|
Алесь (Аляксандр Лявонавіч) Петрашкевіч (1 мая 1930, Талачынскі раён — 23 жніўня 2012, Мінск) — беларускі пісьменнік, драматург. Кандыдат гістарычных навук[1] (1967), заслужаны работнік культуры Беларусі (1975), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976) за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пляменнік мастака Міхаіла Савіцкага.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў 3 класы пачатковай школы. У 1948 годзе скончыў Забалоцкую сямігадовую, у 1951 годзе – Коханаўскую сярэднюю школу. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1955). З 1954 працаваў у ЦК ЛКСМБ, з 1961 у ЦК КПБ: інструктар, загадчык сектара (1963-1967), аддзела культуры (1976-1979). У 1975-76 — рэктар Мінскага інстытута культуры[2].
У 1967-75, 1979-91 адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва Беларуская савецкая энцыклапедыя. У 1991-98 кіраваў арганізацыйна–метадычным цэнтрам па выданні гістарыка-дакументальных хронік «Памяць».
У 1961 стаў членам Саюза журналістаў Беларусі, у 1974 членам Саюза пісьменнікаў БССР, член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1970 года.