Уладзімір Караткевіч
Зброя
РАЗДЗЕЛ І
Нізкія – рукой дастаць – хмары пахнулі вугальным дыхам. А можа, гэта і быў дым. Яго несла, варочала, цягнула над Мікалаеўскім вакзалам, над плошчай, над вулкамі, тупікамі, над горадам, над усім светам. Варта было купляць аж у Ангельшчыне кардыф* і везці яго сюды, каб так засмуродзіць неба.
* Ангельскі (з паўднёвага Ўэльса) антрацыт высокага гатунку.
Менавіта ў такі дзень, гнілы лютаўскі дзень 1862 года, прыехаў у Маскву будучы камісар паўстанцаў Ніжняга Прыдняпроўя князь Алесь Загорскі з сябрам Мсціславам Маеўскім, старым «дзядзькам» Кірдуном (а па прозвішчы «Халява») і «дзядзькаваным» сваім братам, вольнаадпушчанікам, Кандратам Кагутом.
Дзве мэты было перад імі: закупіць патрэбную дзеля паўстання зброю і яшчэ – паспрабаваць вызваліць Кандратавага блізнюка, Андрэя, якога вось-вось павінны былі прывезці этапам з Беларусі ў Бутырскую турму.
Пажыццёвая высылка. Згадзіцца на гэта было немагчыма. Больш, чым брат. Брат па крыві – па выхаванню і думках. Брат, кінуты ў няволю за тое, што спяваў на кірмашы песню, якую напісала твая рука, прыдумаў твой мозг. Нельга было паважаць сябе, каб дапусціў, што друга, брата б'юць «на Балоце» бічом, а пасля вядуць у ланцугах Уладзімірскай дарогай.
…Не лютаўская, гнілая сыпала на горад мжычка, напалам з жоўтым снегам. Паўз снежныя горы цягнуліся праезджыя дарожкі, і на іх стаялі лужыны колеру мачы, глыбокія, ператоўчаныя са снегавой кашай.
З цягніка амаль ніхто не сышоў. Дый каму было ездзіць у такое надвор'е? Справы пачакаюць да сухіх дарог, а цяпер сядзі, браце, ля печкі.
Ля пустой рамізніцкай стаянкі яны стаялі толькі чатырох. Наперадзе, нібы чужыя, Мсціслаў з Кандратам. За імі – Алесь з Кірдуном.
– Стаў кофры, хамская морда. – У Мсціслава смяяліся вочы. – М-маеш ты ў мяне.
Ён даводзіў так Кагута ўсю дарогу… Той і цяпер толькі носам сапнуў.
У чорным паліто, у ласіных пальчатках і занадта модных чаравіках Мсціслаў быў дзіва які добры – ні даць ні ўзяць эўрапеізаваны купчык з багатых таганскіх недарасляў. Алесь толькі пасмейваўся, паглядаючы на яго.
– Да Макарыя на кірмаш едзе, сукін сын, – нібыта аб чужым, сказаў Кірдуну Алесь. – Пявічак там будзе ў шампанскім купаць, у рэдэрэры, пяць семдзесят бутэлечка. Х-хам.
У Мсціслава непрыкметна закалаціліся плечы.
– Слухай, Мсціслаў, – ужо сур'ёзна сказаў Загорскі. – Вы зараз з Кандратам паедзеце першыя. Спыніцеся ў гасцініцы «Дрэздэн», на Цвярской плошчы… Возьмеш трохпакаёвы нумар з асобным пакоем для Кандрата. Ты ж мільянер, купец.
– Чорт яго пабірай. Ніколі не думаў, што ўдаваць дрэнныя манеры так цяжка.
– Звыкнеш… А мы з Кірдуном паедзем у гандлёвы цэнтр. Спынімся там у нумарах пры «наватроіцкім» тракціры… Я адразу дашлю Кірдуна са звесткай аб нумары.
– Не разумею, нашто гэта, – сказаў Кандрат Кагут. – Адразу драбіць хаўрус.
– Я т-табе дам хаўрус, хам, – сказаў Мсціслаў. – Ведай сваё месца. Ты – слуга, а ніякі мне не хаўруснік.
– Так трэба, Кандрат, – сказаў Алесь. – Наш тракцір на Іллінцы, у самым гандлёвым цэнтры, Андрэя павязуць добра калі праз два месяцы. За гэты час я павінен наладзіць сувязі з гандлярамі… І не толькі легальнымі, а і падспуднымі, Давядзецца зведаць увесь патаемны рынак, стаць там сваім чалавекам.
– То што?
– Гэта не тое што купіць стрэльбу на дыван над ложкам, – сурова сказаў Алесь. – Нам усё ж трэба дзве тысячы стрэльбаў, столькі ж халоднай зброі, ды жалеза для паробак, ды паперы, бо ў Кастуся зрываецца справа.
– Можна было і бліжэй купіць, – сказаў Мсціслаў. – Паперу – у Добрушы, на паскевічаўскай мануфактуры. Зброю – недзе ў Польшчы ці ў Рызе.
– Угу, – іранічна сказаў Алесь. – Там, дзе сочаць… Не, брат, калі купляць, то там, дзе пра гэта і не падумаюць, у самым логаве… Нават і тут будзе небяспечна. То я вас падводзіць не буду… Калі са мной нешта здарыцца – самі вызваляйце Андрэя.
– А ты? – спытаў Кандрат.
– Я выблытаюся… Слухайце, як будзеце рабіць. Яго, вядома, прывязуць у Бутыркі. Звядзі, Мсціслаў, знаёмства з людзьмі. Пастарайся загадзя падкупіць ката, каб біў памяркоўна.
– Няўжо будзе бізун? – спытаў Кагут.
– Абавязкова будзе, Кандрат… Дык вось, з Балотнай ці Сянной плошчы іх павязуць на Рагожскую заставу, адкуль ідзе Ўладзімірка. Як толькі дакладна зведаеце, што і як, клічце хлопцаў. Пастарайцеся напасці на этап недзе недалёка за горадам… Вось, усё… Калі выявіцца, што я ўсталяваўся надзейна, што няма здрады, што за намі ніякага хваста, – я далучуся да вас. А пакуль сядзіце цішэй за мыш, не выдавайце сябе без патрэбы.
– Недзе ў Прыдняпроўі не маглі адбіць, – бурчаў Кірдун. – Жартачкі ім: на этап нападаюць.
– Дурань, – сказаў Кандрат. – Сам бачыш, якая варта да Магілева і ад яго. Рота салдат этап суправаджала. Што, напасці ды ўсіх сяброў так вось, псу пад хвост?
– У паўстанні так і будзе, – нечакана сказаў Алесь. – Сам лягу з сябрамі, а вызвалю хаця б і апошняга касінера.
– Нашто?
– А на тое. Каб людзі нічога не баяліся, каб ведалі, што сябры не кінуць на мукі. Адзін такі, упэўнены, у бойцы – чатырох варты.
Ён азірнуўся і ўбачыў старога ў янотавай футры. Стары – па выгляду купец з небагатых – цягнуўся да іх па жыжцы, валюхаючы, бо падпіхваў каленам цяжкі кофр.
– Сіленцыюм, – сказаў Алесь.
Усе змоўклі. Купец дацягнуўся да іх і з палёгкай паставіў кофр.
– Рамізнічка чакаеце?
– Але, – сказаў Загорскі.
– Адной кампаніяй?
– Не. Я вось са слугой, а яны – асобна.
– Шкада-а, – стары выціраў лоб вялізнай уціркай. – І куды ж гэта вы, дазвольце ўжо спытаць?
– Не ведаю куды, пан? – спытаў Алесь.
– У «Дрэздэн», – буркнуў Маеўскі.
– Да-с, – сказаў стары. – Праезджы, значыцца. З купцоў?
– Так, – сказаў Мсціслаў.
– Па якой камісіі?
– Футры… І закупка паркалю.
У старога быў чырвоны твар, барада клінам і хітрыя каламутна-сінія вочкі. Пачуўшы адказ Мсціслава, ён расцягнуў рот, і без таго вялікі, як шчыліна ў паштовай скрынцы.
– Са сваіх, значыцца, мужычкоў цёплае здзіраеце, каб у халоднае ды лінючае абрадзіць, – ён гаварыў па-расейску спявуча, як гаворыць маскоўскае мяшчанства.
– Не ваша, ацец мой, справа, – сказаў Мсціслаў.
Стары нібы і не чуў:
– І адкуль вы?
– Магілеўскі, – сказаў Мсціслаў.
Настала чарга Алеся.
– Мы, выяўляецца, з адных краёў, – паблажліва сказаў ён Маеўскаму. – Мяркую, калі мне спатрэбіцца, я знайду вас?
Мсціслаў падаў яму візітную картку.
– Шандура Вакх Раманавіч, – прачытаў Алесь. – Што ж, мне прыемна. Вы з падуспенскіх Шандураў?
– Нягож, – буркнуў наваяўлены Вакх.
– Вазьміце і маю, – Алесь працягнуў вяленевы прамакутнічак.
Мсціслаў прабег па ім вачыма і пакланіўся.
– Так точна, – сказаў ён. – Я да вашых паслуг. Якая камісія, прашу, вядома, дараваць?
– Мне патрэбна тры тысячы штук паркалю. Праз тры месяцы самае позняе. Няхай сабе самага таннага, але затое самых розных і яркіх, самых стракатых колераў.
– А тып? – прагна, але з прагнасцю, схаванай за крайняй павагай, спытаў Маеўскі.
– Разнатыпныя штукі, – сказаў Алесь. – Гэта не оптам.
– Зробім, – сказаў Мсціслаў. – Зробім.
Пад'ехаў рамізнік. Кандрат размясціў рэчы, дапамог Мсціславу сесці, а сам ускараскаўся на козлы.
– Зробім, – сказаў яшчэ раз Маеўскі.
Коні кранулі.
Некаторы час тыя, што засталіся, стаялі моўчкі. Усе яшчэ церушыў мокры снег, і, нягледзячы на гадзіну апоўдні, было цёмна, бы ў прысмерак.
– Бог ведае што такое. – Алесь выціраў мокры твар. – Звычайна за рукі рвуць, на часткі. Толькі і чуеш – «пажа»… «пажа…». А тут – хоць бы хто.
– А іх доўга не будзе, бацюхна, – сказаў купец.
– Што так?
– Я спраўкі навёў-с… Носаў, суконшчык з Прэабражэнскага, гуляюць з сябрамі. Узялі-с усе каліберы* з плошчы і паехалі-с. І сані ўзялі.