- Антон Кузьмiч!
Яраш прайшоў мiма яе i, нi на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкi сярдзiта:
- Ну, ну... без усяго... без здзiўлення. Пасля, пасля... Усё гэта ваша. Жывiце. А мы зараз вып'ем за ваша здароўе... За наваселле, Маша! - Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкi, яны меладычна зазвiнелi. Падняў бутэльку з шампанскiм.
- Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! - Шыковiч любiў эфекты.
Яны, усе трое, замiтусiлiся каля стала, на нейкi мiг, вiдаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая i аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступiла ўперад, сапраўды як сляпая, выставiўшы перад сабой рукi. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукi на шырокiя грудзi яго, зазiрнула знiзу ў вочы i раптам прытулiлася тварам да сэрца яго i... бязгучна зарыдала. Ён зусiм збянтэжыўся. Не ведаў, што рабiць. Шырока расставiў рукi, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялiкай разгубленасцi паўтараў:
- Не трэба... Не трэба... Што вы... Калi ласка... Зося... Соф'я Сцяпанаўна!..
Маша ўмiг злётала на кухню i вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковiч кiўнуў ёй: "Не трэба. Не чапайце", - i асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскiм.
22
Машы падабалася гэтая гульня - сустракацца па чарзе то з адным, то з другiм. Яе калегi, напэўна, вельмi здзiвiлiся б, каб даведалiся, што яна, Маша Лiтвiн, сур'ёзная, разважлiвая, акуратная, сумленная i не такая юная ўжо дваццаць тры гады, - здольная на гэткiя жарты. Ды i не такая красуня, каб так млелi хлопцы. Сама яна таксама лiчыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымi плаццямi i прычоскамi, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць "векавухай" (так у iх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылi яе прыгажосць, адкрылi для сябе, а самае галоўнае - для яе самой. Яна асаблiва адчула гэта на канцэрце i пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклiкаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлiвых, але ўсё-такi найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрылiла яе. Яна была ўдзячна i Славiку, i Тарасу. Яны былi розныя, вельмi непадобныя, але шмат у чым дапаўнялi адзiн аднаго. Каб сплавiць iх характары, рысы i звычкi ў адно, то вельмi можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такi наблiжаўся б да яе iдэалу.
Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампанii сваiх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзiр, трымаўся неяк збоку, тон задавалi смяшлiвы Косця i не вельмi гаманкi, але надзвычай дасцiпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькi ён глыбейшы i разумнейшы за Славiка, як многа ведае - так многа, што ёй зрабiлася боязна. Ён расказваў сур'ёзна, але цiкава. Ён да ўсяго ставiўся з цяжкаватай сур'ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, якi ўмеў павесялiцца i пажартаваць. А Славiк, наадварот, падабаўся ёй за несур'ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. I за iронiю.
З усяго ён смяяўся. Разыдзецца - не дае лiтасцi нiкому: нi бацьку, нi сястры, нi сябрам, нi нават сабе. Праўда, да адных, як да Ходаса, iронiя злосная, да другiх - бяскрыўдна-паблажлiвая. Адну мацi, прыкмецiла Маша, ён нiколi не чапаў. Можа, таму Маша i даравала яму гэтыя насмешкi з усiх, нават з Яраша.
З Тарасам было цiкава, са Славiкам - весела.
На трэцiм цi чацвёртым спатканнi Тарас нарэшце пацалаваў яе, i яна не запярэчыла, не адштурхнула, як Славiка; яна з цiкавасцю чакала ўсе вечары калi ж ён адважыцца?
Славiк зрываў пацалункi, як крадзеныя яблыкi. Знянацку. Яна не дазваляла. Яна вырывалася, давала яму лёгкiя аплявухi. Ён падстаўляў шчокi i казаў:
- Бi, бi... Але май на ўвазе, я лiчу, за кожную аплявуху - сто пацалункаў. Ты не расплацiшся.
Ён аднойчы напомнiў, што прасiў яе аб адной ласцы - пацалаваць край яе плацця. Яна засмяялася:
- Пацалуй.
Ён тут жа на вулiцы (добра, што час быў познi) укленчыў на тратуары, абняў яе ногi i... пацалаваў калена. Такой дзёрзкасцi Маша не чакала. Узлавалася, пайшла дадому. Клала слухаўку, калi ён назаўтра, напаслязаўтра, штодня званiў у бальнiцу.
Славiк засумаваў. Яму ўсё абрыдла: пiжонiстыя сябры, модныя дзяўчаткi, лiпсi, пласцiнкi з мексiканскiмi песнямi, "Паплавок". Яму хораша было толькi з Машай. Таму ён надумаў падпiльнаваць яе. Зрабiў засаду на цiхай вулiцы, дзе яна жыла. Дачакаўся, калi, ужо добрым прыцемкам, яна выйшла з дому. Пайшоў назiркам. На суседняй такой жа цiхай вулiцы з прысадамi лiп Маша сустрэлася з хлопцам. Не, не проста сустрэлася. Яны пацалавалiся ў цянi старога каштана. Як малаткi застукалi Славiку ў скронi. Здрада! Чорная здрада! Ён сцiснуў кулакi, гатовы кiнуцца на сапернiка. Але аслупянеў, калi па голасу пазнаў Тараса. Гэта не было абурэнне, не было, бадай, i здзiўленне. Пачуцця свайго ён нiкому не мог бы пасля расказаць. Гэта - як удар моцнага электраразраду: нiякiх адчуванняў - i шок.
Схамянуўся Славiк толькi тады, калi пачуў, што яны iдуць на яго. Стала чамусьцi страшэнна боязна сустрэцца з iмi, ён кiнуўся ўцякаць. Павярнуў у нейкi завулак, выйшаў на другую вулiцу... А калi прыйшла злосць i прага помсты, ён вярнуўся назад, але не знайшоў iх. Згараючы ад рэўнасцi i крыўды, падумаў, што яна павяла яго да сябе. Кiнуўся да яе дома, загрукаў кулакамi ў зачыненыя аканiцы. Выйшаў гаспадар з добрым кiем у руцэ.
- Паклiчце Машу.
Гаспадар глядзеў на яго як на п'янага. Цярплiва i лагодна растлумачыў, што яе няма дома - пайшла ў кiно. Славiк не паверыў, хацеў праскочыць у фортку. Гаспадар паказаў кiй.
Цэлую ноч ён блукаў па вулiцах. Пад ранiцу заснуў на лаўцы прывакзальнага сквера. Адтуль з'явiўся на завод у сваiм вячэрнiм модным гарнiтуры. Рабочыя ў прахадной скептычна азiралi яго. Тарас сустрэў у цэхавай раздзявалцы, здзiвiўся:
- Ты дзе гэта быў, што не паспеў пераадзецца?
- Дзе? - Славiк утаропiўся на яго сваiмi чырвонымi ад бяссоння вачамi.
Тарас усмiхаўся.
"Усмiхаешся? Радуешся? Чакай жа! Я табе пакажу радасць! Святымi прыкiдвалiся, гады! Дэмагогiю разводзiлi аб новай маралi!"
Яго апанавала халодная разважлiвасць у пошуках помсты. Хацелася прыдумаць нешта такое, каб развалiць iх брыгаду, скампраметаваць Тараса i наогул нарабiць груку на ўвесь горад. Але разам з тым яму было ўсё-такi шкада пакiдаць завод. Гэта яго стрымлiвала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабiць вялiкага шуму. Проста нахулiганiць - пасадзяць. Садзiцца яму больш зусiм не хацелася. Праўда, ён зноў лез пад кран. Зноў пасварыўся з Нiнай. Запусцiў ключом у Косцю, якi паспрабаваў быў пакпiць з яго настрою. Мацюкнуў Галыгу, калi той мацюкнуў яго. Гэта такi нарабiла шуму. Начальнiк змены лаяў усiх. Але каб яго, ды яшчэ вучань!.. Пабялеў, затупаў нагамi:
- Шчанюк! Малюска! Выганю! Сёння ж разлiчу.
Тарас i хлопцы абаранiлi Славiка. Яны асцерагалi яго, як скулу. Пакуль ён сустракаўся з Машай, яго нельга было пазнаць: уважлiвы, старанны, дасцiпна-вясёлы. Хлопцы радавалiся: становiцца чалавекам. I раптам за адну ноч змянiўся, што яго нельга пазнаць, у другi бок, назад.
Хлопцы мусiлi пагадзiцца з Косцевай думкай, што яны слаба ўплываюць на яго. Толькi на заводзе ды ў тыя вечары, калi iм удаецца ўтрымаць яго ў сваёй кампанii. А што ён робiць, калi застаецца адзiн? З кiм сустракаецца? З кiм сябруе?
Яны выпрацавалi цэлы план актыўнай разведкi, размеркавалi ролi i абавязкi. Была якраз субота, кароткi рабочы дзень.
- Што ты думаеш рабiць сёння? - спытаў у Славiка Косця.
Ён паблытаў iм карты.
- Паеду на дачу. Нашы едуць. Паблукаю па лесе. Можа, апошнiя цёплыя днi. -I раптам да Тараса: - Паедзем разам! - За дзень ён не мог прыдумаць нiякай помсты. А тут у яго нечакана блiснула думка.
Тарас успомнiў, што Галiна Адамаўна неяк упiкнула, што ён пачаў забывацца на сям'ю. Ды i Косця маргаў: згаджайся!
* * *
- Асцярожна ж, хлопчыкi, - ласкава сказала Валянцiна Андрэеўна, калi яны выйшлi з дачы, абодва са стрэльбамi на плячах. Мацi радавалася, што Славiк пасябраваў з Тарасам, з рабочымi хлопцамi i, здаецца, бярэцца за розум. Цяпер яна згаджалася з мужам, што трэба было адразу ўладкаваць хлопца на завод.