Литмир - Электронная Библиотека

— Знаў? Усё жыццё. На маіх вачах вырас.

— Я дык мала і ведаў яго, — прызнаўся я. — Так, сустракаўся некалькі разоў. Чуў, што неблагі настаўнік, добра дзяцей вучыў.

— Вучыў! Вучылі і яшчэ некаторыя не горш за яго. А ён сапраўдным чалавекам быў. I такімі дзяцей выхоўваў. Рабяты за ім табуном хадзілі.

— Цяпер гэта рэдкасць.

— Цяпер рэдкасць, а даўней так часта было. I ён таксама ў табуне за Марозам хадзіў. Як пацаном быў.

— Зрэшты, а хто гэты Мароз? Ці не той, што на помніку?

— Ну. Настаўнік з гэтай жа школы. Некалі разам тут пачыналі. Я ж сюды ў лістападзе трыццаць дзевятата прыехаў. А ён у кастрычніку школу гэтую адкрыў. Тады на чатыры класы ўсяго.

— Загінуў?

— Да, загінуў,— коратка адказаў Ікачук. Са старэчай развалкай нетаропка ён крочыў поруч па навошчанай каляіне асфальткі. Пінжак яго быў распшілены, вузел гальштука з'ехаў набок пад ражок каўняра. На цяжкім, не дужа старанна паголеным твары прамільгнуў ледзь улоўны цень смутку.

— Мароз быў нашаю болькай. На сумленні ў абодвух. У мяне і ў яго. Ну але я што… Я здаўся. А ён не. I вось — перамог. Дабіўся свайго. Шкада, сам не ўтрываў.

Здаецца, я нешта пачаў разумець, аб чымсьці здагадвацца. Нейкая гісторыя з вайны. Ткачук надта скупа тлумачыў, можа трэба было б папытаць настойлівей, але я баяўся зноў разгнявіць яго І толькі каб падтрымаць размову, устаўляў свае банальныя фразы.

— Так ўжо заведзена. За ўсё добрае трэба плаціць. Часам дарагую цану.

— Ды ўжо ж. Куды даражэй. Шкада, харошая была пераемнасць. Цяпер жа столькі размоў пра пераемнасць традыцый бацькоў… Праўда, Мароз яе быў яму бацькам, але пераемнасць была. Проста на дзіва! Бывала, гляджу калі і не магу нарадавацца: ну нібыта брат гэтаму Марозу Алесю Іванавічу. Усім: і характерам, і добрасцю, і прынцыповасцю. А цяпер… Хаця не можа быць, нешта там ад яго застанецца. Не можа не застацца. Такое не прападае. Прарасце. Праз год, пяць, дзесяць, а нешта праклюнецца. Пабачыш.

— Магчыма.

— Не магчыма, а пэўна. Не можа быць, каб праца такіх двух людзей марна прапала. Тым больш пасля такіх смерцяў. Смерць — яна, брат, свой сэнс мае. Вялікі, я табе скажу, сэнс. Смерць — гэта абсалютны доказ. Саамы неабвержны аргумент. Памятаеш, як у Някрасава: „иди в огонь за честь отчизны, за убежденье, за любовь, иди и гибни безупречно, умрешь недаром, дело прочно, когда под ним струится кровь!“ Во! А тут крыві пралілося ого колькі! Не можа быць, каб дарма. Ды і Мароз даказаў гэта самым красамоўным чынам. Хаця ты ж не ведаеш…

— Не ведаю, — шчыра прызнаўся я. — Некалі Міклашэвіч збіраўся расказаць…

— Памятаю. Ён гаварыў. Ён тады да каго толькі не звяртаўся. I да цябе хацеў. Ды во, не паспеў.

Гэтыя яго словы адгукнуліся ўва мне непрыемнасцю, балючым дакорам сабе. Сапраўды, чула маё сэрца, што, сам таго не жадаючы, я ўсё ж дапусціў тут памылку. Ну але хто ж ведаў! Хто мог прадбачыць, што ўсё гэта абернецца такім горкім чынам.

— Ты ж з рэдакцыі? — скоса паглядзеў на мяне Ткачук. — Ведаю. Фельетончыкі пішаш і так далей. За праўду-матку ваюеш. Вось ён тады і надумаў падключыць цябе да гэтае справы — заступіцца ў друку за Мароза. Не, Мароз не асуджаны, не палохайся. I не які там паслугач нямецкі. Тут іншая справа…

— Цікава, — сказаў я, калі Ткачук ненадоўга змоўк. — Каб жа я раней ведаў!

— Цяпер ужо ўсё зроблена, знайшліся дзе трэба і заступнікі. Цяпер ужо можна расказваць. I напісаць можна. Нават патрэбна. Міклашэвіч дамогся праўды. Толькі вось сам… У цябе закурыць няма? — запытаў ён, лапаючы па сваіх пустых кішэнях. Я даў яму сігарэту, мы закурылі абодва, пастараніліся, прапускаючы чорную, з нікелем „Волгу“, якая порстка прашмыгнула міма. Мусіць, „Волга“ ішла ў горад, але цяпер ні ён, ні я не зрабілі ніякай спробы яе спыніць — я прадчуваў, што Ткачук нешта раскажа, а той на хвіліну неяк роздумна-засяроджана паглыбіўся ў сябе, пазіраючы ўслед машыне.

— Можа б узяла? А, ліха з ёй! Хай едзе. Пойдзем памалу. Табе колькі гадоў? Сорак, кажаш? Ну, гэта малады яшчэ век, яшчэ многае наперадзе. Не ўсё, канешне, але многае яшчэ засталося. Калі здароўе, вядома, нішто сабе. У мяне здароўе таксама не сказаць каб кепскае, яшчэ і чарку магу часам узяць. Але ўжо не тое, што было раней. Раней я, брат, аўтобуса гэтага рэдка і чакаў калі.А што, у тыя, даўнейшыя часы дык і аўтобусаў ніякіх не было. Трэба ў горад — бярэш палку і айда. Дваццаць кіламетраў — за тры з паловай гадзіны і ў горадзе. Цяпер, мусіць, болей спатрэбіцца, даўно не хадзіў. Ногі яшчэ нішто. Вот горай — нервы здаюць. Знаеш, не магу глядзець кіно, каторае жаласлівае ці пра вайну асабліва. Як убачу тое гора наша, хоць і даўно ўжо ўсё перажыта і памалу забываецца, а знаеш, душыць нешта за горла. Ды яшчэ музыка прытым. Не кожная, вядома, не джазы якія, а песні, што тады спявалі. Як пачую, ну проста нервы пілой пілуе.

— Падлячыцца б трэба. Цяпер жа няблага лечаць.

— Не, мае ўжо не вылечаць. Шэсцьдзесят два гады, што ж ты хочаш! Жыццё іх удрызг пашкуматала, вяроўкі з іх віло. А тым болей вучоныя кажуць, што нервовыя клеткі не аднаўляюцца… Да. А некалі таксама малады быў, нежанаты, здаровы, як Жабацінскі які. У трыццаць дзевятым пасля ўз'яднання наркамат асветы накіраваў у Заходнюю арганізоўваць школы. Арганізоўваў школы, калгасы, круціўся, матаўся, сам у школах рабіў. Тут во, у Сяльцы, пасля вайны сем год адбухаў…

— Так. Час ідзе.

— Не ідзе, а імчыцца. Знаеш, некалі ўсё думаў: ну год, два, тры папрацую, а там у Мінск падамся, у педінстытуце вучыцца хацеў. Я ж да вайны толькі настаўніцк двухгадовы скончыў. Ну а жыццё інакш закамандавала, вайна ўсчалася, ніякага педа не выйшла, тут во на ўсё жыццё і прыкіпеў. Раней райком не пушчаў, школа, кватэра, а цяпер во, калі можна каціцца на ўсе чатыры бакі,нікуды ўжо і не цягне. Так, відаць, і прыйдзецца застацца ў гэтай зямліцы, як Марозу. Хіба з некаторым спазненнем.

Ён змоўк. Я дакурыў цыгарэту і таксама маўчаў, не хочучы парушаць яго зразумелага мне настрого і ладу думак. Мы ўжо міналі гаёк, дарога ішла ў выемцы, па абодва бакі высіліся пясчаныя адхоны з хвоямі. Зачынаўся вечаровы прыцемак, і нават вяршыны хвой ахінаў цень, толькі бясхмарнае неба ўгары яшчэ адсвечвала развітальным святлом нябачнага сонца.

— Сёння якое чысло? Чатырнаццатае? Во акурат у гэтую пару першы раз наведаўся ў Сяльцо. Цяпер ужо прывычная справа — усе гэтыя куткі-дарогі, а тады ўсё тут было новае, цікавае. Маёнтак гэты, дзе школа, тады быў не такі абшкрэбаны — спраўны, стары, але дагледжаны дом, расфарбаваны, як лялька. Пан Габрусь у верасні ўцёк, пакінуўшы ўсё, падаўся, казалі, да румынаў, ну а тут Мароз школку адкрыў. На школьным двары перад парадным высіліся два нейкія дрэвы, не тутэйшыя, дужа сукаватыя, з нейкім серабрыстым лісцем. Гіганты, як тыя амерыканскія секвоі. Такія цяпер яшчэ дзе-нідзе на былых маёнтках засталіся, дажываюць век. А тады іх многа было. У кожнага пана, лічы.

Той першы год я рабіў у райана загадчыкам. Школы амаль усе новыя, маленькія, наспех прыстасаваныя — то ў асадніцкіх сядзібах, то ў панскіх, а то проста ў вясковых хатах. Абсталявання, падручнікаў, інвентару не хапала, ды і з настаўнікамі таксама туга было. У гэтым Сялъцы разам з Марозам рабіла Падгайская, пані Ядзя, як мы яе звалі. Старая кабета жыла тут і пры Габрусі, вунь у тым самым флігелі. Нотная была пані, старая дзеўка. Рускую мову амаль не ведала, трохі разумела па-беларуску, але што датычыць астатняга — ого! Выхавання была самага гжэчнага.

I вось аднойчы пад вечар сяджу ў сваім кутку ў paйaна, зашыўся ў паперы — справаздачы, планы, ведамасці. Ездзіў па раёне, тыдзень не быў на месце, усё запусціў — страх! Не адразу пачуў — хтось шкрэбае ў дзверы. Заходзіць гэтая пані Ядзя — маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. „Проша звініць, пан шэф, я, проша пана, па педагагічнай справе“. — „Што ж, калі ласка, сядайце, слухаю“.

Сядае на краёчак крэсла, аберуч папраўляе свой такі пекны капялюшык і пачынае сыпаць амаль скрозь па-польску — ледзь разбіраю. Усе манеры старанна выхаванай паненкі, а самой гадоў за пяцьдзесят — такі зморшчаны, хітранькі тварык. Што ж аказваецца? Аказваецца, мае канфлікт на педагагічнай аснове са сваім школьным шэфам у Сяльцы калегам Марозам. Аказваецца, гэты Мароз не падтрымлівае дысцыпліны, як роўны паводзіць сябе з вучнямі, вучыць без неабходнай строгасці, не выконвае наркаматаўскіх праграм і самае галоўнае — кажа вучням, што не трэба хадзіць да касцёла, хай туды ходзяць бабулі з дзядулямі.

4
{"b":"223125","o":1}