пляваўся і пытаў
хіба наглядчыкамі ды папугаямі на вышках ва ўсіх тых лагерах, дзе я пабываў, чужынцы былі? не, свае ж, маць іх грэбаную, такі народ
ставіў у цэнтр стала вараную бульбу, адкуль сплывала ў столь пара, і гаварыў
і цяпер на зонах самі сваіх жа апускаюць, любімы занятак, самаеды, маць іх так і гэтак
зноў пытаў
вось вы, можа, у нейкай ступені кніжнік, навуковец, можаце мне растлумачыць, чаму на нас хутка пляваць будуць і мець рацыю?
на што Даніла Прусак толькі крывіўся і адказваў сумна
быў такі Гумілёў, што распрацаваў тэорыю пасіянарнасці, адпаведна якой для кожнага этнасу адпушчана прыблізна тысяча дзвесце гадоў: ён, этнас, з’яўляецца, пашыраецца і мацнее, потым плаўна спадае і кансервуецца, і мы зараз не адзіныя ў сваім заняпадзе — розніца хіба што ў формах, ну, вазьміце, прыкладам, Ангельшчыну, Францыю, Нямеччыну, Нідэрланды: там паўсюдна і імкліва расце колькасць чужынцаў — тых, хто знаходзіцца ў больш актыўнай стадыі этнагенезу; адны народы паміраюць, а на змену ім прыходзяць новыя
але стары перабіў зласліва
нешта я не чуў, каб па сваёй асабістай ахвоце задніцы падстаўлялі
і мужчына пагадзіўся
так, супраціў павінен быць, і гэта нармальна, але ў нас яшчэ і абцяжарваючы фактар — радыяцыя, а гэта значыць, што доля разумова адсталых рэзка павялічваецца, да таго ж мы не маем сістэмы генетычнага маніторынгу
а стары спытаў
вы мне можаце прасцей патлумачыць, чым гэта ўсё нам пагражае?
і мужчына падумаў і сказаў
мяркую, мы ў стадыі этнацыду, — калі большасць імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генетычны цяжар, дый пажылі каля тысячы гадоў, якраз у тэорыю таго ж Гумілёва ўпісваемся, хаця ёсць яшчэ і актыўная меншасць
і стары пацікавіўся змрочна
дык што — віць усім вяроўкі?
а мужчына ўсміхнуўся і сказаў
патрэбны людзі, якія яшчэ, можа, і знойдуцца, якія разумеюць сітуацыю, а натоўп агітаваць дарэмна, чым гучней ім крычаць праўду, тым больш яны тых крыкуноў ненавідзяць, бо знясіленыя не жадаюць дзеяння, хіба не так?
і стары не адставаў
і што гэта за новыя людзі з’явяцца?
і мужчына сказаў
выспявае ж нейкая рунь, бізнесоўцы ўсялякія, энергія ад іх новая
а стары не пагадзіўся
тая рунь — проста блатныя ды прыблатнёныя — яны адзін аднаго жаруць, жор навокал стаіць, а вы пра энергію
і сачыў, каб даўнёнак еў і шкадаваў
гэ-эх, нябога
меркаваў
блатныя — яны абачлівыя і вялікія хітраваны, так што наўрад той Клім Фралоў на «макруху» проста так рашыўся: з якой нагоды? за «шмаль», кажаш? але і «шмаль» і «дур» жыцця не вартыя, хутчэй за ўсё падставілі зуха — ім, прыхадням, такі варыянт з абодвух бакоў ласы
Даніла Прусак па дарозе дадому ўспамінаў словы старога і думаў пра следчага Кузіна — чаму той маніць яму і не хоча, каб ён пабачыў Кліма Фралова, а даўнёнак трымаў яго за руку і гаварыў
дзедадзедадзеда
Даніла Прусак абяцаў
харошы дзед, заўтра зноў да яго пойдзем
адзначыў міжволі, што чужынцаў за апошні час стала больш не толькі на былой фралоўскай сядзібе, а і па ўсім горадзе: па двое, па трое яны шпацыравалі на вуліцах, многія з іх ашываліся ў цэнтры горада, на плошчы ля галоўнага помніка, ля шматлікіх ларкоў, а калі наблізіўся да дома, то ўбачыў, што перад фралоўскай брамай перадусім зрабілі наспех лаўку, а на ёй сядзелі ўжо некалькі дзяўчат, сярод якіх ён пазнаў і Манюкаву Рэгіну — усе яны, як ён адзначыў, былі апранутыя ў лепшыя свае сукенкі, не інакш, палілі цыгарэты і хікалі, а перад імі выломваліся двое з тых бежанцаў, як яны сябе называлі, ва ўзросце яго сына Ігната, толькі больш узмужнелыя ды закаснелыя і раз-пораз нешта рэзка выкрыквалі то на сваёй, то на ламанай рускай
будулагу! гуламарадубугула! бляматаюшуву!
пасля таго як паклаў спаць малога, зноў ладзіў плот і хадзіў у хлявок то па інструменты, то па цвікі, то па новыя дошкі, бо ў плоце некалькіх ужо не хапала, і яму стала зразумела, з чаго зрабілі лаўку перад брамай, і прыбіў дошкі цвікамі і раптам здзівіўся таму, што ў тым — хляўку апошнім часам нічога быццам больш не прападала, хаця замка на дзвярах ён не вешаў: стаялі на сваіх месцах старая канапа і камод, крэслы з падранай абіўкай на сядзеннях, у куце, як і раней, пры жывой сястры, ляжалі нажоўка, гэблік, граблі, матыка, пустое вядро і яшчэ розны хлам, і мужчына думаў пра гэта нейкі час, але так і не знайшоў тлумачэння, а потым цераз плот папрасіў адну з жанчын, што завіхаліся на былым фралоўскім двары, паклікаць з дому іх самага галоўнага мужчыну, а тая заўважыла мімаходзь і нядбайна
у нас всэ главные
пачала гучна крычаць па-свойму дзецям
губудумузуру!
але потым усё-ткі знікла ў доме, адкуль счакаўшы час, да яго выйшаў высокі і зарослы чорнай шчэццю апуцак з тоўстай шыяй і дзіўна завостранай зверху галавой: патыліца ў яго была зрэзана, а лоб збягаў назад, і ўтаропіўся вострымі вачыма, а Даніла Прусак сказаў яму
плот больш не чапайце, я не пацярплю
і не азіраючыся пайшоў у дом, а на другі дзень зноў накіраваўся да следчага Кузіна, доўга чакаў яго ў райаддзеле, а даўнёнак енчыў, прасіўся на вуліцу і пачынаў плакаць, калі ўрэшце следчы з’явіўся і, нават не запрасіўшы ў кабінет, абыякава спытаў
ну, з чым на гэты раз?
і мужчына патлумачыў
я б усё-ткі хацеў пагаварыць са сваім суседам, Клімам Фраловым, самі ведаеце, цікаўнасць маю вялікую
а следчы Кузін сказаў
высока ўзнімацца спатрэбіцца, аж на самае неба, ён, пэўна, там ужо — якраз учора засіліўся, такая для вас навіна
але Даніла Прусак не паверыў
жарты ў вас, ментоў
а следчы гаварыў
часу не маю з вамі чырыкаць, але скажу толькі — жартаваць не абучаны, у кавээнах не ўдзельнічаў
і дадаў
дык, каб вам зусім сюды больш марш-кідкі не рабіць, скажу па сакрэту, што ў тым доме Фраловых мы вобыск зрабілі — быў адразу дазвол пасля смерці вашай сястры — дык вось вам навіна: аніводнага грама наркаты там не знайшлі, пуста
пасля чаго Даніла Прусак не стрымаўся — заўважыў
ну, у няўдалай Дар’і заўсёды авар’і
следчы Кузін быццам не пакрыўдзіўся і раптам спытаў
вы там, у сталіцы, дзе працуеце?
мужчына адказаў, прапускаючы ў вузкім калідоры ўздоўж сябе то аднаго, то другога міліцыянера, а даўнёнак шчыльней ціснуўся да яго
пасада невялікая, у канструктарскім бюро
следчы заўважыў павучальна і прывязчыва
дык у вас там, можа, творчы ўзлёт і суцэльны поспех? рынкі асвойваеце?
І ўсміхнуўся з’едліва, закрываючы за сабой дзверы, а Прусак да радасці хлопчыка завярнуў да выхаду, і неўзабаве вуліца засмактала іх: было яшчэ не вельмі горача, хуткія аблокі адно за адным набягалі з усходу, раз-пораз накідваючы на наваколле ценевы вэлюм, а потым у гарадскім парку яны елі марожанае і назіралі, як звыкла спрачаліся паміж сабой купкі сп’янелых рабацяг ды зладзеяватых абадранцаў з апухлымі тварамі, але тут даўнёнка пачало хіліць у сон, і мужчына павёў яго дадому, і з перагаворнага пункта на паштамце званіў сыну, але там так і не знялі слухаўкі, і потым з хлопчыкам ішоў па вуліцы, на якой ужо, здавалася, мільгалі толькі постаці чужынцаў, бо ля фралоўскай сядзібы стаяла некалькі іншамарак, ля якіх віравалі мужчыны і з рэзкімі крыкамі насіліся ўзад-уперад дзеці і падлеткі, а з дома часам таксама з крыкамі выбягалі і забягалі зноў унутр жанчыны
бугуламаташагудулу! бляматаюшуву!
чуў ён, а даўнёнак узяў яго за руку і ціснуўся бліжэй, і яны ішлі, і мужчына лавіў на сабе хуткія, ацэньваючыя позіркі, за якімі адразу ішлі ўслед разняволена-выклікаючыя спокіўкі, што разам дэманстравала прыхаваную агрэсіўнасць гэтых людзей, і мужчына думаў пра ўсё, пакуль карміў і ўкладваў спаць хлопчыка, і потым, калі крыкі на вуліцы і фралоўскім падворку, здаецца, дасягнулі верхняга напалу, у доме ўключылі магнітафон, быццам скідвалі напругу