Уночы ён пракраўся ўпотай у лагер амазонак - пабачыцца з Анцiопай.
Iпалiта здагадалася пра каханне сваёй сяброўкi i, баючыся здрады, загадала зараз жа зняць асаду. Амазонкi адступiлi ад Афiн i вярнулiся ў сваю краiну. Анцiопа была разлучана з Тэзеем. Але яна не забыла яго i цяпер, убачыўшы сярод таварышаў Геракла Тэзея, узрадавалася, i каханне яе разгарэлася яшчэ мацней.
Тэзей таксама пазнаў яе, непрыкметна наблiзiўся i дамовiўся пра тайнае спатканне.
Iпалiта спытала Геракла, чаго ён прыехаў у краiну амазонак.
Геракл адказаў, што яму загадалi здабыць пояс царыцы Iпалiты.
- Толькi ў баi, толькi пераможцу аддам я свой пояс, - сказала царыца. Бiцеся з намi, i, калi вы пераможаце, пояс будзе ваш!
Так гаварыла Iпалiта, ведаючы, што, пакуль пояс на ёй, нiхто не зможа яе перамагчы.
Абодва атрады разышлiся - рыхтавацца да бою. Амазонкi памчалiся ў горад, а спадарожнiкi Геракла размясцiлiся на начлег у сваiм лагеры каля ракi.
Тэзея ўсю ноч не было ў лагеры. Ранiцай ён прыйшоў радасны i аддаў Гераклу чароўны пояс.
- Як? Ты здабыў яго без бою? - здзiвiўся Геракл.
- Анцiопа выкрала яго ў царыцы i аддала мне, - сказаў Тэзей.
Геракл не захацеў карыстацца здабычай, якая дасталася яму падманам, i бой пачаўся.
На дзiкiм канi, шпаркiм, як вецер, памчалася на Геракла Аэла, самая iмклiвая з амазонак. Геракл на ўсiм скаку выбiў у яе з рук сякеру. Яна кiнулася наўцёкi, спадзеючыся выратавацца, але страла Геракла дагнала яе. I другая амазонка, Пратоя, якая перамагала ў паядынках сем разоў, была забiта Гераклам.
Тады выйшлi наперад тры дзяўчыны, тры самыя лепшыя паляўнiчыя, якiх сама багiня Артэмiда брала з сабою на паляванне, - не было iм роўных у кiданнi кап'я. Адначасова ўсе разам iмклiва кiнулi яны свае коп'i, але не пацэлiлi. А кап'ё Геракла прасвiстала i перабiла ўсiм тром рукi.
Страх ахапiў амазонак, калi яны ўбачылi паражэнне сваiх лепшых ваяўнiц.
- Гора нам! Гора нам! Дзе ж твой пояс, Iпалiта? - крычалi яны.
Туга сцiснула сэрца Анцiопы, якая здрадзiла сваiм сяброўкам, але ў натоўпе элiнаў яна ўбачыла Тэзея, i каханне перамагло ў ёй усе iншыя пачуццi.
Грозная з выгляду, з роспаччу ў сэрцы, выехала наперад Iпалiта. Толькi яна i Анцiопа ведалi пра тое, што чароўны пояс - у руках ворага. Ваяўнiчая царыца не хацела выдаваць сяброўку злосным амазонкам i парашыла лепш памерцi ў баi.
Адважна кiдалася яна ў самыя небяспечныя месцы бiтвы, сама шукала смерцi i раптам упала, смяротна параненая стралою.
Убачыўшы гiбель сваёй царыцы, амазонкi разгубiлiся i кiнулiся наўцёкi. Шмат iх узялi ў палон, другiх забiлi.
Палонную Анцiопу Геракл аддаў Тэзею, i яна стала яго жонкай.
Геракл вярнуўся ў Мiкены, да цара Еўрысфея, i прынёс яму пояс Iпалiты. Цар падарыў яго сваёй дачцэ, але яна не асмелiлася насiць яго i аддала ў храм Геры як дар багiнi.
Дзесяты подзвiг
Геракл адкрывае дарогу да акiяна i прыганяе статак Герыёна
Усё далей i далей пасылаў Еўрысфей Геракла. Калi герой вярнуўся з паходу ў краiну амазонак, цар загадаў яму выпраўляцца на край свету, туды, дзе заходзiць сонца, на Барвовую выспу пасярод акiяна, дзе трохгаловы велiкан Герыён пасвiў статак чырвоных валоў. Цар загадаў Гераклу прыгнаць гэтых валоў у Мiкены. Геракл рушыў на захад сонца.
Ён прайшоў усю Грэцыю, доўга iшоў па розных краiнах, адпачываў каля ракi Эрыдана, нарэшце падышоў да высокiх гор на краi зямлi i пачаў шукаць выхад да акiяна. Але горы стаялi суцэльнай непраходнай сцяной. Тады Геракл расхiстаў дзве вялiзныя скалы i рассунуў iх. Памiж iмi хлынула вада, i гэта была вада акiяна.
Мора, якое знаходзiлася пасярод зямлi i якое людзi называюць Мiжземным, злучылася з акiянам. I дагэтуль стаяць там на берагах пралiва, нiбы два каменныя вартаўнiкi, вялiзныя Гераклавы Слупы.
Геракл перайшоў цераз горы i ўбачыў бязмежныя воды акiяна, якi абмывае зямлю. Там недзе пасярод акiяна ляжала выспа - мэта яго падарожжа. Але як пераплыць акiян?
Цэлы дзень прасядзеў Геракл на беразе ў роздуме. Спёка пачала спадаць, i вецер з акiяна прынёс на зямлю халадок. Раптам Геракл убачыў зусiм блiзка вогненную каляснiцу Гелiёса - бога Сонца, якая спускалася з неба. Геракл усхапiўся i пачаў чакаць, калi Гелiёс наблiзiцца. Залатым бляскам зазiхацела паверхня акiяна, i каля самага берага Геракл убачыў залатую, круглую, як чаша, лодку, у якой бог Сонца, злезшы з каляснiцы, кожны дзень пераплываў акiян. Геракл падумаў, што Гелiёс можа перавезцi яго ў сваёй лодцы на Барвовую выспу. Герой замахаў рукою i закрычаў Гелiёсу:
- Стой, а то буду страляць!
I, напяўшы цецiву лука, чакаў.
Але Гелiёс нават не азiрнуўся. Геракл раззлаваўся i крыкнуў зноў:
- Я не жартую, i стрэлы мае смяртэльныя!
Гелiёс усмiхнуўся, спынiў каня i, сышоўшы з каляснiцы, спытаў:
- Хто ты, дзёрзкi, i чаго ты хочаш ад мяне?
Геракл расказаў яму, хто ён, куды i чаго яго паслалi, i папрасiў Гелiёса перавезцi яго на Барвовую выспу.
Усмiхаючыся, Гелiёс узяў героя ў сваю залатую лодку. Яны паплылi па акiяне. Начная цемра ахутала зямлю. Кожны вечар пераплываў Гелiёс з захаду на ўсход, каб, адпачыўшы ў сваiм высокiм доме на ўсходзе, зноў з'явiцца ранiцай на небе.
Калi яны былi ўжо на палове дарогi, штосьцi зачарнелася ўперадзе - гэта была жаданая выспа.
Залатая лодка падплыла да берага. Геракл выйшаў, i бог Сонца пажадаў герою ўдачы.
Было цёмна, i Геракл нiчога не мог разгледзець вакол сябе. Задаволены, што дабраўся да мэты, ён лёг пад скалою, закруцiўся ў iльвiную шкуру i моцна заснуў.
Ранiцай яго пабудзiў зацяты i хрыплы брэх. Геракл прачнуўся i ўбачыў, што ён сапраўды на Барвовай выспе: усё вакол было чырвонага колеру - скалы, пясок, дарога. I нават вялiзны кудлаты сабака, што стаяў перад героем i злосна брахаў на яго, таксама быў барвова-чырвоны.
Убачыўшы, што Геракл прачнуўся, сабака рынуўся на яго, учапiўся зубамi за яго вопратку. Геракл схапiў сваю дубiнку, аперазаў сабаку, i той, заенчыўшы, пакацiўся на зямлю з прабiтай галавою.
Тады з ускраiны барвовага лесу, што рос непадалёку, прыбег вялiзны чырвоны пастух: i валасы, i барада, i твар, i вопратка - усё ў яго было чырвонае. Размахваючы сваiм кiем i крычучы незразумелыя словы, ён накiнуўся на Геракла.
Геракл спрытна выбiў кiй з рук чырвонага пастуха i так моцна выцяў велiкана ў грудзi, што той расцягнуўся побач з забiтым сабакам.
Геракл падаўся ў лес i ўбачыў на ўзлеску два статкi: адзiн чырвоны, як усё на выспе, другi чорны, як ноч, i вартаваў яго чорны пастух у чорнай вопратцы, з чорнымi валасамi i чорным тварам.
Убачыўшы Геракла, чорны пастух з крыкам уцёк у лес. Потым з лесу тройчы пачуўся страшны рык, i з-за дрэў паказаўся велiкан Герыён. Тры тулавы, што зраслiся разам, крочылi на шасцi нагах, тры галавы пазiралi грозна на Геракла, шэсць рук пагражалi яму. Геракл узняў свой лук - страла засвiстала i ўпiлася ў грудзi велiкана. Адразу ж бяссiльна схiлiлася адна галава, дзве рукi павiслi, як цявiнкi, уздоўж цела, дзве нагi перасталi рухацца i валаклiся за астатнiмi, замiнаючы iм. Але велiкан быў ужо гэтак блiзка, што Геракл не паспеў стрэлiць другi раз. Ён узняў сваю дубiнку i аперазаў Герыёна па другой галаве. I гэта абвяла таксама, i яшчэ дзве рукi апусцiлiся, i ўжо чатыры нагi матлялiся ўнiзе i замiналi Герыёну iсцi. Тады Геракл адкiнуў дубiнку i схапiўся з велiканам урукапашную. Магутнымi рукамi ён абхапiў яго, i яны пачалi дужацца. Два мёртвыя целы перашкаджалi велiкану, лiшнiя рукi матлялiся бездапаможна па баках, лiшнiя ногi штурхалiся памiж нагамi - i неўзабаве прыйшлi Герыёну канцы.
Цяпер Геракл мог гнаць чырвоны статак. Чорны пастух уцёк. Чырвоны пастух забiты, i сам велiкан валяўся на зямлi вялiзнай мёртвай глыбай. Але статак не хацеў слухацца героя, валы не краналiся з месца. Геракл пачаў шукаць вакол, чым можна было б iх пагнаць, i знайшоў каля забiтага пастуха чырвоную дудачку. Ён прыклаў яе да вуснаў, дудачка заспявала, i чырвоныя валы паслухмяна ўсталi з зямлi i пайшлi за Гераклам. Акружаны чырвоным статкам, стаяў Геракл на беразе акiяна i чакаў.