Литмир - Электронная Библиотека
A
A

        куды вы мяне, па якому праву і ці надоўга?

патлумачыўшы нервова

        там жа дзіцё засталося, вы ж бачылі на дарозе

але адказам яму была доўгая паўза, якая некалькі разоў парушылася шыпеннем рацыі ля пояса ў сяржанта, што сядзеў спераду, і некалькімі фразамі, якімі той абмяняўся па радыё, і толькі потым нядбайна кінуў

        даведаецеся на месцы, вам патлумачаць

пасля чаго засталося трываць боль і чакаць, пакуль урэшце машына заехала ў двор мясцовага аддзела міліцыі, і яго адчапілі ад сядзення і пацягнулі ў следчы ізалятар — цагляную прыбудову ў самым кутку двара, там якраз ішоў рамонт, і ён адразу адчуў той характэрны пах зняволення, які, пэўна, захоўваецца ва ўсіх падобных месцах, — пах нямытых чалавечых цел, нечыстот і яшчэ чагосьці, што не перадаць словамі: магчыма, пах паразы, змешанай са страхам, і мужчына рвануўся назад і закрычаў

        адвядзіце да начальніка!

але яго ўжо цягнулі па доўгім вузкім калідоры і ўрэшце затаўклі ў адну з камер, дзверы бразнулі і зачыніліся, і адразу ён удыхнуў задушлівае і смуроднае паветра — быццам да твару яму прыклалі брудную анучу, а ля сцен сядзелі і напаўляжалі некалькі постацяў: пэўна, гэта былі звычайныя апушчэнцы ці бамжы, ён не здолеў вызначыць адразу; адзін з іх, маладзейшы, паліў, яшчэ адзін вычэсваў выпадаючыя сальныя валасы на паўголым чэрапе і разглядваў іх пасмы на расчосцы, яшчэ адзін спаў, але Даніла Прусак не стаў вывучаць сядзельцаў камеры, а павярнуўся да іх спінай і загрукаў у дзверы

        выпусціце мяне!

крычаў ён і грукаў мацней

        я патрабую!

і яшчэ пра тое, што яму не прад’явілі абвінавачання і што дома застаўся хлопчык-інвалід, адале ўрэшце дзверы адчыніліся і двое мажных міліцыянтаў вышмаргнулі яго ў калідор і моўчкі пачалі збіваць, пакуль ён не асунуўся на падлогу, а потым зноў зацягнулі яго ў камеру і кінулі, так нічога і не сказаўшы, і толькі гадзіны праз дзве яго вывелі вонкі, правялі праз двор, і ён раптам апынуўся ў знаёмым кабінеце, дзе за сталом сядзеў побач з шэрым абшарпаным сейфам за спінай следчы Кузін і нешта пісаў, быццам не заўважаючы яго, і ўсё гэта адбывалася неяк не сапраўды, у зацягнутай штучнай паўзе; той усё пісаў, няспешна крэмзаючы белы ліст паперы, і мужчына таксама маўчаў, стрымліваючыся, пакуль ўрэшце следчы Кузін узняў на яго цёмныя каламутныя вочы і спытаў

        дык вас усё яшчэ цікавіць, чаму засіліўся Клім Фралоў?

на што Даніла Прусак сказаў

        такой падлянкі ад вас не чакаў, дык, можа, вы мне пра Фралова пасля раскажаце, а пакуль патрабую выпусціць мяне, там хлопчык адзін застаўся, вы ж ведаеце сітуацыю

ён спяшаўся, бо следчы Кузін выказваў раздражненне і прыкметы нецярплівасці

        да таго ж я затрыманы беспадстаўна, мне нават абвінавачанне не прад’явілі, збілі…

але следчы Кузін перабіў з прыхаваным задавальненнем

        абвінавачанне прад’явім, а трымаць вас да таго часу маем права месяц — такі цяпер парадак

і тут мужчына не вытрымаў, голас яго сарваўся на крык

        дайце хоць патэлефанаваць!

закрычаў ён і рвануўся да тэлефона, але следчы Кузін падхапіў апарат і перакінуў за спіну, паставіўшы на сейф, абпоўз Данілу Прусака позіркам і сказаў, нядобра скрывіўшы рот

        пагасцюеце ў нас, з ачосамі грамадства, так бы мовіць, пазнаёміцеся, а званіць не дазволена

але мужчына перапыніў, скіроўваючы гутарку ў патрэбнае яму рэчышча

        чаму мяне арыштавалі, на якой падставе?

і раптам здагадаўся: урэшце, гэта здагадка спакваля ўжо існавала ў яго галаве, нібы плавала там неаформлена і размыта, як амёба

        вы што, падазраяце гвалт з майго боку, вы гэта сур’ёзна?

спытаў ён і асунуўся ў крэсла — стаяць было цяжка, а следчы Кузін зноў мазнуў позіркам па яго твары і сказаў убок

        у нашай Дар’і не адны авар’і — а як вы думалі?

і дадаў

        раю прызнацца і даю слова, званіце куды захочаце, хоць у Гандурас

але Даніла Прусак патрабаваў

        паклічце пракурора, адваката ці яшчэ каго, хаця б вашага начальніка — вы парушаеце закон

на што следчы Кузін нядбайна заўважыў

        тут свае законы, — вядома, не турма і пакуль не зона, але за месяц з чалавекам усё можа здарыцца, Клім Фралоў таму прыклад, а вы ж нават не урка, вы тут безабаронны

і Даніла Прусак разгубіўся ад непрыхаванай пагрозы яго слоў і сказаў

        я ў вас некалькі гадзін, а мне кожная хвіліна вялікую цану мае, бо хлопчык — інвалід, вы ж яго бачылі, ён адзін проста не выжыве

і зноў сарваўся на крык, але следчы Кузін быццам чакаў гэтага, бо спытаў

        мо вернемся ў камеру? у калектыў жадаеце? ці, можа, у адзіночку?

і тады мужчына прапанаваў

        там па суседству адзін стары жыве, я ведаю адрас, загадайце, каб хлопчыка да яго завезлі, ці дайце да майго сына ў сталіцу патэлефанаваць, ён прыедзе, забярэ, прашу

і хаця ён выціснуў з сябе гэтае «прашу», у ім ужо набірала моц нянавісць да гэтага востранькага, скуластага, з цупкім позіркам чалавека, які сядзеў супраць яго, назапасіўшы, пэўна, нейкі нечаканы і каварны ход, і невядома, пра што думаў, але Даніла стрымаўся і сказаў

        гвалтаўнікоў сярод прышэльцаў шукаць трэба, і забойцу там жа, у хляўку, і мяне ледзь не забілі, магчыма, яны там наркату хаваюць, што ім тады той ваш вобыск

і закончыў

        сваім дайце ж пазваніць, не таміце

і крыху пасунуўся да дзвярэй, а потым яшчэ, але следчы Кузін апярэдзіў яго намер

        там за дзвярыма міліцыянт стаіць, і, увогуле, не раю самадзейнасці; дык будзеце падпісваць?

і Даніла Прусак спытаў

        а што вы, дарэчы, мне інкрымінуеце? вы хоць думаеце, што робіце, валодаеце сітуацыяй?

на што следчы Кузін аніяк вонкава на адрэагаваў, але патлумачыў

        я пратакол накідаю і разам пакубатурым, як і што

а мужчына падумаў і прапанаваў

        згода, але спачатку я тэлефаную?

следчы Кузін павагаўся і ўрэшце зняў апарат з сейфа і паставіў на стол, і Даніла Прусак набраў нумар сваёй кватэры і ў думках узмаліўся, каб сын быў дома, а следчы Кузін гаварыў, пагрозліва трымаючы руку на рычажку тэлефона

        размаўляйце толькі наконт хлопчыка і больш нічога — ні дзе вы, ні чаму тут

гудкі ішлі адзін за адным

        ту-у-у-у-у

        ту-у-у-у-у

        ту-у-у-у-у

пакуль ўрэшце ў слухаўцы шчоўкнула, і сын Ігнат спытаў

        ало, хто гэта?

Даніла Прусак адразу ўсхвалявана пачаў крычаць яму, што трэба неадкладна, зараз жа ехаць у Янаўск і забіраць малога Юльяна, які адзін дома, абавязкова забіраць да наступлення ночы і быць з ім, а следчы Кузін насцярожана сачыў, і ён зноў паўтараў — ехаць прама цяпер да ночы, а сын Ігнат незадаволена гугнеў

        ну што за пажар? а навошта цяпер, што я там не бачыў, у мяне тут справы

мужчына, стрымліваючы сябе, ужо больш спакойна казаў

        я цябе вельмі прашу, едзь не марудзячы, прама да дому ідзі — ты ж памятаеш дзе, — быў жа некалькі разоў, — жыццё малога ад цябе залежыць, ты разумееш?

сын Ігнат перабіў

        якраз нічога не разумею, што ў вас там, ва ўсіх дах паехаў?

Даніла Прусак сказаў таропка, бо следчы Кузін ужо выказваў прыкметы нецярплівасці

        гэта ж твой брат, кроў у вас адна, паўтары: «гэта мой брат…»

сын Ігнат зноў пачаў незадаволена гугніць — то была яго звычка, набытая, магчыма, з генамі цесця-палітрука

        брат, брат, ды што ты там усё цямніш, што здарылася ўрэшце, растлумачыць не можаш?

і тут далонь следчага з вузлаватымі пальцамі, якія заканчваліся шырокімі, плоскімі пазногцямі, націснула на рычажкі, і ў слухаўцы шчоўкнула і стала ціха, а следчы Кузін сказаў незадаволена, нават раздражнёна

        ну, цяпер бярыце крэсла, сядайце бліжэй да стала, і будзем, так бы мовіць, працаваць на вашу і маю карысць

і мужчына пасунуўся з крэслам, выцер мокры ад поту лоб бруднай насоўкай, якую выцягнуў з кішэні, і нечакана спытаў у следчага Кузіна, быццам дапытвалі таго

12
{"b":"578338","o":1}