Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Проста бываюць супадзеннi. А тут яшчэ гэтая гiсторыя з катаргай, якую ўвесь час прыгадваюць. Зробiць чалавек у жыццi адну памылку, ну i вешаюць на яго пасля ўсе чужыя грахi...

- Якi ў Луi быў план?

- Гэта быў не план. Усё намнога прасцей. Ён сустрэў нейкага чалавека, вельмi багатага, не ведаю вось толькi - у Гаўры цi ў Ангельшчыне. Мне ён яго прозвiшча не называў. Чалавеку гэтаму надакучыла жыць на сушы, i ён хацеў купiць яхту. Вось i папрасiў брата знайсцi яму судна.

Яны ўсё яшчэ стаялi. Удалечынi, там, дзе быў Вiстрэам, адсюль вiднеўся толькi бялюткi маяк, якi добра вылучаўся на фоне бледнага неба.

- Луi расказаў пра гэта гаспадару. Ланэк i сам з некаторага часу падумваў прадаць "Сэн-Мiшэль". Вось i ўсё! "Сэн-Мiшэль" - лепшы кабатажнiк, якi толькi можна знайсцi, каб перарабiць яго на яхту. Спачатку брат павiнен быў атрымаць, калi тое выйдзе, дзесяць тысяч франкаў. А пасля пакупнiк прапанаваў яму застацца на гэтым судне капiтанам - як даверанаму чалавеку.

Яна адразу ж пашкадавала, што сказала апошнiя словы - Мэгрэ мог iранiчна засумнявацца, - i ўгледзелася цяпер у яго твар, чакаючы ўсмешкi.

Не ўбачыўшы яе, дзяўчына адчула ўдзячнасць. Мэгрэ ж мог i прыкладна так адказаць: "Катаржнiк - давераная асоба?!"

Але нiчога падобнага яму ў галаву не прыйшло. Камiсар думаў. Ён быў здзiўлены простасцю гэтага расказу, тою простасцю, якая надавала словам Жулi праўдзiвасць.

- Толькi вы не ведаеце, хто гэты пакупнiк?

- Не ведаю.

- Дзе ваш брат мусiў зноў сустрэцца з iм?

- Не ведаю.

- Калi?

- Вельмi хутка. Здаецца, шхуну хацелi пераабсталяваць у Нарвегii, а праз месяц яна павiнна была адправiцца ў Мiжземнае мора, да Эгiпта.

- Гэты чалавек - француз?

- Не ведаю.

- А сёння вы прыйшлi ў каплiцу забраць вашу ракавiну?

- Таму што падумала: знойдуць яе - чаго толькi не падумаюць, апрача праўды. Прызнайцеся, вы ж не верыце мне?

Замест адказу ён спытаў:

- Вы бачылiся з братам?

Яна ўздрыгнула.

- Калi?

- Сёння ноччу цi ранiцай.

- Луi тут?

Здавалася, што пытанне напалохала яе, збiла з панталыку.

- "Сэн-Мiшэль" прыйшоў.

Гэтыя словы крыху яе супакоiлi, быццам яна баялася, што брат з'явiцца тут без шхуны.

- Дык ён адправiўся ў Кан?

- Не! Ён пайшоў спаць на драгу.

- Хадзем! - сказала яна. - Мне холадна.

Вецер з мора ўсё свяжэў, а хмары яшчэ больш зацягвалi неба.

- I часта ён спiць на старых суднах?

Яна не адказала. Гаворка абарвалася сама сабою. Яны iшлi, чуючы толькi шапаценне пяску пад нагамi i гудзенне прыбярэжнай машкары - устрывожаная людзьмi, яна спынiла свой пiр i кружыла цяпер над водарасцямi, выкiнутымi на бераг прылiвам.

"Яхта... Асадка з залатым пяром", - круцiлася ў галаве ў Мэгрэ.

Камiсар думаў. Ранiцай цяжка было растлумачыць, хто б мог згубiць на пiрсе гэтую асадку: знаходка нiяк не вязалася нi з экiпажам "Сэн-Мiшэля", нi з ягонымi гасцямi, людзьмi для такой рэчы дужа простымi. "Яхта... Асадка з залатым пяром..."

Цяпер з'яўлялася логiка! Багаты немалады мужчына шукае яхту для падарожжаў i губляе асадку з залатым пяром...

Але заставалася яшчэ растлумачыць, чаму гэты чалавек, замест таго каб прыйсцi ў порт са шхунаю, сышоў з яе i перасеў у лодку, потым выбраўся на пiрс i схаваўся на дразе, якая цi не напалову ўжо затанула.

- У той вечар, калi знiк Жарыс, брат, як прыходзiў да вас, нiчога не казаў пра свайго пакупнiка? Не казаў, напрыклад, што той на шхуне?

- Не... Ён толькi аб'явiў мне, што справа амаль ужо скончана.

Яны падышлi да маяка. Жарысаў дом стаяў побач, злева, i ў садзе яшчэ вiднелiся кветкi, пасаджаныя капiтанам.

Жулi пахмурнела, разгублена азiрнулася вакол, як чалавек, якi ўжо не ведае, што рабiць у жыццi.

- Мусiць, вас хутка выклiчуць да натарыуса з нагоды завяшчання. Цяпер вы багатая...

- Ды кiньце вы! - сказала яна суха.

- Што вы хочаце сказаць?

- Самi добра ведаеце... Казкi ўсё гэта - пра багацце... Капiтан не быў багаты...

- Вы не можаце гэта ведаць.

- Ён нiчога не ўтойваў ад мяне. Калi б у яго былi сотнi тысяч франкаў, ён сказаў бы. I, вядома, купiў бы летась зiмою паляўнiчую стрэльбу за дзве тысячы франкаў. Яна ж яму так спадабалася! Ён убачыў яе ў мэра i даведаўся пра цану...

Яны падышлi да брамкi.

- Вы зойдзеце?

- Не... Я, мабыць, хутка вас убачу...

Яна не рашалася ўвайсцi ў дом, дзе зноў застанецца адна.

* * *

Прайшло некалькi гадзiн. Нiчога не здарылася. Мэгрэ хадзiў вакол драгi, паглядаючы на яе, усё роўна як разявака ў нядзелю, якi з мiжвольнай пачцiвасцю назiрае новае для сябе вiдовiшча. А тут было што разглядаць: вялiкiя трубы, каўшы, ланцугi, кабестаны...

Гадзiн у адзiнаццаць ён выпiў аперытыву з партавiкамi.

- Не бачылi Вялiкага Луi?

Яго бачылi ранiцай. Ён выпiў у шынку дзве чаркi рому i рушыў некуды па шашы.

Мэгрэ хацелася спаць. Ноччу ён, мусiць, прастудзiўся. I настрой у яго быў, як у чалавека, якi захварэў на грып. Гэта можна было прыкмецiць па яго рухах i млявым твары.

Камiсар i не спрабаваў хаваць свой дрэнны настрой, што яшчэ больш устрывожыла наведнiкаў шынка, якiя ўпотайкi паглядвалi на яго. Размова не клеiлася. Капiтан Дэлькур спытаў:

- Што мне рабiць са шлюпкаю?

- Прышвартуйце яе дзе-небудзь.

I зноў Мэгрэ задаў пытанне без неабходнай хiтрасцi:

- Нiхто не бачыў сёння на вулiцы незнаёмага?.. Не заўважылi нiчога такога каля драг?..

Нiхто нiчога не бачыў! Але цяпер, пасля гэтага пытання, усе пачалi нечагась чакаць.

Цiкава: людзi чакалi, што здарыцца нейкая драма. Прадчуванне? Пачуццё таго, што ланцуг падзей не замкнуўся, што ў iм не хапае нейкага звяна?

Пачуўся гудок парахода, якi запрошваў у шлюз. Партавiкi ўзнялiся. Мэгрэ пайшоў на пошту паглядзець, цi няма яму якiх паведамленняў. Люка адбiў тэлеграму, што прыедзе ў дзве гадзiны дзесяць хвiлiн.

У названы час цягнiчок, якi iшоў уздоўж канала Кан - Вiстрэам i быў падобны на дзiцячую цацку - са сваiмi вагонамi ўзору тысяча васемсот пяцiдзесятага года, прагудзеў удалечынi. Пад грукат тугiх тармазоў i свiст пары ён спынiўся каля самага порта.

Люка выйшаў, падаў камiсару руку. Здзiвiўся, убачыўшы хмурны твар Мэгрэ.

- Ну як?

- Нармальна.

Нягледзячы на рознiцу ў чыне, Люка не ўтрымаўся ад смеху.

- Па вас не скажаш!.. Ведаеце, я не абедаў...

- Хадзем у гатэль. Там што-небудзь засталося напэўна, каб перакусiць...

Яны селi ў вялiкай зале, дзе гаспадар зладзiў стол новаму жыльцу. Гаварылi вельмi цiха. Гаспадар, здавалася, чакаў моманту, каб уставiць слова.

Падаўшы сыр, ён рашыў, што момант настаў, i спытаўся ў Мэгрэ:

- Ведаеце, што здарылася з мэрам?

Мэгрэ ўздрыгнуў. Твар у яго быў такi ўстрывожаны, што гаспадар сумеўся.

- Нiчога асаблiвага... Карацей кажучы, ён упаў у сябе дома на лесвiцы... Не ведаю, як гэта яго собiла, але твар у яго цяпер такi размаляваны, што ён нават злёг...

У галаве ў Мэгрэ адразу ж блiснула здагадка. Менавiта здагадка, бо ў адно iмгненне ён выразна ўявiў, як яно здарылася.

- Панi Гранмэзон цяпер у Вiстрэаме?

- Не. Ранiцаю, як толькi развiднела, паехала з дачкою на машыне... Думаю, у Кан...

У камiсара грыпозны настрой як рукою зняло.

- Доўга ты яшчэ будзеш аб'ядацца? - буркнуў ён iнспектару.

- Ну, вядома, - спакойна адказаў Люка, - таму, у каго жывот поўны, галодны за сталом здаецца монстрам... Яшчэ тры хвiлiны! Не забiрайце камамбер*, гаспадар!

* Гатунак сыру.

VI. ПАДЗЕННЕ НА ЛЕСВIЦЫ

Гаспадар гатэля не падмануў. Але ўсё-такi перабольшыў: Гранмэзон не ляжаў у ложку.

Калi, адаслаўшы Люка назiраць за драгаю, Мэгрэ падыходзiў да мэравай вiлы, ён заўважыў за адным акном постаць чалавека ў класiчнай позе хворага, вымушанага сядзець дома.

Камiсар не разгледзеў твару. Але, вiдавочна, гэта быў мэр.

12
{"b":"124310","o":1}