Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Шекли Роберт

Бiтва (на белорусском языке)

Роберт Шэклi

БIТВА

Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр iмклiва ўвайшоў у аператыўную залу i грымнуў:

- Спачнi!

Тры яго генералы паслухмяна сталi па камандзе спачнi.

Фетэрэр зiрнуў на гадзiннiк i сказаў:

- Лiшняга часу ў нас няма. Паўторым яшчэ раз папярэднi план бою.

Ён падышоў да сцяны i разгарнуў гiганцкую мапу Сахары.

- Паводле найбольш дакладнай тэалагiчнай iнфармацыi, якую мы атрымалi, Сатана мае намер вывесцi свае сiлы на паверхню вось у гэтым пункце, - ён тыцнуў у мапу тоўстым пальцам. - У першай лiнii будуць д'яблы, дэманы, суккубы, iнкубы i ўсе iншыя гэтага ж класа. Правым флангам камандуе Велiял, левым - Вельзевул. Яго Сатанiнская Вялiкасць узначалiць цэнтр.

- Папахвае сярэднявеччам, - прамармытаў генерал Дэл.

Увайшоў ад'ютант генерала Фетэрэра. Яго твар свяцiўся шчасцем пры думцы пра Абяцанае Зверху.

- Сэр, - сказаў ён, - там зноў святар.

- Зрабiце ласку стаць па камандзе зважай, - строга сказаў Фетэрэр. - Нам яшчэ трэба будзе бiцца i перамагчы.

- Слухаю, сэр, - адказаў ад'ютант i выцягнуўся. Радасць на яго твары крышку прыгасла.

- Святар, гм? - вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр задуменна паварушыў пальцамi.

Пасля Прышэсця, пасля таго, як стала вядома, што наперадзе Апошняя Бiтва, працаўнiкi на сусветнай нiве рэлiгiй зрабiлiся сапраўднай карай Боскай. Яны перасталi грызцiся памiж сабою, што само па сабе было пахвальна, але, апрача таго, яны спрабавалi забраць у свае рукi вядзенне вайны.

- Ганiце яго, - сказаў Фетэрэр. - Ён жа ведае, што мы распрацоўваем план Армагедона.

- Слухаю, сэр, - сказаў ад'ютант, адсалютаваў, па-вайсковаму павярнуўся i выйшаў, крочачы як на парадзе.

- Пойдзем далей, - сказаў вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр. - У другiм эшалоне Сатаны будуць уваскрэшаныя грэшнiкi i размаiтыя стыхiйныя сiлы зла. У ролi яго бамбавой авiяцыi выступяць анёлы, што ў свой час былi зрынуты з неба. Iх сустрэнуць робаты-перахопнiкi Дэла.

Генерал Дэл панура ўсмiхнуўся.

- Пасля ўсталявання кантакту з працiўнiкам аўтаматычныя танкавыя карпусы Мак-Фi рушаць на яго цэнтар пры падтрымцы робатапяхоты генерала Онгiна, гаварыў далей Фетэрэр. - Дэл будзе кiраваць вадародным бамбаваннем тылоў, якое павiнна быць праведзена максiмальна масiравана. Я па меры неабходнасцi буду ў розных пунктах уводзiць у бой механiзаваную кавалерыю.

Вярнуўся ад'ютант i выцягнуўся па стойцы "зважай".

- Сэр, - сказаў ён, - святар адмовiўся iсцi адсюль. Ён кажа, што павiнен абавязкова пагаварыць з вамi.

Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр хацеў быў сказаць "не", але завагаўся. Ён успомнiў, што гэта ўсё-такi Апошняя Бiтва i што працаўнiкi на нiве рэлiгiй сапраўды маюць да гэтага бою нейкiя адносiны. I ён вырашыў выкраiць святару пяць хвiлiн.

- Папрасiце яго зайсцi, - сказаў ён.

Святар быў апрануты ў звычайныя пiнжак i нагавiцы, якiя сведчылi, што ён з'явiўся сюды не прадстаўнiком нейкай канкрэтнай рэлiгii. Яго стомлены твар дыхаў рашучасцю.

- Генерал, - сказаў ён, - я прыйшоў да вас як прадстаўнiк усiх працаўнiкоў на сусветнай нiве рэлiгii - патэраў, равiнаў, мул, пастараў i ўсiх iншых. Мы просiм вашага дазволу, генерал, прыняць удзел у Бiтве Божай.

Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр нервова забарабанiў пальцамi па сцяне. Ён лiчыў бы за лепшае захаваць добрыя адносiны з гэтай брацiяй. Што нi кажы, а нават яму, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, не пашкодзiць, калi ў патрэбны момант за яго замовяць добрае слова...

- Зразумейце маё становiшча, - тужлiва прамовiў Фетэрэр. - Я - генерал, мне трэба будзе кiраваць бiтвай...

- Ды гэта ж Апошняя Бiтва, - сказаў святар. - У ёй трэба ўдзельнiчаць людзям.

- Але ж яны ў ёй i ўдзельнiчаюць, - адказаў Фетэрэр. - Праз сваiх прадстаўнiкоў, вайскоўцаў.

Святар паглядзеў на яго. Фетэрэр гаварыў далей:

- Вы ж не хочаце, каб гэтая бiтва была прайграна, хiба не так? Каб перамог Сатана?

- Зразумела, не, - прамармытаў святар.

- У такiм разе мы не маем права рызыкаваць, - заявiў Фетэрэр. - Усе ўрады згадзiлiся з гэтым, праўда? Так, вядома, было б вельмi прыемна ўвесцi ў Армагедон масiраваныя сiлы чалавецтва. Даволi сiмвалiчна. Але цi маглi б мы ў гэтым выпадку быць упэўнены ў перамозе?

Святар паспрабаваў штосьцi запярэчыць, але Фетэрэр паспешлiва загаварыў зноў:

- Нам жа невядома сiла сатанiнскiх полчышчаў. Мы павiнны кiнуць у бой усё лепшае, што ў нас ёсць. А гэта азначае - аўтаматычныя армii, робаты-перахопнiкi, робаты-танкi, вадародныя бомбы.

Святар меў вельмi разгублены выгляд.

- Але ў гэтым ёсць штосьцi амаральнае, - сказаў ён. - Няўжо вы не маглi б уключыць у свае планы людзей?

Фетэрэр абдумаў гэтую просьбу, але выканаць яе было немагчыма. Дэталёва распрацаваны план бою быў дасканалы i забяспечваў верную перамогу. I калi ўвесцi ў бiтву кволы чалавечы матэрыял, гэта магло б толькi ўсё сапсаваць. Нiякая жывая плоць не вытрымала б грукату гэтай атакi механiзмаў, высокiх энергiй, што пранiзваюць паветра, усёпаглынаючай сiлы агню. Любы чалавек загiнуў бы яшчэ за сто мiль ад поля бою, так i не ўбачыўшы ворага.

- Баюся, гэта немагчыма, - сказаў Фетэрэр.

- Шмат хто, - сурова прамовiў святар, - лiчыць, што было памылкай даручыць Апошнюю Бiтву вайскоўцам.

- Прабачце, - бадзёра запярэчыў Фетэрэр, - гэта паражэнчая балбатня. З вашага дазволу... - Ён паказаў на дзверы, i святар засмучана выйшаў.

- Ох, ужо гэтыя цывiльныя, - уздыхнуў Фетэрэр. - Такiм чынам, панове, вашы войскi гатовы?

- Мы гатовы бiцца за Яго, - горача прамовiў генерал Мак-Фi. - Я магу паручыцца за кожнага аўтаматычнага жаўнера пад маiм началам. Iх метал зiхацiць, iхнiя рэле абноўлены, акумулятары поўнасцю зараджаны. Сэр, яны лiтаральна рвуцца ў бой.

Генерал Онгiн выйшаў з задумення.

- Наземныя войскi гатовы, сэр.

- Паветраныя сiлы гатовы, - сказаў генерал Дэл.

- Цудоўна, - падвёў вынiкi генерал Фетэрэр. - Астатнiя падрыхтаваннi закончаны. Тэлевiзiйная перадача для насельнiцтва ўсяго зямнога шара забяспечана. Нiхто, нi багаты, нi бедны, не будзе пазбаўлены вiдовiшча Апошняе Бiтвы.

- А пасля бiтвы... - пачаў генерал Онгiн i змоўк, як толькi глянуў на Фетэрэра.

Той насупiўся. Ён не ведаў, што павiнна адбыцца пасля бою. Гэтым, вiдаць, зоймуцца рэлiгiйныя ўстановы.

- Магчыма, будзе наладжаны ўрачысты парад або яшчэ што-небудзь накшталт гэтага, - няпэўна адказаў ён.

- Вы маеце на ўвазе, што мы будзем адрэкамендаваны... Яму? - спытаў генерал Дэл.

- Дакладна не ведаю, - адказаў Фетэрэр, - але магчыма. Усё ж такi... Вы разумееце, што я хачу сказаць.

- Але як мы павiнны будзем апрануцца?- разгублена спытаў генерал Мак-Фi. Якая ў такiх выпадках прадпiсана форма адзення?

- Што носяць анёлы? - пацiкавiўся Фетэрэр у Онгiна.

- Не ведаю, - сказаў Онгiн.

- Белае ўбранне? - выказаў здагадку генерал Дэл.

- Не, - рашуча адказаў Фетэрэр. - Надзенем парадную форму, але без ордэнаў.

Генералы кiўнулi.

I вось прыйшоў час.

У прыгожых баявых уборах сiлы Пекла рухалiся па пустынi. Верашчалi пякельныя флейты, бухкалi пустацелыя барабаны - пасылалi наперад прывiднае воiнства. Уздымаючы клубы пяску, танкi-аўтаматы генерала Мак-Фi рынулiся на сатанiнскага ворага. I тут жа бамбавiкi-аўтаматы Дэла з вiзгатам пранеслiся ў вышынi, звальваючы бомбы на легiёны пагiблых душ. Фетэрэр мужна кiдаў у бой сваю механiчную кавалерыю. У гэты хаос рушыла робатапяхота Онгiна, i метал зрабiў усё.

Орды пякельных сiл уразалiся ў шыхт, раздзiраючы на шматкi танкi i робатаў. Аўтаматычныя механiзмы памiралi, мужна абараняючы шматок пяску. Бамбавiкi Дэла падалi з неба пад ударамi анёлаў цемры, якiх вёў Мархозiй; яго крылы закручвалi паветра ў тайфуны.

Пашкуматаны шэраг робатаў стрымлiваў нацiск гiганцкiх злых духаў, якiя крышылi iх i наганялi жах у сэрцы тэлегледачоў ва ўсiм свеце, тэлегледачоў, якiя не зводзiлi зачараваных вачэй з экранаў. Робаты бiлiся як мужчыны, як героi, яны як мага старалiся адагнаць сiлы зла.

1
{"b":"124262","o":1}