Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Узнагароджана медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1963).

Выступае пераважна ў галіне бібліяграфіі і літаратуразнаўства. Першы артыкул апублікавала ў 1932 г. Склала бібліяграфіі «Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі» (за 1917-1960 гг. - 1962; за 1961-1968 гг. - 1971), «Беларускае савецкае літаратуразнаўства і крытыка. 1945-1963» (1964), «Беларуская савецкая драматургія. 1917-1965» (1967), рэкамендацыйны бібліяграфічны даведнік «Белорусская литература» (з М.Каваленка, Р.Сіпаковай, Масква, 1988), бібліяграфічныя даведнікі і памяткі пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, М.Лынькова, П.Глебкі, П.Труса, П.Пестрака, І.Шамякіна, П.Панчанкі і інш. Аўтар бібліяграфічнага даведніка «Максім Багдановіч» (1961), альбома-выстаўкі (з А.Лойкам, 1968), шэрага артыкулаў, складальнік зборніка ўспамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра М.Багдановіча «Шлях паэта» (1975), працы «Максім Багдановіч: Паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай літаратуры» (1977). Напісала брашуры «Лев Толстой и Белоруссия» (з Н.Лапідусам, 1978), «Пушкин и Белоруссия» (1979).

Аўтар кніг «Песня Максіма» (1981), «Шляхі» (1986).

Верабей Анатоль, нарадзіўся 10.08.1950 г. у вёсцы Вайнілавічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). Працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1972-1974). Пасля заканчэння аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1974) - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута (1977-1990). З 1990 г. - дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г.

У друку выступае з 1976 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў; Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20-30-х гадоў» (1990), брашуру «Паэзія Максіма Танка» (1983). Удзельнічаў у выданні творчай спадчыны П.Пестрака (Збор твораў у 5 тамах, т. 3, 1985), У.Хадыкі («На ўзвеях дзён», 1986), У.Караткевіча (Збор твораў у 8 тамах, 1987-1991).

Верамейчык Уладзімір, нарадзіўся 01.11.1937 г. у вёсцы Петрыцкае Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

У 1955 г. скончыў Рэчыцкую педагагічную навучальню. Год працаваў старшым піянерважатым Міхалкаўскай сярэдняй школы Мазырскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1956-1959). Пасля дэмабілізацыі паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1964). Працаваў завучам, дырэктарам Ведрыцкай васьмігадовай школы Рэчыцкага раёна, пасля рэарганізацыі гэтай школы ў сярэднюю (1966) -яе дырэктар. Сябра СП СССР з 1976 г.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём.

Першы верш надрукаваў у 1955 г. (рэчыцкая раённая газета). Аўтар зборнікаў вершаў «Прыпяць» (1973), «Яснасць» (1978), «Люблю!» (1981), «Клянуся Прыпяццю» (1988), кнігі публіцыстыкі «Гарызонты сельскіх педагогаў: Запіскі дырэктара школы» (1984).

Выступае і як сатырык.

Верас Зоська (сапр. Войцік Людвіка), нарадзілася 30.09.1892 г. у пасёлку Мяджыбаж Лятычаўскага раёна Хмяльніцкай вобласці (Украіна) у сям'і ваеннаслужачага.

У 1912 г. скончыла прыватную жаночую гімназію ў Горадні, у 1914 г. - агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве. Удзельніца гарадзенскага гуртка беларускай моладзі (1909-1913). У 1916-1917 гг. працавала ў Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1923 г. жыве ў Вільні. У 1924-1929 гг. - адміністратар рэдакцыі газет Беларускай сялянска-рабочай грамады, у 1927-1931 гг. - рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», у 1934-1935 гг. - дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928-1939 гг. - старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934-1938) - рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.Машары і выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928). Сябра СП СССР з 1982 г.

Памерла 08.10.1991 г.

Друкавацца пачала ў 1907 г. (часопіс «Падснежник», Кіеў). На беларускай мове выступіла з абразкамі пад псеўданімам Мірко ў 1911 г. (газета «Наша ніва»). Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (Вільня, 1924), брашуры «Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей «Каласкі» (1985). Напісала ўспаміны пра М.Багдановіча, У.Галубка, Ядвігіна Ш. і інш.

Для дзіцячага тэатра з украінскай мовы пераклала п'есы Р.Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з расейскай - «Лясныя хаткі» В.Біянкі (Вільня, 1931).

Вечар Алесь, нарадзіўся 25.03.1905 г. у вёсцы Машчыцы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1923 г. паступіў на першы курс Слуцкага сельгастэхнікума. У 1924-1925 гг. загадваў хатай-чытальняй у вёсцы Паськова Горка Старадарожскага раёна. Пасля заканчэння агранамічнага факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (1929) быў залічаны аспірантам навукова-даследчага Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі БССР. Быў адным з кіраўнікоў Аршанскай філіі «Маладняка», у 1928-1930 гг. узначальваў Менскую філію БелАПП. У 1930-1931 гг. працаваў выкладчыкам у Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі (Віцебская вобласць). З 1933 г. загадваў аддзелам у навукова-даследчым Інстытуце харчовай прамысловасці БССР. У 1937-1959 гг. жыў у Краснадары - працаваў загадчыкам кафедры ў Кубанскім сельскагаспадарчым інстытуце, дацэнтам, загадчыкам кафедры Краснадарскага інстытута харчовай прамысловасці.

З 1959 г. - загадчык аддзела біяхіміі раслін Інстытута біялогіі, з 1970 г. - загадчык лабараторыі біяхіміі і малекулярнай біялогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР. Акадэмік АН БССР. Доктар біялагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1978 г.

Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР (1975).

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў і медалямі.

Памёр 04.04.1985 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1926 г. (часопіс «Аршанскі маладняк»). Аўтар зборнікаў вершаў «Кола дзён» (1930), «Зварот да слова» (1977), паэмы «Мая гімназія» (часопіс «Полымя», 1979). Пераклаў на беларускую мову паэму А.С.Пушкіна «Домік у Каломне» (1937).

Аўтар навуковых прац па біяхіміі раслін і тэхнічнай біяхіміі «Фізіялогія і біяхімія бульбы» (з М.Ганчарыкам, 1979), «Водородные ионы в биосфере» (1986) і інш.

Віталін Змітро (сапр. Сергіевіч Дзмітры), нарадзіўся 15.07.1910 г. у горадзе Калінкавічы ў сям'і чыганачніка.

Скончыў чыгуначную дзевяцігодку ў Калінкавічах. З 1929 г. жыў у Менску. Працаваў радыёманцёрам, затым карэспандэнтам Радыёцэнтра БССР. Быў сябрам БелАПП. Вясной 1932 г. па закліку камсамола Беларусі паехаў працаваць адказным сакратаром крычаўскай раённай газеты, а ў верасні паступіў вучыцца на творчае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута. 10.08.1933 г. быў рэпрэсіраваны і высланы ў Марыінск (Расея). Уцёк з высылкі. Мяркуецца, што служыў у арміі.

Прапаў без вестак у час Вялікай Айчыннай вайны.

З вершамі ў друку пачаў выступаць у 1930 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка вершаў «Будзем жыць!» (1932). Перакладаў з расейскай мовы.

Вітка Васіль (сапр. Крысько Цімох), нарадзіўся 16.05.1911 г. у вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Слуцкай прафтэхшколы (1928) працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929-1930), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930-1933), «Ударнік» (Жлобін, 1933-1935), «Чырвоная змена» (1935-1937), «Літаратура і мастацтва» (1937-1938) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938-1939). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны - у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 г. - у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 г. - намеснікам, з 1951 г. - галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-1974 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974-1987 гг. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Сябра СП СССР з 1943 г.

20
{"b":"551294","o":1}