Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Напэўна, у цемры стары недзе размiнуўся з Юркам, каторы неўзабаве паявiўся на абрыве, кiнуў пад ногi траскотнае бярэма галля - вялiкае бярэма побач з маленькай вязанкай Пятровiча.

- А дзе дзед?

- Глядзi, якога ўзяў! - пачуўшы сябра, бадзёра загаварыў пад абрывам Каламiец. - Колбiк што трэба! Паўкiла пацягне.

- А дзе Пятровiч? - адчуўшы нядобрае, паўтарыў сваё пытанне Юра.

- Пятровiч? А хто яго... Пайшоў, мабыць. Я сказаў яму...

- Як? - аслупянеў на абрыве Юра. - Што ты сказаў?

- Усё сказаў. А то водзяць за нос. Падтакваюць...

- Што ты нарабiў? Ты ж прыкончыў яго!

- Ды ўжо ж - прыкончыў. Жывы будзе!

- От жа калун! От жа тумак! Я ж табе казаў! Яго ж тут бераглi ўсе! Ашчаджалi. А ты?..

- Што там ашчаджаць! Хай праўду ведае.

- Такая праўда яго даканае. Яго ж сыноў абодвух забiлi ў блакаду. А перад тым ён iх сам вунь туды на лодцы адвёз. I чакае.

- Чаго ўжо чакаць?

- А што ж, лепш не чакаць? Як жа тады жыць? Эх ты!

- Ну ладна, ладна...

- Ды не ладна! Пайшоў ты, ведаеш куды! Дзе мой рукзак?

Пад завалочаным цемрай абрывам пачуўся цiхi стук камянёў пад нагамi, рэзкi лязг ланцуга па гулкай абшыўцы лодкi i неўзабаве некалькi крокаў, якiя хутка зацiхлi ўначы. Над берагам запанавала цiшыня. Ледзьве пабляскваючы аспiднай паверхняй, цякла ў вечнасць рака, i паступова ў розных мясцiнах на нябачных у змроку яе берагах, блiзка i далека загаралiся кастры рыбакоў. Сярод iх у той вечар не загарэўся толькi адзiн - на абрыве насупраць ляснога перавозу, дзе да ранку было незвычайна пустынна i глуха.

Не загарэўся ён i ў наступную ноч.

I, мабыць, не загарыцца нiколi.

1972 г.

2
{"b":"125108","o":1}