Литмир - Электронная Библиотека

Дарэчы, нашага сына мы назвалі Францыскам Казімірам. Гервасій у гонар нараджэння нашчадка ледзь увесь форт не спаліў, феярверкі з сябрукамі ладзячы. Індзейцы мужа баяцца, як злога чараўніка, што кіруе вогненным богам. А Гервасій спрабуе іх мову вывучыць, каб байкі новыя запісваць. Трохі расчараваны, што тут, дзе мы пасяліліся, няма джунгляў і маленькіх рознакаляровых птушачак, затое тут горы, парослыя лясамі, чорныя мядзведзі з кіпцюрамі, як у цмока, і такія вялізныя дрэвы, што, магчыма, з вершаліны бачная Вільня. Гервасій спрабаваў праверыць”.

І ніжэй – радок, літары ў якім таньчылі п’янога гапака:

“Паколькі гэты малы нарадзіўся не чарнявым, а, як належыць, рудзенькім, можаш, пан Вырвіч, доктара пугай не сцябаць! Пан Гервасій Агалінскі”.

Апошняя літара заканчвалася пісягом, як бы хто ў аўтара вырваў з рук пяро. Далей зноў быў почырк Паланэі:

“Спадзяюся, пан Лёднік разумее, што Гервасій яшчэ не скончыў святкаваць нараджэнне сына, таму няхай не крыўдзіцца за нядобрыя намёкі. А я ад свайго імя пану Агалінскаму ўжо ўсё выказала”.

І зусім крывы і няроўны запіс:

“Ой, выказала! Моцна і балюча! На каленях стаю і маёй жоначцы ножкі цалую!”.

Лёднік, чытаючы, то бялеў, то чырванеў, пад канец прамармытаў нешта кшталту: “Блазнюкі як ёсць…”. У словах пана Агалінскага быў намёк на даўнюю гісторыю, вакол якой накруціліся жарсці і трагедыі не менш чым у шэкспіраўскіх п’есах: малы Алесь насамрэч быў сынам Лёдніка і пані Галены Агалінскай, жонкі старэйшага брата пана Гервасія, што пан Гервасій доўга доктару не мог дараваць.

Лёднік аддаў ліст Пранцішу з нечытэльным выразам на абліччы, што трэба было разумець як прызнанне віны.

– Прабач, пан Пранціш. Я сапраўды вінаваты перад паннай Ганулькай. За паўгады шмат што магло з ёй здарыцца. Разумееш, Саламея пра яе лёс нічога не ведала – жонку трымалі асобна ад другіх манашак. Нам і ў галаву не прыходзіла, што твая Чароўная Дама можа так абысціся з вернай кампаньёнкай. Таму, як вырашыш справы з Юдыцкім, паеду з табою ў Гутаўскі кляштар. Слова даю.

Вырвіч сурова кіўнуў, хаваючы радасць: як ён засумаваў па прыгодах на пару з Лёднікам!

– Ну што, пайшлі вячэраць? А пасля пакажаш мне сваё фехтавальнае майстэрства… драгун, – звыкла з’едліва сказаў доктар.

– Думаеш, ты такі непераможны, Бутрым? – не менш з’едліва адказаў Пранціш. – Змірыся – у баявых майстэрствах патрэбныя маладыя цягліцы! Маладая жарсць! Вайсковы досвед!

Лёднік нічога не адказаў, толькі бровамі скептычна варухнуў.

А потым Пранцішу давялося стукацца сваймі “маладымі цягліцамі” аб сцены пакоя, дзе Лёднік зладзіў трэніровачную залу. Таму што доктар увесь час зухаватага драгуна да тых сценак змушаў прыціскацца. І нават – гэта было з боку прафесара чыстае хлапецтва, – прадэманстраваў скачок, які сапраўды можна ў балагане паказваць. Пранціш нават не ўцяміў, як гэта ў Бутрыма атрымалася – вось ён перад табой, а вось адштурхнуўся нагой ад сцяны – і прыстаўляе шаблю табе між лапатак.

– Ты мяне такому не вучыў! – абурыўся Пранціш. – Гэта чараўніцтва нейкае! Несумленна!

– Не чараўніцтва, – павучальна сказаў Лёднік, у душы, па ўсім відаць, страшэнна задаволены сабой, – а добрае веданне анатоміі і механікі цела. Ну і трэнінг, трэнінг, Вырвіч! Арганізм чалавека здатны на такое, што можа падацца магіяй, а гэта проста звычайныя, але забытыя веды.

Пранціш паспрабаваў таксама скочыць на сцяну, але ледзь не паваліўся, і выйшаў з пакою злосны, як выкураная з вулею пчала.

Цікава, адкуль сам Лёднік здабыў тыя “забытыя веды”? Хіба рукапіс які старажытны адкапаў?

Лёдніка перастрэла пані Саламея, нейкая вінавата-збянтэжаная:

– Там жанчына прыйшла… Цяжарная… Просіць, каб яе паглядзела менавіта я.

Доктар нахмурыўся.

– Я ж табе казаў… Не прываджвай іх. І выкінь з галавы глупства пра ўласную практыку. Не хапала яшчэ, каб за цябе зноў узяліся, – паглядзеў на засмучоны твар Саламеі, якая, здавалася, ледзь змушала сябе не пярэчыць. – Добра, раз прыйшла кабета – паглядзі яе. Выконваючы хрысціянскі доўг. Але – ні слова лішняга! І каб нічога ў аплату табе не сунула!

Пані Лёднік апусціла вочы, у якіх згаслі, не паспеўшы бліснуць, гнеўныя маланкі, і пайшла.

Пранціш утаропіўся на доктара, які стамлёна ўсеўся ў фатэль ля каміну – сын адразу падбег да таткі і расставіў на парэнчах фатэлю сваіх жаўнерчыкаў.

– Ты што гэта, Бутрым, не толькі мяне на лейцах спрабуеш вадзіць? Дзе ж твае прагрэсіўныя ідэі наконт жаночай адукацыі?

Лёднік адкінуў чарнавалосую галаву на спінку фатэлю, пад заплюшчанымі вачыма былі цені стомы.

– Мая галоўная ідэя – зберагчы сваю сям’ю. Высакароднага пана Вырвіча, так ужо сталася, запісваю таксама ў катэгорыю сямейнікаў, калі ён не грэбуе. Саламеі заманулася стацца доктарам, – Лёднік пакрывіў вусны. – Паказвае як прыклад на нейкую шалберку Русецкую-Пільштынову, якая па свеце швэндае ды лечыць то жонак турэцкага султана, то расейскую царыцу, то Радзівілаў, ну і каханкаў па дарозе мяняе. Але хто ж такую ўсур’ёз прыме? Таксама мужа-лекара мела, ад яго і навучылася. А Саламея – жанчына сур’ёзная, самавітая. Яе баяцца стануць. У вядзьмарстве ўжо абвінавачвалі – забыўся, як мы ледзь яе адбілі? У мяне рэпутацыя таксама сумніўная, не абараню. Падай мне з паліцы тую таміну, у рудой вокладцы.

Пранціш здабыў Лёдніку вялізны фаліянт. Папера яго шаргатала, нібыта абуралася, што яе нарэшце патрывожылі.

– О, для прыкладу… Выпіскі з працэсу пінскага гродскага суда 1630 года, – торкнуў пальцам у старонку Лёднік, як у выкрытага шпега. – Жонка пінскага вознага Вячоркі Высоцкага Федзя звяла са свету жонку пінскага войскага і падстаростага Мікалая Ельскага. Адкапала на могілках чалавечую костку, жалезныя цвікі ад труны і трохі пяску і загадала сваёй пляменніцы Сазонаўне, якая прыслужвала ў жонкі Ельскага, тры разы паскрэбці костку, змяшаць з пяском і ўсыпаць ва ўлюбёны ранішні напой пані, а менавіта цёплае піва з маслам. А костку з цвікамі і пяском пакласці, абысці тры разы супраць сонца са словамі: "Як тая косць мёртва, як тая косць анямела, так і пані маёй няхай то будзе". Самае цікавае, што праклён павінен быў здзейсніцца толькі на чацвёртым годзе. Жонка вознага памерла, і чарадзейства выявілася.

– Як? – зацікавіўся Пранціш.

– А ліха яго ведае, – меланхалічна прамовіў Лёднік, падняўшы вочы ад кнігі. – Каму што памсцілася… Але дзяўчыну Сазонаўну тут жа аддалі на катаванні, яна і прызналася. Ну і цётку ейную арыштавалі. Нават Галоўны трыбунал, куды пінскі возны звярнуўся, не дапамог. Так што механізм просты, – Лёднік глядзеў, як сын зацята перастаўляе мізэрных жаўнерыкаў з волава, змушаючы іх забіваць адно аднаго, у выніку нехта з небаракаў з грукатам падаў на падлогу. – Памірае любы з пацыентаў Саламеі… На ягоным целе, вопратцы ці ў доме таксама знаходзяць прыкметы чараўніцтва. Драпіну, латку, іржавы цвік, гнілы арэх… Вінаватая вядзьмарка! І – на катаванні яе… – Лёднік рэзка закрыў кнігу. Аж пыл ад жоўтых старонак пайшоў. – Помніш, як на млыне пазнаёміліся з дзяўчынай-зельніцай Саклетай, якую ўсё наваколле сабралася забіваць? Сверб, маўляў, на вёску наслала! А ў яе толькі і былі зёлкі ды кніга па фармацэўтыцы ад маці. Я – мужчына, доктар, маю ўніверсітэцкі дыплом, сябар навуковых таварыстваў, прафесар акадэміі… Я магу быць блюзнерам, а не ведзьмаком, але многія падазраюць мяне і ў першым, і ў другім. Так, Саламея хадзіла слухаць лекцыі ў полацкім калегіюме, але гэта толькі пацверджвае ейнае “вядзьмарства”.

– Слухай, ты мяне пераконваеш ці сябе, што маеш рацыю, калі забараняеш Саламеі лекаваць? – сярдзіта спытаўся Пранціш. Лёднік памаўчаў, апусціўшы вочы.

– І тое, і другое, пан Вырвіч…

Маленькі Алесь пачаў выкарыстоўваць для баявых дзеянняў сваёй алавяннай арміі вялізную кнігу, што ляжала на таткавых каленях, і суровы доктар намагаўся не варушыцца, каб цацачнае войска не пападала. І Пранціш падумаў, што Лёднік дорага заплаціў за бяспеку ўсіх сваіх бліжніх, кожнага з якіх мог страціць назаўсёды. Таму й трасецца, каб з імі зноў чаго не здарылася.

7
{"b":"247641","o":1}