Литмир - Электронная Библиотека

– Няхай ідзе… – ціха прамовіў стары, і Грос з Лапушынскім пакорліва нахілілі галовы. Гаспадар нават падняўся з-за стала:

– Пойдземце, доктар, я вас правяду.

Зняволеная жанчына, аднак, зусім не нагадвала скрадзеную прынцэсу. Яна была тоўстай, як дзяжа, з пукатымі вачыма і губастым ротам, і шарахнулася ад Лёдніка, які памкнуўся агледзець яе, як бы доктар быў нячыстай сілай. Праклёны і прыніжаныя просьбы чаргаваліся ў спадарыні зусім нелагічна. Наколькі можна было зразумець з яе няспыннай гутаркі, у якой перамешваліся словы некалькіх моў, карчмарка прасіла адпусціць яе да дзетачак і ўлюбёнага мужа, наракала, што грошай няма аддаць пазыку, тут жа кляла мужа, які тыя грошы не змог зарабіць, і даўно выраслых дзетачак, якія лынды б’юць, замест таго, как дапамагаць татусю і мамусі ў высакароднай карчмарскай справе, а таксама горача завярала, што вось-вось памрэ ад пакутаў… Праўда, Лёднік змушаны быў прызнаць, што жыццю палонніцы пакуль нічога не пагражала – голадам не марылі, ночы цёплыя, але папярэдзіў, што ў кабеты раматуз і нестрававанне.

Піць лекі, прапанаваныя худым дзюбаносым прыхаднем, карчмарка адмовілася з такімі крыкамі, быццам яе сабраліся труціць. Пан Лапушынскі з’едліва пасміхнуўся:

– Ну што, пан доктар, задаволілі сваю цікавасць? І варта было сюды цягнуцца з-за стала? На маім баку праўда, вашыя мосці. Майсей палову пазыкі прынёс, значыць, і другую знойдзе. Пасядзіць баба. Не разваліцца.

Пранцысь Вырвіч глядзеў на кабету, якая ў аксамітнай сукенцы колеру спелага каштану і каптуры з бялюткімі карункамі сядзела на сене, яму і шкада яе было, і раздражнялі крыкі.

– І колькі карчмар вам яшчэ вінен? – папытаўся Лёднік гаспадара.

– Пяцьдзесят дукатаў, – адказаў Лапушынскі. – І ні шэлега не саступлю. Не таму, што грошай шкада – а каб правучыць паскудніка Майсея. Каб другі раз махлярыць пабаяўся.

Пад прыніжаныя запэўніванні Майсеіхі наконт таго, што такіх грошай яны з мужам у руках ніколі не трымалі, панства вярнулася ў дом. Чорныя сосны паныла спявалі шаргатлівую калыханку, пад якую не тое што засынаць – паміраць не хочацца.

Уночы Вырвіч чуў, як Лёдніка клікалі да пана Шрэдэра, якому зноў сталася кепска – і куды валакуць такога скалечанага? Дый крыкі зняволенай карчмарыхі некалькі разоў будзілі. Баба мела сапраўды жалезнае горла, бо нават не ахрыпла ад гэткай напругі. А нараніцу, шэрую, як выцвілая на прыдарожным крыжы ануча, перш, чым сесці ў пададзеную проста да ганку карэту, у якую ўжо ўсадзілі таямнічага калеку, Лёднік працягнуў гаспадару цяжкі мяшэчак:

– Пяцьдзесят дукатаў, ваша мосць. Я забяру кабету.

Пранціш прытрымаў ягоную руку:

– Я ў долі… Напалам.

Доктар трохі падумаў і кіўнуў галавой.

Пан Лапушынскі вырачыў на гасцей заспаныя вочы:

– Запэўніваю вашых мосцяў, што ад ейнага мужа вы прыбытку не атрымаеце. Майсей скнарышча, якіх пашукаць. На пару з жонкай колькі з п’яных лішняга здзерлі…

Лёднік не адвёў вачэй.

– Бог усім суддзя. Прашу васпана адпусціць зняволеную.

Лапушынскі паціснуў плячыма і ўзяў мяшэчак.

– Толькі таму, што не хочацца крыўдзіць вашу мосць. Не мог і ўявіць, што Майсеіха можа займець рыцараў-заступнікаў. Але чаго на свеце не бывае… Пане Каханку вунь любіць таўсманых, каб за стан не абхапіць. А другі мой знаёмы мурынку ў Багінскіх выкупіў, якая ўмела на клавікордах граць, і так ужо закахаўся…

Былы алхімік на пацвельванні не адказаў, прамаўчаў і драгун… Майсеіха выбегла з хлява, смешна валюхаючыся, і нат не зірнула на сваіх выратаваўцаў—магчыма, пералякаўшыся ды накрычаўшыся, проста не цяміла, што і чаму адбываецца. Калі карчмарыха прабегла паміж мармуровымі Артэмідай і Мінервай, дваровы хлапчук залівіста свіснуў услед, і кабета прыпусціла яшчэ хутчэй, падабраўшы падол аксамітнай сукенкі, да якой прыліпла сена.

Пан Лапушынскі толькі крыва пасміхнуўся ўслед сваім гасцям: ён відавочна палічыў драгуна і доктара нейкімі дурнямі. Абыдзецца цыганскае вяселле без марцыпанаў. Калі ад’ехаліся ад Чорных соснаў, абагнаўшы карчмарыху, якая, каб прапусціць карэту як падалей, ламанулася ў прыдарожныя хмызы, Грос высунуўся з вакенца, абмерыў вачыма чорную постаць Лёдніка:

– Лепей бы васпан аддаў тыя грошы жабракам ля царквы. Гэтая баба нават дзякуй вам не сказала.

Доктар нат галавы не павярнуў, седзячы на кані.

– Такія справы робяцца не дзеля падзякі. У мяне была магчымасць сплаціць мой уласны доўг – і я гэта зрабіў. А рахункаваць будуць не тут…

Грос хмыкнуў і схаваўся ў карэце. Пранціш, які не адчуваў радасці ад змяншэння вагі свайго кашалька, таксама не вытрымаў, каб не выказацца:

– І ўсё-ткі, Бутрым, не разумею цябе. Кабета ж не памірала. Не ў яе з мужам пазычылі і не аддавалі – а яны вінаватыя! А баба якая паскудная… Чаму мы павінны былі выплочваць доўг карчмара?

Туман сцяліўся ў лагчынах, як быццам цэлая зграя зайцоў узялася варыць піва. Лёднік сумна глядзеў удалеч.

– Вядома, лягчэй ратаваць людзей, нам прыемных. Удзячных, прыгожых… Каб нас іншыя за гэта пахвалілі, каб усё выглядала разумна. А каму прыемны быў я, мурзаты, дзікі, непрыгожы хлапчук, які звык, што калі нехта побач уздымае руку, дык каб ударыць, а не прылашчыць? Таму й намагаўся паспець зрабіць гадасць сам. Першае, што я ўчыніў, калі патрапіў у дом да дзядзькі Лейбы, куды мяне прывёў ягоны сябар і мой выхавацель Іван Рэніч – пастараўся непрыкметна перамяшаць усе д’ябальскія парашкі. Як жа, я знаходзіўся ў доме іншаверца, ворага! А дзядзька Лейба толькі пасмяяўся, шчыра так, па-добраму, сказаў, што з мяне неадменна атрымаецца добры алхімік. І паказаў некалькі… эфектных узаемадзеянняў між рэчывамі. З маленькімі выбухамі.

Лёднік трохі памаўчаў, апусціўшы галаву, з навіслых шэрых хмараў пасыпаліся халодныя кроплі восеньскага дажджу, дробныя, як інфузорыі.

– Мне даводзілася лячыць людзей, якія былі ўпэўненыя, што я ім шкоджу. І калі мне, добра папацеўшы, удавалася паставіць такога на ногі, ён усё роўна лічыў, што паправіўся насуперак мне. Але, павер, калі б я дзеля выратавання такога чалавека рабіў менш намаганняў, чым дзеля ўдзячнага, я нічога не варты быў бы, як доктар… І як чалавек таксама. Я бачыў, як падчас пошасці звар’яцелы ад жаху натоўп разрывае на кавалкі лекараў, якія рызыкуюць жыццём, каб пошасць спыніць… Я тады ацалеў – і лекаваў зноў. І цяпер – мы маглі дапамагчы, і дапамаглі. Аб гэтым ніколі не варта шкадаваць.

А потым здарылася тое, дзеля чаго, падобна, доктара з драгунам і наймалі… Карэту перапыніў раз’езд расейцаў. Жаўнераў дзесяць на чале з афіцэрам – не так шмат, каб усё выглядала безнадзейным, але замнога, каб спадзявацца на лёгкую перамогу. Афіцэр патлумачыў, што згодна дамове імператрыцы і польскага караля яны маюць права адшукваць і вяртаць у Расію збеглых прыгонных і жаўнераў.

– Ці няма тут расійскіх падданых?

Афіцэр пільна вывучаў абліччы падарожных, так і цэлячыся зазірнуць у карэту, і нагадваў адмысловага сабаку гетмана Браніцкага, навучанага шукаць чорныя труфлі ў тутэйшых пушчах. Пан Зыгмунд Грос выйшаў на дарогу. Проста ў гразь, пад дождж. Вырвіч глядзеў і не пазнаваў уладнага, засяроджанага пана. Невыразнае аблічча таго проста ззяла радасцю, як ад сустрэчы з дарагімі гасцямі, постаць змізарнела, прыгорбілася… І голас не пазнаць: такі мяккі, трохі няўпэўнены – у галаву не магло прыйсці, што такім можна маніць. Грос з нізкім паклонам падаў афіцэру падарожную:

– Няхай пан не сумняецца – мы шчыра любім нашага новага караля, няхай яму дасць Бог здароўя на доўгія гады, гэта жа, як і яе імператарскай вялікасці, імператрыцы, мудрае праўленне якой з’яўляецца ўзорам для нас…

Цяпер Пранцысь быў упэўнены, што іхні спадарожнік сапраўды езуіт, і высокага палёту – гэтак дасканала перакідвацца з ваўкалака ў авечку… А пан Зыгмунд, жаласна распавёўшы пра пакуты бяскрыўднага старога пасажыра карэты і патрэбу ў наведванні святых месцаў, тыцнуў пальцам у прафесара:

– Вось, суправаджае нас сам доктар Баўтрамей Лёднік з Вільні, ён праваслаўны, наш адзінаверац, і блізкі сябар графа Разанцава. Пан доктар наведвае прыход парушанай Віленскай Свята-Духавай царквы, утрымлівае шпіталь пры ёй… А гэта ягоны вучань, пан Вырвіч, таксама бароніць дзядоўскую веру і нашыя святыя цэрквы, абернутыя гвалтам у ганебнае ўніяцтва.

14
{"b":"247641","o":1}