Кавыль Міхась (сапр. Лешчанка Язэп), нарадзіўся 01.11.1915 г. у вёсцы Покаршаў Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Грэскую сямігодку. Вучыўся на пазашкольным аддзяленні Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску (1930-1933). Быў сябрам «Маладняка». 23.02.1933 г. арыштаваны і асуджаны на 3 гады няволі. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе (чацвёртае аддзяленне Дальлага). У канцы кастрычніка 1935 г. датэрмінова вызвалены «за ўдарную працу і добрыя паводзіны». Жыў у Варонежы (1935-1938), вучыўся ў педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце (1936-1938), працаваў настаўнікам у пасёлку Ваўчок Варонежскай вобласці (1938-1941). З першых дзён вайны - на фронце. Ваяваў на Ўкраіне, у траўні 1942 г. трапіў у акружэнне. З 1944 г. - у Германіі. У 1950 г. выехаў у ЗША, дзе жыве і цяпер.
Першы верш апублікаваў у 1929 г. (газета «Беларуская вёска»). Друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», у дадатку да бабруйскага «Камуніста» - «Вясне», у часопісе «Маладняк». У эміграцыі выдаў зборнікі паэзіі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстэр, 1960), «Цяжкія думы» (ЗША, 1961), «Міжагнёўе» (Нью-Ёрк, 1990).
Перакладае творы расейскіх, украінскіх, ангельскіх, польскіх паэтаў на беларускую мову.
Каган Сара, нарадзілася 03.07.1885 г. у вёсцы Максімавічы Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і служачага.
Загадвала гарадской бібліятэкай у Бабруйску. У 1935 г. пераехала ў Менск, дзе працавала ў бібліятэчным калектары, вучылася на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта педагагічнага інстытута.
Загінула ў 1941 г. у менскім гета. Першыя вершы апублікавала ў газеце «Акцябэр». Сістэматычна стала выступаць у друку з 1929 г. Пісала на мове ідыш. Аўтар кніг паэзіі «У дарозе» (1934), «Мая радзіма» (вершы і паэмы, 1938), «Нашы людзі» (1940), прозы «Першая прэмія» (1938), «Скрыпач» (аповесць, 1941). У перакладзе З.Бядулі на беларускай мове выйшлі «Апавяданні» (1940).
Каган Эля, нарадзіўся 10.02.1909 г. у горадзе Менску ў сям'і настаўніка.
Вучыўся ў прафтэхшколе абутнікоў. У 1936-1939 гг. працаваў у рэдакцыі жыдоўскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). У гады Вялікай Айчыннай вайны - супрацоўнік франтавога друку.
Загінуў 22.06.1944 г. на фронце.
У друку выступіў з першым апавяданнем у 1926 г. Пісаў на мове ідыш. Празаічныя творы ўвайшлі ў зборнікі «Апавяданні і мініяцюры» (1932), «Горад без цэркваў» (1935), «Дзіцячыя апавяданні» (1936). У 1932 г. выдаў зборнік «Вершы». У 1940 г. у перакладзе на беларускую мову выйшла асобным выданнем апавяданне для дзяцей «Дружная сямейка», у 1979 г. - зборнік апавяданняў «Маем зялёным».
Аўтар п'есы «Роднае поле» (1932). Разам з З.Аксельродам зрабіў інсцэніроўку «Маленькі чалавечак» па матывах твораў М.Мойхер-Сфорыма (пастаўлена ў 1938).
Перакладаў творы А.Пушкіна, М.Гогаля, Э.Самуйлёнка і інш.
Кажадуб Алесь, нарадзіўся 27.09.1952 г. у горадзе Ганцавічы Берасцейскай вобласці ў сям'і служачых.
У 1969-1974 гг. вучыўся на аддзяленні расейскай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння настаўнічаў у вёсцы Крайск Лагойскага раёна. У 1975-1977 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, у 1977-1981 гг. - рэдактар літаратурна-драматычных прафам рэспубліканскага тэлебачання, з 1981 па 1983 гг. - літсупрацоўнік аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць». У 1985 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1990 г. жыве ў Маскве. Сябра СП СССР з 1981 г.
Першае апавяданне апублікаваў у 1976 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Гарадок» (1980), «Размова» (1985), «Лесавік» (1987), «Дарога на замчышча» (1990).
Казанаў Барыс (сапр. Лапіцкі Барыс), нарадзіўся 26.12.1938 г. у вёсцы Расна Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і музыканта.
У гады Вялікай Айчыннай вайны выхоўваўся ў міяскім дзіцячым доме на Ўрале. У 1946 г. вярнуўся на радзіму. Скончыў філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1962). З 1964 г. жыве ў Менску. Працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва», на Беларускім радыё (1964-1966), старшым рэдактарам на Беларускім тэлебачанні (1968-1971). Працаваў на Далёкім Усходзе на зверабойных, рыбалоўных, вадалазных, навуковых суднах (1962-1964, 1966-1968, 1971), стаў прафесійным мараком. З 1982 г. працуе на суднах замежплавання Ціхаакіянскага ўпраўлення прамысловай разведкі навуковага флоту. Сябра СП СССР з 1987 г.
З 1962 г. пачынае выступаць у рэспубліканскім і саюзным друку. Піша на расейскай мове. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Прописан в Тихом океане» (1966), «Антоновские яблоки» (1968), «Осень на Шантарских островах» (Масква, 1972), «Лунный корабль» (Уладзівасток, 1990), рамана «Полынья» (Масква, 1984).
Па сцэнарыях пісьменніка знята дванаццаць дакументальных і тэлевізійных фільмаў. Дакументальны фільм «Паляванне са старым сабакам» атрымаў прыз «Сярэбраны алень» на Міжнародным кінафестывалі ў Венецыі (1968), тэлефільм «Прыцяжэнне вады» стаў лаўрэатам Міжнароднага фестывалю «Чалавек і мора» ў Юрмале (1985). Напісаў сцэнарый мастацкага тэлефільма «Прызыўнікі» (пастаўлены ў 1987).
Казбярук Уладзімір, нарадзіўся 29.08.1923 г. у вёсцы Бандары Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949) працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Любчанскай сярэдняй школе, а ў 1951-1952 гг. - выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры Нягневіцкай сярэдняй школы Наваградскага раёна. Вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1952-1955), працаваў выкладчыкам Полацкага педагагічнага інстытута. У 1959-1964 гг. - вучоны сакратар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1964 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г.
Узнагароджаны медалямі.
У друку выступае з рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі з 1954 г. Аўтар манаграфій «Якуб Колас у школе» (1967 і 1975), «Ступені росту» (1974), «Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» (1979), «Рамантычны пошук» (1983), нарыса «Якуб Колас (жыццё і творчасць)» (1962), дакладаў на VII Міжнародны з'езд славістаў «Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (1972) і на IX Міжнародны з'езд славістаў «Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд)» (1982). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), кнігі «Старонкі літаратурных сувязей» (1970).
Для беларуска-польскага зборніка «Малыя героі вялікай вайны» (Менск - Лодзь, 1986) пераклаў успаміны маладых польскіх удзельнікаў другой сусветнай вайны. Пераклаў «Клад» З.Бядулі (на расейскую мову, 1986), «Хітры мангуст» (ангольскія казкі, 1987), «Комбле» (грузінскія казкі, 1990), паасобныя казкі і апавяданні пісьменнікаў народаў СССР.
Для серыі «Школьная бібліятэка» падрыхтаваў (склаў і напісаў уступныя артыкулы) зборнікі «Беларуькая літаратура XIX - пачатку XX стагоддзя» (1977), «Вытокі» (1988), «На ўсходзе сонца» (1990), кнігі Я.Коласа «На прасторах жыцця» (1986), «Голас зямлі» (1988), Я.Купалы «Спадчына» (1988).
Казека Янка, нарадзіўся 31.08.1915 г. у вёсцы Кострычы Кіраўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
З верасня 1931 г. працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у 1933-1934 гг. - у рэдакцыі шматтыражнай газеты «За ўдарныя тэмпы». Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні лесатэхнікума. У 1938 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дукорскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна. У 1939-1954 гг. служыў у Савецкай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны - армейскі палітработнік. Пад Ельняй, у 1941 г., быў паранены. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1954-1957), галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (з 1963 - «Беларусь», 1957-1967). З 1967 г. - загадчык рэдакцыі народнай асветы і друку, з 1969 па 1979 гг. - намеснік галоўнага рэдактара, з 1980 г. - старшы навуковы рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Сябра СП СССР з 1954 г.