Литмир - Электронная Библиотека

Цэнтр саўгаса размясціўся ў Галоўшчыцах. На новым месцы адразу ж адбыўся адкрыты партыйны сход. Камуністы і беспартыйныя, кожны, каму было што сказаць, узнімаўся, выказваў свае думкі. Людзі гаварылі словы ўдзячнасці мясцовым жыхарам. За клопат, за гасціннасць. Пакуль «прыпятчане» перасяліліся, тыя падрыхтавалі для жывёлы кашары, наладзілі даільныя ўстаноўкі, выдзелілі пашу. Пенсіянерка Мальвіна Нестараўна Траўнічак адной з першых адчыніла дзверы сваёй хаты, сардэчна запрасіла:

— Заходзьце, людзі добрыя. Заходзьце, колькі зможа размясціцца ў маёй хатцы людзей — усіх прыму, месца хопіць. I на стале не пуста. Не той час сёння. Пражывём-пракормімся.

Дырэктарскі хлеб вядомы. Ад цямна да цямна на нагах, а што ж гаварыць пра тыя першыя дні, калі абжываліся людзі, прывыкалі да жыцця і працы на новым месцы! Ці спаў? Ажно кругі пад вачыма пазначыліся. Хапіла ўсім ліха, а яму — удвая больш. За людзей хваля- ваўся, хацелася ж, каб хутчэй яны забыліся на бяду. Стараўся знайсці для іх цёплае слова, і людзі сваё не хавалі, выкладвалі дырэктару: бачым, супакойваеш нас, Пятровіч, то і мы цябе можам, паслухай. Ехаў Яўген Пятровіч на тую ж кашару, а сэрца шчымела: як там, ці добрую навіну пачуе? А ўбачыць, як стараюцца людзі, а то і ўсмешку сустрэне — і быццам гара з плеч.

Марыя Валодзька насустрач бяжыць, ледзь не за руку цягне:

–Ой, Пятровіч! Ой, радасць якая! Цялятка паявілася...

Дырэктар святлее тварам, адказвае:

— Пойдзем глянем. А ты, Марыя, заўваж: паявілася яно на новым месцы. Пра што гэта ўсё гаворыць?

Даярка паціскае плечуком, зацікаўлена глядзіць на Яўгена Пятровіча.

— Вось-вось... Пускаем мы тут свае карані. А нараджэнне — святая справа. I дзеці ў метрыках запішуць новыя вёскі. Нічога, свае мы таксама не забудзем. А пройдзе час — вернемся, зноў удыхнём у іх сваё цяпло. Вось так, Марыя,— дырэктар кранаецца пляча жанчыны.— Вось так. Ну, а цябе з папаўненнем...

— Дзякуй, Пятровіч,— свецяцца радасцю вочы Марыі.

Разыходзяцца. Марыя, узяўшы ў рукі даільны апарат, спяшаецца да кароў, дырэктар сядае ў машыну; чакаюць і ў Грушаўцы яго жывёлаводы. Не паспеў гыркнуць маторам, з'яўляецца Сяргей Сяржан, расхрыстаны, усхваляваны — амаль што подбрыкам бег, каб паспець.

— Падвязіце, Пятровіч!

— Сядай!

У машыне аддыхаўся, гаворыць:

— Магнітафон трэба купіць. Буду каровам музыку круціць! — I смяецца.

— Давай, давай, Сярожа,— падтрымаў настрой Сяржана дырэктар.— Толькі ці будуць яны больш малака, цікава, ад тваёй музыкі даваць?

— Будуць, будуць, Пятровіч! Гарантыя!

— Упэўнены? А я вось чытаў у кнізе такую штукенцыю. Паслухай. Прыехаў новы загадчык фермы — малады спецыяліст. Пасля інстытута. Чалавек начытаны і сучасны. I ў барацьбе за высокія надоі рашыў адмахнуцца ад дапатопных дзедаўскіх метадаў, а ўкараняць метады глыбока навуковыя. Вычытаў недзе ў часопісе, што лепш за ўсяго павышае надоі эстэтыка вытворчасці. Тэрмінова пафарбаваў сцены. Пад столь падвялі лямпачкі дзённага асвятлення. Паміж стойламі паклалі дывановыя дарожкі. Прыгожа. Ходзяць каровы, як у тэатры, аднак малака даюць мала. Тады ён бярэ другі часопіс, вычытвае там, што лепш за ўсё павышаюць надоі дэкаратыўныя расліны. I неўзабаве з'явіліся на ферме кактусы і пальмы. Са столі традысканцыі звісаюць. Па вуглах японскую ікэбану з галінак зрабілі. Аднак зноў мала малака даюць каровы. Тады ён вырашае радыёфікаваць ферму. Ні аднаго сімфанічнага канцэрта не прапускалі каровы. Раяль купілі. Даярак адправілі на паскораны курс музычнага вучылішча. Ды плюс да ўсяго заезджыя музыканты па два канцэрты давалі: адзін — у клубе, другі — на ферме. Толькі зноў малака каровы мала давалі. I тады малады спецыяліст вырашыў вярнуцца да дзедаўскіх метадаў... Наваліў поўныя кармушкі сена, камбікорму насы- паў. Павесялелі каровы, задумлівасць з вачэй знікла. Ядуць сабе сена ды радуюцца. I надоі адразу падняліся... Га?

Сяргей маўчыць, а потым кажа:

— Не, Пятровіч, а музыку я ўсё роўна куплю!

«Сяргей, Сяргей... Пабольш бы нам такіх, як ты»,— думаў па дарозе дырэктар, а сам прыгадаў ранейшую паездку на кашару. Яўген Пятровіч быў тады не адзін — з сакратаром партыйнай арганізацыі Іванам Фамічом Сачанком. Падыходзіць Сяргей, з нагі на нагу перамінаецца, сказаць нешта хоча, а не адважыцца.

— Просьба да вас, Іван Фаміч,— нарэшце вымаўляе.— Як вы паглядзіце на гэта?

— Слухаю, Сярожа.

— У партыю хачу ўступіць. Вось.— Ён працягнуў невялічкі аркуш паперы, на якім былі выведзены цвёрдым почыркам словы: «У пяр- вічную партыйную арганізацыю саўгаса «Прыпяцкі»... Заява... У гэты нялёгкі для нас час, звязаны з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чар- нобыльскай АЭС, калі правяраецца грамадзянская і палітычная сталасць кожнага савецкага чалавека, хачу быць у радах Камуністычнай партыі, баявым авангардзе нашага народа».

Сяргей адслужыў у арміі, працаваў у саўгасе механізатарам, а цяпер часова перайшоў у жывёлагадоўлю.

— Малайчына. Хвалю,— паціснуў руку Сяргею сакратар.— Дам і я табе рэкамендацыю. Не супраць?

Машына бяжыць далей. Дарога пыхкае пылам, але колы абганяюць яго, і пыл зноў асядае на зямлю. Яўген Пятровіч думаў пра людзей, прыгажосць якіх раскрылася, як ніколі раней, у складаных умовах.

— Імчы, імчы, бабулька! — налягае на руль дырэктар, быццам памагаючы машыне, і смяецца чыстым, звонкім голасам.

Бываюць у жыцці мінуты, калі забываецца любы боль.

3

Ігнаценкі збіраліся садзіць бульбу. Раніца выдалася па-вясноваму ціхая, цёплая. Над Спярыжжам вісела сонца, скупыя промні яго ляжалі на абуджанай зямлі, на галінках дрэў. Іван Тарасавіч прывёў да хаты каня, раздабыў плужок. Але абяцаўся прыехаць Васіль, трэба пачакаць. Затрымліваецца толькі вось нешта. Учора, відаць, не змог пасля службы, а сёння стаіць мо на абочыне, спыняе спадарожную. Не кожны стане. Ды і дзень такі — выхадны, не дужа багата і машын тых бегае на Брагін.

Іван Тарасавіч сядзеў на лаўцы, паглядаў у бок дарогі — няма сына, не ідзе. А Васіль за плужком любіць пахадзіць, барозны кладзе — залюбуешся. Вырас жа на зямлі, хоць і ў горадзе сёння, у Прыпяці жыве, але ад яе не адарваўся: як толькі вольная хвіліна надарыцца, адразу ж спяшаецца да бацькоў. Корпаецца тады на гародчыку, вясёлы, шчаслівы. Басанож ходзіць, толькі басанож. «Калі зямлю нагамі адчуваеш — зарад бадзёрасці надоўга атрымліваеш, ды і ніякі грып не возьме»,— гаварыў, усміхаючыся. Вось так, і не прымусіш усцягнуць абутак, знойдзе, што сказаць. Там жа, у горадзе атамшчыкаў, працавала кандытарам ягоная жонка — Люся. Прыедзе ў вёску, Таццяну Пятроўну ад печы падалей, сама завіхаецца. «Давай я, мамачка. Адпачні».

Бульбу пасадзілі без Васіля, селі за стол, і тут і сусед заглянуў, з трывогай у голасе сказаў:

— Ноччу на АЭС пажар быў...

Ён збіраўся да бацькоў, звечара купіў тое- сёе ў харчовым магазіне — не прывык з голымі рукамі наведвацца на родны поплаў. Уяўляў, як пойдзе за плугам, з-пад лемеха будзе адгортвацца лустай зямля, класціся ў баразну, хаваючы пад сабой бульбу. Да канца дзяжурства заставалася тры гадзіны, калі прагучаў сігнал трывогі. Натрэніравана, хутка асабовы састаў заняў месцы ў машынах, і тыя, разразаючы начную цішыню сірэнамі, паімчалі на месца здарэння.

Полымя шугала ўгору іскрамі, асвятляла станцыю. Ні хвіліны не раздумваючы, баявы разлік, у саставе якога было спярша 28 чалавек, прыступіў да тушэння пажару. Старшы сяржант Васіль Ігнаценка першым узабраўся на 70-метровую вышыню, моцна сціскаючы ствол пажарнага рукава. Глянуў уніз — не адстаюць хлопцы, малайцы. Крыкнуў: «Адразайце агонь з боку трэцяга блока!» А сам падступаўся бліжэй да полымя...

Пасля таварышы ўспомняць, як Васіль Ігнаценка паспяваў усюды. У пастцы аказаўся сяржант Уладзімір Цішура, абклала яго з усіх бакоў полымем, яму хутка не будзе чым дыхаць: дым. Ігнаценка адбіў у стыхіі таварыша. Успомняць, як вынес з агню страціўшых прытомнасць старшага сяржанта Мікалая Ціценку і сяржанта Мікалая Вашчука. Успомняць... I на пачах выкругляцца слёзы: шкада Васіля, такі чалавек быў. Волат з душой дзіцяці.

2
{"b":"549416","o":1}