую параду да ведама, але дзейнічаў па-свойму.

Дзённікі ён пісаў даўно, з восьмага класа, і надзейна хаваў у старым, яшчэ прапрапрадзедавым схове, па-майстэрску абсталяваным у іх старым доме ў Нясвіжы. Дому гэтаму, калі верыць нябожчыку дзеду, было гадоў чатырыста з гакам, пра памер гака дзед нічога не казаў, а вось схованку перад самай смерцю паказаў, пры гэтым узяў клятву, што Вячаслаў адкрые тыя таямніцы толькі свайму ўнуку, калі яму споўніцца сямнаццаць гадоў.

- Дзед, а калі ўнука не будзе?

- Як гэта не будзе? - наморшчыўшыся, строга спытаў той.

- Калі будуць толькі ўнучкі?

- Тады жыві, чакай праўнукаў, але амялушкам і чужынцам нашу таямніцу не выдавай, - падумаўшы, дзед дадаў: - Сыну не ўздумай казаць, сын бацьку не сябар, ён больш супернік. Гэта пакуль табе зразумець цяжка, пазней, пазней датумкаеш. У самым крайнім выпадку сярэдняму ўнуку свайго брата пакажаш, які табе будзе радней і бліжэй. І наогул, больш за ўсё давярай сваім пачуццям ды інтуіцыі, не пярэч ім і не супраціўляўся.

4
{"b":"592478","o":1}