- Формула! Ты скажы, навошта яна патрэбна была, такая формула? Чаму, нарэшце, не адказвае? Тады па логiцы трэба iсцi далей: i бацька не адказвае за сына. Нiхто нi за каго не адказвае. А вось я, наiўны чалавек, хачу адказваць за ўсiх. I хачу, каб усе адказвалi за мяне. I радуюся, што гэта цяпер запiсана ў такiм дакуменце!
Яраш выказаўся злосна - што стасавалася да мiнулага, i любоўна-горача - аб сваiм жаданнi i пра той партыйны дакумент, пра якi ў тыя днi гаварылi ўсе.
Маша паглядзела на яго з захапленнем, як глядзела неаднойчы ў час аперацый i пасля iх. Не ўсю сутнасць размовы, якую яны пачалi яшчэ ў машыне i прадаўжалi тут, у толькi што атрыманай Зосiнай кватэры, яна адразу зразумела. Гiсторыю Зосi i яе бацькi яна ведала, але не здагадвалася, што гiсторыя гэтая не скончана, i не магла ўцямiць, чаму яны так абураны Гуканам. Асаблiва Шыковiч. Не хацеў даваць кватэры? А каму ён вось так, адразу, даў кватэру? Што-што, а кватэрныя справы, пажыўшы ў горадзе, яна добра ведала, штодня чула размовы пра гэта, у размовах часта ўпамiналася iмя Гукана: адны яго хвалiлi, другiя лаялi. Маша ўмела быць аб'ектыўнай. Думала, што каб яна прасiла кватэру i ёй не далi, то яна не рабiла б з гэтага такой трагедыi, як робяць другiя. Таму i абурэнне Кiрылы Васiльевiча яна спачатку не зусiм разумела. А пасля апошнiх слоў, якiя мужчыны сказалi, асаблiва пасля слоў Антона Кузьмiча, ёй усё праяснiлася. Галоўнае - не кватэра, галоўнае - адносiны да чалавека ўвогуле i ўзаемаадносiны людзей, усiх людзей. Маладой душой сваёй, усiм складам характару i жыцця дзяўчына была за тое, што сказаў Яраш.
Яна зноў падумала пра мацi, брата, сясцёр, i ёй стала радасна, што на другi дзень пасля канцэрта яна паслала iм грошы, якiя збiрала на новае плацце, i напiсала доўгае i добрае пiсьмо.
Ехаць глядзець i абсталёўваць Зосiну кватэру Маша папрасiлася сама. Кватэрка яе парадавала. Даволi прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: двухканфорная газавая плiтка, беленькая ракавiна, блiскучы кран, павярнулi - палiлася вада.
Шыковiч, зайшоўшы, сказаў:
- Каб трохi вышэй. Усё-такi нiзка. Час ужо адмаўляцца ад такiх габарытаў.
Яраш дастаў рукой столь i засмяяўся. Ого, дзiва што! З яго ростам! А Машы ўсё здалося нармальным i прыгожым. Яна ўзрадавалася, калi мужчыны пахвалiлi вiд з акна.
Яна каторы раз прайшлася па пакоi. Абцасiкi прылiпалi да свежай фарбы i, адлiпаючы, патрэсквалi. Заставалiся ледзь прыкметныя сляды. Таму яна хадзiла не па сярэдзiне, а каля сцен, дзе стане мэбля.
- Падлогу трэба памыць халоднай вадой, - сказала дзяўчына i пашкадавала, што няма вядра i анучы.
Яраша не здзiўляў яе гаспадарчы практыцызм. Здзiўляўся Шыковiч. I любаваўся дзяўчынай. Ён таксама, як некалi на дачы Валянцiна Андрэеўна, параўнаў яе са сваёй дачкой i падумаў аб адказнасцi за выхаванне дзяцей. Да Iры ён, праўда, хоць быў трохi абыякавы, сына ж з рук не спускаў, а вынiкi хоць i розныя, але аднолькава не надта радасныя.
Пасля яны паўдня ездзiлi па горадзе - шукалi мэблю. Iх усiх аднолькава захапiлi клопаты па абсталяванню кватэркi. У ашчаднай касе, калi бралi грошы, Кiрыла прашаптаў сябру:
- Ты ведаеш - я скупы. Але для яе мне чамусьцi нiчога не шкада.
Машыну ён вёў з вясёлай зухаватасцю. Яраш жартаўлiва папярэдзiў:
- Кiрыла, я не застрахаваў свайго жыцця.
- Я недзе чытаў, што хiрургi - найбольшыя баязлiўцы. Страшэнна баяцца трапiць пад нож свайго калегi.
- Няпраўда! - сур'ёзна запярэчыла Маша.
Крамаў было некалькi. Яны аб'ехалi ўсе. I адусюль выходзiлi расчараваныя.
Маша, пра густ якой Шыковiч спачатку, калi яна выказала захапленне маленькай, просценькай кватэркай, быў невысокай думкi, тут нечакана выявiла здзiўляючую патрабавальнасць. Яна нiколi яшчэ ў жыццi не купляла мэблi. Але тое, што яны ўбачылi ў крамах, яна ганiла адразу, з першага позiрку. Сталы, шафы, крэслы былi вялiкiя, нязграбныя, непрыгожыя.
Яраш хмура маўчаў. Шыковiч сварыўся з дырэктарамi.
- Не мы выпускаем, таварыш.
- Дык не бярыце, што не iдзе. Патрабуйце!
- А план?
- Ды не жывiце адным днём. Адзiн месяц не выканаеце, на другi перавыканаеце, калi атрымаеце, што трэба.
Яны паблажлiва i скептычна ўсмiхалiся: нiчога, маўляў, ты не разумееш, дарагi пакупнiк, у гандлёвых справах.
Нарэшце адзiн малады прадавец употай, у цесным праходзе памiж шафамi-бегемотамi параiў Машы:
- З'ездзiце да Грабара. На складзе вы знойдзеце, што вам трэба.
- А хто гэта - Грабар?
- "Гармэблягандаль".
Маша, сядаючы ў машыну, расказала пра гэтую патаемную размову. Шыковiч адразу ж згадзiўся:
- Iдэя! Стану лепшы даставала з усiх нашых даставал!
- Ненавiджу пакупку па блату, цераз чорны ход.
- Антон - iдэалiст! - засмяяўся Шыковiч, крута паварочваючы свайго шматпакутнага "Масквiча". - Будзе мэбля. Будзе i факт для фельетона.
У калiдоры гандлёвай установы Кiрыла са смехам штурхаў мажнага Яраша да абабiтых жоўтым дэрмацiнам дзвярэй з шыльдай "Дырэктар".
- Заходзь смела, паважна. Каб зрабiць уражанне.
Але нiякая смеласць i паважнасць уражання на "ўсемагутнага Грабара", маленькага лысаватага чалавечка, не зрабiла. Ён не адказаў нават на iх прывiтанне i прадаўжаў размову з двума сваiмi работнiкамi: вырашалi важнейшае пытанне - у якую краму перамясцiць нейкую Гаюнкову. Потым дырэктар, мабыць, спахапiўся, што пытанне гэта незвычайная тайна, i незадаволена звярнуўся да наведвальнiкаў:
- Вам што, таварышы?
- Я - Шыковiч, - сказаў Кiрыла i ўбачыў, што прозвiшча яго нiякага ўражання не зрабiла. Нязлосна падумаў: "Газеты чортаў гандляр не чытае". Аднак рушыў далей: - А гэта - Яраш, наш праслаўлены хiрург.
Антон Кузьмiч сцiснуў кулакi.
Але - о дзiва! - перад Ярашам маленькi Грабар пачцiва падняўся, працягнуў руку:
- Ведаю, ведаю. Хто ў нас не ведае таварыша Яраша! Прыемна, вельмi прыемна.
"Клюнула", - падумаў Кiрыла, падставiўшы крэсла сябру. Сеў побач сам i тут жа пайшоў у наступленне:
- Справа такая, таварыш Грабар... У Антона Кузьмiча жанiўся сын. (Яраш уздрыгнуў ад нечаканасцi.) Хлопец узначальвае брыгаду камунiстычнай працы на станкабудаўнiчым. Яму даюць кватэру. Бацька ў падарунак хоча абсталяваць яе. Але, ведаеце, трэба прыстойнае што-небудзь... Сучаснае. Стыль. Каб не сорамна было.
- Разумею. Усё зробiм, - чамусьцi ўзрадаваўся дырэктар.
Яраша неаднойчы здзiўлялi нечаканыя выдумкi Шыковiча. Але гэтая яго проста ашаламiла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужлiва стрымлiваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзiваком. У цесным калiдоры ён даў сябру кухталя.
- А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка!
Яны паклiкалi Машу. I сам Грабар, вырашыўшы, вiдаць, за тры хвiлiны, якiя яны чакалi яго, куды перавесцi Гаюнкову, павёў iх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзiвiў Машу. Раптам спытаў:
- Нявестка, таварыш Яраш? - i працягнуў руку, пачаў вiншаваць.
У дзяўчыны бровы палезлi на лоб.
Але Шыковiч мiргаў ёй так выразна, што яна зразумела: ён нешта выдумаў.
На складзе яна адразу звярнула ўвагу на гарнiтур вытворчасцi адной з латышскiх фабрык, просты, прыгожы, з наборам рэчаў для аднаго пакоя: канапа-ложак, нiзкi стол, разборная кнiжная палiца, нiзкiя зручныя крэслы.
- О, у вас густ! - усмiхнуўся Грабар. - Я мог бы ўзяць вас тавараведам. I пашкроб патылiцу. - Мы пакiдалi гэта для выстаўкi-продажу. Але калi такi выпадак - бярыце.
У машыне, задаволеныя пакупкай, якую Грабар паабяцаў праз гадзiну прывезцi, яны рагаталi з выдумкi Кiрылы Васiльевiча. Асаблiва смяшыла, што "мэблевы начальнiк" палiчыў Шыковiча "заўхозам" Яраша. Потым Машу скаланула думка: магчыма, што гэты хiтры Шыковiч ведае, што яна сустракаецца з Тарасам, а таму i выдумаў такую прычыну. Не, не падобна. Хутчэй ён мог бы даведацца, што яна сустракаецца з яго сынам: Славiк балбатун. I ёй зноў стала весела ўжо ад iншай думкi: можа здарыцца, што некаму з iх сапраўды прыйдзецца купляць з ёй мэблю з такой прычыны - жанiцьба сына.