Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Кісялёў Генадзь, нарадзіўся 19.03.1931 г. у горадзе Каломне Маскоўскай вобласці (Расея) у сям'і служачых.

Сярэднюю школу скончыў у Віцебску (1948). Пасля заканчэння Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута (1953) працаваў у архіўных установах Летувы. У 1956-1959 гг. вучыўся ў аспірантуры пры Маскоўскім гісторыка-архіўным інстытуце. У 1960-1971 гг. - навуковы супрацоўнік Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Летувіскай ССР. З 1971 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1964 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1958 г. Выдаў зборнікі гісторыка-літаратурных нарысаў «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы» (1982), даследаванні «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), літаратуразнаўчую дылогію «Разыскивается классик...» (1989), гістарычныя нарысы «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне» (1990). Склаў зборнікі гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982), «Шляхам гадоў» (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакументаў «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861-1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863-1864» (1965).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гісторыка-літаратурных даследаванняў «Разыскивается классик...» і «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча».

Клаз Ілья, нарадзіўся 17.03.1922 г. у горадзе Магілеве ў сям'і рабочага.

У 1939 г. паступіў на літаратурны факультэт Педагагічнага інстытута. З першых месяцаў вайны - у Савецкай Арміі. Удзельнік баёў на Паўночна-Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах. Тройчы паранены. У пасляваенныя гады быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела літаратуры і культуры ў газеце «Сталинская молодежь», у вайсковых газетах. У 1956-1966 гг. загадваў аддзелам інфармацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва», аддзелам прапаганды ў музеі Янкі Купалы. З 1974 г. - літсупрацоўнік у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 22.12.1980 г.

У 1940 г. надрукаваў першы верш (газета «Сталинская молодежь»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. На расейскай мове выйшлі аповесці «Жарцы» (1955), «Подснежники» (1958), «Вор» (1960), «Разбег» (1961), «Заря вишневая» (1973), раман «Белая Русь» (1977) і зборнік нарысаў «Потомству в пример» (1978), на беларускай - «Машыніст Анатоль Шыбуняеў» (1961), «Каменных спраў майстар» (1971), «Па Дзвіне на вёслах» (1975).

Клебановіч Міхась, нарадзіўся 14.03.1934 г. у вёсцы Грэск Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні. У 1967 г. пераведзены ў галоўную рэдакцыю па вытворчасці тэлевізійных фільмаў, у 1972 г. прызначаны сябрам рэдакцыйна-сцэнарнай калегіі гэтай рэдакцыі, з 1977 г. - галоўны рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1981 г.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1985).

Празаічныя творы пачаў пісаць у канцы 60-х гг. У 1971 г. часопіс «Полымя» змясціў першую падборку апавяданняў. Аўтар кнігі апавяданняў і аповесцей «Ранішняе сонца» (1981).

Асноўная творчая праца звязана з тэлебачаннем. У 1960 г. пастаўлена п'еса «Аплявуха». Знята некалькі дакументальных фільмаў. Тэлефільм «Размова пра зямлю» (пастаўлены ў 1971) адзначаны прызам на III Усесаюзным фестывалі.

Клімашэўская Ірына, нарадзілася 30.08.1928 г. у горадзе Менску ў сям'і чыгуначніка.

Вучылася на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949-1952). Была літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» (1952-1954, 1957-1966). У 1954-1957 гг. вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, скончыла яго завочна ў 1960 г. Працавала ўласным карэспандэнтам газеты «Советская культура» па Беларускай ССР (1966-1968). У 1969-1979 гг. - літсупрацоўнік бюлетэня «Строительство и архитектура Белоруссии». Сябра СП СССР з 1964 г.

З першым апавяданнем выступіла ў 1952 г. (альманах «Советская Отчизна»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніжак прозы «Синий Бор» (1960), «Ключики и ключ» (нарысы, 1976), «На долгую память» (1978), «Пятое время года: Письма о любви» (1980), «Пора любви» (1984), «Счастье и смысл жизни» (публіцыстыка, 1986), «Письма о счастье» (публіцыстыка, 1989).

Пераклала на расейскую мову кнігу С.Майхровіча «Жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча» (1961), аповесці І.Навуменкі «Вайна каля Цітавай копанкі» (з В.Міхайлавай, 1963), П.Кавалёва «Лёнька Гром» (1963), У.Шахаўца «Насустрач...» (1973).

Выступае і як крытык.

Клімковіч Міхась, нарадзіўся 20.11.1899 г. у вёсцы Сялітранка Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1915 г. скончыў Барысаўскую вышэйшую чатырохкласную навучальню. Здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Настаўнічаў на Барысаўшчыне (1915-1921). Служыў у Чырвонай Арміі (1921-1923). Настаўнічаў на Лагойшчыне. Працаваў на партыйнай і прафсаюзнай рабоце. У 1932-1934 гг. - старшыня аргкамітэта, у 1934-1939 гг. - старшыня праўлення, у 1947-1954 гг. - літкансультант СП БССР. У 1943-1947 гг. быў галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве, потым у Менску. Сябра ЦВК БССР (1931-1938). Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 05.11.1954 г.

Друкаваўся з 1928 г. Аўтар драматцчных паэм «Кацярына Жарнасек» (1938, пастаўлена ў 1938), «Адплата» (1952), «Уся ўлада Саветам!» (1957), драматычнай трылогіі «Георгі Скарына» (1946, 1947, 1955), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (1940), «Кастусь Каліноўскі» (1959, пастаўлена ў 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (пастаўлены ў 1949), аднаактовак «На віленскім шляху» (1939), «На скрыжаванні дарог» (1945), «Маленькая хмарка» (1946). У 1947 г. выйшаў зборнік «Драматычныя паэмы». Аўтар тэксту Дзяржаўнага гімна БССР (1944).

Напісаў кнігу апавяданняў «Лясное возера» (1946), апрацаваў зборнік «Беларускія народныя казкі» (1946). У 1959 г. выдадзены Збор твораў у 2 тамах.

Даследаваў беларускую літаратуру. Выйшлі працы «Літаратура Савецкай Беларусі за 15 год» (1934), «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1953), «Літаратурна-крытычныя артыкулы» (1962).

Клімковіч Святлана, нарадзілася 26.08.1935 г. у горадзе Менску ў сям'і пісьменніка.

Скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працавала карэктарам, літработнікам, адказным сакратаром газеты «Голас Радзімы» (1958-1970), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1970-1972), рэдактарам у часопісе «Народная асвета» (1972-1974), рэдактарам рэдакцыі праграм для моладзі на Беларускім тзлебачанні. У 1977-1990 гг. - адказны рэдактар бюлетэня Беларускага тэатральнага аб'яднання (з 1987 г. Саюза тэатральных дзеячаў) «Тэатральны Мінск». Сябра СП СССР з 1986 г.

Выступае ў друку з 1958 г. У перыядычным друку публікуе апавяданні, нарысы, казкі, тэатральныя рэцэнзіі і артыкулы. Асобным выданнем выйшла казка «Лалі-Лаль» (1974, на аснове яе створаны тэле- і радыёспектаклі).

Аўтар п'ес для тэатра лялек «Дар ляснога цара» (пастаўлена ў 1978), «Балада пра белую вішню» (апублікавана ў зборніку п'ес «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» ў 1984, пастаўлена ў 1984 і на Беларускім радыё ў 1988), «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (апублікавана ў 1981, Масква, і ў зборніку «Радзіма мая дарагая», 1989), п'есы «Вясновая песня» (пастаўлена на Беларускім радыё, 1985). Напісала лібрэта опер «Дзікае паляванне караля Стаха» (пастаўлена ў 1989) і «Францыск Скарына» (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні ў 1990). Зрабіла пераклад з польскай мовы, рэстаўрацыю і сцэнічную рэдакцыю оперы XVIII ст. «Апалон-заканадаўца, альбо Парнас рэфармаваны» (апублікавана і пастаўлена ў 1989).

56
{"b":"551294","o":1}