Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Аднаму?.. Рызыкоўна. Хіба адзін у полі воін?.. — горка ўсміхнуўся ён. — Але каго ж запалучыць? — моршчыў ён лоб. — Каб жа гэта Жукаўшчына была на загуменні, і хлопец мой падбег бы, не зломак ужо, — падумаў ён пра сына, — а то ж далеч, чысты свет…»

Як ні круціў Андрэй, а вымушан быў спыніцца на Рамане Сідарку.

«Гэты ўжо раз быў, тады… Хоць мала з яго толку, але ж язык у яго, як у цяляці: не пляце абы чаго па вёсцы. I патрымацца за шкляное рыльца любіць…»

Прыйшоўшы дадому, Андрэй рынуўся на ложак, як стаяў: у пінжаку, у ботах, нават шапкі не знімаў.

— Засну троху. А ты, Вова, — клікнуў ён сына, — прывядзі да мяне Сідарку, так пад вечар.

— Добра, збегаю, — прапісклявіў той у адказ, возячыся ў парозе з іржавым веласіпедным вобадам, падганяючы яго пад леташнюю тачку, якая была на цяжкім коле ад арфы.

— А дзе маці?

— Жне за вёскай…

— Глядзі не забудзься… — адвярнуўся Якубчык спіною на хату i хутка засоп у нос.

Праз гадзіны дзве яго і расштурхаў Сідарка, увесь заспаны і ўскудлачаны, відаць, пасля ўчарашняга ён яшчэ не да адной удавы забягаў за чаркай, абяцаючы скасіць ёй шнур сенакосу, выдзелены на працадні. Вочы яго зусім асалавелі і плюшчыліся. Расшпілены пінжак, укачаны ззаду ў пер’е, ссоўваўся з плеч. Галава не паварочвалася, язык яго зусім не слухаў, мусіць, перасохла ў роце.

— Што табе трэба? Ад твайго шчанюка адбою няма, к чорту матары!.. Прыстаў, зануда, і цягне з ложку… Я б яму паказаў, каб матка не ўмяшалася… — зыбнуўся Сідарка і нахіліўся над Андрэем.

Той адразу, пачуўшы голас Рамана, ускочыў, працёр вочы, сыкнуў на Вову, каб ён вымятаўся прэч і, узяўшы Сідарку за абвіслы лацкан пінжака, павёў да стала.

Сідарку нельга было ўламаць. Нічога не хацеў слухаць: кажы яму канкрэтна, чаго пазваў — і ўсё.

Тады на стол з’явілася бутэлька і галоўкі цыбулі з чэрствым хлебам. Андрэй асцярожна, здаля ўпамянуў пра Жукаўшчыну.

Выпіўшы крыху, Сідарка ачухаўся ад сну. Ён даўно ўлавіў, куды хіліць Андрэй, але рабіў выгляд, што нічога не цяміць з туманных намёкаў соннага чалавека.

Нічога не зробіш…

Не па дарозе - i_002.png

На стол з шафы была пастаўлена другая паўнюткая бутэлька, аж па газетную затычку, i масла на талерцы.

Цяпер ужо Андрэй развязаў язык. Усё ўмельства ўгаворваць ён выклаў тут, за сталом. Сам ён не выпіў нічуць, так толькі, для віду прыгубляў шклянку. А Сідарка, слухаючы няхітры план начной малацьбы Якубчыка, чэрпаў лыжкай масла і, патакваючы, ківаў галавою.

— Калі махнём удвух — не забавімся доўга. Сюды-туды, сноп пад калені і канец… — шэптам даводзіў Андрэй.

— Каму канец? Сідарку не канец… Сідарка нікуды не кранецца… Не палезе, як дурны на вароты… Факт.

— Не вярзі абы чаго. Возьмем мяшкі і пудзікі па два прыцягнем. Будзем збірацца, пара. Хопіць, хопіць! — учарэпіўся Андрэй за бутэльку, — а то ты i так цягнеш не ў той бок. Стукнула ў галаўню. Так нічога не выйдзе. Слухай, Раман, ты даўно хадзіў туды на поле?..

— А масла тваё неблагое… жоўценькае… — ужо наўгад ткнуў Сідарка відэльцам у талерку.

Толькі ад Андрэя не так лёгка было адвязацца. Ён, мусіць, скумекаў, што хлопец залішне прыкідваецца, бо не такі ён i п’яны ад якога там паўлітэрка.

— Ты ў мяне глядзі… А ну вылазь з-за стала! Чуў?

— Нічарта не чуў!.. — гукнуў у адказ Сідарка. — Ведаем усе твае думачкі… Хопіць! Сідарка не такі… Не-е… Не абдурыш, як на лузе… — Раман піхнуў локцем бутэльку, яна зазвінела аб посудак і пакацілася па стале.

Андрэй хуценька сабраў усё з абруса i перанёс у шафу, злосна ляпнуўшы дзверцамі.

— Раман, перастань прыдурвацца, зараза!

— Куды схаваў? — цягнуў той рукі з-за стала. — Ладна, нясі, хавай!.. Быў скупы, скупым i здохнеш… — прабубніў ён нарэшце і асунуўся на лаву, апусціўшы пераносіцу на край стала.

Як ні тоўхаў яго пад бокі Андрэй, апроч упартага «адыйдзі!», не мог дабіцца нічога. Затым ён перацягнуў яго з лавы ў запечак, спрабуючы раскатурхаць. Нічога не памагала. Нарэшце ён вывеў таго на двор. Раману ж нібы язык адняло. Ён толькі мармытаў пад нос нешта благое. Якубчык зразумеў, што спаіў хлопца на сваю галаву. Ён плюнуў і пайшоў у хату, пакінуўшы таго праветрыцца на прызбе.

Калі ж ён праз некалькі часу выйшаў на ганак, Сідаркі на двары не было. Злосная лаянка зляцела з вуснаў Андрэя. Ясна, той «п’янюга» захацеў яго ашукаць.

«Але ты ад мяне не выкруцішся, лісіная скура», — скрыгатнуў ён зубамi.

Да Сідаркі дамоў адразу ж быў зноў пасланы Вова. Памятаючы бацькавы словы: «дастаць паршыўца з-пад зямлі», ён забег нават у некалькі хат, куды часцей за ўсё заглядаў Сідарка, але той нібы скрозь зямлю праваліўся.

У злосці, парашыўшы зглумлены паўлітэрак садраць з хлопца ўтрая і прымусіць таго прыкусіць язык, Андрэй прыкідваў новы план: ён пойдзе з Вовам.

«Хай сабе прывалачом i меней, але затое надзейна. Ніхто не будзе знаць, і дзяліць ні з кім не трэба. А адклад не ідзе ў лад — снапы могуць звезці…»

Вечар прысунуўся раптоўна. 3 цемнатою вёска засталася ззаду. На ўзлессі было ціха, нават нудна. Мітрэнжылі камары i разам з сасновымі калючымі лапкамі лезлі ў вочы. Недзе далёка-далёка, у глыбіні лесу прыглушана стукаў тапор позняга дрывасека. Нават рэха не было. Мусіць, нехта з суседняга сяла пасля звозкі снапоў папрасіў у брыгадзіра каня з’ездзіць па дровы. На маладых сасонках ціхенька папісквалі нейкія мізэрныя птушкі, пырхаючы з сучка на сучок, нібы ўцякаючы ад кагосьці. Каля балота рыкала карова і галёкала жанчына. Ззаду, там, дзе была дарога, забрынчэў веласіпедны званок і нехта загаманіў…

Нічога не прапускала Андрэева вуха.

Сын жа больш чым апраўдваў ягоныя надзеі. Ён бег наперадзе, расхінаючы лапкі, не баючыся ні звяр’я, ні карчэўя.

«Не дарма я браў яго начамі з сабою. Кемлівы хлопец расце…» — усміхаўся ён тады па дарозе.

Цяпер ён сунуўся гэтай самай дарогай у Леснікі з апушчанай галавой. Жукаўшчына заставалася збоку. Праз рэдкае ўзлессе было відаць жоўтае поле, шырокае-шырокае, не змераць за дзень… Канчалася яно недзе там, дзе віднеліся на фоне белага ад летніх воблакаў неба толькі вострыя вершаліны далёкага векавога лесу. Там недзе фыркаў ні то камбайн, ні то калгасны «газік».

Трапяталася сэрца, калі Андрэй пачынаў думаць пра сустрэчу з Вайцехам. Першы раз ён ішоў у Леснікі ў такім настроі. Зацяганы, абшарпаны, аброслы барадою. Яшчэ дома яго кідала ў дрыготку, мо таму ён у дабавак да ўсяго накінуў на фрэнч стары-стары плашч. Трымаўся ён на плячах і не разлазіўся толькі таму, што быў вельмі моцны і ўслед жа цыраваўся, варта яму было дзе-небудзь распаўзціся. Здавалася, плашч менш пацярпеў за ўсе мокрыя і халодныя гады ў сваім жыцці, чым яго гаспадар за адны суткі.

Пасля таго, як яго сястра Юлька амаль збегла ў Леснікі за гэтага самага Сяліцкага Вайцеха, то Андрэй ішоў да яго заўсёды з нейкім гонарам, нібыта ён быў не Юльчын брат, а бацька, які прымусіў выйcцi сваю прыгожую і багатую дачку за гэтага галайстру — Сяліцкага. Хоць, як кажуць, у гасцях гасціць — не сваю волю тварыць, але Андрэй прывык, каб яго кожны раз сустракалі паўлітэркам і ласункамі. Ён, вядома, меў права быць госцем, i Вайцех яму многа год сапраўды быў рады.

Якубчык памятае, як Юлька перабралася да Сяліцкіх без ніякага вяселля i якраз перад тым, калі пайшлі ў калгасы. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй… Але дзе ты дзенешся!.. Вайцех тады стаў дэпутатам, i любоў нейкая з’явілася ў яго сястры-камсамолкі да гэтага лесуна. Паспрабуй стаць упоперак дарогі… А што гаварыць пра свае валокі, якія засталіся ад бацькі, і нейчыя шнуркі — калгас усіх зраўняў.

Пасля, здаецца, яны і нядрэнна жылі і згоду мелі. Забыліся пра мінулае, памагалі адзін аднаму сім-тым.

Толькі як сустрэне цяпер той суровы чалавек, які, як гаварылі пра яго на вёсках, i вока за ўсё жыццё нікому не запарушыў, і які пасля смерці жонкі стаў пазбягаць яго, Андрэя. Ведае, мусіць. Дайшло і да яго…

6
{"b":"570161","o":1}