Кобец Рыгор (сапр. Мусіевіч-Сандыга Міхаіл), нарадзіўся 24.07.1898 г. у вёсцы Малыя Рагачыкі Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.
Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, у народнай рамеснай, у рэальнай навучальнях. У першую сусветную вайну служыў у царскай арміі, удзельнічаў у баях у Галіцыі (1914-1916). Быў паранены. Працаваў токарам у Елісаветградзе, рабочым на Херсонскім заводзе сельгасмашын кампаніі «Эльворці» (завод «Чырвоная звязда»), маркіроўшчыкам на станцыі Елісаветград - Таварная (1916-1918). У час Лютаўскай рэвалюцыі ўвайшоў у федэрацыю анархістаў групы «Набат». У грамадзянскую вайну служыў у Чырвонаармейскім Брацкім палку (Елісаветград). Затым уступіў у рады Чырвонай гвардыі (1-шы інтэрнацыянальны батальён рэвваенсавета Паўднёвага фронту), перайшоў у армію Дзянікіна, працаваў у міліцыі. У 1919 г. ваяваў у асобным кавалерыйскім дывізіёне 1-й Коннай арміі С.М.Будзённага. Пад Варшавай быў цяжка паранены. Зноў трапіў пад уплыў анархістаў. Удзельнічаў у контррэвалюцыйным мяцяжы ў арміі С.М.Будзённага. Пасля хаваўся ад органаў ЧК (пад рознымі прозвішчамі, апошняе - Р.Кобец). Працаваў качагарам у бальніцы, на Менскім дражджавым заводзе «Пралетарый» (1922-1928), на піўзаводзе «Беларусы» (1928-1929). Скончыў тры курсы Менскага вячэрняга рабочага тэхнікума (1928). Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Звенья» «Маладняка», у 1929-1930 гг. - загадваў сельгасаддзелам рэдакцыі газеты «Рабочий». Потым кансультант, загадчык сцэнарнага аддзела кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931-1937). У 1935 г. прызнаўся старшыні Саўнаркома БССР М.Галадзеду ў сваіх ранейшых сувязях з анархістамі, тады ж пастановай НКУС СССР быў амнісціраваны. У 1933, 1935, 1937 гг. ездзіў у творчыя камандзіроўкі ў Бірабіджан. Супрацоўнічаў у газетах «Биробиджанская правда», «Тихоокеанская звезда» (Бірабіджан). У 1938 г. рэпрэсіраваны ў Бірабіджане. У 1939 г. апраўданы. Пераехаў у Хабараўск, дзе працаваў рэдактарам студыі кінахронікі (1939-1941). У 1941 г. быў зноў арыштаваны, у 1942 г. рашэннем Асобай нарады прыгавораны да 10 год зняволення ў лагерах. Адбываў пакаранне на будоўлях чыгункі ў Тайшэце, Манголіі, у Забайкаллі. З 1951 г. - на пажыццёвым пасяленні ў Кіргізіі. Працаваў у саўгасе «Чалдавар» Фрунзенскай вобласці вартаўніком на вінаградніках, памочнікам пчаляра (у гарах Цянь-Шаня), загадчыкам хаты-чытальні, клуба, гаспадаркі ў школе. У 1958 г. вярнуўся ў Менск. Справа перагледжана 19.10.1960 г. Хабараўскім краявым судом, і Пастанова Асобай нарады СССР ад 04.10.1942 г. адменена. У 1963 г. быў пазбаўлены персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння за прыналежнасць да анархістаў. Сябра СП СССР з 1935 г.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1935).
Памёр 09.09.1990 г.
У беларускім друку выступіў у 1923 г. з вершамі і апавяданнямі (часопіс «Прафрух»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Апублікаваў п'есы «Гута» (1929, пастаўлена ў 1930), «Ратуй, божа!» (з А.Вольным, 1932), «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1935), «Мигрень» (Хабараўск, 1940), аднаактоўкі «Цяжкі выпадак» (1961), «Катавасія брата Гервасія» (з А.Астрэйкам, 1962), «Нішто сабе жарты» (1962), «Святая тайна» (1965), «Піражкі з чырвонцамі» (1965). Напісаў кінасцэнарый «Паўстанне гневу» (з А.Вольным, газета «Літаратура і мастацтва», 1936). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы «Ураган» (з Б.Брадзянскім, 1932), «Двойчы народжаны» (1933), «Шукальнікі шчасця» (з І.Зэльцарам, 1936, апублікаваны ў 1988, у 1987 г. выпушчаны відэафільм), «Дняпро ў агні» (з І.Барашкам, 1937), музычная камедыя «Счастливый берег» (з С.Бытавым, 1940). Выдаў кінааповесці «Герои Балтики» (Хабараўск, 1939), «Трофим Бутан» - новы варыянт «Паўстання гневу» (Хабараўск, 1940). У 1925 г. напісаў верш «Паравоз», які стаў папулярнай камсамольскай песняй.
У 1989 г. часопіс «Нёман» апублікаваў аповесць «Ноев ковчег» (напісана ў 1964).
Козел Іван, нарадзіўся 21.05.1928 г. у вёсцы Канчаны Маладэчанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Маладэчанскую сярэднюю школу № 1 у 1949 г. Настаўнічаў у Віткаўшчынскай пачатковай (1949-1959), Ермакоўскай сямігадовай (1959-1960) і Красненскай сярэдняй (1960-1963) школах Маладэчанскага раёна. Адначасова завочна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР (1963-1964), у 1964-1966 гг. - рэдактар Менскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, затым старшы рэдактар Камітэта па друку пры Савеце Міністраў БССР. У 1969 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра СП СССР з 1961 г.
Памёр 30.01.1970 г.
Выступаў як драматург з 1957 г. Аўтар п'ес «Папараць-кветка» (1958, пастаўлена ў 1957, асобнае выданне ў 1959), «Канчане - суседзі мае» (апублікавана і пастаўлена пад назваю «Над хвалямі Серабранкі» ў 1961, асобнае выданне ў 1963).
Колас Георгі, нарадзіўся 26.02.1929 г. на хутары Куцень Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
30.03.1930 г. у сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем сасланы разам з бацькамі на спецпасяленне ў Гаінскі раён Комі-Пярмяцкай нацыянальнай акругі. Вызвалены 14.09.1945 г. У 1947 г. скончыў філалагічны факультэт Кудымкарскага настаўніцкага інстытута, у 1951 г. - акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. Два гады працаваў акцёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра ў Менску. Затым быў супрацоўнікам газеты «Сталинская молодежь», аспірантам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1955-1960 гг. - галоўны рэдактар па рэпертуары драматычных тэатраў у Міністэрстве культуры БССР. Працаваў загадчыкам метадычнага кабінета культасветработы Белсаўпрофа. У 1961-1964 гг. - літсупрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», у 1967-1971 гг. - рэдактар аддзела крытыкі, бібліяграфіі і мастацтва часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1964 г.
З артыкуламі пра тэатральнае мастацтва і драматургію пачаў выступаць у 1953 г. Выдаў брашуры «Тэатры Беларускай ССР у 2-й Прыбалтыйскай тэатральнай вясне» (1957), «Спектаклі юбілейнага сезона» (1958), «Николай Еременко» (Масква, 1968). Аўтар кнігі «Современник в гриме и без грима» (1963), зборніка артыкулаў «Диалог через рампу» (1967), шматлікіх артыкулаў аб старажытных беларускіх інтэрмедыях, аб творчасці драматургаў К.Марашэўскага, Я.Купалы, К.Губарэвіча, А.Маўзона, А.Макаёнка, А.Вярцінскага, І.Чыгрынава, А.Дударава, М.Матукоўскага, А.Дзялендзіка, Я.Шабана і інш.
Аўтар звыш дваццаці пяці сцэнарыяў дакументальных, навукова-папулярных кіна- і тэлефільмаў «Беларуская сюіта» (1966), «Я чую вестку» (1967), «Купалаўцы» (1970), «Мы - сіняблузнікі» (1971), «Жывая ніць» (1973), «Ларыса Александроўская» (1975), «Тры тысячы песень» (1976), «Мінск - пра час і пра сябе» і «Лепей за тое, што ёсць» (1977), «Ігра без ігры» (1978), «Іван Шамякін» (1979), «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала» (1982), «Старажытныя паркі» (1989) і інш.
Колас Якуб (сапр. Міцкевіч Канстанцін), нарадзіўся 03.11.1882 г. у засценку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Менскай вобласці ў сям'і лесніка.
Раннія дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць, што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна (1902-1904), Пінкавічы Пінскага раёна (1904-1906), Верхмень Смалявіцкага раёна (1906). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены (1906). Зімой 1906-1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 г. - у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў менскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-й прыходскай навучальні ў Пінску. У час першай імперыялістычнай вайны разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскую ваенную навучальню (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г. накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Па дэкрэце Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. звольнены з войска як настаўнік. Працаваў на Куршчыне настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку ўрада БССР у траўні 1921 г. пераехаў у Менск. Выкладаў у Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З дня ўтварэння АН БССР (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 - лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Менск. Быў сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946-1956) і БССР (1938-1956), з'яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.