Шмат разоў прасiў былых "тутэйшаўцаў" напiсаць успамiны i ўкласьцi кнiгу. Прасiў Бяляцкага, Сыса, iншых. Той-сёй нешта напiсаў, пераважна неiстотнае i, часам, непраўдзiвае. Такiм чынам, зноў замест адказаў пакiдаем пытаньнi... Пакуль канчаткова ня выпетрылiся з галавы падрабязнасьцi тых падзеяў, паспрабую занатаваць старонкi гiсторыi, сьведкам якой быў асабiста, балазе, маю вялiкi архiў - лiсты, дзёньнiкавыя запiсы, тагачасныя газэтныя публiкацыi. Спадзяюся, некалi ўспамiны "тутэйшаўцаў" нехта руплiва зьбярэ ў кнiгу.