Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Колькi так прайшло часу, цяжка гаварыць. Але Бiм... пачаў драпаць за дзверы.

Гэтыя дзверы зусiм былi не падобныя на iншыя, тыя, якiя ведаў Бiм: абабiтыя бляхаю з вострымi рванымi петнякамi. Але гэта былi дзверы, цяпер адзiныя дзверы, праз якiя можна было прасiць дапамогi i спачування.

Прыйшла ноч, Халодная, марозная.

Кудлатка завыў.

А Бiм драпаўся. Ён грыз зубамi кавалкi бляхi i зноў драпаўся, ужо лежачы. Зваў. Прасiў.

Пад ранiцу ў фургоне стала цiха: Кудлатка не выў, Бiм таксама прыцiх, хiба толькi зрэдку скрабяне лапаю па жалезе. Знямогся ён да поўнага бяссiлля цi змiрыўся, страцiў надзею i чакаў свайго лёсу пакорлiва, мы не ведаем. Пакуль што гэта была таямнiца жалезнага фургона.

Раздзел 16

СУСТРЭЧА Ў ПОШУКАХ. СЛЯДЫ БIМА НА ЗЯМЛI. ЧАТЫРЫ СТРЭЛЫ

Нядзельным днём у горадзе, аказваецца, больш людзей, чым у звычайныя днi: iдуць, едуць, бягуць, купляюць, прадаюць, лезуць у цягнiкi, аўтобусы, тралейбусы, трамваi, быццам селядцы ў бочку, спяшаюць з горада, як учадзеўшы. Апоўднi таўкатня пакрысе ацiхае, а вечарам зноў: адны вяртаюцца з вёсак i лясоў у горад дадому, другiя едуць з горада да сябе, у вёскi i лясы.

Таму не дзiўна, што аднаго нядзельнага дня i Хрысан Андрэевiч прыехаў у горад разам з Алёшам. Абодва дамовiлiся, што Алёша паспрабуе знайсцi Чарнавуха, пакуль бацька будзе на базары прадаваць прадукты. Хрысан Андрэевiч i раней браў з сабою сына i пускаў пагуляць па горадзе без усякага апасення (нумар трамвая ведае, "свой" аўтобусны прыпынак ведае, а каб натварыць чаго нiколi ў жыццi). У такiх выпадках атрымоўваў Алёша на рукi тры рублi i мог купiць сабе што толькi захочацца, i паехаць куды хоча ў горадзе - хоць у кiно, хоць у цырк. На гэты раз Хрысан Андрэевiч увапхнуў сам у патайную кiшэню Алёшу пятнаццаць рублёў i сказаў:

- Калi выпадкова трапiцца Чарнавух, а аддаваць не будуць, давай чырвонец. Не дадуць - давай дванаццаць. Не аддадуць - кладзi ўсе пятнаццаць. А калi i тады не захочуць, пiшы адрас - i да мяне: сам паеду. Доўга не хадзi, к чатыром гадзiнам да аўтобуса, дзень стаў кароткi, зацемна паедзем. Ды пытайся пра Чарнавуха культурна: "Папытацца можна, таварыш?" А потым i дакладвай, так маўляў i так - з вёскi мы, пастухi, i без сабакi нам нельга, а прапаў. Уцёк, маўляў, у горад. Добрых людзей многа: ты толькi пытайся.

...Па горадзе спаважна iшоў хлопчык-мацак i зрэдку пытаўся ў сустрэчных, у тых, хто, на яго думку, заслугоўваў давер:

Папытацца можна, таварыш? Мы, выходзiць, пастухi...

Тлустых сустракаў чортведама як многа, асаблiва жанчын, але такiх прапускаў (мабыць, не працуюць, таму i тоўстыя не ў меру). Але менавiта тлусты таварыш, пачуўшы, пра што пытаецца хлопчык - не ў яго, у другога, - спынiўся i параiў пайсцi на вакзал (там, маўляў, за дзень уся моладзь пройдзе праз вароты - хто ж небудзь ды ведае). Хлапчукоў жа Алёшка не абмiнаў нiводнага.

У той жа самы час i Толiк выйшаў шукаць Бiма. Ён настойлiва шукаў ужо тры днi, але пасля ўрокаў, а сёння вырашыў пачаць зранку: нядзеля, не трэба ў школу.

Iшоў па горадзе чысценькi хлопчык з культурнае сям'i, iшоў, прыглядаўся да прахожых i спытаў, выбраўшы:

- Дзядзечка, скажыце, калi ласка, цi не бачылi вы сабаку з чорным вухам?.. Белы, з жоўтымi крапiнкамi?.. Не, не бачылi, шкада. Прабачце.

Толiк ужо двойчы быў у Сцяпанаўны, нягледзячы на забарону бацькоў, ужо аддаў Люсi чэшскiя алоўкi, якiх не бывае нi ў адным магазiне, i альбом для малявання, ужо расказаў, што Бiм быў у яго, начаваў, а потым прапаў; даведаўся ён у Сцяпанаўны, што Iван Iванавiч, якога ён нiколi не бачыў у жыццi, даслаў лiст - скора прыедзе. Сёння Толiк адвячоркам збiраўся да Сцяпанаўны, абавязкова зойдзе яшчэ раз - цi няма чаго новага пра Бiма, ды i Люся абяцала падарыць сваю карцiну "Наш Бiм".

На адной з вулiц, непадалёку ад вакзала, да Толiка падышоў хлопчык гадоў трынаццацi, загарэлы, моцны, у новым касцюмчыку, пашытым як даросламу, i спытаўся:

- Папытацца можна, таварыш?

Такое запытанне, як у вялiкага, Толiку спадабалася, i ён ахвотна адказаў:

- Можна. - У сваю чаргу, спытаў: - А што ты хацеў?

- Пастухi мы. А сабака прапаў - у горад пайшоў. Выпадкам не бачыў? Белы, з жоўтымi крапiнкамi, а вуха чорнае-чорнае. I нага...

- Як клiчуць сабаку? - ускрыкнуў Толiк.

- Чарнавух, - адказаў Алёша.

- Бiм! - сказаў Толiк. - Ён.

Няцяжка зразумець, што хлопчыкi дамовiлiся адзiн з адным: Толiк даведаўся, калi i дзе куплены Бiм, калi ён пайшоў з вёскi; Алёша зразумеў, што прыходзiў да Толiка менавiта Чарнавух, а не хто iншы. Усё супадала: Бiм быў недзе ў горадзе. Абодва яны нават i не падумалi, каму з iх будзе Бiм, калi знойдуць. Галоўнае - шукаць, скарэй шукаць.

- Спярша станем ля вакзала, - прапанаваў Алёша. - Чалавек адзiн мне параiў.

- Народу тут цьма, абавязкова нехта бачыў Бiма, - згадзiўся Толiк.

Наiўнасць такiх пошукаў была бачна, але не Алёшу i Толiку. Яны проста адчулi дух таварыскасцi, з'ядналiся адным жаданнем, адною любоўю да Бiма, яны верылi - вось у чым сутнасць iх паводзiн. А ўяўленне малявала, што Бiм i сам можа трапiцца на вочы.

- А потым зойдзем да тваёй Сцяпанаўны, - ужо на хаду вырашыў Алёша. - Яе не абмiне. Фактычна, ён туды i iдзе, абавязкова туды. Выходзiць, нельга яму iнакш: дом.

- Зойдзем, - згадзiўся Толiк.

Яму сапраўды падабаўся Алёша са сваёю спаважнаю гаворкаю i ў той жа час наiўнасцю i прастатою. Такiя знаёмствы застаюцца на ўсё жыццё. I добра таму хлопчыку, якому вулiца падорыць сапраўднага таварыша, а не жулiка.

Хлопчыкi ўжо распыталiся не меней, чым у сотнi чалавек, i ўсё працягвалi выбiраць тых, у каго можна папытацца.

Тае самае ранiцы ў агульную вакзальную таўхатню, абапiраючыся на кiёк, выйшаў з вагона скорага цягнiка сiвы чалавек у карычневым палiто. Мiнуўшы вакзал, ён прыпынiўся i агледзеўся навокал. Так чалавек, якi быў разлучаны з роднымi мясцiнамi i якi вярнуўся назад, глядзiць, цi ўсё на месцы, цi не перамянiлася што. У гэты момант да яго i падышлi два незнаёмыя хлопчыкi. Адзiн з iх, вiдаць адразу, вясковы, сказаў:

- Папытацца можна, таварыш?

Сiвы, чуць нахiлiўшы галаву набок i хаваючы ўсмешку, адказаў:

- Вядома, можна, таварыш.

Другi, адразу вiдаць, гарадскi, пытаўся далей:

- Скажыце, калi ласка, вы не бачылi сабаку з чорным вухам, белы, у кра...

Сiвы сцiснуў хлопчыка за плячо i, хвалюючыся, усклiкнуў:

- Бiм?!

- Ага, Бiм. Бачылi? Дзе?

Усе ўтрох селi на лавачку ў прывакзальным скверыку. I ўсе ўтрох давяралi адзiн аднаму без усякiх сумненняў, хоць хлопчыкi зусiм не ведалi гэтага старога чалавека, не ведалi, што гэта быў Iван Iванавiч, гаспадар Бiма, нават не адразу б i здагадалiся, каб ён сам не сказаў пра сябе.

Мабыць, i знаёмыя не адразу б пазналi яго. Ён стаў яшчэ больш сутулы, твар худы, маршчын стала больш (аперацыя ля сэрца - не курорт), але вочы засталiся такiя ж - уважлiвыя, засяроджаныя, якiя глядзяць быццам усярэдзiну чалавеку. Толькi па гэтых вачах i можна было вызначыць, што калiсьцi iх гаспадар быў брунет. Цяпер ён стаў зусiм белы, як снег.

Толiк расказаў усё, што ведаў пра Бiма, нават i тое, што ён кульгавы i хворы. Алёша коратка i талкова расказаў пра жыццё Чарнавуха на вёсцы. Хлопцам усё спадабалася ў Iване Iванавiчы: размаўляе ён з iмi, як з дарослымi, часам паклаўшы далонь на плячо субяседнiку, спадабалася i тое, як ён слухае, не перабiвае, i тое, што ён белы-белы, i iмя i iмя па бацьку ў яго добрае, а галоўнае, ён любiць iх, незнаёмых хлопчыкаў, - гэта ўжо ясна як божы дзень. Iнакш нашто б яму было гаварыць пад канец:

- Добрыя вы хлопцы. Будзем сябраваць па-сапраўднаму... А цяпер да мяне. Мяркуючы па ўсiм, Бiм ужо дома.

Па дарозе ён асцярожна распытваўся ў хлопчыкаў i лёгка даведаўся, хто яны, адкуль, з якiх сем'яў, хто што робiць i што каму падабаецца.

- Авечак пасеш - гэта добра, Алёша. I вучышся ў школе? Цяжка, мабыць?

- Авечку, яе накармiць трэба ўмець, - адказаў, як i бацька, Алёша. Работа цяжкая. Распусцiш чараду па фронце, не таптаць харч нагамi - гэта не раз плюнуць, набегаешся так, што ногi гудуць. I зноў жа падымайся нi свет нi зара. Клопатна. З сабакам добра - памагае лепей за чалавека, якi нi чорта не разбiраецца. А без сабакi нам нiяк нельга. Пастухi мы. Дзе ж дзецца?

38
{"b":"124471","o":1}